Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
Доўга стаім на ўскрайку лесу. Перад намі — велізарная адкрытая прастора, пасярод якой прабягае граніца. Уваходзім на багну. Пераскокваем з купіны на купіну і павольна прасоўваемся ўперад.
Я амаль па пояс мокры і брудны, але мне горача — рух разагравае. Нарэшце праходзім граніцу і ідзём уперад. Раптам Сашка прыспешвае крокі і ідзе ўсё хутчэй. Гэта мяне здзіўляе, але, не азіраючыся па баках, я паспяваю за Жывіцам. I тут ззаду раздаўся стрэл з карабіна. Мне здаецца, што ён далятае да маіх вушэй з далёкай адлегласці, бо моцны ўсходні вецер зносіць убок гук стрэлу. Можа, там, як заўсёды, крычаць: «Стой! Стой! Стой!», але я не чую галасоў.
Вакол нас усё часцей пачынаюць свістаць кулі. Я азіраюся і бачу ў двухстах кроках людзей, якія бягуць за намі. Іх больш за дзесяць. Яны рассыпаліся тыральеркай2. «Адкуль іх столькі?» — думаю, паспяваючы ўслед за калегамі.
Сітуацыя марная. Ісці назад нельга. А да найбліжэйшага лесу на ўсходзе больш за пяць кіламетраў. Паблізу ёсць малыя ляскі і групы хмызняку, але яны не змогуць уратаваць нас ад пагоні.
1 Лысы (жарг.) — месяц.
2 Тыральерка (з франц) — ланцуг.
Сашка паварочвае на паўднёвы ўсход. Мы амаль бяжым. Стрэлы грымяць безупынна. На шчасце, яны не трапляюць ні ў каго з нас. Мы дабеглі да густых зараснікаў лазы і спыніліся. Сашка кінуў нам:
— Падпускайце блізка! Потым рубіце!
Мы чакаем, укленчыўшы, скрытыя ў густым зарасніку. Трымаем напагатове парабелумы і запасныя магазіны.
Нашы пераследнікі штораз бліжэй. Я выразна бачу шэрыя постаці, якія хутка прасоўваюцца да нас. Полы доўгіх шынялёў заткнуты за паясы, каб не перашкаджаць руху. У месяцовых промнях блішчыць зброя.
Чую гучны голас, які ірвецца на склады:
— Цепь-ю за-хо-дн спра-ва!
«Хочуць загнаць нас у багну!» — думаю я, уважліва гледзячы ўперад.
Яны ўжо блізка, крокаў за пяцьдзясят ад нас.
«Чаму Сашка не страляе?»
Я глянуў на яго і ўбачыў, што доўгае дула парабелума абапёрта на яго левым локці. Ён цэліцца ўправа. Я гляджу на Жывіцу, які цэліць усярэдзіну тыральеркі. Я ў гэты час цэлюся ў аднаго з салдатаў на левым крыле.
А шэры ланцуг узброеных людзей, здаецца, плыве ўперад у моры месяцовых промняў.
Раптам справа раздаецца Сашкаў рэвальверны стрэл. Уважліва цэлячыся ў людзей, якія сунуцца да нас, пачынаю страляць. Я выпусціў дзесяць куль і ўбіў у парабелум новы магазін. Сашка і Жывіца страляюць бесперапынна. Тыральерка ламаецца і затрымліваецца. Здалёк чуваць загад:
— Ложнсь!
Шэрыя постаці знікаюць. Грымяць карабінавыя стрэлы. А мы пераходзім на другі бок зараснікаў і крочым у багну. Ідзём па імхах, якія ўгінаюцца пад нагамі. А ззаду раздаецца частая страляніна.
Нібы прывіды, мы павольна, крок за крокам, прасоўваемся ўперад у імглістым моры месяцовых промняў. Гук стрэлаў аддаляецца ўсё больш.
«Цяпер яны за намі не пойдуць. ГІераканаліся, што мы нялёгкі для палявання звер!»
Цягнемся далей. Багна ўгінаецца пад нагамі. 3-пад ног сочыцца вада. Мы павялічваем адлегласць паміж сабой, каб не парваць эластычную сцежку з імхоў і водарасцяў, якая зверху пакрывае гразкую багну.
Праз дзве гадзіны мы выйшлі на цвёрды грунт. Паблізу стаіць цёмная сцяна лесу. Сашка, блішчучы вачыма, паказвае рукой на балоты, якія мы толькі што перайшлі:
— Няхай цяпер паспрабуюць!
— He дадуць рады! — кажа Жывіца.
Ідзём далей і хутка ныраем у таямнічым змроку лесу.
«Тут нас і сам д'ябал не затрымае!»
Мы перакінулі праз граніцу ўжо дваццаць партый тавару. Учора Сашкадаў мнезаапошнія тры ходкі 150 даляраў. Гэта вельмі многа, бо я меў носкі па 70 фунтаў. Цяпер у мяне 425 даляраў... Цэлы капітал, зароблены без агранды.
Я заўважыў, што за год і тры месяцы майго знаходжання на граніцы я вельмі развіўся фізічна. Цяпер мне лягчэй падымаць 70-фунтовую носку, чым раней 30-фунтовую. А найбліжэйшыя дарогі я адбываў так лёгка, нібыта гэта былі звычайныя прагулкі.
Падчас нашай працы мы мелі шмат розных сутычак на граніцы і паграніччы, але я не распавядаю пра іх, каб занадта не доўжыць мой аповяд.
Калі апошні раз мы вярталіся з-за граніцы, Сашка вёў нас па зусім новай акружной дарозе. Цяпер мы здалёк міналі той адрэзак, наякім мелі сустрэчу з зялёнкамі. Перабольшваем на некалькі кіламетраў, але тут мясцовасць лягчэйшая: няма балот і навокал вялікія лясы. I вось, вяртаючыся дадому, мы ўбачылі паблізу граніцы ў лесе «караульное помеіценне» — вартоўню. Сашка пачаў падкрадацца да яе. Мы пайшлі за ім. Зброю трымалі напагатове.
Сашка затрымаўся каля асветленага пасярэдзіне акна. Я стаў побач з ім. Гэта была вялікая хата. У глыбіні стаялі
нары, a на ix ляжалі некалькі чырвонаармейцаў. Пэўна, яны спалі. На стале, ля акна, ляжалі нейкія паперы і гарэла лямпа.
Пасярод хаты стаяў высокі шчуплы чырвонаармеец і, звяртаючыся да некалькіх салдат, якія сядзелі на лаўках ля сцен, штосьці ім расказваў, ажыўлена жэстыкулюючы рукамі. Мы бачылі вясёлыя твары і цікаўныя вочы. Раптам раздаўся агульны гучны выбух смеху.
I тут я заўважыў, што Сашка падымае ўгару парабелум. У першую хвіліну я падумаў, што Сашка намерваецца страляць праз акно ў салдат, але заўважыў, што ён цэліць у лямпу.
Чырвонаармеец апавядае далей, крывіцьтвар, падымае ўгору бровы і гаворыць так гучна, што да нашых вушэй далятаюць асобныя выразы. Грыміць новы, яшчэ мацнейшы выбух смеху. У гэты момант раздаўся Сашкаў стрэл. Трэск, бразгат шкла — і хату напоўніла цемра.
Пэўны час усярэдзіне пануе поўнае маўчанне, потым чуваць перапужаныя галасы і крыкі:
— Что за чёрт?
— Какой мерзавец разбпл лампу?
Чуем усярэдзіне шоргат ног. Нарэшце бліснуў ліхтар.
— Это кто-то выстрелнл снаружн! — крычыць хтосьці ў хаце.
Мы паволі ўваходзім у глыб лесу. Сашка ціхенька смяецца.
Мы шчасліва вярнуліся на меліну. Гэта была наша апошняя дарога з сахарынам. Мы перакінулі праз граніцу ўвесь запас, што прывезлі з сабой з мястэчка. Сашка пасля апошняй ходкі за граніцу сказаў:
— Ну, братва, заўтра шаруем у Рубяжэвічы! Трэба трохі пагуляць, а потым зрабіць яшчэ адзін бізнес. Зіма блізка.
Трэці дзень мы ў Рубяжэвічах. Затрымаліся ў калегі Сашкі, які жыве на ўскрайку мястэчка. Сашка цэлымі днямі заняты справамі. Некалькі разоў я бачыў яго ў мястэчку
з нейкімі яўрэямі. Гэта купцы. Я і Жывіца сядзім у хаце: спім, п'ем гарэлку або гуляем у карты.
Учора мы гулялі ўсю ноч. Стасік Удрэнь, калега Сашкі, у якога мы жывём, двух малых братоў адаслаў на ноч да суседкі, каб вызваліць хату. Ведаў, якая будзе забава.
Нечаканасцю для мяне быў прыезд з Ракава гарманіста Антонія. Яго прывёз спецыяльна пасланы Янкель Парх.
Днём Стасік і Сашка некалькі разоў прыносілі мноства пакункаў рознай велічыні. Хата Стасіка была досыць вялікая, але занядбаная. Я і Жывіца трохі навялі парадак. На чорнай палове дома, у кухні, мы раскруцілі прынесеныя з мястэчка пакункі і расклалі іх на стале і паліцах. Тут было шмат адмысловых рэчаў. Каньяк, лікёр і гарэлку паставілі ў шафку.
