Ісусавы вучні  Леангард Франк

Ісусавы вучні

Леангард Франк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 212с.
Мінск 1989
47.74 МБ
Там пасля канца вайны яна прабыла яшчэ год і тры месяцы. Нарэшце над ёю зжаліўся савецкі ваенны ўрач і на перапоўненай санітарнай машыне адаслаў у Берлін. На наступны дзень яе ўзяў з сабою ў Франкфуртна-Майне амерыканскі афіцэр для даручэнняў.
На Рут была чорная люстрынавая спадніца, якая проста вісела на целе аж да самых пят, вязаная ружовая начная кофтачка з кароткімі рукавамі. У сваім адзенні яна была падобна на чалавека, які толькі што
выйшаў з дому, каб перабегчы вуліцу і купіць сёе-тое да ранішняй кавы. Сінявата-чорныя валасы з праборам пасярэдзіне вузкай галавы былі гладка сабраны і сплецены на патыліцы ў вялікі вузел. Твар быў белы, як крэйда, і нежывы.
Пяць з паловаю гадоў таму назад на вачах у Рут забілі бацькоў і потым за ногі цягнулі іх па рыначнай плошчы.
Тады на вакзале ў Вюрцбургу, перш чым упіхнуць яе ў таварны цягнік, салдат аховы крыкнуў ёй у твар, што таксама забілі і яе малодшага браціка. I ўсё ж яна імкнулася вярнуцца ў Вюрцбург, бо проста не магла ўявіць, куды падацца яшчэ.
Паміж Франкфуртам і Вюрцбургам хадзіла мноства амерыканскіх ваенных машын. Каб пад’ехаць, ёй варта было толькі падняць руку. Але яна не хацела хутка дабірацца да мэты, якая перастала быць яе мэтай.
Семнаццацігадовай нявіннай дзяўчынай яна трапіла ў публічны дом для салдат. Некалькі дзяўчат не вытрывалі там і пакончылі жыццё самагубствам. Другія нарэшце сталі прастытуткамі. У Рут ад нязмернага жаху ўсё быццам адмерла. Цела яе два гады знаходзілася ў гэтым доме. Але цела болей не было ёю. Самой яе болей не існавала. Нішто на свеце не магло цяпер прымусіць яе заплакаць. Нішто болей не кранала яе. Яна зрабілася чымсьці такім, чаго не было да нацысцкага панавання. Рут стала нябожчыкам, які толькі варушыўся і ў якога было толькі адно жаданне: вярнуцца ў родны горад не хутчэй, як пешшу.
Блукаючы паміж мёртвых руін дамоў, яна паволі выбралася з Франкфурта і павярнула з дарогі на сцежку, якая выгінаста падымалася на ўзгорак. Яна ішла не спыняючыся. Штосьці вымушала яе перастаўляць ногі, штосьці паказвала ёй патрэбны кірунак.
Лёгенькі цеплаваты ветрык калыхаў на ўзгорку абапал сцяжынкі жыта, хвойнік дыхаў на сонцы сваімі
блакітнымі верхавінамі, а ў зіхоткай даліне відаць былі вялізныя блакітныя выгібы Майна. Стаяў цудоўны сонечны ліпеньскі дзень.
У лесе яна спынілася, пачуўшы, што ззаду едуць сялянскія калёсы. Павярнуўшыся, яна глядзела, як яны паволі набліжаліся да яе. Тут нават і сабака спыніўся б і паглядзеў назад.
Яна ступіла ўбок. Тое ж зрабіў бы і сабака. Але яна не стала жывёлінаю, у яе захавалася свядомасць, яна раптам успомніла, што на разбуранай прывакзальнай вуліцы ў адным акне вісела і сушылася белая кашуля.
Селянін спыніўся, папытаўся, ці не хоча яна пад’ехаць з ім да вёскі. Яна паматала галавою. Дзесьці зашчабятала птушка. Яна пачула гэта. Селянін сказаў:
— Я толькі так папытаўся, на сядзенні хопіць месца дваім. Ну калі так, дык усяго добрага.
Яна нейкі час не краналася з месца. Зашпіліла вязаную ружовую начную кофтачку, на якой асталіся толькі тры гузікі, вялікія перламутравыя гузікі. Верхняга гузіка не было. У складках вялікай чорнай спадніцы сабраўся пыл, ён ляжаў і на чорнай куксе валасоў. Роўная, як шнур, шырокая лясная дарога далёка наперадзе была падобна на рыску, праведзеную крэйдаю на зялёным фоне.
Яна паволі мінала вёскі. Яе праводзілі позіркамі. Спачування да сябе Рут не выклікала, бо ў яе на твары не было відаць гора. Пад вечар за грошы, якія даў ёй амерыканскі афіцэр, яна купіла сабе кавалак хлеба. 3 цынкавай конаўкі, прывязанай ланцужком да вясковай студні, выпіла глыток вады і паволі пайшла далей. Сцямнела. Яна лягла адпачыць у лесе. Вакол валялася сучча. Ляжала на спіне. Белы твар на фоне чорнай зямлі выдзяляўся як камень у лесе.
У крывавай віхуры розруху першых дзён Рут прапусціла момант, калі яна магла скончыць жыццё самагубствам, а пасля ёй стала ўсё роўна. Праз нейкі час
яна перастала сніць малюнкі з жыцця ў публічным доме. Яна не пакутавала. Яе цела спала.
Наступныя тры ночы яна таксама спала на свежым паветры. Абышоўшы бокам горад Ашафенбург, яна дабралася да Шпесарта, самай вялікай дубровы ў Германіі. У гэтай мясцовасці жыло мала людзей, тут амаль адсутнічала ворная зямля. Нават у вузкіх, глыбокіх лугавых далінах, над якімі звісалі кроны магутных дрэваў, яна рэдка дзе бачыла хатку. He было людзей і ў лесе. Выпадалі дні, калі яна не сустракала ні аднаго чалавека. Тут вадзіліся адны дзікія жывёлы і птушкі.
Яна спусцілася па крутым адхоне. Каменне было мокрае, зеляніна значна цямнейшая. Ёй стала холадна. Гэта быў паўночны бок. Перад ёю адкрыўся бераг Майна. Нізенькі дзядок сядзеў на невысокім пароме, ногі яго дакраналіся да берага, і цыраваў рыбалоўную сетку. На другі бераг падала сонечнае святло. Яна ўзышла на паром і села на вышараваную дабяла лаўку.
Рут была маленькая худзенькая дзяўчына з чорнымі вачыма, вельмі тонкімі бровамі і доўгімі павекамі. Калі б твар яе ажыў, ён бы быў прыгожы. Яе рот таксама нічым не вылучаўся, відаць былі адны губы. Гэтую нежывую дзяўчыну паромшчык перавёз цераз рэчку.
Павольна ідучы па дарозе, якая, то апускаючыся, то падымаючыся, вілася адпаведна хвалістай лініі ўзгоркаў, Рут неўзабаве ўбачыла тоўстага, па-гарадскому апранутага чалавека, які выйшаў з бярэзніку і рушыў у яе бок. Ён усміхаўся так, быццам быў поўнасцю перакананы, што не сустрэне ніякага супраціўлення. У гэты час па краіне блукалі мільёны бяздомных людзей, жыццё якіх ва ўсіх адносінах выйшла з каляіны. Стала звычайнай з’явай, што мужчына і жанчына, дагэтуль ніколі не бачыўшы адзін аднаго, часам, як толькі выпадала магчымасць, сыходзіліся на якую паўгадзінку.
Гэта быў жывёлапрамысловец з Франкфурта-наМайне, які, як і шмат хто з тых, чые кватэры былі разбураны бамбардзіроўкамі, шукаў сабе прытулку ў сялян. Яго вялізны жывот, здаецца, пачынаўся каля самай шыі. Усміхаючыся, ён хрыпла запытаўся:
— Ну што, можа, паспрабуем?
Але чаканай усмешкі ў адказ не было. Рут нават не паскорыла хады і ні на сантыметр не зрушыла ўбок.
Статую ж нельга абдымаць. Ён раптам спалохаўся, што яна застрэліць яго, калі ён абдыме яе, ёй гэта, мабыць, так жа проста, як дыхаць чалавеку. Яна пайшла далей, павольна, як і раней. Яна сказала сабе: «Трэба штосьці мець. Хоць бы які нож».
Паміж сківіц і носам у Рут з’явілася рыса, якая сведчыла аб тым, што яна здольна на ўсё. На скуры гэтай рысы відаць не было. Скура асталася гладкая і чыстая.
На павароце дарогі стаяў крыж з распяццем. Вясковы мастак не пашкадаваў крывава-чырвонай фарбы. Кроплямі і ручайкамі яна быццам сцякала з цярновага вянка па твары Хрыста ўніз. Каля нізкага п’едэстала на вячэрнім ветрыку хісталіся доўгая трава і блакітныя званочкі. Сонца ўжо зайшло.
Яна прылягла на траву, хоць жывёлапрамысловец усё яшчэ стаяў пасярэдзіне дарогі. Яна вельмі стамілася і адразу заснула. Ён паволі прайшоў міма, спалохана пазіраючы на фігуру, якая, выцягнуўшыся, ляжала на спіне пад распяццем.
А пятай гадзіне яна ўжо была на нагах. У вялікай цішыні на світанні не чуваць яшчэ ніводнага гуку. Збочыўшы на вузкую палявую сцежку, яна неўзабаве падышла к ельніку. Першыя промні клаліся паміж дрэвамі. Пад імі ляжалі вялізныя замшэлыя валуны.
У Шпесарце яна неяк наткнулася на труп бялявага маладога салдата. Ён павесіўся. Яго кіцель, акуратна вывернуты і складзены ўдоўж, ляжаў пад дубам. I вось
цяпер яна ўбачыла скурчаны труп жывёлапрамыслоўца, які ляжаў паміж двума замшэлымі валунамі. Ён стрэліў сабе ў скроню. Рут, праходзячы міма, падняла яго рэвальвер. У Аўшвіцу яна кожны дзень бачыла трупы. Запіскі жывёлапрамыслоўца са словамі «жыць няма болей сэнсу» яна не кранула.
На лясной сцежцы ляжала тоўстая коўдра леташняй ігліцы. Перад ёю з галінкі на галінку скакала малінаўка. Яна старанна насвіствала, быццам хацела паказаць дарогу, і раптам скокнула ў гушчар.
Спадніца ў яе была тонкая, а рэвальвер цяжкі. На кожным кроку ён стукаў па назе. Падымаючыся па крутой сцежцы, яна выцягнула яго з кішэні. Наверсе села. Рэвальвер па-ранейшаму быў у яе ў руцэ.
Думка прыйшла сама сабою. Яна была лёгкая. Чаму не забіць сябе? «Усё адно». Яна пераклала рэвальвер у другую руку і дастала з кішэні апошні акрайчык хлеба.
Яна ішла цэлы дзень і потым яшчэ наступную раніцу. Мясцовасць стала знаёмая. Ёй былі ўжо вядомы абрысы гэтых узвышшаў. Яна прайшла міма хутара, на якім з Ёганаю ў дзяцінстве часта піла малако, і спынілася перад шырокаю далінаю, дзе раней знаходзіўся Вюрцбург. Разбомбленыя дамкі былі падобны на пчаліныя соты. Твар астаўся бясстрасны.
Сонца стаяла ўжо высока і добра прыпякала. Ёй захацелася спусціцца ўніз па сцяжынцы, але тут у яе ў вачах пацямнела, і яна, непрытомная, звалілася ў прыдарожны чартапалох. За мінулы тыдзень яна з’ела толькі пару кавалкаў хлеба.
Праз паўгадзіны на яе наткнулася адзінаццацігадовая хутаранская дачка, якая палкаю збівала вярхі метровых чартапалохаў. Парабак аднёс Рут на хутар.
Яе палажылі ў агульным пакоі на канапу. Гаспадыня, бялявая таўставатая жанчына, апранутая па-гарадскому, пазнала яе адразу. Яна ўспомніла, што
калісьці дзве маленькія сяброўкі пілі тут малако, пілі з аднае шклянкі, а з другой толькі падлівалі яго.
Першае, што ўбачыла Рут, апрытомнеўшы, была вялікая фатаграфія гаспадара ў афіцэрскай форме, якая стаяла на каміне за радком зялёных яблыкаў. Ён загінуў пад Сталінградам. У яе адразу праяснела ў галаве, і яна зразумела, дзе знаходзіцца. Зняўшы кампрэс з ілба, яна сказала:
— Дзякуй вам.
Гаспадыня ведала, што Рут забралі ў Аўшвіц, а адтуль адвезлі ў публічны дом у Варшаву. Усе ў Вюрцбургу ведалі пра гэта. Узяўшы дачку за руку, яна вывела яе з пакоя, а потым зноў разгублена глядзела на Рут, зверху ўніз, і думала сама сабе: «У любым выпадку аставацца ёй тут нельга. Што мы пра яе ведаем? Але перш я дам ёй пад’есці».
Уголас жа яна сказала:
— Некалькі дзён таму назад да мяне заходзіла Ba­rna былая сяброўка Ёгана. Цяпер яна жыве на лузе, у хлеўчуку для коз.
Рут часта гуляла з Ёганаю на лузе. Хляўчук яна ведала, ён, як жывы, паўстаў цяпер перад яе вачыма. Яе позірк блукаў за межамі пакоя. Гаспадыня тым часам падкаціла да канапы нізенькі столік, на якім былі хлеб, малако і адно яечка.