Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Мінулае ночы Мышка тайком палажыў на ложак хвораму на сухоты маляру Гольфусу паліто з вярблюджага драпу, якое раней належала падрадчыку Гімельгоху, распіску вучняў і Пятроў ліст з парадаю, каб маляр перафарбаваў яго ў чорны колер.
Раніцаю маляр, дрыжучы ад холаду, хоць у сутарэнне і свяцілі промні цёплага вераснёўскага сонца, хуценька накінуў на сябе пухкае паліто з вярблюджага драпу і пайшоў па хлебны паёк. Худы, цыбаты маляр, яму было ўсяго трыццаць гадоў, летам кожны дзень гадзінамі сядзеў на вуліцы, спадзеючыся, што яго вылечыць сонца. Яго безбароды, запалы твар пачарнеў. Ён памёр праз некалькі тыдняў.
Мышка выйшаў з сутарэння на вуліцу і прыгладзіў на патьіліцы валасы. Далоняю ён адчуў, што кароткія валасы стаялі дыбком, але потым зноў ляглі. Прыемна свярбела. Ён вырашыў, што на наступным пасяджэнні папросіць запісаць у лік асоб, якім трэба дапамога, і свайго асабістага цырульніка, у якога не было ні работы, ні грошай.
У Вюрцбургу асталося ўсяго некалькі добрых політаў з вярблюджага драпу, але ні адно з іх не магло зраўняцца з тоўстым і вельмі шырокім падрадчыкавым палітом. Ужо здалёк Гімельгох пазнаў сваё паліто па колеры і па элегантных тоўстых складках. Сухотны моцна падперазаўся.
Каля дома, дзе выдавалі хлебныя пайкі, стаяла болей двухсот чалавек, сярод іх Ёгана, удава Гонер і Квактуха. Сухотны прыстроіўся ззаду. Суседзі з зайздрасцю глядзелі на паліто, якое было як новае.
Падрадчык, прыйшоўшы таксама па хлебны паёк, адразу ж кінуўся да свайго паліта і закрычаў:
— Злодзей! Гэта маё паліто!
Яго рудыя вусы тапырыліся, як шчотка. Сухотны глухім грудным голасам, абыякавы як да падрадчыка, так і да самога жыцця, адказаў:
— Я не злодзей.
Ён доўга шукаў кішэню ў незнаёмым паліце. Нарэшце выцягнуў распіску вучняў і Пятроў ліст.
— Ісусавы вучні? Што вы тут мне плявузгаеце! Ах, Ісусавы вучні! Мяне не ашукаеце. Гэта маё паліто.
Ен паклікаў паліцэйскага, што сачыў за парадкам пры раздачы хлеба.
Расцягнутая чарга людзей збіралася ў тоўстае кола, пасярэдзіне якога стаялі тры чалавекі. Квактуха, загіпнатызаваная здарэннем, не зводзіла вачэй з паліцэйскага, які гучна прачытаў:
— Ісусавы вучні.
Удава Гонер даўно ўжо сумнявалася, што каву ёй прыслалі з неба Ісусавы вучні, і хуценька падалася з месца здарэння. Ёгана збянтэжана паглядвала на свае далікатныя чаравічкі. Іх нядаўна прынёс і пакінуў у яе хлеўчуку Давід.
Мышка на ўсякі выпадак трымаўся воддаль за густым колам людзей. Цяпер ён узбуджана закрычаў:
— Чаго ён, уласна, хоча? У яго ж, кажуць, трое зімовых політаў. Адно нават з футравым каўняром і нават з футраваю падкладкаю.
Камінар Клетэрэр, які астаўся беспрацоўным, бо болей не было каміноў, падтрымаў яго:
— У яго ж і дом з дахам, і напівацца ён можа кожны дзень. У некаторых людзей ёсць усё. А другія няхай дохнуць з голаду ў сутарэнні.
Камінар быў крываногі.
Нежывыя аконныя праёмы руін зверху ўніз глядзелі на сонечную плошчу, чорную ад узбуджаных людзей. Настрой натоўпу быў ужо супраць падрадчыка. Ен раззлавана закрычаў, што, зрэшты ж, не ён украў паліто.
Паліцэйскі за рукаў выцягнуў сухотнага з натоўпу і павёў да недалёкага паліцэйскага ўчастка. Падрадчык ішоў следам, размахваў рукамі і тлумачыў, што ў яго ўкралі два політы.
— I акно ў агульным пакоі ён таксама разбіў. А дзе ж я цяпер вазьму шкло?
Чарга зноў выстраілася. Мышка ж паспяшаўся да Пятра ва «Утульны лёх».