Гледзячы на гэтыя разнастайныя напоі, у мяне была ахвота палепшыць сабе настрой, але Жывіца сказаў, каб я пачакаў, бо трэба захаваць месца на пазней.
Гарманіст Антоні сядзеў на чыстай палове хаты і паціху граў на гармоніку розныя ўрыўкі.
А сёмай гадзіне вечара прыйшоў Стасік у кампаніі трох дзяўчын. Пазнаёміў нас з імі.
— Юля.
— Казя.
— Ядзя.
Яны вымаўлялі свае імёны, па чарзе вітаючыся з намі. Спачатку яны трымаліся вельмі стрымана, але хутка жарты Стасіка, музыка Антонія і перспектыва вясёлай гулянкі разагрэлі іх.
Мы пасадзілі дзяўчат за стол і пачалі частаваць іх гарбатай і пірожнымі. Я спрабаваў даліваць да гарбаты каньяк. Яны не пратэставалі.
Юля — пульхная бландзінка. У яе мілая ўсмешка, і яна часта смяецца, закідваючы галаву назад, нібы яе казычуць. Казя — брунетка. У яе прыгожыя цёмныя вочы і прывабны твар. Трымаецца яна паважна і ўсміхаецца толькі куточкамі вуснаў. У Ядзі пышныя рыжыя валасы і беласнежная скура. Яе вельмі вясёлая ўсмешка адкрывае цудоўныя
зубы. У яе прыгожыя ногі, i, пэўна, таму яна носіць занадта кароткую сукенку. Усе маладыя: мусіць, ні адной не болып за дваццаць. Седзячы за сталом, яны ўтвараюць тры яркія плямы. У Юлі крэмавая сукенка, у Казі — цёмназялёная, у Ядзі — жоўтая.
Праз нейкую гадзіну прыйшоў Сашка. Ён весела павітаўся з дзяўчатамі і Антоніем. Размова ажывілася. Стасік бесперапынна жартаваў, а дзяўчаты штохвіліну выбухалі смехам. Мы стараліся іх напаіць, але пілі яны неахвотна: трэба было ўгаворваць, каб яны выпілі чарговы кілішак.
Праз гадзіну настрой палепшыўся. У дзяўчат блішчаць вочы і гараць шчокі. Мы таксама нападпітку. Антоні рэжа на гармоніку. Дзяўчаты ў рад сядзяць за сталом. Мы стараемся іх разлучыць. Сашка ўстае з месца і набліжаецца да Казі, якая найцверазейшая з усіх нас. Шпарка бярэ яе на рукі і, нягледзячы на пратэст дзяўчыны, пераносіць яе і садзіць на іншым баку стала побач з сабой. Юля пляскае ў далоні і кажа:
— Цудоўна!
— Як цудоўна, то цудоўна! — кажа Жывіца. Ён набліжаецца да Юлькі і разам з крэслам падымае яе ўгару.
Дзяўчына пішчыць і хапаецца рукамі за ручку крэсла. Усе смяюцца. Жывіца абносіць Юлю кругам па пакоі і разам з крэслам ставіць каля сябе. Потым садзіць яе сабе на калені. Дзяўчына хоча вырвацца ад яго, але перамытнік лёгка, але моцна трымае яе. Я саджуся ля Ядзі, прыгожыя ногі, беласнежная скура і гарачыя рыжыя валасы якой мяне ўжо даўно вабяць.
— Бачыш, як падабраліся! — кажа Стась. — Парамі. А я адзін, як цвік у плоце.
Сашка звяртаецца да яго:
— Ідзі па Эстэрку. Яна, пэўна, ужо вярнулася з Баранавіч... Скажы, што я яе клічу. Няхай возьме гітару... Мігам!
— Гарыць! — крычыць Стась і без шапкі выбягае з хаты.
А мы далей узмоцнена частуем дзяўчат лікёрам і вішнёўкай. Яны ўжо добра п'яныя. Ажыўлена жэстыкулююць. Часта выбухаюць смехам без усялякага поваду. Ідучы
па прыкладзе Жывіцы, я пасадзіў Ядзю на калені. Яна не пратэставала, абняўшы мяне рукамі за шыю. Мы калыхаемся ў такт вальсочка.
Праз пятнаццаць хвілін вярнуўся Стась.
— Ёсць! — крычыць ён з парога. — Цудоўнейшая, найпрыгажэйшая Эстэрка ўласнай асобай.
У пакой хуткім крокам увайшла сярэдняга росту шчуплая дзяўчына, яўрэйка. Яна дастала з-пад паліто гітару, паклала яе на крэсла і гучна прамовіла:
— Вясёлай забавы!