Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
Мы ўвайшлі ў лес. Тут было зусім цёмна. Мы то ўзыходзілі на стромкія ўзгоркі, то спускаліся ў яры. Mae ногі запляталіся ў густых зарасніках папараці, спатыкаліся аб
2 Клёва (жарг.) — добра.
хмызнякі i карані дрэў. Я адчуваў ужо не стомленасць, а млявасць ва ўсіх частках цела, ідучы аўтаматычна.
Нарэшце мы апынул іся на ўскрайку велізарнай паляны. Тут Трафіда спыніўся.
— Стоп, хлопцы!
Перамытнікі пачалі скідаць з плячэй ношы, потым ставіць іх на зямлю і абапіраць на іх спіну і галаву. Я паспешліва скінуў з плячэй шырокія палатняныя шлейкі ношы і зрабіў тое, што і мае таварышы. Я ляжаў, гледзячы ўдалечыню. Прагна ўдыхаў поўнымі грудзьмі халоднае паветра. У галаве была толькі адна думка: каб толькі не так хутка рушылі ў далейшую дарогу.
Трафіда падсунуўся да мяне:
— Як ты, Уладак? Змарыўся?
— Н-не...
— Ну не кажы! Я ведаю: спачатку кожнаму цяжка.
— У мяне боты кепскія. Ногі баляць.
— Э-эх! Купім табе новыя боты. Хромавыя. Прыбярэшся на сто два!
Перамытнікі размаўлялі напаўголасу. Некаторыя курылі.
— Добра было б разагрэцца, хлопцы! — сказаў Ванька Бальшавік.
— Разумна, — паспешліва пацвердзіў Болік Лорд, які не прамінаў аніводнай нагоды выпіць.
Я пачуў удары далоняў аб донцы бутэлек. Трафіда доўга піў гарэлку з рыльца бутэлькі, адкідаючы галаву далёка назад, а потым даў напалову апарожненую пляшку мне:
— На, глыні. Стане лепш.
Я першы раз у жыцці піў гарэлку проста з бутэлькі.
— Цягні да канца! — заахвочваў мяне прыяцель.
Калі я выпіў гарэлку, ён даў мне вялікі кавалак каўбасы. Хлеба не было зусім. Каўбаса мне вельмі смакавала, і я, не здзіраючы скурку, прагна яе з'еў. Потым закурыў, і водар папяросы здаўся мне надзвычай прыемным. Зрабілася весела. Я стаў адчуваць сябе значна лепш — гарэлка цяплом разлілася па ўсім целе, надаўшы новыя сілы.
Пасля амаль гадзіны адпачынку мы рушылі ў далейшую дарогу. Стала яшчэ відней. Вочы прывыклі да змроку, і я без цяжкасці адрозніваў постаць Трафіды, які ішоў у некалькіх кроках паперад мяне. Ісці было лягчэй. Стомленасць знікла, ніякай трывогі ўжо не было. Больш за тое, я быў цалкам упэўнены ў нашым машынісце.
Юзік Трафіда на памежжы быў вядомы як вопытны і вельмі асцярожны праваднік, ніколі не рызыкаваў і ішоў «на ўра» толькі, калі не было іншага выйсця. Ён дасканала ведаў дарогі за граніцу і кожны раз мяняў іх: у Саветы ішоў адной дарогай, а вяртаўся іншай. Хлопцы найахвотней хадзілі «на работу» менавіта з ім, а купцы давяралі яму найдаражэйшы тавар. Трафіда быў вядомы як шчаслівец, але гэтае шчасце залежала ад яго ўласнай асцярожнасці. Ён ніколі не блукаў, а ў самыя цёмныя асеннія ночы па страшэнным бездарожжы рухаўся так, нібы ішоў удзень па добра вядомай дарозе — знаходзіў кірунак «нюхам».
Гэта быў мой адзіны знаёмы ў мястэчку. Некалі мы разам служылі ў войску. Я сустрэў яго ў Вільні, дзе доўгі час туляўся без работы, а ён прыехаў туды за пакупкамі. Калі даведаўся, што я цярплю галечу, прапанаваў мне паехаць з ім на памежжа. Я ніколькі не вагаўся. Прыехаўшы ў Ракаў, я стаў жыць у яго доме, а цяпер першы раз пайшоў з ім «на работу». Ён раіў мне яшчэ адпачыць і набрацца сіл, але я ўпёрся і вырашыў ісці з ім у найбліжэйшы час.
Партыя Трафіды не была пастаяннай. Некаторыя хлопцы часта адыходзілі ад яе, пачынаючы працаваць «на сваю руку», або далучаліся да суполкі іншых перамытнікаў. Іх месцы займалі іншыя, і работа ішла далей. Трафіда звычайна праводзіў ад сямі да дванаццаці чалавек у залежнасці ад колькасці тавару, які «перакідалі» праз граніцу.
