Ядвігіна Ш.
Выбраныя творы
Ядвігіна Ш.
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 410с.
Мінск 1976
Тым часам гады мінаюць, а багацця як няма, так няма. Што тут рабіць? Вось і надумалася Тадора выправіць свайго да знахара па раду: мо з вачэй ім гэтак вядзецца. Доўга скроб патыліцу Юрка, але такі паехаў. На трэці дзень ледзь вярнуўся Сухавей, і то ўночы, Та-
дора і не чуда (нашто богу грашыць: паспаць любіла смачна), як увайшоў ён у хату, як доўга капашыўся, пакуль не ўзлез на палок і таксама смачна і моцна не захроп.
Назаўтра, як толькі накінулася з пытаннямі на мужика Тадора, ён і прызнаўся, што ўся віна ў няшчасці з дабыткам яго — Юркі (так знахар яму і сказаў).
А віна вось у чым. Нябожчык бацька пакінуў замазаны гаршчочак з грашыма, а ён крыўся з ім дагэтуль перад жонкай, дык бог за тое, відаць, і кару пасылаў на яго дабро. 1, збедзіўшыся, нясмела аддаў Юрка той гаршчочак жонцы.
Тадора, першы раз трэснуўшы кулаком мужа з радасці (тыя кулакі, што бывалі — заўсёды ў злосці) і схапіўшы ў дрыжачыя свае рукі скарб, стала трэсці ім каля вуха: там і звінела, і шуршэла; былі, відаць, і пабразгачы, былі, мусіць-то, і паперкі.
Як кот з салам, лётала Юрчыха з гаршчком, каб дзе лепш яго захаваць; урэшце ўпхнула яго сабе пад сяннік.
3 гэтага часу, хоць, праўду кажучы, гаспадарка таксама не ладзілася, але жыць стала спакайней. Тадора моўчкі соўгалася па хаце, не лезла больш у вочы мужыку, Юрка ажно павесялеў.
Не раз, бывала, дагаварваўся, усміхаючыся, Юрка да таго гаршчочка, каб як пажывіцца падмогі на гаспадарку, але Тадора слухаць не хацела; не хацела нават адпячатаць і палічыць сваё багацце. Выме гаршчок, натрасе яго, прыслухаючыся, каля свайго вуха, патрасе ім каля вуха Юркі дый зноў, запхнуўшы пад сяннік, радасная, шчаслівая клалася на пасцель, цешучыся, як тэты скарб муляў яе бакі.
Але, ці то гаршчок тэты такі цвёрды быў, ці то думкі неспакойныя а цэласць скарбу дакучалі Тадоры, а мо адно і другое, толькі сон зусім прапаў у яе. Прапаў спярша сон, а пасля прапала І ахвота да яды. Стала Тадора ў вачах бялець, сохнуць. Раілі суседкі Тадоры ўдацца да
зиахара, але яна і слухаць не хацела. Не жалела Юрчыха апошняй двузлоткі на знахара, каб разбагацець, але цяпер хоць бы і сабе — ні за што не згадзілася б надпачаць скарбу.
Дый нашто ёй лячыцца, калі ёй нічога не баліць. Галава толькі круціцца, іншым разам млосна крыху робіцца , — дык не дзіва: не спіць, зусім не спіць. Вось каб хоць разок заснула, як даўней спала: моцна, смачна, і ўсё б было добра...
I Тадора заснула, моцна заснула: навекі, а па яе высахшым, забялеўшым твары відаць было, што ўмірала радасная, шчаслівая — умірала багатая.
А Юрка, дастаўшы яшчэ з-пад цёплага цела жонкі гаршчок, выйшаў на двор і бразнуў ім аб камень. Адтуль пасыпаліся брудныя паперкі газецін і бляшаныя гузікі...
ВЯСЕЛЛЕ
Давялося ўдаве каршунісе (мужа нядаўна Паўлюк забіў суком на сметніку: надта ўжо з курыцай завёўся!) дачку замуж аддаваць. А паміж каршуноў (гэтак ужо вядзецца), каб гонару сям’і сваёй не зняважыць, толькі паміж сабой і бяруцца. Вось і каршуніха, як прыстала на ганорную матку, нагледзеўшы лоўкага, маладога каршунка, стала рыхтавацца да вяселля.
Дачка і кажа: «Замуж, мамка, найду, — спірацца няма чаго: такая ўжо доля наша дзявочая, але вяселле спраў як мае быць».
Добра: вяселле — дык вяселле. Хай пацешыцца дачушка паміж сваіх елак! Дый сама каршуніха не ад таго; дарма, што мужавы костачкі яшчэ не пагнілі.
