Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
Спачатку ён хацеў толькі суцешыць яе — пацалункам. А потым стаў цалаваць раз за разам, нарэшце і ў вусны, і яна болей не працівілася. Ён трымаў яе ў абдымках і, здаецца, забыўся пра ўсё.
Толькі калі ён, прыціснуўшы губы да яе шчакі, шэптам папытаўся, ці можна яму астацца ў яе, яна вызвалілася з ягоных абдымкаў, поўная няяснага сораму нявінніцы. Сарамлівасць, гэты дбайны вартавы, была мацнейшая за яе жаданне.
Калі мінула небяспека, яна зноў дазволіла цалаваць сябе і сама цалавала яго, шчаслівая і ўсё яшчэ мокрая ад слёз.
Потым ён пайшоў.
Егане трэба было абысці поплеч з любімым чалавекам увесь свет, перш чым згадзіцца на вялікую блізкасць, якая ў такіх дзяўчат, як яна, вяла б да яднання на ўсё жыццё.
Калі Сціў пераступіў брамку на вілу, яго адразу ж абкружылі таварышы, што разам з ім пасля абеду ляжалі на траве. У кожнага ў руцэ была шклянка. Усіх перапаўняла радасць, і яны ўжо крыху выпілі. Перабіваючы адзін аднаго, яны расказалі яму, якую нечаканую навіну ім толькі што паведамілі: заўтра раніцаю яны, і ён таксама, едуць дадому, на радзіму. У дзесяць гадзін адыходзіць цягнік.
Гэтай навіны Сціў апошнія месяцы чакаў кожны дзень. У іх жыцці была яна вялізнаю падзеяю — пасля чатырох гадоў гора і смерці і горкай тугі па радзіме на чужым кантыненце. Быццам рыхтуючыся ўжо да дарогі, ён паправіў куртку, і тут яго радасць раптам прарэзаў Еганін твар. Задрыжаў і знік, як зарніца, за якою не бывае маланкі.
Яны ўсунулі яму ў руку шклянку. Ён паставіў яе
на траву, моўчкі павярнуўся і выйшаў на вуліцу. Нізенькі таўстун-сяржант, што з пэўным намаганнем яшчэ мог стаяць прама, хоць пры гэтым лёд у шклянцы з віскі ўвесь час стукаўся аб шкло, азадачана паглядзеў яму ўслед і папытаўся, якая муха ўкусіла яго.
Сціў пайшоў назад да Ёганы, каб развітацца з ёю.
Пасля таго як ён пайшоў, Ёгана ўвесь час думала толькі пра яго. Яна ўжо лягла спаць, палажыўшы адну руку пад галаву, але не магла заснуць. Другая рука ляжала на голых левых грудзях, высокіх і тугіх, якім не трэба была ніякая падпорка.
Калі Сціў з вуліцы ціхенька гукнуў яе па імю, Ёгана хуценька захінула грудзі. Ён сеў на край ложка. Яна толькі глядзела на яго шырока расплюшчанымі вачыма.
Сціў па дарозе абдумаў усе словы, якія хацеў сказаць ёй, але цяпер разгублена глядзеў на яе і раптам выціснуў з сябе толькі сам факт, што ад’язджае.
Гэтыя словы ўдарылі яе як нож у сэрца, але васкова-белы авал твару астаўся зусім нерухомы, быццам Егана ў той момант мусіла памерці. Толькі вусны крыху прыадкрыліся, ды так і асталіся адкрытымі. Яна дыхала ротам, і ўвесь свет, які толькі што ўсміхаўся ёй, раптам патануў у цемры.
Ён неяк безнадзейна сказаў:
— А я ж кахаю цябе!
I яна яго таксама ніколі болей не пабачыць. Ніколі болей.
Пачуццё раскаяння ахапіла яе, вялізнага раскаяння — што яна адмовіла яму і не ўзяла ад жыцця той часткі шчасця, якая была ёй адмерана.
Яна сціснула вусны і заплюшчыла вочы. Твар знерухомеў і стаў нежывы, як маска, знятая з нябожчыка. Дрыготкімі рукамі яна адкінула з грудзей сарочку.
VIII
Шынок, дзе звычайна збіраўся атрад Крысціяна Шарфа, знаходзіўся ў пустэльнай лясной даліне. Зрэдку далёка па дарозе праязджала амерыканская ваенная машына. Сам гаспадар увесь дзень працаваў на полі. Кароўнік і залу ў шынку наглядала яго дачка, прыдуркаватая дзяўчына, якая адно толькі нешта неразборліва бубніла сабе пад нос. На сцяне ў зале вісеў задымлены плакат, на ім быў намаляваны казёл, які сядзеў з куфлем піва ў пярэдніх нагах. Піва даўно ўжо не было, і таму з канца вайны сюды рэдка хто наведваўся.
На сёння Крысціян Шарф выклікаў да сябе толькі тых трох васемнаццацігадовых хлопцаў, якія спрабавалі падпаліць Марцінаву будку і якіх прагналі Ісусавы вучні. Дзень таму назад зноў праваліўся яшчэ адзін старанна падрыхтаваны акт сабатажу. Карл Зік, хлопец у штармоўцы, што спыніў і абразіў Рут, у прысутнасці ўсяго атрада атрымаў ад Крысціяна Шарфа даручэнне падсыпаць пяску ў друкарскую машыну газеты сацыялістычнай партыі, у шарыкавую маслёнку над падшыпнікамі, каб вывесці машыну са строю. Перад будынкам друкарні яго запынілі два наборшчыкі і адразу ж у вочы сказалі, што ведаюць, чаго ён тут ходзіць. Потым яны абшукалі яго, знайшлі ў кішэнях іптаноў пясок і добра адлупцавалі. Па дарозе ў паліцэйскі ўчастак яму ўдалося ўцячы.
Пасля беспаспяховых здагадак, хто з атрада можа быць здраднікам, Крысціян Шарф сказаў:
— Што ні кажы, а перш за ўсё нам трэба вырашыць, што з ім рабіць. Я бачу толькі адно выйсце, калі мы не хочам назаўжды развітацца са сваёю арганізацыяй.
Пасля таго як яны з цырымоннымі клятвамі прыгаварылі яшчэ не знойдзенага здрадніка Пятра да
смерці, Шарф адправіў трох хлопцаў дадому. Сам ён чакаў у гэтым шынку сустрэчы з Зігфрыдам Кабусам, эсэсаўскім лейтэнантам, які меўся прыбыць з Штутгарта.
Шарф стаяў каля акна і ўбачыў Кабуса, калі той яшчэ спускаўся па лясной дарозе да шынка. На пастарэлым твары Кабуса з шырокім, друзлым мяккім ротам асталіся толькі скура ды косці, валасы былі коратка пастрыжаны, як у зняволенага. Шарф спачатку падумаў, што чалавек у доўгім да пят чорным афіцэрскім шынялі — свяшчэннік у чорнай сутане.
Ен выйшаў яму насустрач. Яны прывіталіся моўчкі, неяк шматзначна. Кабус толькі ў лесе паказаў свой дакумент — фатаграфію лейтэнанта СС Кабуса ў форме. I адразу пачаў гаварыць.
— Я быў у Мюнхене ў Блюма. Mary паведаміць вам, што ў нас ёсць непасрэдныя сувязі з Аргенцінай, з Франка ў Іспаніі, з арганізаванай за мяжою польскай арміяй і што, на маю думку, асабліва важна — з рускімі афіцэрамі-эмігрантамі, якія цалкам на нашым баку. Да Блюма сходзяцца данясенні ад усіх падпольных груп з Германіі і Аўстрыі, а за Блюмам стаяць генералы вермахта. Наша арганізацыя пабудавана і ўшыр і ўглыб. Па ўсім свеце! Сапраўдны маналіт! Гіганцкі гранітны блок супраць Расіі!
Шарф здзіўлена глядзеў на Кабуса, быццам пытаўся ў сябе, ці не п’яны той. Тыдзень таму назад ён сам быў у Мюнхене ў Блюма, і той сказаў яму: «Пакуль што мы болей старызнікі, пра арганізаваны рух і гаварыць не прыходзіцца. А з улікам рэальнага становішча ў краіне нічога не дадуць нават намаганні на працягу многіх гадоў, калі толькі не настануць змены ў сусветнай палітыцы на карысць Германіі». Спадзеючыся на змены ў сусветнай палітыцы на карысць Германіі, ён і вярнуўся ў Вюрцбург.
Кабус схапіў Шарфа за руку.
— Галоўнае — быць напагатове. Напагатове да дня Ікс. Наш маналітны блок супраць Расіі неадольны. Што ў вас назапашана са зброі?
Крысціян узлавана кінуў:
— Дзве ручныя гранаты.
Знайшоўшы нейкую прычыну, ён развітаўся з Кабусам і пакінуў яго ў лесе. Калі праз колькі крокаў ён азірнуўся, фігура ў чорным прывітальна ўскінула ўверх правую руку і ўсклікнула:
— На наступным тыдні чакайце вялікіх падзей у Штутгарце.
Праз пяць дзён Шарф прачытаў у газеце паведамленне аб тым, што ў Штутгарце ў будынак суда, дзе ішоў працэс супраць нацыстаў, кінулі чатыры бомбы. Вялікіх пашкоджанняў яны не нарабілі, але гэты выбух нумар адзін, першы акт насілля нацыстаў супраць дзяржаў-пераможцаў, выклікаў вялізнае хваляванне ў Германіі. Замежныя газеты таксама змясцілі падрабязныя паведамленні.
(Кабуса арыштавалі толькі нраз два месяцы, у лістападзе. У часе следства было ўстаноўлена, што ў гады вайны ён знаходзіўся ў тыле, далёка ад фронту, хоць гэта і не перашкодзіла яму напісаць у штутгарцкія газеты, што званне лейтэнанта нададзена яму за выключную мужнасць у баях з ворагам. У якасці пацвярджэння ён прыклаў сваю фатаграфію — у форме эсэсаўскага лейтэнанта. Папраўдзе ж ён быў усяго унтэр-афіцэрам. Кабуса засудзілі да смерці. Ён зламаўся толькі ў камеры. Калі адзін амерыканскі газетчык папытаўся ў яго, чаму ён на працэсе іграў ролю адпетага героя-нацыста, Кабус адказаў: «Бо не хацеў расчараваць мацеру».)
Шарф і Зік з штармоўкай на руках стаялі паміж дзвюх куч друзу на Домштрасэ. Яны ўжо каторы раз перачытвалі артыкул пра выбух. Нарэшце Шарф рас-
казаў Зіку, што сказаў яму Кабус і што Блюм, і папытаўся:
— Каму ж цяпер верыць?
— Пытаешся каму? Блюм, мусіць, не хацеў адкрываць табе ўсяго. Відаць, у яго на гэта былі свае меркаванні. Але ясна як на далоні, што Кабус — чалавек, які ўмее не толькі гаварыць.
Шарф сунуў газету ў кішэню.
— Праўда, мабыць, недзе пасярэдзіне. Ясна толькі, што я недаацэньваў Кабуса. Ён зрабіў вялікую рэч. I яна будзе садзейнічаць ажыўленню нашага руху.
Зікава вока было яшчэ ў блакітна-зялёным абрамленні.
— Трэба і нам падумаць пра нешта такое. Ручныя гранаты лепей за пясок. Дый зрабіць усё лягчэй. Проста ўзяць і кінуць іх праз акно ўсярэдзіну! Нашымі дзвюма гранатамі мы паднімем у паветра не толькі друкарскія машыны і ўсю залу, але і наборшчыкаў. Няхай тады друкуюць свой паскудны лісток на небе.
— Усё гэта гучыць вельмі цудоўна і прыгожа,— азваўся Шарф.— Але пакуль мы не знойдзем здрадніка і не расквітаемся з ім, нам нічога нельга рабіць, бо інакш нам будзе каюк. Толькі як жа знайсці нягодніка? Хто б ім мог быць? Як ты думаеш?
Зік, надзяваючы штармоўку, сказаў:
— Каб я ведаў, яго б ужо не было сярод жывых.
Яны падаліся да берага рэчкі, там каля моста ў іх была прызначана сустрэча. На сцяне набярэжнай сядзеў Пётр, побач з ім — хлопец з маладзёжнай нацысцкай арганізацыі, які за шыю трымаў над вадою забітую гусь, быццам хацеў кінуць яе ў рэчку. Гусь ён атрымаў ад прыдуркаватай шынкаровай дачкі.
— I не за грошы, Оскар,— сказаў ён і, падміргнуўшы, паглядзеў знізу ўверх на каржакаватага юнака, што стаяў ззаду хлапчукоў.
Оскар, з якім дамовіліся аб сустрэчы Шарф і Зік, высунуў наперад тоўстыя губы і сказаў:
— Якімі агіднымі рэчамі ты займаешся...
He так, як другія члены атрада, якія пасля канца вайны нічога не рабілі і толькі бадзяліся па вуліцах, чакаючы дня Ікс, Оскар набываў сабе прафесію. Ён быў сынам афіцэрскай удавы і зноў пайшоў вучыцца на медыцынскі факультэт.
— Агіднымі? Глупства! Ёй гэта падабаецца.— Калі падышлі Шарф і Зік, ён дадаў, круцячы гусь, як ласо, над галавою: —Я яе зараз прадам у «Залатым якары».
Ён пайшоў.
Новыя, што падышлі, селі на парапет да Пятра і Оскара. Ужо добра сцямнела. Пад імі на хвалях гойдалася рыбацкая лодка. Зік з запалам апісваў гісторыю з выбухам. Шарф перадаў Оскару расказ Кабуса пра сусветную нацысцкую арганізацыю і пра маналітны блок супраць Расіі. I нагадаў яшчэ меркаванні Блюма пра змены ў сусветнай палітыцы на карысць Германіі. Кабус, сказаў ён, мусіць-такі, трохі перабольшваў. Пройдзе яшчэ нямала часу, пакуль Германія зноў зможа падняць свой голас. Але ўсё ідзе ў гэтым кірунку.