Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
Дом яго бацькоў быў разбураны. Бацька паходзіў з багатай сям’і гандляроў віном і раней сам гандляваў ім. У кутку сутарэння ўсё яшчэ ляжала тысячалітровая бочка. Метровыя, нетынкаваныя сцены, у якіх тры стагоддзі брадзіла і пенілася віно, праняліся вінным пахам.
Бацькі ляжалі на падлозе, на саламяным матрацы, і заварушыліся, калі ўвайшоў Мышка. Трое сястры-
чак — малодшай з іх было сем, а старэйшай трынаццаць гадоў — ляжалі, прыціснуўшыся адна да аднае, на збітых з шалёвачных дошак нарах.
Дно вялізнай віннай бочкі было выпілавана і стаяла цяпер замест круглага стала пасярэдзіне. Мышка запаліў агарак свечкі, атрыманы ад дзяковага сына, і падаўся з ім у бочку. Пасля доўгага супраціўлення маці нарэшце згадзілася, што бочка ўсё яшчэ самае лепшае месца, дзе можна спаць сыну.
Унутры ўся бочка была абклеена малюнкамі. Апошнім часам Мышка з раніцы да вечара маляваў дамы з дахамі. Аднаго разу яму з крэпасці давялося ўбачыць дзесяткі тысяч вюрцбургскіх дамоў без дахаў. Гледзячы на гэтую вялізную гарадскую руіну, ён надумаў стаць дойлідам і вось ужо два месяцы працаваў вучнем у двух маладых дойлідаў, якія стварылі архітэктурную фірму «Аптымізм». Работы ў іх не было, і яны, радыя дапытліваму слухачу, тлумачылі Мышцы, што такое «прыгажосць у прыкладной архітэктуры», «залатое сячэнне», «эстэтычнае і практычнае значэнне прапорцыі», паказвалі яму дакладныя планы і накіды праектаў, якія збіраліся здзейсніць, як толькі атрымаюць заказ на будоўлю. I ўвесь час стваралі новыя планы добра суразмераных будынкаў, на якія ў іх не было заказаў. He было і будаўнічага матэрыялу. Яны былі гэтак жа далёка ад практычнага будаўніцтва, як і іх вучань.
I вось цяпер Мышка, паклаўшы рукі пад галаву, зручна ляжаў на спіне ў вялізнай віннай бочцы і спакойна разглядаў намаляваныя дамы з дахамі. Трынаццацігадовая сястрычка яшчэ раз паднялася з нараў і ў святле свечкі пачала расказваць сёстрам пра сукенку, якую яна хацела б насіць.
— Яна — светла-зялёная з ружовымі палосамі. Тоненькімі палоскамі! — Рукамі яна правяла па целе ад ледзь прыкметных грудзей да касцістых клубоў.
— Вось тут наверсе вельмі, вельмі вузкая! — Ззяючы, яна шырока раскінула свае голыя тоненькія ручкі.— Але ніз павінен быць вось такі — шырокі!
Прачнулася маці і стала слухаць. Мышка перавярнуўся на жывот, высунуў з бочкі галаву і сказаў:
— У цябе ж нічога няма: ні грошай, ні чаравікаў, дый матэрыялу няма нідзе.
Хоць яна і сама ўжо болей не верыла ў сваю сукенку-мару, але, тым не менш, далікатна растапырыўшы пальцы, паказала, дзе вакол шыі будзе знаходзіцца каўнерык.
— Вузенькі пікейны каўнерык і пікейныя манжэты.
Маці, ледзь стрымліваючы рыданне, усміхаючыся, загадала:
— Ну, а цяпер спіце, дзеткі, спіце. Патушыце святло.
Стала цёмна.
X
Ферма ў Пенсільваніі знаходзілася за ракою Дэлавэр, і дабрацца да яе з бліжэйшага мястэчка можна было практычна толькі на машыне. Паміж вялізнымі ржава-рудымі гумнамі і жылым домам мелася шмат вольнага месца. Краіна была вялікая.
Сціў у безрукаўцы сядзеў на тэрасе. Яго пінжак вісеў на спінцы крэсла. Ён толькі што памыў твар і грудзі, і валасы яшчэ не прасохлі як след. 3 тэрасы відаць быў роўны луг з ручаём. Луг набыў ужо тую густа-зялёную афарбоўку, калі дзень пераходзіць у вечар. Белыя качкі амаль нерухома застылі ўнізе ў сажалцы. Кароткі рэзкі птушыны свіст час ад часу парушаў цішыню. Сціў дастаў з пінжака Ёганіну фатаграфію.
