Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
93.88 МБ
Познім вечарам, калі Бамбіна патушыла лямпу і пачала засынаць, я прыпомніў Вялікую Мядзведзіцу і імёны, якія я даў усім зоркам. I ўспомніў я, што да гэтага часу не ведаю імя сваёй каханкі. Бамбіна — гэта ж не імя. Яна ўжо спала. Я пабудзіў яе. Яна ляніва пацягнулася:
— Ну, што хочаш?
— Як цябе зваць?
— А навошта табе гэта? Толькі дзеля гэтага ты мяне разбудзіў?
Бамбіна была здзіўлена.
— Ну так... Хачу ведаць...
Яна засмяялася, а потым сказала:
— Лёня.
— Лёня? Гэта значыць Лявонія? Так?
— Так. Падабаецца табе?
— Вельмі! — шчыра сказаў я.
Яна зноў стала смяяцца, а потым больш горача, чым звычайна, абняла мяне.
Ад гэтага часу я называў яе па імені, але толькі тады, калі мы заставаліся адны. А калі я глядзеў на сузор'е Вялікай Мядзведзіцы, то, гледзячы на сёмую зорку, заўсёды ўспамінаў Лёню і... сумаваў па ёй.
Я заўважыў, што ад той ночы ў нашы зносіны пракралася больш цяпла і прывязанасці.
Глава 12
Залаты сезон скончыўся. Два разы выпадаў снег, але раставаў. У найбліжэйшыя дні маглаз'явіцца «белая сцежка», якая рабіла нашу працу больш цяжкай. Хлопцы працавалі, напружваючы ўсе сілы, каб належна выкарыстаць рэшту восені.
Пад канец залатога сезону перамытнікам не шанцавала. Усё пачалося з таго, што Гвоздзь «палажыў» усю сваю партыю — засыпаліся на меліне ў Саветах непадалёку ад граніцы. Высачыў іх падпольнік1 Макараў. Я ніколі не бачыў яго, але шмат пра яго чуў ад хлопцаў.
Макараў калісьці сам быў перамытнікам і хадзіў з партыяй. Потым увайшоў у кантакт з чэкістамі і стаў «накрываць» партыю за партыяй. Паколькі добра ведаў працу перамытнікаў і шмат пунктаў, ён чыніў нам шмат перашкод. Умеў высочваць перамытнікаў і «на сваю руку», пастаянна круціўся па паграніччы, робячы на нас засады.
1 Падпольнік (польск.) — канфідэнт, таемны агент.
Хлопцы расказалі мне, як выглядае Макараў. Гэта быў высокі мажны мужчына гадоў сарака. Насіў кароткую рыжую бараду і меў вялікі шрам ад нажа на левай шчацэ.
Вестку аб тым, што «засыпалася» партыя Гваздзя, у якой было 14 чалавек, прынёс Бронак Келб, які адзін уцалеў з усёй партыі. Уначы хацеў выйсці з гумна на двор і пачуў нейкія шумы і шэпты ля брамы. He ведаючы яшчэ, што гэта, на ўсялякі выпадак адышоў ад брамы і залез пад сячкарню, што стаяла справа ад уваходу ў гумно. Калі чэкісты зайшлі ўсярэдзіну і пачалі выцягваць заспаных хлопцаў з сена, ён, укрыты ценем сячкарні, прасядзеў там, дрыжучы ад страху, аж да канца рэвізіі. А калі чэкісты разам з арыштаванымі перамытнікамі выйшлі з гумна, ён выбег праз дзірку пад брамай, якая была закладзена доўгай дошкай. Раніцай амаль што бягом перабраўся ў Польшчу і пра ўсё расказаў. Ракаўскія жыды (купец, які паслаў тавар, і сваякі Юдкі Балерона) выслалі ў Мінск Шлому Зрэбца, які меў там шмат уплывовых знаёмых і павінен быў пастарацца выкупіць перш Юдку, а калі ўдасца, то і ўсю партыю. Таго ж дня ўвечары Шлома з 500 далярамі, зашытымі ў халяўках ботаў, пайшоў разам з братам Гваздзя, Міхалам Гарбатым, за граніцу.
