Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
93.88 МБ
Сяргей Пясецкі
Каханак Вялікай Мядзведзіцы 
Мінск
Регнстр 2019
УДК 821.162.1-31
ББК 84(4Пол)-44
П28
Пераклад з польскай Г.А. Бенкевіч
Piasecki, S. «Kochanek Wielkiej Niedz'wiedzicy» / S. Piasecki. — Wyd-wo LTW, Warszawa, 1999. — 278 str.
У «Каханку» вачыма маладога кантрабандыста Уладака Лабровіча перад чытачом паўстае terra incognita — польска-савецкае памежжа, убачанае «знутры», а не са сталічнай Варшавы. У гэтым жыцці ёсць каханне, вернасць і здрада, спадзяванні і расчараванні, сябры і ворагі. Аднак у любой сітуацыі герой цвёрда прытрымліваецца своеасаблівага кодэксу, ядром якога з’яўляецца «хараство сапраўднага мужчынскага сяброўства». А малады, адчайны і разумны герой, які не баіцца рызыкаваць і прайграваць, якому ўласціва пачуццё справядлівасці і гонару, заўсёды карыстаецца поспехам у чытача.
ISBN 978-985-7215-02-7
© Г.А.Бенкевіч, пераклад на беларускую мову, 2019
© Афармленне.
ТАА «Выдавецтва «Регнстр», 2019
Абраннік Вялікай Мядзведзіцы
Бываюць кнігі, якія бяруць чытацкае сэрца ў палон адразу, як першае каханне ці сімпатыя. Пошукі адказу, чаму так дзеецца, у многім бессэнсоўныя, бо пачуццё ўвогуле — справа неспадзяваная...
Аповесць «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», якую ты, шаноўны чытач, трымаеш у руках, — менавіта такі выпадак. Яе аўтар, наш зямляк Сяргей Пясецкі, народжаны ў Ляхавічах, на першы погляд, сумнеўная асоба: у 1920-я супрацоўнічаў з польскай контрвыведкай, займаўся кантрабандай праз польска-савецкую мяжу, таварышыў з прадстаўнікамі зладзейскага свету, у 1926 годзе за бандытызм быў асуджаны на 15 гадоў зняволення. Як бачым, сама біяграфія аўтара была гатовым сюжэтам, які патрабаваў пяра пісьменніка.
А вось пісьменнікам С. Пясецкага зрабіла турма! Менавіта там ён шчыльна заняўся вывучэннем польскай мовы, якую асвоіў настолькі, што ў 1934 годзе вырашыў даслаць свой першы твор «Пяты этап» на конкурс, абвешчаны выдавецтвам «Рой». Твор, аднак, быў затрыманы турэмнай цэнзурай, як і наступны, «Дарога пад мур» («Жыццё раззброенага чалавека»), Урэшце, лёс злітаваўся з пісьменніка і ў 1935 годзе яго трэці твор, «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», патрапіў у выдавецтва. Пасля выхаду ў 1937 годзе аповесць спарадзіла небывалую сенсацыю ў культурным і палітычным жыцці Польшчы — сенсацыю настолькі моцную, што выдаўцы распачалі захады па амністыі пісьменніка. У значнай ступені паспяховасці задумы паспрыялі сімпатыі чытачоў, сярод якіх аказаліся і прадстаўнікі кіроўнай эліты.
У «Каханку» вачыма маладога кантрабандыста Уладака Лабровіча перад чытачом паўстае terra incognita — польскасавецкае памежжа, убачанае «знутры», а не са сталічнай Варшавы. У гэтым жыцці ёсць каханне, вернасць і здрада, спадзяванні і расчараванні, сябры і ворагі. Аднак у любой сітуацыі герой цвёрда датрымоўваецца своеасаблівага кодэксу, ядром
6
якога з’яўляецца, па азначэнні С. Пясецкага, «хараство сапраўднага мужчынскага сяброўства». А малады, адчайны і разумны герой, які не баіцца рызыкаваць і прайграваць, якому ўласціва пачуццё справядлівасці і гонару, заўсёды карыстаўся поспехам у чытача.
Маючы багаты жыццёвы досвед у тым, што апісвае, а таксама цудоўны дар апавядальніка, аўтар перадае падзеі рэалістычна, з фільмаграфічнай дакладнасцю. Гэтая дакладнасць вынікае з умоў напісання твора — у турме С. Пясецкі не меў магчымасці вяртацца да папярэдніх раздзелаў, штосьці выпраўляць або касаваць. Сюжэт і героі набывалі сваё завяршэнне да таго, як пісьменнік браўся за аловак. Разам з тым «Каханак» прасякнуты рамантычным светаадчуваннем, своеасаблівым трагізмам адзінокага чалавека, лірычным сумам, спалучанымі з цудоўнымі апісаннямі прыроды.
