Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Калі ён сабраўся ціхенька выслізнуць на вуліцу, яна расплюшчыла вочы, крыху раскрыла вусны і яшчэ між сном і мараю працягнула яму насустрач рукі. Толькі ў пацалунку яна прачнулася зусім. Адхінуўшыся назад, яна глядзела на чалавека, якога толькі што
бачыла ў сне. Вочы і белыя, як фарфор, вушы сталі пякельна гарачыя. Белы твар чырванець не мог.
Сціў, гэтакі ж нявопытны ў каханні, як і яна, таксама не знаходзіў слоў. Яны, як альпініст, што вісіць на стромай сцяне і не можа скрануцца з месца, не маглі зрабіць наступнага кроку, ні ўперад ні назад.
3 коса пастаўленай тачкі пакацілася і бразнула на зямлю труба. Сціў з палёгкаю падаўся да яе.
Яна хуценька адзелася. Першы ў жыцці пацалунак усё зацямніў. Ёй прыйшлося сесці на ложак, хоць яна яшчэ і не зашпіліла спражкі пояса. Рукі бяссільна віселі, у іх то з’яўлялася, то прападала адчуванне, павекі самі сабою заплюшчваліся, пакуль страх нарэшце не прымусіў іх расплюшчыцца зноў і не застыў у вачах як вялізнае пытанне.
Месца пад грубку выбралі ў кутку злева. Потым занеслі ўсярэдзіну цагліны і трубы, ідучы адзін за адным; цяжкі цабэрак з глінаю неслі ўдваіх, падрабязна, перавялічана дзелавым тонам абгаворваючы, якою павінна быць грубка, нібы зусім забыліся пра пацалунак.
Ёгана скочыла ўніз да рэчкі, каб прынесці вядро вады, і раптам застыла на месцы. Страх болей не ціснуў У грудзях. Усё пайшло мякка, зрушылася з месца. Ён жа ёй будуе грубку! Ён жа дзеля яе стараецца! Пра самую грубку яна не думала зусім.
Сціў прывёз з сабою ўсё — малаток, зубіла, кельню, навугольнік, грунтвагу, балты для жалезных дзверцаў і дзве свечкі. Свечкі ён запаліў. Потым намачыў вадою бетонны дол, накідаў туды тоўсты слой гліны і пачаў класці на яе цагліны — фундамент заняў квадрат прыкладна шэсцьдзесят на шэсцьдзесят сантыметраў.
— Гэта фундамент, на ім будзе стаяць грубка. I ён, вядома, павінен быць строга гарызантальны.
Ен раз за разам грунтвагаю правяраў фундамент, а потым лёгенька пастукваў малатком па цаглінах то ў адным, то ў другім месцы.
Спачатку ён збіў стары тынк з цаглін, з якіх паступова выраслі чатыры строга прамавугольныя сцены. Спераду ён пакінуў месца для топкі, а зверху прыладзіў жалезную пліту з канфоркамі — на пліце можна было смажыць гусь, калі б яна была.
Егана кленчыла побач, седзячы на пятках, і глядзела, як Амерыка ў ваеннай форме будуе грубку для Еўропы.
Работу ён скончыў толькі а дзевятай гадзіне — выйшаў цагляны кубік, унізе і ўверсе аздоблены выступамі, падобны на мадэль старажытных цагляных дамоў у Нью-Йорку. Толькі тут не было вокнаў, а замест дзвярэй знаходзілася топка, якая зачынялася жалезнымі дзверцамі. Труба мела калена, і яно роўненька пад самым дахам выходзіла праз душнік на вуліцу і падымалася на метр над дахам. Асабліва падабаўся яму завостраны бляшаны казырок, які ён прыладзіў над трубою, каб прыкрыць яе ад дажджу.
Потым яны сядзелі на бетонным доле каля грубкі.
— Як хораша,— сказала яна, падумаўшы сама сабе: «Гэта ж ён паставіў яе мне!»
Ен радасна ўсміхнуўся ёй — сталі відаць і поўны белых зубоў рот, і ўся яго прастадушнасць. Ёгане так і карцела сказаць яму: «Харошы вы мой».
Яны выйшлі на вуліцу. Месяц, які ў апошнія дні рос усё хутчэй, акругліўся яшчэ не зусім. Ён вісеў над полем руін, дзе раней стаяў Вюрцбург і трыццаць званіц тысячу гадоў углядаліся ў неба, не зважаючы на час. У месячным святле ўсё нагадвала гіганцкае поле бледна-белых касцей. Яны моўчкі паглядзелі ў той бок.
— Скажыце, вы нас ненавідзіце, што мы разбурылі вашы гарады? — папытаўся ён тонам чалавека, якога мучыць сумленне.
Егана адказала толькі пасля доўгай паўзы:
— Калі добра падумаць, то не.— Яна апусціла галаву, і прайшоў нейкі час, пакуль яна, болей звяртаю-
чыся да самой сябе, дадала: — Але не заўсёды ўсе добра думаюць.
— I тады вы ненавідзіце нас.
— Я не,— адказала яна і пачала тлумачыць, чаму лепш паражэнне і разбураныя гарады, чым нацысцкае панаванне. Позірк яе пры гэтым быў такі, быццам яна бачыла тое, пра што расказвала, а перад вачыма зноў паўставала перажытае.
— Аднаго разу ў нядзелю раніцаю Фройдэнгаймаў забралі эсэсаўцы. У іх на Гербергасэ была пушная крама, так, драбяза, пераважна заечыя шкуркі. Фройдэнгаймы былі добрыя людзі, яны ніколі нікому нічога дрэннага не зрабілі. Спачатку іх вадзілі па ўсім горадзе, то туды, то сюды, а потым забілі, на Рыначнай плошчы... Дачку не забілі. Рут была маёй сяброўкай. Мы з ёю гулялі з ранняга дзяцінства. Рут завезлі ў Польшчу ў адзін дом. Вы разумееце, што я маю на ўвазе. Рут было тады семнаццаць гадоў. Як і мне. Цяпер яна вярнулася.
— Вярнулася? — папытаўся ён невядома ў каго, быццам чакаў хутчэй чагосьці іншага.
Егана, можна сказаць, зусім не разбіралася ў сусветнай палітыцы. Яна ацэньвала падзеі — развязванне вайны Германіяй, спусташэнне Еўропы, розуму недаступнае зверскае забойства мільёнаў нявінных людзей — толькі ўважаючы на свой асабісты вопыт. Таго ранку ў нядзелю яе параненае сэрца адвярнулася ад бацькавага трыумфу і ад усяго, што ён абараняў, ад усяго, што адбывалася ў Германіі. Тое, што пачалося з забойства Фройдэнгаймаў, не магло быць добрым. Яе параненаму сэрцу яно нагадвала зверскае забойства Фройдэнгаймаў. Яна, паралізаваная жахам, стаяла тады там жа, на Рыначнай плошчы, і закрычала ў сваёй разгубленасці толькі тады, калі акрываўленыя трупы за ногі пацягнулі з плошчы.
Калі Ёгана падняла галаву, Сціў убачыў у яе вачах
пачуццё віны: яны, здавалася, пыталіся, ці можа падабацца яму дзяўчына, якая лёсам звязана з тымі, хто прынёс Еўропе несканчоныя пакуты. Позірк яе быў цяжкі, цёмны.
Сціў адчуў гэты крывавы прывід, які стаяў паміж імі і падзяляў іх. Ен адвярнуўся. Пасля паўзы, у час якой ён глядзеў удалячынь, на бледна-белае поле руін, ён сказаў, адносячы свае словы бясспрэчна і да сябе:
— Многія з нас думаюць, што разбурэнняў часам было значна болей чым трэба... Гэта дрэнна. Праўда?
Егана стаяла нерухома і маўчала. Пачуццё віны ў яе і ў яго не саступілі адно аднаму. Канфлікт сумлення, што раздзяляў двух нявінных людзей, можна было адолець толькі сілаю пачуццяў двух сэрцаў.
Ен праводзіў яе да дзвярэй-прасцірадла, пажадаў добрай ночы і пайшоў. Егана асталася стаяць на месцы. Яна ні аб чым не думала. Ёй хацелася плакаць, але слёз не было. Яна яшчэ доўга стаяла, прыхінуўшыся да вушака,— без свае віны зацягнутая ў сусветнае злачынства.
Калі Сціў ішоў па вузкай сцяжынцы паміж вербалозу, Вуж, хаваючыся з Давідам за кустом, сказаў:
— Гэта мой сябар Сціў. Мой вельмі добры сябар. Я мог бы падысці да яго і прывітацца: «Hallo, Steve, how are you?» 1 Шкада, што ў нас цяпер няма часу.
Яны якраз збіраліся наведаць кухню ўрача-гінеколага Георга Гроса, які аглядаў Рут, і ўзяць там скавараду, а потым сустрэцца з кладаўшчыком і параіцца з ім аб нядобраахвотным ахвяравальніку, у якога яны хацелі пабываць вечарам паміж дзевяццю і дзесяццю гадзінамі.
