Ісусавы вучні
Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
Здзеўшы сукенку, яна села на беразе на траву. На ёй астаўся імправізаваны купальнік — цеснае белае шарсцяное трыко, якое ледзь вылучалася на белай скуры, і блакітная шоўкавая хустачка на грудзях. Кончыкі хустачкі яна трымала абедзвюма рукамі перад сабою, каб і на грудзі, якіх яшчэ не бачыла мужчынскае вока, хоць крышку папала сонечных промняў.
Раптам яна пачула шум, быццам нехта расхінаў вербалозіны. Устаўшы, яна ўважліва прыслухалася. Праз момант сярод вербалозу з’явіўся амерыканскі салдат. Ад нечаканасці ён толькі і выціснуў з сябе:
— Ах, прабачце.
Але ці ж мог ён не паглядзець на яе? Яму здалося, што яго позірк як бы слухаўся кагосьці, хто паказваў яму, куды глядзець. Яе прывабная фігура выклікала ў яго ўздым пачуццяў, што адразу ж перайшоў у нейкую збянтэжанасць.
Ёганін твар поўнасцю адлюстроўваў, што ў яе на душы. Міжволі яна сціснула рукамі грудзі, інстынктыўна спрабуючы схаваць галізну. Яна не баялася яго. Бо раней ёй прыйшлося за дваццаць пяць мінут тысячу разоў перажыць смерць і знішчэнне, калі, здавалася, разбуралася, праглынаючы дамы, сама зямля, калі дзеці ўцякалі і безнадзейна захрасалі на гарачым, па-балотнаму размякчэлым асфальце вуліц. У яе не было страху перад параю блакітных вачэй нейкага амерыканца.
Ён сказаў:
— Які сёння цудоўны вечар!
Яна прамаўчала, і тады ён, збянтэжана ўсміхаючыся, папытаўся:
— Можа, вы хочаце, каб я пайшоў?
Яго збянтэжанасць чамусьці кранула яе, хоць яна яшчэ і не разумела чаму. Яна не ведала, як у яе вырваліся словы:
— Пачакайце хвілінку.
Падскокваючы па траве, яна пабегла ў хляўчук, схаваны за высокім вербалозам.
Шарсцяное трыко ёй здымаць усё роўна не трэба, бо нічога другога ў яе няма. Яна хуценька надзела адзіную сукенку. Накідваючы на шыю хусцінку і завязваючы яе вузлом, яна папыталася ў сябе, ці прыстойна гэта будзе ў яго прысутнасці насіць на шыі хустачку, якую ён толькі што бачыў у яе на грудзях. I чаму я не сказала яму: «Ідзіце, калі ласка!» Гэтае пытанне яна пакінула без адказу. Але хустачка асталася на шыі.
Салдат сеў на траву, паглядзеў удалячынь за ракою — і думкамі перанёсся на ферму сваіх бацькоў у Пенсільваніі. Толькі што ён вярнуўся з вайны дадому. Да яго кулём імчыць французскі тэр’ер Майкл, быццам хоча вылезці са скуры, брэша, віляе хвастом, аблізвае яго і нарэшце, як звычайна, кладзецца на спіну, дае пагладзіць сябе па жываце і ад асалоды ледзь прыкметна паказвае зубы, нібы смяецца. Бацька кажа: «Значыцца, вярнуўся». А маці стаіць у дзвярах і ад радасці не можа скрануцца з месца.
«Я ж тады хацеў абрэзаць яблыню. Але не паспеў, не хапіла часу, прыйшлося ісці».
Перад ім невялічкая чорна-белая сітаўка какетліва пераскоквае з каменя на камень, так блізка ад берага, што кончык хваста, хістаючыся, дакранаецца да вады — і тут Сціў зноў пераносіцца ў Еўропу на бераг Майна, пытаецца ў сябе, вернецца Ёгана ці не.
Высокі, худы, жылісты сын пенсільванскага фермера належаў да ліку тых, каму рукавы пінжака заўеёды былі караткаватыя, як бы старанна ён ні выбіраў сабе новага адзення. Яго доўгі, вельмі белы твар пакуль што нагадваў толькі накід энергічнага мужчынскага твару. 3 бліскучых, блакітных, глыбока пасаджаных вачэй быццам выглядвалі продкі — шведы і немцы, што дзвесце гадоў таму назад перасяліліся ў Амерыку. На вайне ён, вядома, выконваў усё, што ад яго патрабавалі, а калі што якое, то нават і болей. А такіх выпадкаў хапала. Некалькі дзесяткаў нямецкіх слоў ён ведаў з дзяцінства, а на вайне, сутыкнуўшыся з нямецкімі ваеннапалоннымі, дастаткова ўзбагаціў свой запас слоў, каб няблага размаўляць з немцамі.
Пачуўшы яе крокі, ён павярнуўся. Панчох у Ёганы не было. Ён бачыў, як лёгенька перабірала яна белымі нагамі, ідучы да яго па пакручастым карэнні вербалозін. Ногі былі самае дужае ў яе кволым целе. Тонкая бледна-блакітная паркалёвая сукенка выразна акрэслівала яго формы. Ён падняўся з месца, паступова ўстаючы на поўны рост.
Сціў быў усяго на два гады старэйшы за Ёгану і ў каханні такі ж недасведчаны, як і яна. Ён сказаў:
— Перапрашаю. Вы, канечне, ахвотней паляжалі б яшчэ на сонцы.
Сваім адказам яна памагла і яму і сабе.
— He, мне ўжо стала крышку халаднавата.
Яму было цёпла. Многія з яго таварышаў завялі знаёмства з немкамі і рабілі так, каб іх бачылі разам. I ў яго даўно ўжо было такое жаданне. Але цяпер ён болей не думаў пра гэта. Яе сур’ёзная прывабнасць выклікала ў ім больш глыбокае, дагэтуль яшчэ не вядомае яму пачуццё. Ад разгубленасці ён прапанаваў ёй цыгарэту.
— Дзякуй, я не куру.
Ён стаў закурваць; цеплаваты ветрык некалькі разоў тушыў полымя запалкі, і яны атрымалі адтэрміноўку, на паўмінуты сякую-такую дапамогу. Ёгана тым часам глядзела перад сабою на вечаровы пейзаж, нібы цікаўная госця, якая ніколі не бачыла гэтых ціхіх берагоў і гэтага спадарожніка ўсяго яе жыцця — мірнага, ціхага Майна.
Нарэшце цыгарэта запалена, трэба размаўляць, бо яны яшчэ не так добра знаёмыя, каб моўчкі сядзець адзін каля аднаго на траве. Ён сказаў банальныя словы:
— Я вельмі рады, што сустрэўся з вамі.
Нявінная ўсмешка, у якой ёсць свая чароўнасць, крыху прыдала смеласці Ёганіным вуснам. Тое, што яна цяпер сказала, сведчыла, што яна і так ужо надта далёка пайшла яму насустрач:
— У вас, я бачу, моцныя чаравікі. 3 валовай скуры!
— Праўда, на іх зносу няма. Спачатку яны крыху ціснулі. Я іх нашу ўжо амаль два гады, на пераменку з яшчэ адной парай.
— Чаму ж не насіць, калі ў вас ёсць дзве пары чаравікаў! — выгукнула яна ў прыступе нейкай нечаканай жыццярадаснасці, што, здавалася, біла з крыніцы, якой не чапалі гадамі і якая вось цяпер струменіла з яе вачэй.
Ён стаў абараняць свае трывалыя чаравікі.
— О, другая пара яшчэ зусім новая. Я рэдка нашу яе. Бо яны таксама ціснуць.
Неяк міжволі яна загарэлася азартам:
— Іх жа можна расцягнуць. За ноч на капылах! I тады яны не будуць ціснуць.
Потым яны яшчэ крыху пагаварылі пра яго чаравікі і падрабязна пра яе сандалі з букавага дрэва. Перакрыжаванне раменьчыкаў дазваляла бачыць далікатныя пальцы яе ног. Ім было ўсё роўна, пра што гава-
рыць. Ёгана, чыё боязнае сэрца перавяло размову на чаравікі, адчувала, як і Сціў, што побач з тым, пра што яны гаварылі, заўсёды прысутнічала нешта такое, чаго яны не маглі сказаць.
Ён глядзеў на яе белыя ногі, якія выразна выдзяляліся на цёмна-зялёнай траве, прыстойна выцягнутыя і прыціснутыя адна да аднае. Яны прывабна знікалі пад сукенкаю ў нейкім сантыметры вышэй прыгожа выгнутага калена. Сціў задуменна сказаў:
— Цяпер і ў нашьіх дзяўчат няма панчох.
Яна пыталася ў яго пра розныя рэчы, і ён, адказваючы ёй, гаварыў, як нешта само сабой зразумелае, пра тое, што мае просты чалавек «за акіянам» — пра рэчы, аб якіх просты чалавек у Еўропе не асмельваўся нават і марыць. Нарэшце ён неяк мімаходзь заўважыў, што шмат у каго са служанак ёсць уласная машына. Ёгана моцна здзівілася і сказала як бы толькі самой сабе:
— Тады я хоць цяпер згодна быць служанкаю ў Амерыцы.
На нейкі момант таемны паток перарваўся, быццам яна раптам адчула, што лёс паставіў паміж ёю і Сцівам неадольную сцяну.
Але тут сядзелі не толькі салдат з Амерыкі, дзе служанкі ездзілі на аўтамабілях, і дзяўчына з разбуранай дашчэнту Германіі. Вялікая маці-прырода, што падбірае адзін аднаму сваіх дзетак, праз некалькі хвілін прыбрала ўсе перашкоды — толькі адным позіркам Ёганіных і адным позіркам яго вачэй. I зноў тут на траве сядзелі проста два маладыя нявінныя чалавекі, якія мусілі нагнуць галовы, бо іх моцна цягнула адно да аднаго.
— Зайшло сонца. Вербалозіны ўхуталіся ў танюсенькія пакрывалы, і нізка над рэчкаю павісла пушыстая смуга.
Сціў спытаўся:
— Дзе вы маглі пераадзявацца? Я тут паблізу не бачыў ніякай хаты.
— Яна вунь за тым высокім вербалозам.— Яна памкнулася ўстаць з месца. Ён падаў ёй руку. Гэты першы дотык выклікаў асаблівую ўсмешку, якая доўжыла маўклівы дыялог іх сэрцаў.
Калі яны ішлі да вербалозу, ён моўчкі трымаў яе за руку, і яна не забірала яе ў яго. Ёй было прыемна. Але ногі ў яе дрыжалі.
У хлеўчука даўно ўжо не было дзвярэй. Замест іх вісела прасцірадла, якое Ёгана знайшла на пажарышчы бацькоўскага дома. На ім былі дзіркі велічынёю з галаву. Яна не магла зацыраваць іх, бо не было ні іголак, ні нітак, як і тысяч іншых рэчаў.
У хлеўчуку стаялі жалезны ложак, крэсла, а болей не было нічога. Калі б Сціў выпрастаўся, яго галава ўпёрлася б у столь. Ён не мог стаяць тут на ўвесь рост.
— А дзе вы гатуеце сабе есці?
Яна паціснула плячыма і паказала на пагнутую спіртоўку.
— Ад яе таксама карысці мала, бо няма спірту.
Ён аглядзеўся болып грунтоўна і знайшоў пад самай столлю круглую вентыляцыйную аддушыну.
— Тут у гэтым кутку хапіла б месца паставіць грубку, дый трубу можна вывесці праз тую аддушыну.
— Каб жа дзе знайсці тую грубку.
Яе рука ўсё яшчэ была ў яго руцэ, і цяпер ён стаяў каля ложка. Што ёй цяпер рабіць? Што ёй сказаць яму? Павагаўшыся, яна нарэшце сказала:
— Можа, вы прысядзеце?
Сціў таксама адчуваў нейкае асаблівае напружанне, што ўзнікае паміж закаханымі, якія яшчэ не абмяняліся пяшчотамі і ўпершыню асталіся ў чатырох сценах адны. Цяпер яны былі далей адзін ад аднаго, чым знадворку на траве.
Ёгана прысела на ложак. Ёй ніяк не ўдавалася на-
цягнуць край кароткай сукенкі на калені. Мімалётныя позіркі, якімі яны абмяняліся, зноў вярнулі першапачатковую ступень іх знаёмства.
Сціў і Ёгана, для якіх у апошнюю паўгадзіну не было нічога другараднага, зноў гаварылі пра другарадныя рэчы. Звонку спяваў вялікі хор цвыркуноў. Жабы пачалі ўжо свае начныя спевы, якія то набліжаліся, то аддаляліся. Яна бачыла яго твар толькі тады, калі ён рабіў зацяжку.
Нарэшце ён устаў.
— Ну, мне пара.
Яны стаялі каля прасцірадла, якое вісела ў дзвярах. Ён нахіліўся да яе.
— He трэба. Калі ласка, не трэба,— сказала яна, і ў яе голасе чуліся і страх і жаданне.
III
Рут Фройдэнгайм спачатку прывезлі ў Аўшвіц, a адтуль праз нейкі час разам з дзвюма яўрэйкамі з Франкфурта-на-Майне ў Варінаву ў публічны дом для нямецкіх салдат. Ноччу, перад тым як немцы пакінулі Варшаву, у яго трапіла бомба. Болыпасць жыхарак загінула. А на амаль голую Рут, якая блукала паміж руін, наткнуўся савецкі афіцэр і правёў яе праз лінію пастоў у тыл.