Като ж прасіць на вяселле? Старая каршуніха і стала вылічаць.
— Перш-наперш, — кажа яна, — салавейку: ён, калі завядзе, ажно за сэрца хапае, — так яно і трэба на вяселлі! Пару галубкоў: для прыкладу, як маюць жыць маладыя. Сароку — канешне трэба: па ўсёй ваколіцы разнясе, якое важнае было вяселле. Удота...
— Мамка, ■— перапыніла маладая, — я памятаю, як ты яшчэ малую мяне накарміла раз удотамі, — надта смярдзючыя яны...
— Маўчы, дурная! — прыкрыкнула на дачку каршуніха.— Маладая ты — не ведаеш яшчэ, як на свеце жыць! Смярдзючы ўдот — то праўда; але, калі прыбярэцца дый нашупырыцца, дык іншаму здаецца, што і трэба яму смярдзеи.ь: ад важнасці, значыцца. Прасіць і цецерука: у яго такая гутарка, што ніхто яе не разбярэ; вось і будуць думаць, што надта нешта разумнае! У музыкі клікнем дзятла з жаўной: хай у барабаны таўкуць. Дразда — падсвістваць, бач, майстар. Бухайлу, хоць аддае балетам, але да дуды складзен. На цымбалах добра рэжа
бусел, але з ім нам не варта займацца: праз лад ужо насаты. 3 нас і так будзе; хай малады з сваёй стараны прымчыць.
Слухаючы гэтых праектаў, маладая з радасці ажно з сука на сук стала скакаць.
Толькі, як прыйшлося выбраць пасланца па госці, аніяк не маглі прыдумаць, каго б тут назначыць? Урэшце згадзіліся на сініцу: надта ўжо дасужая — ці трэба ці не трэба — усюды дападзе, усюды загляне дый набрахаць хоць што можа!
I праўда: зрання наказалі, ды йшчэ поўдня не мінула, а яна ўжо назад з дакладам припёрла.
— Так і так, — кажа, — усюды была, усіх абляцела, з усімі гаварыла, усе іх гутаркі падслухала, усе іх думкі выведала. Надта ўжо ўсцешыліся І шлюць падзяку за такі вялікі гонар І неспадзяваную ласку вашай міласці, толькі баяцца...
— Чаго? — насупіўшыся, пытае каршуніха. — Казала ім, як я табе приказывала?
— А як жа, казала, ваша міласць, усё казала! — для пакоры падняўшы хвост уверх, адказвае сініца. — Казала, што ваша міласць і ўсе вашай міласці сваякі з вялікай сваёй ласкі да нас, дробязі, у дзень вяселля панадзяюць мяккія рукавіцы на свае капцюры, дык, калі і выйдзе якая звадка (ведама, на вяселлі), ніякай крыўды быць не можа. Але ведама — дурныя’ Чаго яны не выдумаюць?! Хочуць...
— Чаго хочуць? — перапыніла каршуніха.
— I казаць не адважуся... — зноў падняўшы хвосцік, адказвае сініца.
— Ну! — налягала старая.
— Хочуць, каб ваша міласць і ўсе, каторыя будуць на вяселлі, з роду вашай міласці, на той час панадзявалі мяшэчкі на свае шаноўныя глюгі, ды і то баяцца...
— I так баяцца? Якая ж яшчэ трасца ім патрэбна?—злосна спытала каршуніха.
— Я ж і кажу: дурныя! Хоць на ўсялякія шальмоўсгвы, нябось, розуму хапае. Кожны з іх не такі, то сякі, а ткі мае на сваей душы грашок. Я вашай міласці ўсю нраўду выкажу. Вось хоць бы цецярук? ЦІ ж гэта выпадае на увесь бор — гэткі-то бор, гэтак балабаніць?! Ведама, бор — борам, каго толькі там не бывае, а ён балабане, балабане дый яшчэ падшыкне! Або сарока? Вядомая брахуха! Брэша, абы брахаць, а іншаму можа здавацца і вунь што... Салавейка, дрозд нават папавучваліся такія рэчы свістаць, што не асмелюся і сказаць вашай міласці... Дый усе яны, бабры — дабры, а хоць пашпарты і маюць, усё ж ткі баяцца, што як з дому скрануцца, пакуль дападуць пад апеку вашай міласці, каб часам у дарозе...
— Годзе! — крыкнула каршуніха. — Можаш адпраўляцца.
А ткі каршуніха справіла вяселле сваёй дачцэ як мае быць! I ці дасцё веры: былі там цецярук, дрозд, усе другія, толькі не ў гасцях, а... на скаварадзе!
СІЛО
Ціснуў мароз; круціла мяцеліца. Паміж гумна і адрыны, дзе на гурбе стаяла сіло, абсыпанае ўвакол мякінай з канаплямі, было крыху зацішней. Забраліся сюды снягір, верабейчык і сініца.
Снягір, важна насупырыўшы чырвоны свой валяк дый пасвістваючы, як і ўвесь свой век рабіў, стаў падбірацца да канапель.
Дзюбануў раз, другі асцярожна, але, разласаваўшыся, апанавала яго такая прагавітасць, што ўзлез на самую сярэдзіну сіла ды давай малаціць, ажно пакуль пятля не заціснула яму шыі.
— Чык-чы-рык! — усцешыўшыся, начала здзеквацца над ім сініца, бо за снегіром сама баялася даступіцца да канапель.
— Чык-чы-рык! — крычала яна, увіхаючыся каля зярнят, дый не агледзелася, як сама абедзве нагі ўплутала ў валасянку.
— Жыў-жыў-жыў! — адазваўся верабейчык, скачучы здалёку сіла і набіваючы мякінай свой валяк. «Жыўжыў-жыў!» *
ПАВУК
У сетку з дзіўна хітрасплеценых нітак папалася муха.
Сетку зрабіў і паставіў навук. Зрабіў і наставіў, — як рабілі і настаўлялі такія ж самыя сеткі павуковы дзяды і прадзеды.
Папалася ў сетку муха, як пападаліся ў такія ж сеткі яе бабкі і прабабкі. Як там было ў гэткіх сетках бабкам і прабабкам, муха пула і ведала, але цяпер, трапіўшы сама туды, як толькі наляцеў на яе павук з сваімі клюшнямі дый пачаў накідаць кандалы, сцягваючы і звязваючы імі крыллі з ножкамі, — яна заартачылася.
— Слухай ты, — кажа, — крывапіўца: натуру тваю дасканальна знаю і ведаю, што дабра ад цябе не спадзявацца; дай жа хоць слова сказаць...
— Э-э, — адказвае павук, — ведаю я гэтыя гутаркі вашыя — старая песня! Кожная з вас, як толькі пападзецца да мяне, усялякімі тонамі галосіць: «Павук крывапіўца!» А ці ж я адзін такі? Ці мала такіх жа крывапіўцаў паміж вашага брата? Глянь на аваднёў, камароў: іх цэлыя хмары! Ды І з твайго роду ёсць такія, што калі ўрэжа ў лытку...
— Не, павук, — перапыніла муха, — тое — дый не тое: праўда, ссуць і яны кроў, але жыцця не адбіраюць, a і то, праўду кажучы, хоць іншым разам і ім не даеш ты спуску, усё ж такі лічым мы іх больш тваімі спадручнікамі, чым нашымі. Такія, як я, нічога супольнага з імі не маюць: мы жывём божым дарам...
— Чым бы вы там ні жылі, — ужо злосна пераняў мову мухі павук,— гэта мне ўсё роўна; мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не звядзецца, то і павукам крыві хваціць.
— А ці ведаеш жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо яшчэ не адна такая, як я, але як зразу паляціць цэлы рой мух, ударыць у
тваю сетку, тады не толькі яна паляціць у ласкуткі, а, бадай, і ты жывым не выйдзеш? Здзекаваўся ты, пакуль па адной нас перабіў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара...
— Ха-ха-ха! — зарагатаў павук і наляцеў ужо на галаву мухі. — Зыкнеш? Ты зыкнеш? Недачаканне! Недачаканне тваё!!
I павук, запеніўшыся са злосці, як бач прабіў галаву мусе і пачаў смактаць з яе кроў.
Ніколі, здавалася павуку, не смакавала так яму кроў, як гэтай мухі. Ніколі такой прагавітасці ў яго не было, як вось цяпер. Вісеў ён над мухай, ажно пакуль што да капелькі крыві не выссаў з яе, і тады толькі адбегся І глыбока заціснуўся ў сваю шчыліну.
Хоць сыт быў — не спаў гэтай ночы павук. Неспакойныя думкі наляталі на крывёй заліты павуковы мозг. А што, калі і праўда наляціць зразу цэлы рой мух? Ці ўтрымаецца сетка? Ці здолее ён даць усім адразу рады? I як гэта адважылася гэткая паганая муха такое слова яму, яму — павуку сказаць? Не адна муха мо не раз ужо і думала так, але каб сказаць?