Сем зорак Вялікай Мядзведзіцы паказваюць Уладаку шлях дамоў, на захад, у памежны Ракаў пад Мінскам, пасля кожнай выправы. Яны, гэтыя зоркі, з’яўляюцца нямымі сведкамі начных здарэнняў і надзейныя, як сапраўдныя сябры.
Свет герояў С. Пясецкага зачароўвае і вабіць. Тут, як на зорным небе, заўсёды знойдзецца тое, што здольны ўбачыць толькі ты, дарагі чытач. To да працы!
Алесь Бразгуноў, кандыдат філалагічных навук
Пад колаіяі Вялікага Воза
ЧАСТКА I
На граніцы дождж абмые, А сонейка высушыць.
Лес ад кулі ўкрые, Крокі вецер заглушыць.
(з песенькі перамытнікаў)
Глава I
Гэта была мая першая ходка. Ішло нас дванаццаць: я і яшчэ дзевяць перамытнікаў. Суправаджаў партыю машыніст1 Юзаф Трафіда, стары дасведчаны праваднік, тавар пільнаваў яўрэй Лёва Цыліндар. Носкі2 мы мелі лёгкія — па 30 фунтаў кожная, але былі яны досыць вялікія. Тавар мелі дарагі: панчохі, шалікі, пальчаткі, шлейкі, гальштукі, грабяні...
Сядзелі мы, патанаючы ў цемры, у доўгім вузкім вільготным канале, які пралягаў пад высокім насыпам. Уверсе праходзіла дарога, што вяла з Ракава да граніцы — на паўднёвы ўсход. Ззаду міргалі агні Памаршчызны, а спераду была граніца.
Мы адпачывалі перад пераходам граніцы. Укрытыя ў канале хлопцы, хаваючы аганёк у рукавах куртак, курылі апошні раз перад пераходам граніцы. Курылі павольна, прагна ўцягваючы ў грудзі тытунёвы дым. Некаторыя спяшаліся і цягнулі ўжо другую папяросу. Усе сядзелі кучкамі, упёршыся ў вільготныя сцены каналу спінамі, на якіх на паясах, як ранцы, былі прымацаваны носкі.
1 Маіпыніст — чалавек, які пераводзіў перамытнікаў.
2 Носка — ноша, тавар, які неслі перамытнікі.
Я сядзеў збоку. Недалёка ад мяне, каля выйсця з каналу, на цёмным фоне неба маячыла невыразная постаць Трафіды. Ён павярнуў да мяне бляклую пляму твару і пачаў шаптаць хрыпатым, нібы прастуджаным, голасам:
— Пільнуйся мяне... Разумееш?.. Ну і... Калі нас нагоняць, носкі не кідай! Плітуй3 з ношай. Бальшавікі без тавару зловяць — дадуць шпіёнства. Тады кляпа4! Пераробяць на гемзу5!
Я кіўнуў галавой у знак таго, што разумею. Праз некалькі хвілін мы рушылі далей. Краліся доўгім вужом па лужку, збоку ад высахшага рэчышча.
Спераду ішоў Трафіда. Часам ён прыпыняўся. Зараз жа спыняліся ўсе і, напружваючы зрок і слых, вывучалі змрок, які нас акружаў.
Вечар быў цёплы. Зоркі блішчэлі праз імглу на чорным фоне неба. Я стараўся трымацца як мага бліжэй да нашага правадніка. Hi на што не звяртаючы ўвагі, я дбаў толькі пра тое, каб не згубіць з вачэй чорную пляму ношы Трафіды, бо не мог убачыць больш нічога... Напружваў зрок, але не мог дакладна вылічыць у цемры адлегласць і некалькі разоў падаў грудзьмі на правадніка.
Я ўбачыў удалечыні перад намі агонь. Трафіда спыніўся, я стаў каля яго.
— Што гэта? — ціха запытаў я.
— Граніца... ужо блізка... — прашаптаў праваднік.
Да нас наблізіліся яшчэ некалькі хлапцоў. Рэшты партыі я не мог бачыць. Мы селі на вільготную траву. Трафіда знік у цемры: пайшоў даследаваць пераход праз граніцу. Калі вярнуўся да нас праз некалькі хвілін, сказаў ціха і, як мне здалося, весела:
— Ну, братва, шаруем далей. Масалкі кімараць6!
Мы рушылі ў далейшую дарогу. Ішлі досыць шпарка. Я трохі нерваваўся, але зусім не баяўся. Можа таму, што не
3 Плітаваць (жарг.) — уцякаць.
4 Кляпа — усё, капец.
5 Гемза — мяккая скура, саф'ян.
6 Масалкі кімараць (жарг) — пагранічнікі спяць.
разумеў, на якую небяспеку магу нарвацца. Падбадзёрвалі мяне толькі цішыня, таямнічасць нашага паходу і само слова «граніца».
Раптам Трафіда спыніўся. Я стаў каля яго. Некалькі хвілін мы стаялі нерухома. Потым праваднік зрабіў далонню шырокі жэст, нібы перакачваў паветра з поўначы на поўдзень, ціха сказаў: «Граніца», — і зараз жа пайшоў далей. Я паспяваў за ім, увогуле не адчуваючы цяжару ношы. Я цалкам сканцэнтраваўся на тым, каб не згубіць з вачэй шэры прамавугольнік, які мітусіўся перад маімі вачыма.
Цяпер мы ішлі павольней. Я адчуў у гэтым новую небяспеку, але не мог зразумець якую.
Праваднік спыніўся, доўга прыслухоўваўся, а потым пайшоў назад, мінаючы мяне. Я хацеў пайсці за ім, але ён сказаў: «Чакай!» Неўзабаве Трафіда вярнуўся. 3 ім ішоў Шчур, сярэдняга ўзросту шчуплы перамытнік, вельмі смелы і спрытны. Ішоў без ношы, бо яе на нейкі час узяў нехта з калег. Спыніліся каля мяне.
— Пойдзеш логам... Рэчку пяройдзеш па камянях... — шаптаў праваднік.
— Каля Кабылячай Галавы? — запытаў Шчур.
— Так... Чакай на тым баку.
— Гіт1, — адказаў Шчур і неўзабаве знік у цемры. Праз хвіліну рушылі і мы. Трафіда выслаў Шчура «на прынаду». Калі б яго затрымалі, мусіў ратавацца ўцёкамі, або, затрыманы, так галасіць, каб мы яго пачулі і мелі час для ўцёкаў.
Пераправы праз раку былі заўсёды небяспечныя. У нас было мала зручных месцаў для пераправы, і пагранічная варта, ведаючы гэта, рабіла засады найчасцей тут. Былі там і броды, але нам не хацелася глыбока ўлазіць у ваду і мокрымі ісці далей — лепш было рызыкаваць і пераходзіць рачулку ў небяспечных, але зручных месцах.
Мы паволі прадзіраліся праз шырокі пояс зараснікаў лазы, робячы многа шуму. Ужо здалёк я пачуў плёскат вады на камянях, і хутка мы ўжо апынуліся на крутым беразе
1 Гіт {жарг} — добра.
рачулкі. Моцна трымаючыся за галінкі лазы, я стаў побач з Трафідам, чакаючы, што будзе далей. А ён лёг на бераг і пачаў павольна ссоўвацца ўніз. Праз хвіліну я пачуў яго голас, прыглушаны шумам вады:
— Ссоўвайся сюды! Жыва!
Я лёг на бераг, а потым завіс нагамі ў паветры. Трафіда дапамог мне саскочыць уніз. Потым, трымаючы мяне за плячо, паволі пайшоў да процілеглага берага рачулкі. Mae ногі слізгаліся па мокрых камянях, якія хісталіся пад нагамі і ссоўваліся ў розныя бакі.
Нарэшце мы скончылі пераправу. Калі спыніліся ў вербалозе на іншым беразе, чакаючы пераходу рэшты нашай партыі, я ўгледзеў постаць, якая вылучалася ў цемры. Я кінуўся назад і ледзь не ўпаў у ваду. Трафіда мяне затрымаў.
— Куды ты? Гэта свой.
Гэта быў Шчур, які ўжо абследаваў пераход праз рачулку і некалькі сотняў крокаў за ёю.
— Усё клёва2! Можна дыбаць далей, — сказаў Шчур Трафідзе.
Калі ўся партыя скончыла пераправу, рушылі ў далейшую дарогу. Цяпер мы ішлі хутка, амаль не захоўваючы асцярожнасці.
Неба крыху ачысцілася ад хмар. Зрабілася відней. Цяпер я мог без напругі сачыць за постаццю калегі, які ішоў уперадзе мяне. Я заўважыў, што час ад часу кірунак змяняецца, але навошта так робяць, не ведаў.
Мы пайшлі яшчэ хутчэй. Я адчуваў сябе вельмі стомленым: ногі балелі, бо боты былі падзёртыя, ды яшчэ падчас пераправы ў іх набралася вады. Я быў гатовы папрасіць Трафіду даць адпачыць, але саромеўся. Сцяўшы зубы і цяжка дыхаючы, я з роспаччу ў душы цягнуўся далей.