Ядвігіна Ш.
Выбраныя творы
Ядвігіна Ш.
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 410с.
Мінск 1976
для яе ляцеў шпарка, дык вельмі здзівілася, калі падышоў да яе Васіль і сказаў, што пара дадому ісці.
— Як-то? Ужо? — з жалем адазвалася Зося, — гэта ж саўсім яшчэ цёмна.
Але, глянуўшы на Васіля, яна хутка загаварыла:
— Ідзём, Васіль, хутчэй ідзём: ты саўсім п’яны. Што табе? Нядобра?
Хлопец сапраўды выглядаў страшна: бледны, як папера; трасло яго — ажно зубамі ляскаў, а ў кутках вуснаў відаць была белая пена.
Зося, баючыся, каб чаго з ім не сталася, бо яго сорам вытыкалі бы і ёй, нязначна падтрымовываючы хлопца, выйшла разам з тока. На дварэ чуць віднела, і сцежка яшчэ мала была значна, але Васіль ішоў роўнай, цвёрдай ступою і праз увесь час раз толькі адазваўся да дзяўчыны:
— Ну, Зося, хутка і наша вяселле згуляем.
Зося маўчала.
Увайшоўшы ў хату, Васіль раз і другі напіўся халоднай вады і, мест класціся спаць, пайшоў на пусташ. Зося, як сноп, павалілася на палок і моцна, спакойна заснула.
Сонца ўжо высока стаяла па небе, калі дзяўчына ўсхапілася і заварушылася каля печы.
— Што гэта вы там Васілю зрабілі — хлопец ад цямна, як шалёны, лётае па полі? — адазваўся стары бацька да дачкі.
—• Як то — на полі? Чы ж ён яшчэ не клаўся спаць? — спытала, здзівіўшыся, Зося.
— Ані думаў! — адказаў Стрончык, — давай абедаць, ды кліч яго.
Васіль на абед прыйшоў, але да яды ані дакрануўся.
— Не магу: галава трашчыць, у вачах кругі нейкія ходзяць, — жаліўся хлопец. — От, бацька, пойдзем лепш у мястэчка, там ямчэй паснедаем, — закончыў Васіль.
За апошнія часы Васіль у буднія дні не адрываўся ад работы, а ў святы трымаўся больш сваёй новай кампа154
ніі — маладзёжы, дык старому, не маючы сваей уласнай капейкі, прыходзілася сядзець у хаце. Цяпер рад быў скарыстаць Мікола з намовы Васіля і дзеля гэтага ахвотна згадзіўся ісці разам у мястэчка.
У Лейбы засталі яны паўнюсенька народу. Як толькі паказаўся Васіль, з усіх бакоў сталі крычаць:
— Во хто схаваў дзеўку! Дзяржыце яго, хлопцы, яго! Дзяржыце!
Васіль ад гэтага крыку ажно збялеў, але, пачуўшы рогат, і сам стаў смяяцца:
■— Што вы, як жарабцы, іржэце? Я піць хачу ды есці хачу, а яны рачогуць!
— Спазніўся ж ты пахмяляцца, — загаварылі хлопцы, — мы ўжо без цябе справіліся ды ідзём на аблаву.
— На якую яшчэ там аблаву? — спытаўся Васіль.
— Ці ж ты не чуў? — дзеўка з вяселля прапала — Прузына, — паясніў адзін з хлопцаў. — Ідзём трэсці ўсе гумны — пэўна, п’яная недзе завалілася ды храпе, а бацькі рукі ломяць, галосяць...
— Мо жабы, не спазнаўшы, як сваю, у балота зацягнулі? — адазваўся другі.
Моладзь зноў зарагатала. Сталі разыходзіцца: адны шукаць Прузыну, іншыя дахаты выспацца перад вяселлем, а пекаторыя падселі да Васілёвага стала, на каторым ужо стаяла пляшка з гарэлкай, і сталі перакідвацца жартамі.
— А ці ёсць Алёкса, глядзелі? Мо хлопец на вяселле сваё чакаць не захацеў: украў дзяўчыну — ды ходу.
— Алёкса ёсць: раніцай знайшоўся; але такі сумны, ажно з твару змяніўся, як апошняе страціў.
— Бо і страціў: Прузыну.
— Ну, па Прузыне не надта ён бедаваў бы! Учора як стала каля яго круціцца, дык ён і вяселля адрокся — уцёк.
— А дзе ж ён быў, калі раніцай толькі знайшоўся? Бо і Прузына, кажуць, яшчэ перада днём счэзла.
— Спаў, кажа, у адрыпе сваёй на сене.
— Трэ было б тое сена добра ператрэсці, то, пэўна, і Прузына нойдзецца...
Кампанія рагатала. Васіль піў сягоння больш за ўсіх і то смяяўся разам з усімі, ажно за бакі браўся, то зноў сядзеў насупіўшыся, як сава.
У шынок раз за разам забягалі то адзін, то другі з учарашніх вясельнікаў і, разводзячы рукамі, як бы іх хто пытаўся, заяўлялі:
— Няма Прузыны — як бы скрозь зямлі правалілася, смяхота, ды і толькі.
— Каму смех, а банькам неспакой, — адазваўся стары Мікола.
— Мы не бацькі, а нат І не сваякі Прузыны, — адказаў Васіль, — і нам няма чаго тут рабіць і клапаціцца: выпілі — і дахаты; спаць хочацца, — і, расплаціўшыся з Лейбам, выйшаў наперад, а за ім пацягнуўся Стрончык. Як толькі прыйшлі ў хату, Мікола звярнуўся да дачкі:
— Ну, Зося, адгадай загадку: не іголка — а прапала?
— Татка, ведаеш, што я да гэтага не здатна, кажыце лепш проста — у чым справа.
— Прузына прапала, — адказаў Васіль.
— Як то прапала? — спаглядаючы то аднаму, то другому ў вочы, спытала Зося, —■ жарты нейкія ўсё вам у галаве.
— Якія там жарты, калі шукалі ўвесь дзень і не знайшлі, — адказаў бацька.
— Э-э-э, такое дабро і ў агні не згарыць, і ў вадзе не затоне, — махнуўшы рукой, сказала Зося і ўзялася за сваю работу.
— Усяк бывае, — адазваўся Васіль і, узяўшы кажух і пасцілку, дабавіў: — Калі сам не прачнуся, разбудзі, Зося, мяне — пойдзем разам на вяселле.
Цямнела ўжо, калі Зося з Васілём, спушчаючыся сцежкай да мястэчка, здалёку ўгледзелі на гумнішчы Сцяпана Кудрэвіча цэлы натоўп народу, ад каторага
ішоў шум галасоў; але гэта не быў шум людзей, якія сабраліся на вяселле — пагуляць, а нейкі глухі, прыцішаны, як шум далёкай пушчы. Падышоўшы бліжэй, ужо можна было ўлавіць некаторыя словы:
— ...Усё тая распуста... гарэліца праклятая... вялікая рэч: перагнулася, галава закруцілася і паляцела... тут не да вяселля... доктар прыедзе...
— Васіль, — трывожна ціхім голасам адазвалася Зося, — што там такое? Я баюся... там нешта нядобрае...
— Падойдзем — убачыш, — адказаў хлопец.
Пасярод натоўпу людзей заставалася як бы пустое месца, куды з цікаўнасцю ўсе заглядалі. Зося з Васілём праціснуліся туды: на мокрай вытаптанай траве ляжала нежывая Прузына; каля яе на зямлі сядзела матка і, углядаючыся ў адкрытыя, як бы наверх паложаныя шкляныя вочы, ціха ўсхліпвала і качалася, быццам калышачы да сну дзіцянё.
Васіль не столькі ўглядаўся да нябожчыцы, колькі да людзей, якія ўвокал яго стаялі і пільна прыслухоўваліся да кожнага слова.
Зося доўгі час стаяла моўчкі, не могучы адарваць сваіх вачэй ад твару Прузыны, урэшце, моцна схапіўшы за руку Васіля, ціха стала шаптаць:
— Васіль... уцякайма... мне страшна... уцякайма...
Калі яны зноў выбраліся на свабодную сцежку, якая ішла праз гумнішча на поле, Зося першая адазвалася:
— Васіль, што гэта сталася з Прузынай? 3 чаго?
— Як з чаго? Не чула, што людзі кажуць? Пайшла п’яная ваду даставаць і ўвалілася, — паясніў Васіль.
— Яна не была такая п’яная — гэта няпраўда — я ж бачыла... тут не тое... — казала Зося.
— Калі не тое, дык скажы якое — калі лепш ведаеш, — ужо злосна адазваўся Васіль.
— От, няшчасце, — як бы сама да сябе сказала, уздыхнуўшы, Зося.
— Няшчасце? ЦІ не для цябе няшчасце? — зноў злое-
на пачаў Васіль. — Праз увесь час толькі той і гутаркі было ды нараканйя: Прузына ды Прузына — усюды яна замінала. Цяпер ужо Прузыны няма — няма замінішча, і адказу ніякага не можа быць...
— У чым адказу? — перапыніла Зося.
— А хаця бы ў вяселлі нашым, — адказаў Васіль.
— Тут хаўтуры, а яму вяселле ў галаве, — сказала, задумаўшыся, Зося.