Гэта была першая жорсткая «засыпка». У наступную ноч на граніцы паблізу Волмы нашы салдаты «пагналі ката» партыі Кузьмы Стэрданя з Душкава. Двое хлопцаў папаліся ў нас, а трое ў Саветах, уцалелі чацвёра. Потым папалася Гэлька Пудэль з партыі Бэлькі — згубілася ў лесе каля Затычына1 (на савецкім баку) і да гэтага часу не вярнулася. Некалькімі днямі пазней да нас дайшла страшная вестка: у пяці кіламетрах ад граніцы, у лесе паблізу Гараняў, у багне знайшлі трупы пяці чалавек — гэта была партыя з Кучкуноў. Чэкісты арыштавалі шэсць хлопцаў з Краснага, Ляхаў і Барсукоў. Разам палявалі на перамытнікаў і перад світаннем злавілі кучкуноўскую партыю, забралі ў іх тавар і грошы, а потым прывялі на багну. Там забілі ўсіх з нагана, а трупы ўтапталі ў балота і замаскіравалі хмы-
1 Назва вёскі за Новым Полем, з 1964 года мае назву Чаромухі.
зам. Зрабілі гэта для таго, каб справа не выкрылася — мёртвыя не гавораць.
У нас таксама здарылася няшчасце. Ішлі мы за граніцу з таварам. Было нас дзесяць чалавек. На граніцы нас пагналі, і мы пачалі ўцякаць. Ззаду грымелі выстралы. Уцякалі мы ў абсалютнай цемры, інстынктыўна знаходзячы дарогу і арыентуючыся на шум крокаў, каб не збіцца. Мы ўжо на кіламетр адышлі ад граніцы, але выстралы грымелі без перапынку.
Гэта была добра падрыхтаваная засада. Раптам я пачуў, што хтосьці заенчыў. Я спатыкнуўся аб чалавека, які сядзеў на зямлі, і пераскочыў праз яго.
— Хлопцы! — пачуўся голас. — Мяне падстрэлілі.
Я спыніўся і паклікаў астатніх:
— Стойце, хлопцы! Нас ужо не даганяюць.
Усе спыніліся. Мы вярнуліся да параненага. Гэта быў Алігант. Куля прашыла яму лытку левай нагі. Сваімі сіламі ён не мог ісці далей. Пасля кароткай нарады мы вырашылі вяртацца, несучы параненага па чарзе, па двое. Тады адазваўся Мамут:
— Я сам аднясу яго ў Ракаў... Здолею... Вы ідзіце далей...
Зноў пачалі раіцца. Урэшце спыніліся на тым, што Шчур і Мамут вернуцца з Алігантам у мястэчка, а мы з таварам пойдзем далей. 3 падзёртай на шматкі кашулі мы зрабілі параненаму павязку, а потым Мамут узняў яго, як барана, на плечы. Шчур пайшоў першы, каб даследаваць дарогу. Ношы пакінулі нам. Лорд хацеў узяць яшчэ адну ношу, але яму, як правадніку, гэта было б занадта цяжка... Таму зрабілі так: Болік Камета, Ванька Бальшавік і я ўзялі па дзве ношы.
Да пункту мы дайшлі шчасліва. А ў адваротнай дарозе нас зноў абстралялі. На гэты раз безвынікова. Мамут і Шчур «гладка перакінулі» праз граніцу параненага Аліганта і занеслі яго дамоў.
Калі, перавязаўшы Аліганта, мы рушылі ў далейшую дарогу, я, абцяжараны падвойнай ношай, ледзь цягнуўся
104 Kochanek Wielkiej NIEDZWIEDZICY ўперад, стараючыся не згубіць з вачэй квадратнай шэрай плямы ношы на спіне Лорда. Раптам мне стала здавацца, што гэта магільная пліта і што на ёй павінны быць напісаны імя, прозвішча, дата нараджэння і дата смерці. Фантазія нават пачала мне паказваць, як на фоне гэтай «пліты» бачны знак крыжа і сказы. Я падумаў: «Ходзім па начах з магільнымі плітамі на спінах, а ў мяне ажно дзве такія пліты».
Такая вось цяжкая і небяспечная прафесія перамытніка. Але я адчуваў, што кінуць яе немагчыма. Прыцягвае мяне, як какаін... Мяне вабяць нашы таямнічыя начныя вандроўкі, прыцягваюць гульня нерваў і гульня са смерцю і небяспекай. Люблю вяртацца з далёкіх цяжкіх падарожжаў. А потым — гарэлка, спевы, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчаты, якія кахаюць нас не за нашы грошы, а за смеласць, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай. Газет я не бачыў некалькі месяцаў. Усе нашы думкі круцяцца вакол адной тэмы: граніца. А пачуцці — вакол некалькіх іншых, у залежнасці ад густу і тэмпераменту: гарэлка, музыка, гульня ў карты, жанчыны.
Я заўважыў, што ўжо два тыдні — калі пачалася для нас хваля нешанцавання — Вялікай Мядзведзіцы на небе не было, бо яе зацягвалі хмары.
Вярнуўшыся з-за граніцы, я пайшоў да Мамута, каб ад яго даведацца, як ім удалося перакінуць праз граніцу параненага Аліганта. Калі я ўвайшоў у яго бедную хату, то ўбачыў нязвыклую карціну. Мамут, цяжкі, як мядзведзь, стаяў пасярод хаты. На яго карку сядзеў пяцігадовы хлопчык і паганяў «каня» пугай. Другі хлопчык, трошкі старэйшы, паганяў татуся ззаду, стоячы на падлозе. Малая дзяўчынка, седзячы на перавернутых дагары дном начоўках, глядзела на гэтую забаву і весела смяялася. А Мамут, які выяўляў каня, нязграбна, цяжка галапаваў па хаце і іржаў. Гэта быў найлагоднейшы і найлепшы з людзей, якіх я ведаў і якога кожны мог лёгка выкарыстаць, ашукаць, пакрыўдзіць. Але адначасова гэта быў ламбросаўскі тып, пра яко-
КАХАНАК Вялікай Мядзведзіцы 105 га, калі б ён стаяў перад судовымі кратамі, газеты пісалі б: «3 панурым поглядам злачынцы, з каменным тварам, пазбаўленым людскога выразу, пазначаным плямай злачынства, са звярыным інстынктам дэгенерата...» і гэтак далей — бедака, безабароннага, як хворае дзіця.
Калі я заглянуў у пакой, жонка Мамута, маленькая шчупленькая кабеціна, звярнулася да мяне, паказваючы рукой на Мамута:
— Звар'яцеў! Зусім звар'яцеў! Ён заўсёды так... Зусім розуму не мае!.. Калі я яго не б'ю, ён вар'яцее... He можа без «улівання»!
А конь-Мамут стаяў пасярод хаты, дужы, цяжкі, нязграбны, цалкам усведамляючы сваю страшную віну. На яго вуснах блукала чуллівая ўсмешка. Вачамі ён умольваў жонку, каб тая дала яму спакой пры чужаку, пры госцю. Я не ведаў, што Мамут мае такую вялікую сям'ю, пакуль не ўбачыў яшчэ адно дзіця ў калысцы.
Калі я вярнуўся дадому, то даведаўся, што Юзік Трафідадаслаўліст.уякім паведамляўсям'і,штобыў асуджаны на 6 месяцаў арышту і што адбывае пакаранне ў турме ў Навагрудку.
Вельмі непакоіць мяне сястра Трафіды Гэля. Ходзіць сумная, задуменная. Шмат разоў заўважаў, што ў яе пачырванелыя вочы. Некалькі разоў бачыў, як яна ўвечары выбягала з хаты. Некалькі разоў сачыў за ёй. Лепш бы я гэтага не рабіў!.. Я бачыў, як на змярканні Гэля сустрэлася з Алінчуком на мосце і разам з ім пайшла за мястэчка. Калі б Юзік быў дома, я б сказаў яму перасцерагчы сястру ад Альфрэда і расказаць аб яго заляцаннях да многіх местачковых дзяўчат і да Фэлі. Сам я гаварыць з ёй пра гэта не мог, бо яна, напэўна, мяне б не так зразумела. Яна б падумала, што гэта рэўнасць з майго боку. Гэля вярнулася са спаткання бледная і змучаная. На яе твары былі відаць сляды слёз. А я нічым не мог ёй у гэтым дапамагчы.
Затое сябрую з Янінкай. Калі вечарамі бываю дома, то дзяўчынка прыходзіць да мяне і распавядае розныя
фантастычныя гісторыі пра птушак і звяроў, пра тое, што дрэвы і кветкі гавораць. Адкуль у гэтай малой такая фантазія? Цікава, якой яна стане праз некалькі гадоў, калі будзе дарослай паненкай?
Сёння раніцай да мяне прыйшоў Лорд. Убачыў паблізу Янінку і сказаў:
— Выйдзі на хвілінку. Хачу табе штосьці сказаць. Дзяўчынка глянула на нас і сказала вельмі сур'ёзна:
— Можаце гаварыць усё. Я гэта добра ведаю. Я чужых сакрэтаў не слухаю і не выдаю.
Лорд засмяяўся, схапіў яе пад рукі і падняў угору...
— Вось гэта я не люблю! — сказала Янінка.
— Перапрашаю пані! — з вялікім паклонам сказаўЛорд.
— Нічога. Я не злуюся... А цяпер пайду... Пагаварыце сабе шчыра.
Яна выйшла з пакоя.
— Гэта будзе нумар! — сказаў Лорд.
— Добрае дзіця, — адказаў я.