Пасля вялікага набегу на Цвішэнцаля падарункі больш шчодра пацяклі да самых бедных, колькасць якіх у спісу кладаўшчыка з кожным днём расла. Але
1 Гэй, Сціў, як справы? (англ.)
з кожным днём большала і колькасць нядобраахвотных ахвяравальнікаў. Кладаўшчык усё паўтараў і паўтараў, што ім трэба не пераставаць «браць» рэчы. Ім авалодала нейкая прафесійная скупасць, і ён вельмі неахвотна аддаваў што-небудзь, калі нічога не прыносілася ўзамен. Па горадзе ўжо распаўсюджваліся чуткі. Сёй-той з нядобраахвотных ахвяравальнікаў напісаў у паліцыю і прыклаў да заявы распіску Ісусавых вучняў. Акрамя таго, праз некалькі дзён пасля візіту да Цвішэнцаля Вуж выпадкова даведаўся ад сваіх сяброў салдат, што афіцэр разведкі акупацыйнай арміі капітан Лібэн зацікавіўся бескарыслівымі грабежнікамі. 3 таго часу яны жылі ў стане казытлівага і ўзнёслага хвалявання.
Загарадны домік гінеколага — усяго адзін пакойчык і кухня, гарадскі дом быў разбураны — знаходзіўся за лугам у старым садзе. Фраў Бах два разы на тыдзень прыбірала ў доміку. Вуж часта памагаў мацеры і ведаў у доме кожную рэч.
— Я раблю гэта неахвотна, ну, скажам так, не вельмі ахвотна. Ведаеш, доктар Грос такі далікатны чалавек. Але, зрэшты, навошта яму дзве скаварады, калі ў другіх няма ніводнай,— сказаў Вуж, перш чым пералезці цераз паркан. У доме было цёмна, акно на кухню адчынена.
Доктар Грос сядзеў на лаўцы пад нізка звешанымі галінкамі буку, і яны яго не бачылі. Ноч была светлая, і ён адразу пазнаў Вужа. Доктар Грос таксама чуў пра вучняў. Дагэтуль ён, як і другія, лічыў, што дзіўныя зладзеі — дарослыя. «Але хто яго ведае, можа, вось гэты малы Бах і ёсць адзін з Ісусавых вучняў,— падумаў ён.— Пабачым, што будзе далей. Маіх медыцынскіх кніжак ён, мне здаецца, не забярэ з сабою».
Ен глядзеў, як Вуж праз акно залез у кухню і праз нейкі момант зноў паказаўся ў ім, каб потым пералезці цераз паркан са скаварадою ў руках.
На кухонным стале ляжала паперка. Доктар Грос, усміхаючыся, прачытаў: «Распіска за алюмініевую скавараду. Ісусавы вучні».
* * *
Вузкі высокі дамок з франтонам, які належаў кладаўшчыковаму бацьку, стаяў на зусім разбуранай вуліцы — як апошні зуб у роце. Кладаўшчык сядзеў у бацькавай краме і пільнаваў, ці не паявяцца дзе Давід і Вуж.
Крама з пакалення ў пакаленне пераходзіла ад бацькі да сына. Яе задняя сцяна складалася болей як з сотні паліраваных шуфлядак з чырвонага дрэва, на кожнай фарфоравая шыльдачка з надпісам пра тое, што знаходзілася ў шуфлядках раней. Шуфляды цяпер былі пустыя. Прывычны пах — мешаніна гваздзікі, мыла, кандытарскіх вырабаў і газы,— які цэлае стагоддзе ўдыхалі насы наведнікаў і нават выпадковых прахожых, страціў сваю прыцягальную сілу.
Цераз прылавак з кладаўшчыковым бацькам гутарылі трое мужчын, і двое з іх былі нядобраахвотнымі ахвяравальнікамі. Оптык Шайбенкэз ужо другі раз пачаў расказваць сваю гісторыю, выстаўляючы наперад круглую, зусім лысую галаву.
— Значыцца, стаю я каля свайго сутарэння, каб перад сном крыху падыхаць свежым паветрам, і раптам, невядома адкуль, у маёй руцэ ляжыць нейкая паперка. А на паперцы словы: «Распіска за блакітны камбінезон. Ісусавы вучні». Я зараз жа бягом у сад да ацалелай паловы альтанкі. Камбінезона і след прастыў.
Ён адкінуў назад галаву.
— Мы не адны такія, пан Шайбенкэз,— суцешыў яго ранцье Піліпі, падобны на саву сямідзесяціпяцігадовы стары з вусамі і круглымі вачыма, якому хлап-