Іх падзялялі 5000 кіламетраў і закон, які забараняў яму ажаніцца з нямецкаю дзяўчынаю. Калі ён глядзеў на фатаграфію — на ёй яна выглядала гэтак жа сур’ёзна, як і ў жыцці, як само яе жыццё,— то адчуваў, што па сэрцы яму быццам колюць стальною іголкаю. Фатаграфія тады нібы раздвойвалася — і вось ён бачыць ужо Ёгану сваёю жонкаю. Яна выходзіць на тэрасу і садзіцца побач з ім. Гаворыць толькі ціхі вечар. Наперадзе ў іх усё жыццё. I ў іх будзе сын.
Сцівава маці — яна выйшла замуж у семнаццаць гадоў і на выгляд цяпер была намнога маладзей за маці дваццацітрохгадовага сына,— праходзячы міма Сціва з міскаю свежай гародніны, сказала пераканана:
— Яны ж не могуць забараніць назаўсёды.
Ён расказаў ёй пра ўсё, за выключэннем расставання.
У цішыні пачулася краканне качак. Ен падняў галаву. Унізе па траве да хлеўчука пачыкільгалі ўсе дваццаць чатыры белыя качкі — чыкільгала, кракала снежна-белая істужка на вечаровай зеляніне травы. Сціў часта пытаўся ў сябе, чаму качкі вечарам раптам пачынаюць кракаць і рушаць у хляўчук заўсёды дакладна ў адзін і той жа час і ўсе разам. Гэты мірны малюнак як бы падказаў яму напісаць ліст Ёгане, і ён, узяўшы пінжак, падняўся наверх у свой пакой.
На пабеленай сцяне вісела яго салдацкая шапка. Ён надзеў яе, быццам хацеў адолець гэтыя 5000 кіламетраў, зноў стаць салдатам і быць разам з Ёганаю. Пісаць было цяжэй, чым ён думаў. Нарэшце ён зноў устаў з месца і, задумаўшыся, пачаў глядзець на поле, дзе ўзгоркі чаргаваліся з нізінамі, плаўна спускаліся аж да самай блішчэлай удалечыні ракі Дэлавэр. Столькі трэба напісаць. А з чаго пачаць? Столькі многа трэба напісаць! Напісаць, што ў яго на душы? I што яму хочацца, каб яна была тут, побач з ім? А яшчэ
што? А яшчэ што будзе з ёю — яна ж цяпер так далёка, дый гэтая забарона. Ён мог бы папытацца ў мацеры — мо яна параіць яму што зрабіць? Але ж ён і сам ведае, што ўсё марна. Зрабіць нічога нельга.
Ён разгублена паглядзеў уніз на белых качак, якія ўсё яшчэ стаялі перад хлеўчуком. Потым прыйшлі другія думкі і карціны. Яе твар, калі ён зайшоў да яе развітацца. Убачыў яе шырока расплюшчаныя вочы. I яна згадзілася на ўсё. Ці ж можа ён гэта калі забыць? А раніцаю — развітанне. Яна трымалася мужна. Вельмі мужна. Яна толькі сказала: «Бывай!», a калі ён азірнуўся, падняла руку, потым падняла яе яшчэ раз, гэты раз нерашуча, ледзь прыкметна.
У дзверы скроб французскі тэр’ер Майкл. Ён упусціў яго ўсярэдзіну, зноў сеў пісаць ліст і думкамі перанёсся да Ёганы ў яе хляўчук. Ён не можа пісаць ёй і не гаварыць усяе праўды.
«Любая Ёгана!
У цягніку, у якім я мусіў ехаць, мне было вельмі цяжка, а потым карабель усё далей вёз мяне ад цябе. I вось цяпер я тут, а ты так далёка ад мяне. Тваю фатаграфію я паказаў тату. Ён сказаў: It’s a fine girl I мацеры ты таксама спадабалася. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мне не хапае цябе. Але ж ты ведаеш, што цяпер гэта немагчыма. Маці думае, што пазней, можа, і дазволяць. Табе тут было б добра, і ўсё было б цудоўна. Было б так, як яно павінна быць. Я не магу цябе забыць. Я буду чакаць. Але чакаць цяжка, бо нічога невядома і ўсё можа зацягнуцца надоўга. Напішы мне доўгае пісьмо, ці думаеш ты пра мяне, тады мне будзе шмат лягчэй».
Потым ён спусціўся ў гараж і паехаў у мястэчка, дзе на доме, на скрыжаванні вуліц, вісела паштовая скрынка.
1 Прыгожая дзяўчына (англ.).
w *
Ёгана ў той жа дзень, неўзабаве пасля размовы з Рут на траве пад бярозамі, расказала Марціну пра яе душэўны стан. Яе словы спалохана папярэджвалі: Рут або з’едзе куды-небудзь, або заб’е сябе, калі ёй прыйдзецца стаць яму жонкаю. 3 таго часу ён пачаў паводзіць сябе вельмі стрымана — як чалавек, што адчувае да Рут толькі сяброўскія пачуцці. У іх жыцці нічога не змянілася. Як і раней, Марцін працаваў на старым месцы. Доктар Грос, галоўны ўрач гарадской бальніцы, пасля доўгай барацьбы нарэшце заявіў, што калі Марціна звольняць з-за таго, што ён узяў да сябе Рут Фройдэнгайм, то і ён тут працаваць не будзе. У Вюрцбургу было вельмі мала ўрачоў і на гэты час ніводнага ўрача, які мог бы замяніць доктара Гроса.
Рут, Катарына і Вуж сабраліся ісці да Ёганы. У Вужавай задняй кішэні штаноў тырчалі адвёртка і складзены белы метр. Жорсткае лісце вербалозу звычайна вяне позна, але цяпер яно пажоўкла, і шмат лістоў ляжала на траве. Стаяў канец кастрычніка, і нават у сонечныя дні цёпла было толькі ў поўдзень. Уночы стала холадна. Жыхары сутарэнняў пачалі мерзнуць.
Ёгана сядзела перад хлеўчуком на сонцы і спрабавала наваксаваць свае чаравікі кроплямі воску, якія асталіся ад Сцівавых свечак. Ваксы не было.
— А вы нагрэйце воск, а яшчэ лепей — растапіце яго, і ўсё пойдзе лягчэй. А можна і слінаю,— параіла Катарына і ўсміхнулася. На яе шчоках з’явіліся ямачкі.
Перш чым ісці з Катарынаю на бераг, Вуж дапытліва паглядзеў на дзверы, занавешаныя прасціною. «Як жа адцягнуць іх увагу ад хлеўчука? Калі мы яшчэ сёння хочам паставіць дзверы, то ў нас астаецца вельмі мала часу. Але спачатку я ўсё павінен памераць, каб ведаць, ці падыдуць яны наогул».
Катарына ўзялася рукою за шчаку.
— А божачка! Будзе, мусіць, нялёгка адшрубаваць дзверы альтанкі і забраць іх так, каб пан Шайбенкэз не злавіў нас.
— А ты думаеш, камбінезон лёгка было ўзяць? Гаспадар жа сядзеў перад альтанкаю і курыў сваю люльку.
— А што, калі гэтыя дзверы патрэбны зімою самому пану Шайбенкэзу, бо ўсё-такі холадна.
— Ён жа не спіць тут у альтанцы. Дый цяпер ад яе асталіся толькі дзве сцяны.
— Вунь яны пайшлі,— усклікнула Катарына.— Можаш цяпер мераць.
Рут і Егана зніклі сярод вербалозу. Яны зноў гаварылі пра Марціна. Калі Ёгана, каб праверыць Рут, расказала ёй выдуманую гісторыю пра сваю знаёмую, вельмі прыгожую і прывабную дзяўчыну, якая праляжала ў бальніцы два тыдні і моцна закахалася ў Марціна, Рут спакойна адказала:
— Было б добра, калі б у яго з ёю што-небудзь выйшла.
Вуж хуценька памераў дзверы, іх вышыню і шырыню, і, як вопытны сталяр, зноў сунуў метр у заднюю кішэню.
— Запомні — вышыня адзін метр дзевяноста, шырыня — восемдзесят сантыметраў. Калі дзверы ў Шайбенкэза велікаватыя, то я адрэжу лішняе.
Рут і Ёгана зрабілі невялікі шпацыр і цяпер вярталіся да хлеўчука. Рут папыталася:
— Чаго ты цяпер смяешся?
— У мяне будзе дзіця.
— Ах! — Рут узяла Ёгану пад руку. Праз нейкі момант дадала: — Гэта добра. Напішы яму.
Ёгана паматала галавою.
— He! — Раптам на вачах у яе выступілі слёзы.— I не напішу толькі таму, што моцна кахаю яго.— Яна
глыбока ўздыхнула.— Я хадзіла да доктара Гроса. Я ж нават не ведала, што гэта са мною. Ён мяне агледзеў.— Яна зноў усміхнулася.— Ах, Рут! А мо будзе дзяўчынка?
Перад хлеўчуком яны спыніліся. Катарына, цяпер паўнапраўны член Таемнага таварыства Ісусавых вучняў, не стрымалася і хуценька сказала Ёгане: