Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
— Цяпер яшчэ не вельмі холадна! А што будзе зімою! А божачка! Без вугалю! I нават без дзвярэй!
I тут жа падалася ўслед за Вужам, які ўжо рушыў у горад.
Пачуўшы спалоханы Ёганін крык, яны кінуліся назад. Каля хлеўчука стаялі два хлопцы з Шарфавага атрада. Адзін з іх быў той, хто атрымаў гусь ад прыдуркаватай шынкаровай дачкі. Рут толькі што паднялася з зямлі. Хлопец, што збіў яе на зямлю, зноў пайшоў на яе.
— Я табе зараз пакажу дарогу назад у бардак.
Вуж не мог стаяць проста так, глядзець і нічога не рабіць. Нервовыя дрыжыкі прабеглі па ўсім яго целе, ён стрымгалоў кінуўся ў няроўную бойку. Хлопец кулаком зваліў яго на траву. Катарына пранізліва закрычала.
Да хлеўчука ішоў амерыканскі салдат. Хлопцы хуценька зніклі ў вербалозе. Салдат зірнуў у іх бок, а потым няўпэўнена паглядзеў на Рут і Ёгану. Дастаўшы з кішэні ліст — яго паслаў яму Сціў, бо хляўчук на лузе быў бы вельмі ўжо недакладным адрасам — ён на ломанай нямецкай мове папытаўся ў Рут, ці не яе завуць Ёганаю.
Вуж тайком зірнуў на Катарыну, саромеючыся, што яго ўжо два разы зняважылі ў яе прысутнасці. Яны зноў пайшлі ў горад. Салдат размаўляў з Рут. Ёгана сядзела на жалезным ложку і чытала Сцівава пісьмо. Яна ўвесь час усхліпвала, раз за разам перачытваючы пісьмо, а слёзы ўсё ліліся і ліліся з вачэй.
Двое хлапцоў спыніліся і селі на беразе. Яны гаварылі пра Пятра. Толькі ён мог выдаць Шарфа і Зіка.
— Фраў Розэнкранц, новая гаспадыня «Залатога якара», знаходзілася на кухні і ўзважвала гусь. Я чакаў у зале каля акна і бачыў, як Шарф, Зік і Оскар сблі ў лодку. Ён таксама бачыў гэта. А акрамя яго там нікога не было. Пазней, на рэчцы, іх не маглі ўбачыць, была ўжо ноч, дый пра гэта што-небудзь напісалі б у газеце. Значыцца, зрабіць гэта мог толькі ён.
— Можа, і так,— адказаў другі.— Але Шарф паводзіў сябе страшэнна легкадумна. Калі я хачу правярнуць такую справу, то ніколі не палезу ў лодку пры чужым чалавеку, усё роўна наш ён ці не. Пра такую важную справу павінны ведаць толькі непасрэдныя ўдзельнікі. Шарф сам прачытаў нам пра гэта доўгі даклад. Але калі мы хочам звесці са свету гэтага парпіыўца, то ўсё павінна выглядаць як няшчасны выпадак, да якога камар носа не падточыць. Я не хачу ўсё жыццё прасядзець у турме. Нам трэба добра абдумаць, што рабіць.
Калі Катарына заўважыла абодвух — да іх была яшчэ якая сотня крокаў,— яна пацягнула Вужа за куст вербалозу і, каб не закрануць ягонага гонару, сказала:
— У нас цяпер няма часу.
Яна рукою цягнула яго за сабою — ён быццам неахвотна ішоў следам — і ўсміхалася сама сабе, як жонка, якая ўсё ўмее рабіць так, каб чалавек і не змеціў, што яна вядзе рэй.
Яны спяшаліся да оптыка Шайбенкэза. Дамок яго стаяў на амаль разбуранай Тэатральнай вуліцы. За дамком ляжаў маленькі, акружаны мурам сад, у які ўпіраўся тупік.
Дома ў оптыка на залаціста-бронзавым крэсле каля прылаўка сядзеў настаўнік народнай школы Шарф.
Ён прыйшоў сюды з сваім сябрам, прафесарам універсітэта Геберляйнам. Гаварыў оптык:
— Аправу акуляраў я яшчэ сяк-так магу вам прыпаяць, пан прафесар. Але новых шкельцаў няма. Ну, а далей што? — звярнуўся ён зацікаўлена да настаўніка.
— Значыцца, мой сын вярнуўся дадому мокры і расказаў, як усё было. Яны хацелі памяняцца месцамі, і тут Оскар зваліўся ў ваду. Лодка ж маленькая, ведаеце! Мой сын адразу ж скочыў за ім услед. Але куды там, была ж ноч. I вось з гэтага хочуць зрабіць забойства, хоць для забойства няма абсалютна ніякага матыву. Якое жахлівае непаразуменне!
Калі зайшоў яшчэ адзін наведвальнік, Катарына і Вуж паспяшаліся абагнуць квартал і выйсці ў тупік. Вуж пералез у сад. Катарына стаяла на варце. Яна верхам сядзела на сцяне, накрытай чарапіцаю і наверсе вузкай, як франтон на даху. Ён адкруціў з шарніраў восем шрубаў і пасунуў дзверы на сцяну. Катарына памагла апусціць іх у тупік, а потым і сама слізганула ўніз. Цераз увесь горад яны, як насілкі, панеслі дзверы на луг. Вуж падкраўся да хлеўчука. Там нікога не было.
Егана пайшла праводзіць Рут. Цяпер яна сядзела з ёю на траве за Марцінаваю будкаю і разглядвала малюнкі Рут. Марцін знайшоў у бальніцы пак старых аркушаў паперы. Кожны аркуш быў памерам пяцьдзесят на пяцьдзесят сантыметраў. На адным баку была тэмпературная крывая памерлага пацыента, зігзаг яго пакутлівай гісторыі аж да самай смерці, а на другім — жыццярадасны пейзаж.
Рут і да Аўшвіца не была пачаткоўцам і цяпер пачала зноў маляваць на новай, больш высокай ступені. Здольнасці і цяжкія выпрабаванні дазволілі ёй перадаць пяром і пэндзлікам тое, што яна бачыла і адчувала. Лісце, пераважна ў лясным гушчары без неба,
нават і ў дэталях было намалявана цвёрдаю, моцнаю і нервоваю рукою.
Егана перагарнула апошні пейзаж і ўбачыла Аўшвіц — голыя трупы, згрувашчаныя як друз, атручаныя газам, целы, згаладалыя шкілеты, шырока разяўленыя чорныя раты. Яна сказала:
— Вось што мы зрабілі. Вось што!
У папцы было шмат малюнкаў Аўшвіца; Егана прымусіла сябе разглядзець іх усе — сцэны недаступнага розуму апаганення чалавека, што ў вачах чалавецтва зганьбавала ўвесь нямецкі народ і паставіла яго да ганебнага слупа.
Рут сказала:
— Я такое бачыла кожны дзень.
I яна так спакойна глядзела на Ёгану, быццам сама асабіста не бачыла ніводнай жахлівай карціны. Гэта ж толькі малюнкі.
— He глядзі туды. Лепей не трэба,— хуценька ўсклікнула яна.
Але Егана, ахопленая жахам, не адрывала вачэй ад аркуша. Голы мужчына, з салдацкаю шапкаю, з’ехаўшаю набок, ашчэрыўшы ў ухмылцы зубы, цягнецца да голага цела Рут на ложку ў публічным доме. Яе твар мёртвы.
— Рут! О божа, які жах! Ах, Рут!
— Дай мне гэты аркуш. Такое я малюю толькі... толькі... я і сама не ведаю навошта.
Яна палажыла папку побач з сабою на траву. Абедзве змоўклі.
Было пяць гадзін. Марцін спаў. Начное дзяжурства ў яго пачыналася ў восем гадзін. Прачнуўшыся, ён не ведаў, што Рут ужо вярнулася дадому. Калі ён босы выйшаў з хаты, каб памыцца пад кранам, на ім былі толькі піжамныя штаны. Яго белае маладое цела было як у хлопчыка.
Рут ускочыла як уджаленая.
— Прэч! Прэч!
Твар яе скрывіўся ад злосці і агіды. Калены panTaw сагнуліся, быццам нехта адабраў мыліцы, з дапамогаю якіх яна дагэтуль сяк-так магла хадзіць. Яна павалілася на зямлю. Стала качацца на жываце, сутаргава біцца нагамі і крычаць на поўны голас, пакуль крык не абарваўся на высокім тоне. Ёгана падняла яе, прыціснула да сябе, стала гладзіць, а Рут усхліпвала і плакала, жаласліва, як маленькае дзіця. Марцін хуценька знік у будцы. Рут паступова супакойвалася і запытальна глядзела на бакі, быццам не разумела, як апынулася на зямлі.
Ёгана яшчэ крыху затрымалася каля Рут. Потым, вяртаючыся ў свой хляўчук, яна ўжо здалёк убачыла дзверы. У маленькім латунным кальцы тарчала распіска. Вуж напісаў друкаванымі літарамі:
«Дзверы абароняць вас ад зімовай сцюжы. Ісусавы вучні».
Япічэ раз перачытаўшы Сцівава пісьмо, Ёгана адчула, што яна быццам прачнулася яснаю раніцаю пасля моцнай начной навальніцы. Яна села пісаць адказ:
«Мілы Сціў!
Я ні аб чым не шкадую. Гэта я хачу сказаць табе перш за ўсё. Каб я не зрабіла гэтага, я пэўна адчувала б сябе няшчаснаю. Мілы Сціў, я толькі цяпер даведалася, як добра мець чалавека, да каго цябе цягне. А ты ж ёсць на свеце. Нават калі жыццё такое цяжкае. Ты вельмі далёка. Хапае і другіх нягод. А тут твой ліст! Тут кожны няшчасны. Толькі не я. Я не ведаю, што будзе. Можа, да нас лёс будзе спагадлівы. Я хачу быць мужнай і вытрываць усё. Ах, каб ты быў тут і каб я магла заснуць цяпер побач з табою. Мне падабаецца ў табе ўсё, Сціў. Як ты глядзіш. I я цябе кахаю. Можа, мнё не трэба было ўсё гэта пісаць. Але я
напісала. Гэта памагае. О божа, а што, калі я цябе ніколі не ўбачу?
Мабыць, лепш мне цяпер кончыць пісаць.
Ёгана ».
XI
Часовая зала для допытаў — старая была разбурана — мела гатычныя стральчатыя вокны з гранітнымі калонамі пасярэдзіне. Паркетную падлогу, якую ўзнаўлялі гадоў сто пяцьдзесят таму назад, упрыгожваў пышны арнамент Людовіка XVI, выкладзены з эбенавага дрэва. Раней у гэтай выдатна спраектаванай зале знаходзіўся мучны склад.
Чакалася, што ў зале збярэцца мноства людзей, і таму сюды прынеслі столькі крэслаў і лавак, колькі іх маглі знайсці. У самой зале стаяла дваццаць радоў крэслаў, а ўздоўж сцен паставілі лаўкі. Прыйшлі ўсе нядобраахвотныя ахвяравальнікі, сёй-той з тых, хто атрымаў ад вучняў падарункі, і некалькі соцень цікаўных, якія да справы не мелі непасрэднага дачынення. Зала была поўная. Некалькім дзесяткам чалавек прыйшлося стаяць. Нядобраахвотныя ахвяравальнікі, якія сваім лепшым выглядам і лепшаю адзежаю адрозніваліся ад худых, апранутых у абноскі, пераважна босых людзей, сядзелі на першых пяці радах крэслаў. Паміж пятым і шостым радамі крэслаў гора правяло рэзкую мяжу.
За трохметровым сталом сядзелі пратакаліст і капітан Лібэн, а паміж імі следчы, бацька хлопчыка, які не захацеў, каб яго звалі Юдам Іскарыётам. У пустым прамежку паміж сталом і першым радам крэслаў сядзелі падрадчык Гімельгох і сухотны маляр. Паліто з вярблюджага драпу ляжала на стале. Было дзесяць гадзін раніцы. Праз высокія стральчатыя вокны ў памяшканне заглядвала сонца.
Ідэя правесці гэтае мерапрыемства належала капітану Лібэну. Ён надумаў публічна дапытаць маляра і нядобраахвотных ахвяравальнікаў не з-за Ісусавых вучняў. Ён меў намер выступіць перад гэтымі рознымі людзьмі і прапанаваць ім заснаваць арганізацыю, якая збірала б добраахвотныя ахвяраваняі і дзяліла іх паміж бяднейшымі людзьмі. Следчы, на яго думку, павінен быў выконваць хутчэй ролю вядучага на гэтым сходзе.
Усё пачалося як сапраўдны працэс. Спачатку следчы праверыў анкетныя звесткі маляра, а потым папытаўся, адкуль у яго паліто.
Сухотны паспрабаваў устаць з месца, але, хістаючыся ад слабасці, зноў сеў у крэсла. Яму дазвслілі даваць паказанні сядзячы.
— Калі я прачнуўся ўночы, паліто ляжала на ложку.
Падрадчык Гімельгох не стрымаўся:
— Ен разбіў мне ў пакоі акно.
— Памаўчыце, пакуль вас не папытаюць. Вашы дзверы былі замкнуты, пан Гольфус?
— У сутарэнні няма дзвярэй.
— А акно?
— I акна болей няма.
— Вы ведаеце, хто палажыў паліто на ваш ложак? Што вы тады падумалі?
— А зусім нічога. Я толькі адразу ж накрыўся палітом, бо было холадна.