Раптоўная смерць Прузыны неспадзеўкі захапіла Зоею. Дзяўчына пакуль што сама яшчэ не ведала, што з гэтага магло выйсці, і толькі цяпер як бы агледзелася: «Гэта ж Алёкса вольны...» — і, лягчэй ужо ўздыхнуўшы, зноў як бы сама да сябе адазвалася:
— Што праўда — то праўда: замінала яна шмат...
Калі прыйшлі ў хату і Зося расказала аб усім бацьку, той саўсім спакойна адазваўся:
— Гэта што? Не такія яшчэ штукі бываюць: пастухом яшчэ я хадзіў, як у гэтым самым мястэчку адзін шавец, не памятаю ўжо, як зваўся, але вялікі п’яніца быў, дык у бочцы — у сваей хаце ўтапіўся. Казалі, што ён усё чорцікаў лавіў па хаце; здалося, відаць, яму, што чорт у ваду скочыў, і ён туды за ім — боўць! Так жонка і знайшла яго, прыйшоўшы дамоў: галава ў бочцы, а ногі толькі ўверх тырчэлі...
Стары разгутарыўся і стаў успамінаць даўно мінулыя часы, але ніхто яго не слухаў. Васіль сядзеў хмурны і ані словам не адзываўся. Зося, кратаючыся каля сваёй гаспадаркі, успела гаршчок з стравай выкуліць, міску разбіць, — усё неяк сягоння з рук ёй валілася. Дзень выдаўся даўгі, нудны.
Назаўтра Зося ўгаварыла мужчын схадзіць у мястэчка даведацца, што там чутна. Застаўшыся адна ў хаце, яна старалася абдумаць цяперашняе сваё палажэнне, але гэтыя думкі так хутка ляцелі, так раптоўна змяняліся і так дзіўна блуталіся, што аніяк не даваліся дзяўчыне разабрацца ў іх. Апрача таго, цікаўнасць і няпэў-
насць, што робіцца там — у мястэчку — не давалі ёй супакою: раз за разам выбягала яна з хаты паглядзець, ці не варочаюцца мужчыны. I чым дальш прыходзілася чакаць, тым больш агортваў яе нейкі неспакой, страх...
Спаўдня ўжо мінула, калі Зося ўгледзела ўрэшце здалёку на сцежцы ад мястэчка бацьку: ішоў сам адзін і — па хадзе знаць — моцна п’яны. Не чакаючы, калі падойдзе бліжэй, хутка набегла дзяўчына на сустрэчу.
— Што чутно? Чаму сам? Дзе Васіль? — стала засыпаць бацьку пытаннямі Зося.
Стрончык стараўся як мага справіцца з нагамі сваімі і са сваім языком:
— Ліха на іх... паліцыя круціцца... не люблю паліцыі... пракляты народ... уцёк я... арыштоўваюць... хлапца арыштавалі... чэрці...
— Васіля арыштавалі? — трывожна спыталася Зося.
— Арыштавалі... — з трудом адказваў Мікола, — але... арыштавалі Алёксу...
У дзяўчыны пацямнела ў вачах; ногі падкашваліся, яна схапіла бацьку за руку і стрымала яго:
— Чакайце, татка, чакайце! Вы што кажаце? Апамятайцеся... арыштавалі, кажаце? Каго арыштавалі? Каго? Васіля?
— Якога табе Васіля, за што Васіля? Васіль п’янствуе... не хоча дадому, а я ўцёк... паліцыя паганая... арыштавалі Алёксу, за Прузыну ўзялі, — балбатаў стары.
— Гэтага быць не можа... не можа... не можна так... не можна Алёксу забіраць, — ужо сама не памятаючы што, шаптала Зося. — Вы ў хату, татка, ідзеце, я сама туды пабягу... гэтага быць не можа...
У мястэчку Зося адразу звярнулася да Леибы, там застала некалькі хлапцоў і дзяўчат, а за сталом сядзеў Васіль.
— От і Зося прыйшла, — спакойна адазваўся Васіль, як бы гэтага і спадзяваўся. — А бацька вярнуўся?
— Вярнуўся, ■— адказала Зося і кінулася да дзяўчаг распытваць, як і што тут сталася.
Кожная з іх, як і заўсёды бывае ў такіх разах, расказвала па-свойму, і кожная дакідала сваю ўласную дагадку, і гэткім чынам прыпадак з Прузынай разрастаўся ў штораз большае і болыпае апавяданне, у каторым трудна было ўжо разабрацца, дзе праўда, а дзе выдумка. Але Зосі ясна было адно: Алёксу арыштавалі і пагналі ў стан на дапрос.