Вечарам у мясцовай газеце можна было прачытаць, што нарэшце-такі знайшоўся след славутых Ісусавых вучняў. Па асабістаму загаду капітана Ралфа Лібэна ўжо папярэдні допыт чалавека, які ўкраў паліто, будзе весціся публічна, каб адразу ж на месцы раскрыць гэтыя гнюсныя крадзяжы. Усіх пацярпелых запрашалі ў будынак паліцыі, каб запісаць іх дакладныя паказанні ў пратакол.
Роўна ў шэсць гадзін сабраліся ўсе Ісусавы вучні.
Сутарэнне цяпер выглядала зусім іначай. Кожны сантыметр забітай прадуктамі паліцы быў заняты цалкам. На плечках, каля паліцы з бялізнаю і адзежаю, у трох аддзяленнях якой стаялі чаравікі, узятыя яшчэ на складзе ў Цвішэнцаля, вісеў стары фрак,
а на другім баку, на той жа вышыні, паліто падрадчыка, кароткае паляўнічае футра з выдравым каўняром і андатраваю падкладкаю. Абапал дзвюх паліц выстраіліся горкі акуратна складзеных прадуктаў, a побач з гэтымі горкамі — па паўцэнтнеравым мяшку мукі. Гэтая акуратнасць была вынікам старанняў кладаўшчыка — ён вельмі любіў сіметрыю.
Каб выйграць месца, яны пераставілі лаўкі для малення. Цяпер яны стаялі не паўкругам вакол знявечанага Хрыста ў кутку, а ўздоўж сцяны. Адзінаццаць абарваных Ісусавых вучняў занялі ўжо свае месцы і нагадвалі жывую карціну Леанарда да Вінчы «Тайная вячэра». Толькі пасярэдзіне замест Ісуса сядзеў Пётр, і раздаваў ён вучням не хлеб, а каўбасу «салямі». Злева і справа ад «Тайнай вячэры» на двух высокіх ламаных барокавых падсвечніках, сяк-так перавязаных дротам, гарэлі свечкі.
Пётр усё яшчэ трымаў свой кавалак каўбасы ў руцэ. Хваляванне з-за артыкула ў газеце і страх, што публічны допыт маляра і нядобраахвотных ахвярнікаў раскрые іх таямніцу, пазбавілі яго апетыту. Але ён узяў сябе ў рукі і, як заўсёды, узнёсла сказаў належныя словы:
— Мы, Ісусавы вучні, выканаўцы справядлівасці, бяром ад багатых, у якіх ёсць усё, і аддаём бедным, у якіх няма нічога... Пасяджэнне пачата...— I, перадыхнуўшы, сказаў далей: — Вось і дачакаліся мы свайго часу. Над намі занесена сякера.
Вуж выцер тлустыя пальцы аб штаны і сказаў:
— Нічога не занесена. Маляр Гольфус не бачыў жа Мышкі. Hi чорта яны не дазнаюцца, хто мы такія.
Мышка з асалодаю стаў прыгладжваць на патыліцы кароткія валосікі.
— 3 палітом, вядома, мы зрабілі глупства. I з тым палітом, што вісіць тут, таксама нічога не будзе. Ён пазнае яго нават п’яны.
— Certainly Політамі наогул небяспечна займацца. That’s clear. Хіба толькі чорнымі. У горадзе чорных політаў многа. Але нам, бачыце, конча трэба ўзяць два самыя лелшыя. Так звычайна бывае, калі ёсць выбар.
Вучань Ёган задуменна сказаў:
— Можа, нам як мага хутчэй трэба раздаць усё, каб тут, калі нас зловяць, нічога не асталося?
Але кладаўшчык, засмучана аглядаючы свой багаты, добра прыгледжаны склад, заматаў галавою.
Пётр рэзка падаўся наперад.
— У турму пасадзяць нявіннага чалавека. Гэтага нельга дапусціць. Калі ўжо так суджана, што нехта павінен расплачвацца, то навошта, каб за тое, што зрабілі мы, адказваў хворы чалавек? Калі каму ісці ў турму, дык толькі нам. Усім, як аднаму, адказваць за свае ўчынкі. Я вось што хачу сказаць цяпер: давайце напішам ліст да суддзі. Дакажам невінаватасць звінавачанага і возьмем віну на сябе. Мы ведаем, як нам адказваць. Канечне, мы не назавём сваіх імёнаў. Няхай нам суддзя сарве з твараў маскі — калі толькі здолее. Мы гатовы прыняць вырак лёсу, які б ён ні быў,— кончыў Пётр і ўзяў у рот скрылік каўбасы.
Яны ўжо думалі, што пасяджэнне кончана. Але тут Пётр зняў з паліцы з адзежаю і бялізнаю старую кашулю і, трымаючы яе за рукавы, падняў угору. Яна была парваная. Ён пару разоў пакруціў яе перад сабою.
— Вось так выглядае тое, што мы аддаём людзям.— I раптам храбра сказаў тое, што даўно было ў яго на сэрцы: — Давайце прымем новага члена, дзяўчынку, якая ўмее цыраваць.
Яны, нічога не разумеючы, утаропіліся ў яго. Вуж пакруціў пальцамі каля лба і папытаўся ў Пятра, ці ўсё ў яго ў галаве на месцы. Усе стараліся перакры-
1 Канечне (англ.).
чаць, перабівалі адзін аднаго. Пётр паспрабаваў пераканаць іх:
— Папраўдзе бяда, што мы аддаём людзям непрыгодныя рэчы, якіх яны не могуць зацыраваць. Hi ў кога няма іголак. Каструлю ці што такое яшчэ можна знайсці сярод друзу, але не іголку.— Ён узяў пачак запалак, які ляжаў на паліцы паміж дзвюма шпулькамі нітак.— У нас іх тры. Але нам трэба дзяўчынка, якая ўмее цыраваць.
Вуж усклікнуў:
— Яны і так ужо напалі на наш след. Нам цяпер не хапае менавіта балбатушкі. Дзе ты бачыў дзяўчынку, якая магла б трымаць язык за зубамі?
— Было б, вядома, нядрэнна,— пагадзіўся кладаўшчык. Ён сачыў за складам, як клапатлівая гаспадыня за сваёю бялізнаю.— А як завуць гэтую дзяўчынку?
— Кэтхен.
Яны змоўклі. Катарыну паважалі ўсе. Усяго некалькі дзён таму назад яна зноў зрабіла такое, чаго, як думалі хлапчукі, не зрабіла б ніякая дзяўчынка. Па высокім крутым чарапічным даху яна спусцілася да латка і зняла адтуль маленькую кошачку. Кошачка сядзела там і жаласліва мяўкала. Вуж пасур’ёзнеў і надзьмуў губы, успомніўшы, як яна сваім кошыкам стукнула па твары хлапца ў штармоўцы.
Пётр, вопытны майстар сходаў, не прапусціў такога зручнага моманту. Ён патрабаваў адразу галасаваць. Толькі Мышка энергічна заматаў галавою — у яго было трое сясцёр. Апошні падняў руку Вуж, ён сказаў:
— Можаш калі-небудзь прывесці яе.
Пётр пачырванеў:
— Яна чакае за дзвярыма.
Ён выбег за дзверы. Катарына сядзела на магільным камені манастырскіх могілак.
Багатыя прыпасы склада, параскіданыя галовы, рукі і ногі старых драўляных скульптур, знявечаны
Хрыстос, маўклівыя хлапчукі на лаўках для малення, злева і справа ад якіх стаялі два высокія барокавыя падсвечнікі, зрабілі на Катарыну, што босая ступіла ў дзверы, вялізнае ўражанне.
Пётр сказаў:
— Кэтхен, з гэтага часу ты — член Таемнага таварыства Ісусавых вучняў, глыбока канспіратыўнай арганізацыі. Табе нікому ніколі нельга гаварыць пра гэта, нікому, нават і тваёй мацеры; нават і тады, калі цябе будуць катаваць, ты павінна маўчаць, да самай смерці.
Разгубленая, яна толькі і магла выціснуць з сябе:
— Я нічога не скажу. Хутчэй адкушу сабе язык.
I кожны паверыў, што яно так і будзе.
Пасля сходкі Мышка занёс яшчэ два падарункі: свайму беспрацоўнаму асабістаму цырульніку — каўбасу «салямі» і камінару Клетэрэру — старыя штаны ад фрака, каб ён мог насіць іх на рабоце, як толькі паявяцца коміны.
Было ўжо позна, калі ён, цьмяная пляма ў цемры, ішоў дадому. На вуліцах асвятлення не было; ад саміх вуліц асталіся адны ўспаміны. У цемры груды друзу нагадвалі вялізных акамянелых першабытных жывёлін, якія вымерлі даўным-даўно. Калі ў гэтай прывіднай цішыні з нейкай сваёй ямы ў зямлі на карачках, як сотню тысяч гадоў таму назад, раптам выпаўз нейкі чалавек, Мышка спалохана зрабіў вакол яго добры круг.