Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Марцін глядзеў міма свяшчэнніка, скоса ўніз, і яго верхняя губа паднялася, агаліўшы доўгія зубы. Выйшла злосная ўсмешка.
— А ці не думаеце вы, што гэтыя людзі, кожны з нас, нясуць маральную адказнасць за лёс Рут? Няўжо вы лічыце, што магчыма маральнае выздараўленне нямецкага народа, калі ён распінае ахвяры сваіх злачынстваў? Вы хочаце, каб я выкінуў Рут на вуліцу, хоць для яе гэта сёння бясспрэчная смерць. Вы хочаце гэтага, хоць мы, немцы, кожны з нас, і я, і вы, паслалі Рут у публічны дом. Нявіннае семнаццацігадовае дзяўчо. Дазвольце звярнуцца да вас як да свяшчэнніка яшчэ з адным пытаннем: калі б Рут прыйшла да Ісуса і стаяла б цяпер перад ім, то што зрабіў бы тады Ісус?
Свяшчэннік апусціў галаву. Чырвань на яго шчоках стала гусцейшая. Ён быў яшчэ малады. Ён павярнуўся і пайшоў.
VI
Каля пылнага, густа закратаванага акна ў сутарэнні, дзе жыла ўдава Гонер, спынілася таўставатая жанчына з худым, касцістым тварам і чырвонымі векамі, якую, колькі помніцца, па-вулічнаму звалі «Квактухаю», бо яна вельмі ж скоранька варочала галавою на
ўсе бакі і папраўдзе была падобна на квактуху. Колісь, пяцьдзесят гадоў зімою і летам яна прадавала на рыначнай плошчы курэй.
— Я так і не зразумеў як след, ці то сакратар магістрата Гёрнле з цягам часу стаў падобны на свайго сабаку, ці ён узяў сабе гэтага мопса якраз таму, што той надта ўжо падобны на яго самога, але пра фраў Корн я магу пэўна сказаць, што яна падобна на квактуху, бо ўсё сваё жыццё ўпраўлялася з курамі,— сказаў аднаго разу гадзіннікавы майстар Крумбах фраў Гонер.
А тым часам Квактуха, сагнуўшы ўказальны палец, шэптам гукнула:
— Фраў Бах, шшш, хадзіце сюды.
Фраў Бах, Вужава маці, якраз праходзіла міма і спынілася.
— He ведаю, ці мне сніцца, ці гэта папраўдзе так,— гаварыла далей Квактуха.— Мне здаецца, што тут пахне каваю, га?
Яшчэ дзве жанчыны, якіх жэстам паклікала Квактуха, спыніліся каля закратаванага акна. Чацвёра жанчын затулілі сабою акно ў сутарэнне. Яны ўсё пыталіся адна ў адной, ці праўда гэта, і ніяк не маглі паверыць. Але яны стаялі тут у гэты цудоўны сонечны летні ранак, і як раней, у старыя часы, тут пахла свежазгатаванаю каваю.
Удава Гонер знізу, з сутарэння, бачыла толькі чатыры спадніцы. Але яна чула, што гаварылі спадніцы, і спалохана патупала ў далёкі куток сутарэння да гадзіннікавага майстра Крумбаха. 3 дваццаці свежых зярнятак яна перад гэтым згатавала сабе на нядзелю каву, дадаўшы ў яе старой гушчы, якая была падобна на светла-жоўтыя сухары, і, загадзя смакуючы асалоду, забыла зачыніць акно.
Ад хвалявання яна спачатку не магла вымавіць ні слова. Яе вострае вытыркнутае падбароддзе дрыжала.
Прайшло нямала часу, пакуль гадзіннікавы майстар зразумеў, што яна баялася, што прыйдзе сапраўдны гаспадар, які адбярэ назад сваю маёмасць, а ад яе ўжо бадай што нічога не асталося.
У сваіх блішчастых наваксаваных чаравіках Крумбах выйшаў на вуліцу да чатырох жанчын, яны, убачыўшы яго, змоўклі, і расказаў ім гісторыю, даўно прыдуманую на той выпадак, калі б хто-небудзь пацікавіўся, адкуль у яго чаравікі. Ён сказаў, што некалькі тыдняў таму назад, перабіраючы старыя рэчы, зусім нечакана знайшоў чаравікі і што гэтым ён абавязаны сваёй нябожчыцы жонцы.
— Яна заўсёды адкладвала на чорны дзень якіянебудзь рэчы, а потым зусім забывалася пра іх.
Квактуха, не паварочваючы галавы, хуценька паглядзела на жанчын і сказала:
— Нас вельмі здзівіла, што тут пахне каваю.
Гадзіншчык, як кавалер, узяў справу з каваю на сябе. Усё гэта папраўдзе варта здзіўлення.
— Але такая ўжо была мая нябожчыца жонка. Часта я проста аж шалеў. Шукаеш-шукаеш якой-небудзь рэчы і нідзе не знаходзіш. Здаецца, яна толькі што была тут, і раптам — няма. Ну, а цяпер, бачыце, мне пашанцавала, што яна прыхавала і чаравікі, і каву. Кава — яе быў цэлы фунт — мусіць, ужо гадамі ляжала пад старым рыззём.
Вужава маці пайшла далей. Калісьці на сваёй вуліцы ў Вюрцбургу яна лічылася за першую красуню. Дый цяпер зграбная фігура фраў Бах з ідэальнымі прапорцыямі як бы служыла пацвярджэннем таго, што працягласць жыцця чалавека, яго здароўе і прыгажосць у значнай ступені залежаць ад будовы шкілета. I калі ў час размовы трыццаціпяцігадовая жанчына тонкімі пальцамі, пазногці якіх выгіналіся, як панцыр у златкі, гладзіла свае валасы на вузкатварай галаве, пазіраючы на субяседніка цёмна-шэрымі вачыма, адра-
зу ж можна было зразумець, чаму Вужаў бацька адолеў усе перашкоды, каб дабіцца прыхільнасці васемнаццацігадовай дзяўчыны. Пазней у прыпадку рэўнасці ён паспешна збег у Іспанію, паверыўшы чуткам, што яна падманула яго.
У малюсенькім доміку з франтонам, ад якога ацалеў толькі фасад, што ствараў падобна тэатральнай кулісе ўяўленне аб доміку, раней акрамя фраў Бах жылі яшчэ старэнькія муж і жонка. Старыя загінулі ў час паветранага налёту. Фраў Бах і Вуж жылі ў сутарэнні адны, разам з Давідам, якога яна ўзяла да сябе. Сутарэнне было перагароджана на дзве маленькія дашчаныя клеткі, дзе, на думку фраў Бах, жыць было вельмі зручна.
Абодва хлопчыкі сядзелі ў сваёй клетцы. Давід трымаў у адной руцэ пакунак з паўфунтам манных круп, а ў другой — бляшанку з амерыканскім згушчаным малаком, якую яны ўзялі ў доме Цвішэнцаля.
— Глядзі, каб цябе ніхто не ўбачыў,— сказаў Вуж.— I адразу ж вяртайся назад, адной нагой там, другой тут. Сёння нам давядзецца яшчэ добра папрацаваць.
Давід, праціскваючыся на вуліцы міма фраў Бах, схаваў крупы і згушчанае малако за спінаю, а потым кулём памчаўся паміж руін. Каля аднаго нізенькага акна ў сутарэнне, на якім не было ні шкла, ні кратаў, ён спыніўся і асцярожна зазірнуў уніз. Маладая бялявая жанчына якраз расшпіліла кофту і давала дзіцяці грудзі.
Давід прыціснуўся да сцяны дома. Жанчына ўбачыла толькі брудную руку, якая спачатку палажыла на падаконнік пакуначак, а потым бляшанку, на яе — паперку, а на паперку — каменьчык. Яна паднялася з месца і з дзіцем каля грудзей падышла да аконнай праёміны.
і Давід тым часам адбег ад дома руін за дзесяць. Ней-
кі чалавек, трымаючы на плячах запылены салдацкі шынель, а пад пахаю загорнуты ў газету і перавязаны шпагатам скрутак, чагосьці шукаў позіркам у руінах і нарэшце папытаўся ў Давіда, ці не ведае той, дзе знаходзіцца дом нумар 37.
— Я там жыў, а цяпер вось не магу знайсці, дзе гэта.
— Трыццаць сёмы разбураны.
— Можа, ты ведаеш, дзе цяпер жыве фраў Паўліна Герцэнберг? — Ён усміхнуўся.— Гэта мая жонка.
— Ага! Значыцца, вам трэба прайсці крыху наперад, да акна ў сутарэнне, у якім няма шкла. Там яна і жыве. Да вашай жонкі адсюль недалёка.
Мужчына ўцёк з французскага лагера для ваеннапалонных і прайшоў доўгую дарогу, большай часткай пехатою. Цяпер да жонкі было ўжо зусім блізка. Праз мінуту ён стаяў каля акна ў сутарэнне і глядзеў на дзіця, якое ссала грудзі. Дзіця не магло быць ад яго, бо ён не бачыў жонкі ўжо два гады.
Яна сядзела на драўляных нарах і чытала, што было напісана на паперцы: «Ісусавы вучні». Калі яна падняла галаву, то ўбачыла свайго чалавека. He зводзячы з яго вачэй, яна глядзела спалохана і вінавата і не магла злавіць яго позірку. Ён адвярнуўся.
Яна кінулася на вуліцу. Там нікога не было відаць. 3 дзіцем на руках яна пабегла да фраў Бах і, плачучы, расказала ёй, што здарылася. Фраў Бах паднесла кончыкі пальцаў да куточка рота і сказала толькі:
— Якая трагедыя.
Давід і Вуж прашмыгнулі міма дзвюх жанчын на вуліцу. У кожнага з іх пад пахаю было па пакунку. Каб скараціць дарогу, яны, як скочкі, пераскоквалі з руіны на руіну і апынуліся на другой вуліцы. Каля дзвярэй у адно сутарэнне, куды вялі пяць прыступак, яны спыніліся.
— Каўбасу «салямі» прыйдзецца палажыць на ло-
жак — сам ён не здолее ўстаць,— сказаў Вуж.— Пачакай, пакуль я не прайду ў дзверы, а потым падыдзі да акна і папытайся ў яго, колькі часу.
Настаўнік музыкі Фіргайліг, які раней даваў дзецям урокі ігры на фартэпіяна, але даўно ўжо не рабіў гэтага, бо ў Вюрцбургу болей не асталося піянінаў, ляжаў на ложку, нерухома, як нябожчык. Усё ў яго было белае — твар, валасы і барада.
— Пан Фіргайліг, скажыце, калі ласка, колькі часу?
Галава сама сабою апусцілася, быццам настаўніка музыкі толькі што напаткала смерць. Але вочы зірнулі ў акно.
— Мне ўсё адно, колькі цяпер часу,— адказаў ён. Калі ён вымаўляў гэтыя словы, пакунак з каўбасою зваліўся на ложак.
Яны пайшлі ўздоўж рэчкі, кіруючыся да лугу.
— Яна ўжо атрымала шарсцяную коўдру. I вось цяпер мы нясём ёй мыла?
Давід адказаў:
— Калі я быў яшчэ маленькі, аднаго разу Ёгана дала мне нават хлеба з маслам. Вось гэтулькі масла!
— All right. Але навошта ёй мыла? Дай ёй лепей чаго-небудзь з яды.
На сярэдзіне рэчкі яны ўбачылі адну Ёганіну галаву, а на дробным мокрым пяску на беразе сляды яе ног. Давід адрэзаў лазовую галінку і старанна памераў след, яго даўжыню і шырыню.
— У яе чорт ведае якія маленькія ногі. А ці ёсць у нас на складзе маленькія чаравікі? Нічога, калі будуць трошкі велікаватыя. Чаравікі ёй патрэбны.
— Мне здаецца, што ты проста ўлюбіўся ў яе,— пагардліва сказаў Вуж.
— А што трэба рабіць, калі любіш?
— О, гэта я магу табе сказаць вельмі ясна. Нядаўна я чытаў пра гэта. Калі хлапец закаханы, ён хоча з
дзяўчынаю ажаніцца. Але тут заўсёды з’яўляецца трэці, хто таксама хоча ажаніцца з ёю. I яго забіваюць.
— А калі не забіваюць?
— Тады, выходзіць, кахання няма. Вось як. Раю табе купіць гэтую кніжку. Завецца яна «Бурнае каханне». Каштуе дзесяць пфенігаў. Але там шмат малюнкаў.
Галава пачала набліжацца да берага. Нарэшце Ёгана адчула пад нагамі цвёрдую зямлю. Калі яна стала на ногі, то нікога ўжо не было відаць, бо абодва хлапчукі схаваліся ў вербалозе. Нейкі час яна стаяла на палосцы травы, крыху схіліўшы галаву, нерухома, як натуршчыца, быццам хацела паказаць прыродзе, што і яна збудавана бездакорна.
Праз паўгадзіны з’явіўся Сціў, цягнучы за сабою тачку, на якой стаяў цабэрак з глінаю, ляжалі трубы для грубкі, жалезныя пліты і цагліны з моцна прысохлым да іх тынкам. Тачка ледзь пралезла праз вербалоз і спынілася каля самага прасцірадла-дзвярэй.
Некалькі дзён ён корпаўся ў кучах друзу на руінах, шукаючы патрэбных рэчаў.
Галодная Ёгана спала на жалезным ложку ў сваім імправізаваным купальным касцюме. Ён некалькі разоў пастукаў у вушак і нарэшце зайшоў. Яна ляжала на спіне, крыху сагнуўшыся пасярэдзіне, трымаючы рукі пад галавою. Куточкі яго рота расцягнуліся да вушэй. I гэта была не ўсмешка: гэта было адчуванне, што ён бярэ ў яе нешта такое, чаго яна не хоча аддаваць яму па сваёй волі. I ўсё ж ён не мог адвесці ад яе вачэй.