Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
— Панна Бэльця! Дазволіць пані?..
Дзяўчына ўстала з месца, і праз імгненне мы пачалі кружыцца па пакоі. Я стараўся не думаць пра Фэлю і пачынаў разважаць пра Бэльцю. У яе такі сімпатычны твар, прыгожыя вочы, яна такая зграбная. Хлопцы ў захапленні ад яе — іх узбуджаюць яе высокія грудзі... Яна прыгажэйшая за Лёню.
Я штораз мацней прыцягваў Бэлку да сябе, ні на што не звяртаючы ўвагі. Раптам Бэла сказала:
— Вар'ят! Перастань, ну, бо кіну! Людзі глядзяць!
Я ўбачыў, што мы танцавалі адны і што ўсе глядзелі на нас. Я заўважыў усмешкі на тварах хлопцаў і дзяўчат. Караль і Зыгмунт Фабінскія з пагардай раздзьмувалі вусны. Я ціха сказаў дзяўчыне:
— Плюнь на іх, каханая! Няхай глядзяць!
— Добра табе гаварыць, а мяне на языкі падымуць!
Мы перасталі танчыць і селі ля акна. Я стараўся паказаць, што цалкам заняты ёю. Фэля і Зося выйшлі з пакоя, ідучы гатаваць гарбату. Браты Фабінскія трымаліся асобна ад астатніх, Лорд разваліўся ў крэсле паміж Андзяй Салдат і Маняй Дзюндзяй, нешта ім расказваючы. Дзяўчаты рагаталі.
Фэля і Зося вярнуліся. 3 нашай дапамогай пасярод хаты паставілі вялізны стол і сталі накрываць яго для гарбаты. Тут былі і варэнікі, і бісквіты, і пірожныя, і цукеркі, і арэхі.
Фэля запрасіла ўсіх да стала. Мы пачалі піць гарбату. Усе, акрамя мяне і Лорда, паводзілі сябе вельмі паважна. Караль і Зыгмунт, трымаючы ў руках шклянкі, далёка адстаўлялі мезенцы. Дзяўчаты стараліся піць так, каб не хлюпаць вуснамі, павольна, нібы не хочучы, елі бісквіты і пірожныя. Размова штохвіліну перарывалася, ад чаго адчувалася нейкая няёмкасць. Кіслыя міны братоў Фабінскіх і іх іранічныя погляды псавалі настрой. Фэля падышла да грамафона і паставіла новую пласцінку. Раздаліся гучныя, вясёлыя гукі «Полькі ў лесе».
Я танцаваў з Бэлькай, Зосяй і Людкай.
Танцуючы з Бэлькай, запытаў у яе:
— Можа, правесці цябе дахаты?
Яна ўсміхнулася:
— Ведаю, чаго ты хочаш!
— Што ў гэтым дрэннага? Ты мне вельмі падабаешся!
— А ты язык за зубамі трымаць умееш?
— Даю табе слова! He піскну анікому! Каб першая куля на граніцы патрапіла ў мяне!
— Ну-ну, не кляніся! Веру табе! Я зараз развітаюся з усімі, а ты пачакай хвілін з дзесяць, патанцуй з Людкай, а потым ідзі дадому. Я пачакаю цябе ў першым завулку злева. Там няма нікога...
Мы перасталі танцаваць. Я далучыўся да групы, дзе сядзеў Лорд і перамытнічкі. Фэля размаўляла з Зосяй і братамі Фабінскімі. Я пачаўзаляцацца да Дзюндзі. Хутка Бэлка развіталася з прысутнымі, сказаўшы, што ў яе баліць галава, і выйшла з хаты. Зноў пачалі танцаваць. Я заўважыў, што Алігант таксама збіраецца дадому. Тады я таксама развітаўся з усёй грамадой і выйшаў разам з ім. На вуліцы сказаў Аліганту:
— Я забыўся штосьці сказаць Лорду!.. Ты ідзі, а я вярнуся праз колькі хвілін.
Я ўвайшоў на двор і, схаваўшыся за брамай, пачакаў, пакуль Алігант аддаліцца, а потым хутка пайшоў у напрамку завулка. Што застану там Бэлку, не спадзяваўся, бо быў моцны мароз.
Ішоў завулкам хутка і нікога не бачыў. Раптам пачуў ціхі свіст і ўбачыў Бэлку, якая выйшла з цемры, дзе схавалася паміж сцяной нейкай халупы і плотам.
— Замерзла? — спытаў я.
— От... Я гарачая, мне мароз не ўказ!
Я прыцягнуў дзяўчыну да сябе і стаў цалаваць яе халодныя, цвёрдыя, гладкія, як косць, вусны. Потым я ўзяў яе пад руку, і мы хутка пайшлі завулкамі, абмінаючы цэнтральныя вуліцы.
Снег рыпеў пад нагамі, мароз шчыпаў шчокі. У небе, хітра міргаючы нам, паблісквалі зоркі. Я глядзеў на іх і думаў: шкада, што адну з зорак не назваў Бэлай.
Глава 15
Першы раз y лютым я пайшоў праз граніцу ў другой палове месяца. He думаў, што гэтая дарога скончыцца для мяне трагічна і што я надоўга сяду за краты.
Пайшоў я, як звычайна, з партыяй Лорда. Было нас дзевяць: я, Лорд, Лёва, Шчур, Болік Камета, Ванька Бальшавік, Мамут, Фэлік Маруда і Алігант. Іншыя хлопцы па розных прычынах у дарогу не пайшлі. Тавар мы мелі дарагі: гемзу, лак і хром — усё найвышэйшага гатунку. Ношы былі цяжкія, па 40 фунтаў, але невялікія і добра запакаваныя.
Вырушылі мы ў дарогу адразу пасля змяркання. Была лёгкая завея, і гэта спрыяла нашай дарозе. Але пасля таго, як мы перайшлі другую лінію, пачалася моцная завіруха. Яна ўсё больш узмацнялася і, нарэшце, пераўтварыла наваколле ў адно велізарнае мора снегу.
Партыя затрымалася. Хлопцы збіліся ў кучу. Стараючыся перакрычаць завыванне ветру, Лёўка прапанаваў нам вярнуцца ў мястэчка. Лорд не згаджаўся — сказаў, што мы прайшлі ўжо трэцюю частку дарогі і што вяртацца болып небяспечна, чым ісці далей, бо цяпер цяжка ўгледзець, дзе граніца, і што можна папасціся. Гэта была няпраўда, бо ў такое надвор'е масалкі звычайна сядзелі ў сваіх зямлянках і курылі, ведаючы, што ўтакую ноч злавіць перамытнікаў нерэальна, а на зграю ваўкоў натрапіць можна. Час ад часу граніцу пільнавалі толькі ўзмоцненыя патрулі.
Мы гіайшлі далей. Лорд, Мамут і Камета, змяняючы адзін аднаго, вялі партыю, бо першаму было ісці цяжэй за ўсіх астатніх: трэба было пратоптваць у глыбокім снезе дарогу для ўсіх калег.
Праз пэўны час завея ператварылася ў сапраўдны ўраган. Вакол адбываліся дзівосы: вецер раптоўназрываў снег з вялікіх прастораў і ўздымаў яго высока ўгару, а мы, змучаныя, аслепленыя, ішлі далей па абледзянелай сцежцы, слізгаючы і падаючы.
Нельга было зрабіць ніводнага ўпэўненага кроку. Праз нейкі час ураган скідваў нам на галовы ўсю тую масу снегу, якой хвіліну таму віраваў у паветры. Часам мы былі засыпаныя снегам па шыю. Мы затрымліваліся, адпачывалі. Потым павольна, крок за крокам, рухаліся далей, патанаючы ў снегавых сумётах.
Ураган, здавалася, паставіў сваёй мэтай не даць нам дайсці да пункту... To піхаў нас ззаду, нібы дапамагаючы ісці, то налятаў, ссоўваючы нас убок, і мы, не чакаючы гэтага, падалі ўзад, на снег. Потым на некалькі секунд сціхаў, а калі мы ўставалі і пачыналі ісці, адным ударам спераду прымушаў нас спыніцца. Мы, нахіліўшыся ўперад, спрабавалі ісці далей, шырока раскінуўшы рукі, каб утрымаць раўнавагу — гэта выглядала так, нібы мы плылі ў вялікім белым віры... Умомант віхор уздымаўся ўгору... Смяяўся весела, трыумфальна, а мы зноў падалі на снег, сцякаючы потам і ледзьве пераводзячы дыханне... Сядзелі ў снезе, а віхура гуляла ўверсе, робячы выгляд, што не звяртае на нас увагі і толькі забаўляецца і спявае, пасвіствае, смяецца, злёгку павявае і ганяецца за сняжынкамі.
Мы ўстаем — і яна таксама ўстае. Раз'юшаная, халодная, вострая, нялітасцівая... Першы ўдар скіроўвае нам у вочы. Б'е цэлай глыбай снегу. Мы нахіляем галовы: вітаем яе і просім, а яна не дае ўпрасіцца... Мала ёй адной крыгі, таму, раз’юшаная і злосная, п'яная, яна збірае ўвесь снег з кіламетровай прасторы поля і валіць гэты патоп нам на галовы. Цяпер мы не чуем, як яна трыумфуе, як гучыць, як рыкае... Мы аглушаныя і аслепленыя. Яна засыпае нас дробным халодным вострым пухам.
Выбіраемся на паверхню. Навобмацак шукаем адзін аднаго і, пагружаючыся па грудзі ў снег, сходзім з вялікага пляскатага пагорка. Віхура маўчыць, і гэтая цішыня страшная: рыхтуе для нас нейкую неспадзяванку!.. Я не памыліўся. Невядома адкуль падае ўдар: некалькі тон снегу ляціць нам на галовы. Мы не паспяваем легчы, бо тут жа наступае страшэнны павеў ветру. «Хоча нас убачыць». Яшчэ адзін удар — і зноў горы снегу валяцца на нас, і зноў
налятае моцны павеў — i зноў удар!.. I так раз за разам, удар за ўдарам.
Чалавек таксама мог бы так забаўляцца: укінуць у вялікі таз дзевяць жукоў, а потым біць іх жменямі мукі і выдзьму хваць яе. Гэта была б вар'яцкая забава, дурная і жорсткая.
Так і наш праціўнік не меў літасці. Некалькі разоў змяняў тактыку барацьбы, хаця мы не маглі нават абараняцца. Рабіў засады, затойваўся, ставіў на нашай дарозе снежныя горы. Спрабаваў нас асляпіць, зваліць, разбіць ушчэнт, расціснуць. Шалеў. Мітусіўся туды-сюды. To выбухаў спантанным рогатам, то енчыў, то свістаў.
Я ішоў з закрытымі напалову вачыма, моцна нахіліўшы галаву і нацягнуўшы піапку на вушы. Я хістаўся, падаў, вяз у сумётах, але ўсё роўна цягнуўся ўперад, вышукваючы ўсялякія спосабы, каб зрабіць хаця б некалькі крокаў. Час ад часу мы затрымліваліся, каб убачыць, ці не застаўся нехта ззаду.
Мы пазбягалі палёў і ішлі лясамі. Там нас засланялі дрэвы, разбіваючы шалёныя атакі віхуры. Там было лягчэй ісці ўперад. Але лес заканчваўся, і трэба было зноў выходзіць на палі і зноў у парта змагацца, сцяўшы зубы і сціскаючы кулакі.
Мы ішлі, не захоўваючы аніякай асцярожнасці. Хто мог за намі гнацца? Хто выйшаў бы ў такую ноч з дому? Мы былі адзінымі жывымі істотамі на велізарнай залітай патопам снегу раўніне.
Некалькі разоў мы затрымліваліся і пілі спірт. Гэта дадавала нам сіл, улівала ў цела агонь і пабуджала да новай барацьбы са снежнай навалай. Мне было горача і душна. Па твары цёк пот. Са збалелых вачэй ліліся слёзы. Я не ішоў, а прадзіраўся. А вецер вакол гукаў, плакаў, выў, спяваў, свістаў. Ірваў на нас адзенне, здзіраў са спінаў ношы. Мітусіў перад намі снегам, як вялікай белай хусцінкай. Шумеў, як мора. Грымеў, нібы навальніца, і смяяўся, смяяўся, смяяўся...
Здавалася, мы не выберамся адгэтуль, назаўсёды застанемся ў гэтым жудасным белым пекле... I, дзіўная рэч, калі часам я, аслеплены, нрыкрываў вочы, бачыў блакіт
неба, бляск сонца, барвы кветак... Бачыў прыгожы твар Фэлі, усмешку Бэлкі. Чуў гранне гармоніка, спеў Салаўя. А найчасцей паўставала перад вачыма Лёня. Я выразна бачыў яе, чуў яе голас і смех. Пра яе я думаў найбольш. Можа, таму, што мне з ёй заўсёды было найлепш, найцяплей, найспакайней. «Можа, праз гадзіну, праз дзве дайду да яе!.. А можа, і ніколі!»
На досвітку, зусім страціўшы сілы, мы дацягнуліся да хутара Бамбіны. У дарозе мы былі чатырнаццаць гадзін.
Хлопцы паселі на снезе і, здавалася, не зрушацца з месца. Выглядалі яны жудасна.
Лорд хрыпла спытаў мяне:
— Пойдзеш на хутар?
— Так.
— Ідзі і глядзі!.. У такую страшэнную ноч цяжка штосьці ўгледзець: няма слядоў...
— Добра.
— Зробіш тры кругі, але выразна...
Я выпіў трохі спірытусу, кінуў ношу на снег і пайшоў у напрамку хутара. Пералез праз плот і апынуўся на двары. Мяне крыху здзівіла, што сабака не кінуўся да мяне. Я падумаў: можа, залез у кануру і спіць. Наблізіўся да акна і ціха пастукаў у шыбу. Ніхто не азваўся. Пастукаў мацней. У хаце запалілі лямпу, але вокны былі заслонены знутры, і я нічога не мог убачыць. Мяне здзівіла, што Лёня не адазвалася праз акно: можа, яна не спадзяецца, што прыйдзем так позна, і думае, што гэта хтосьці чужы і таму апранаецца.