Калі я ўпершыню ўбачыў Трафіду праз два гады пасля нашай сумеснай службы ў войску, то ледзь пазнаў яго: схуднелы, загарэлы, з крыху прымружанымі вачыма і ўцягнутай у плечы галавой, нібы ён увесь час баяўся ўдару ў спіну. Прыгледзеўшыся, я заўважыў на яго твары шмат зморшчынак: ён вельмі пастарэў, хаця быў толькі на пяць гадоў
старэйшы за мяне. Як і даўней, ён быў вясёлы, любіў жартаваць і расказваць анекдоты, але рабіў гэта неахвотна і нібы з-пад прымусу — думкі яго былі дзесьці далёка. Праз колькі гадоў я зразумеў, што хавалася ў прымружаных вачах, на якія лілося дзённае святло.
Мы ішлі па палях і лугах. Ногі слізгаліся па мокрай траве, ссоўваліся з вузкіх межаў, гразлі ў балоце. Ішлі праз лясы, прадзіраліся праз хмызнякі, міналі іншыя перашкоды: адны з іх мы маглі бачыць, пра іншыя ведаў толькі Трафіда. Часам нам здавалася, што рушым без аніякай мэты, губляем кірунак і блукаем... Нядаўна, напрыклад, караскаліся на круты ўзгорак, на вяршыні якога расла, бялеючы ў цемры, бяроза. Цяпер зноў узбіраемся па гліністай раллі на вяршыню пагорка — і зноў бяроза. Я хацеў сказаць пра гэта Юзіку, але ніяк не выпадала гэта зрабіць.
Крадземся ўздоўж вёскі. Я адрозніваю ў цемры шэрыя абрысы хлявоў. Пералазім праз агароджу. Ідзем па нейкай дарозе. Часам у цемры відаць святло ў вокнах халуп, якія знаходзяцца ад нас на адлегласці ў некалькі дзясяткаў крокаў. Я стараюся не глядзець на святло, бо потым змрок нібы гусцее і становіцца цяжка ўбачыць фігуру Трафіды.
Раптам паблізу пачынаюць брахаць сабакі — пачулі нас, хаця ветру няма. Мы прыспешваем хаду. Сыходзім на нейкую гліністую сцежку. Дарога засмоктвае ногі, і кожны крок даецца з вялікай цяжкасцю. Нахіляюся і прытрымліваю халявы ботаў, бо з кожным крокам яны ссоўваюцца з ног. Нас даганяе нейкі сабака — аж душыцца ад з'едлівага брэху. Падумаў: добра, што я не апошні. Праз хвіліну чую скуголенне сабакі — відаць, трапілі ў яго камянём.
Мы зноў ныраем у цемру. Цягнемся па бездарожжы ў нейкую таямнічую далечыню. Раптам я адчуў, што згубіў дарогу і што не бачу перад сабой ношы Трафіды. Пайшоў хутчэй наперад — нічога, іду больш улева — нічога, управа — таксама нічога. I тут ззаду чую злосны голас Лорда: «Чаго круцішся?» Я ўжо хацеў паклікаць Юзіка, але адчуў, што нехта ўзяў мяне за плячо:
— Што з табой? — пытаецца Трафіда.
— Цёмна... Я згубіў цябе...
— Зараз будзе лепей, — адказвае Юзік і ідзе наперад.
Цяпер ісці зручна: я выразна бачу перад сабой вузкую белую пляму. Чамусьці ўспамінаю белых галубоў, якія лётаюць у паветры. Гэта Трафіда, каб мне было лягчэй бачыць яго, павязаў за каўнер канец белай хусткі. I я зараз не бачу нічога навокал: толькі гэтая белая пляма лунае ў цемры. To шыбуе дзесьці ў змрочную далечыню, то хістаецца перад самымі вачыма.
Алкаголь перастаў на мяне дзейнічаць. Цяпер адчуваю яшчэ большую стомленасць. Да таго ж узяў мяне сон. Падцягваю ўверх шлейкі ношы і, нахіліўшыся, усё цягнуся наперад за белай плямай хусткі на карку Трафіды. Хусткі, якая плыве ў бясконцую ноч. Спатыкаючыся, ківаюся ўлева і ўправа, але іду... Больш сілай волі, чым сілай цягліц.
Глава 2
Праз сем гадзін дарогі, калі адлічваць ад часу пераходу граніцы, мы апынуліся паблізу хутара Бамбіны. Гэта быў «пункт», з якога пераносілі тавар у Мінск. Па чарзе пералезлі праз паркан у вялікі сад і, крадучыся, пайшлі ў напрамку гумна. Я засланяў далонямі твар ад удараў галінак садовых дрэў. Мы зноў пералезлі праз паркан і сталі ля сцяны гумна.
Я пачуў голас Трафіды:
— Лорд, ідзі паглядзі, што там у гумне. Мігам!
Перамытнік прайшоў каля нас і знік за вуглом гумна. Хутка я пачуў мяккі скрып засаўкі, якую павольна адсоўвалі. Праз некалькі хвілін Лорд вярнуўся і сказаў нам коратка:
— Хадзем.
У гумне было цёпла. Пахла сена. У цемры блішчэлі скрозь прыкрытыя далоні прамяні ліхтарыкаў. Я пачуў голас Трафіды:
— Ношы скідайце сюды, у кучу!.. Мігам, хлопчыкі!
Уздыхнуўшы з палёгкай, я скінуў з плячэй невыносны цяжар. Наблізіўся да Трафіды і сказаў:
— Мне хочацца спаць, Юзік.
— Узлазь на сусек і кімар1.
Ён паказаў мне драбіну, па якой я ўзлез на гару. Я зняў боты, накрыўся курткай і, як у цёплую ванну, пагрузіўся ў моцны сон.
Прачнуўся позна. У гумне панаваў паўзмрок. Паблізу мяне сядзела некалькі перамытнікаў. Яны размаўлялі напаўголасу. Я пачаў прыслухоўвацца. Ванька Бальшавік распавядаў нейкую эратычную гісторыю. Гэта была яго любімая тэма. Звычайна распавядаў або пра Думенку2 і яго паслядоўніка Будзённага (Ванька калісьці служыў у кавалерыі Будзённага), або пра кабет. Яго слухалі Фэлік Маруда, вялікі згорблены мужчына сталага ўзросту з плоскім носам, Юлік Вар'ят, малады перамытнік з вельмі развітай фантазіяй (адсюль — вар'ят), і Салавей, маленечкі, шчуплы, заўсёды з усмешкай хлопец — у яго быў вельмі прыгожы голас, і ён выдатна спяваў.
Ванька Бальшавік, аблізваючы вусны, распавядаў:
— Баба, скажу вам, хлопцы, была як з цэменту адлітая. Нідзе не ўшчыпнеш. Дасі пстрычку па... — як звон звініць! Клубамі пашаруе — іскры лятуць! Э-лек-трыч-насць!
— Халера! — гаворыць Фэлік Маруда.
Юлік Вар'ят круціць галавой і шырока раскрывае вочы.
1 Кімарыць (жарг.) — спаць.
2 Думенка — казак, адзін з арганізатараў Першай коннай арміі, якой потым камандаваў Будзённы. Быў расстраляны ў Растове ў 1921 годзе.
Паблізу іх групы са зробленай у сене нары, як з-пад зямлі, паказваецца Болік Лорд. Вочы ў яго іранічна прымружаныя. А Ванька, не бачачы яго, распавядае далей:
— Цела, скажу вам, хлопцы, як алебастр!.. — ён цмокае вуснамі і гладзіць далонню паветра.
Лорд не вытрымаў і адазваўся:
— Цьфу, псякрэў: алебастр! Пяты патрэсканыя, паміж пальцамі гной, калені, як наждак. Напалову вярсты сырам смярдзіць! А ён — алебастр! Цьфу! Цьфу!
— А табе што?
— А нічога. Злавіў слухачоў, дык палівай.
Яны пачынаюць спрачацца і дапякаць адзін аднаго. Я ўстаў. Абуў боты і наблізіўся да хлопцаў.
— Дзе Юзік, — запытаўся ў Салаўя.
— Пайшоў на хутар.
— Нанесці візіт Бамбіне, — дадаў Лорд.
— Доўга есці не прыносяць! — неспадзявана адазваўся Фэлік Маруда.
— А гэтаму толькі шамка3 ў галаве, — сказаў Лорд.
— Ма дарце на жарце4, — падкінуў Шчур.
Мы закурваем папяросы і асцярожна, каб не скінуць агонь у сена, курым. Пачынаюць вылазіць з нор іншыя перамытнікі. Пацягваючыся і пазяхаючы, далучаюцца да нас. He хапае толькі жыда Лёўкі і Юзіка.
Шчур дастаў з кішэні калоду карт і прапанаваў пагуляць у «66». Бульдог разаслаў на сене падкладкай навыварат сваю куртку, і мы пачалі на ёй гуляць у карты. Далучыліся да іх Мамут і Ванька Бальшавік.
Лорд збоку пачаў распавядаць з важнай мінай Юліку Вар'яту, як паляваць без промаху на зайцаў: