Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
1 Снягоўцы — від абутку: валёнкі, буркі.
262 Kochanek Wielkiej NIEDZWIEDZICY вобразы, бачу мноства постацей, размаўляю з імі, зусім не заўважаючы, што іду, брыду ўперад.
Я адчуваю сябе ў поўнай бяспецы. Мы ідзём вельмі асцярожна, амаль не рызыкуючы. Нас засцерагае завіруха, маскіруе бель вопраткі, надзейны праваднік дасканала ведае мясцовасць, вядзе без ваганняў: гэты адрэзак шляху спакойны. А ў выпадку небяспекі варта скочыць некалькі крокаў убок, каб назаўсёды схавацца ад пагоні. У дадатак я трымаю ў далоні рукаятку парабелума, дасканалай машыны, якая ніколі не падвядзе.
Апоўначы набліжаемся данейкагабудынку. Спыняемся ў зацішку пад яго сцяной. Гэта вялікае гумно. Дзесьці злева брэша сабака: пачуў нас, бо вецер дзьме ў той бок. Браты размаўляюць шэптам. Кася здымае з плячэй носку, выцягвае са штаноў спадніцу і ідзе ўздоўж сцяны гумна. Знікае за вуглом будынка. Праз пятнаццаць хвілін вяртаецца.
— Сказалі ісці ў гумно. У іх спакойна. Стрый1 зараз прыйдзе.
Мы абыходзім будынак кругом і затрымліваемся перад вялікай брамай. Кася адмыкае прынесеным з хаты ключом вялікі замок і паволі адсоўвае засаўку. Мы ўваходзім у гумно. Мяне атуляе цішыня, цяпло і змрок. Мы скідаем носкі з плячэй. Браты застаюцца ўнізе, а я ўзбіраюся высока на адрыну. Раблю ў сухім духмяным сене глыбокую нару і лезу ў яе. Накрываюся кажухом. Мне мякка і цёпла. Вочы зліпаюцца, я хачу спаць. Чую, што ў гумно хтосьці ўвайшоў. Доўга паціху размаўляюць. Потым дзверы гумна зноў зачыняюцца. Браты таксама ўзлазяць на адрыну і пачынаюць класціся спаць. Hop не робяць. Базыль размясціўся паблізу мяне.
— А дзе Кася? — пытаю ў яго.
— Пайшла спаць у халупу.
— Гэта хутар?
— He... Вёска... Дваццаць тры халупы.
— Каб нас не «засыпалі»!
1 Стрый — стрыечны (дваюрадны) брат.
— Што ты кажаш! Гэта народ верны... I ніхто не ведае, што мы сюды прыйшлі.
Я, супакоены гэтым адказам, хутка засынаю.
Назаўтра я прачнуўся позна. Браты ўжо не спалі і, седзячы на засеку, паціху размаўлялі.
Праз гадзіну прыйшоў высокі плячысты хлопец у доўгім жоўтым кажуху. Сваім выглядам ён нагадваў мне Мацея: паважны, разважлівы, павольны, гаварыў абдумана, часта паўтараючы: «на той прыклад, скажу я вам». Яго імя Андрэй. Ён распавядае мноства самых розных рэчаў і навін, якія мяне не цікавяць, але вельмі цікавяць Даўрыльчукоў.
Хутка прыйшла Кася. У руках яна трымала вялікі кош, шчыльна накрыты радном. Яна павольна паднялася па драбінах, трымаючы кош у руцэ. Я наблізіўся да краю сенавалу і ўзяў кош у яе з рук.
— Дзень добры, Кася! — сказаў я ёй.
Яна весела ўсміхнулася і адказала:
— I вам дзень добры!
Я паставіў кош на сенавал каля братоў і хутка пайшоў назад. Хачу дапамагчы Касі падняцца ўверх. Бяру яе за плячо. Дзяўчына скокнула з драбіны на сена і ледзь не ўпала. Я лаўлю яе і моцна абдымаю рукой, падымаю.
Дзяўчына зачырванелася і сказала:
— Ах, якая я... нязграбная!
— Гэтая вінаваты. Перашкодзіў Касі.
Дзяўчына бліснула на мяне прыгожымі карымі вачыма і ўсміхнулася.
Снедаем. Яечня, смажанае сала, бліны. Базыль дастаў з кішэні кажуха дзве пляшкі гарэлкі. П'ём па кругу — з адной шклянкі. У пэўны момант Андрэй паказвае на мяне рухам галавы і, паказаўшы рукой на Касю, кажа:
— А гэта, на той прыклад, яе нарачоны?
Дзяўчына чырванее і апускае вочы. Браты смяюцца.
— He, гэта наш госць, — кажа Базыль.
Андрэй на хвіліну задумваецца над гэтым адказам, а потым кажа:
— Госць, госць... Сёння госць, а заўтра, на той прыклад, швагер. Га?
Браты смяюцца. Я таксама смяюся, гэтым самым хаваючы збянтэжанасць.
— А чаму, на той прыклад, замуж не йдзеш? — зноў звярнуўся стрый да Касі. — Бачыш, як вырасла! Згарыш, дзеўка! Кроў спаліць цябе!
Тут умяшаўся Базыль:
— А навошта ёй да чужых людзей ісці бяды шукаць?.. Дома хлеба і працы на ўсіх хопіць. Мы яе не прымушаем: як хоча! Сваты не раз прыязджалі — не прыняла...
Потым Андрэй сабраўся выходзіць: яму трэба адвезці тавар у найбліжэйшае мястэчка купцу, які даўно прымае ад яго кантрабанду. Ён не займаецца гэтым пастаянна, а толькі калі-нікалі. Кася выйшла з ім з гумна.
Вечарам Андрэй і Кася зноў прыйшлі ў гумно. Дзяўчына прынесла кош ежы, а ў стрыя на плячах быў вялікі мех. Яны ўзлезлі на сенавал.
Елі доўга. Выпілі дзве пляшкі самагонкі, якія прынёс Андрэй. Потым браты Даўрыльчукі і стрый пачалі разлічваць кошт прынесенага намі тавару. Гэта заняло шмат часу. Нарэшце, яны скончылі. Андрэй дастаў з меха 85 лісіных скурак і даў іх Базылю. Апрача гэтага даў яму некалькі дзясяткаў залатых манет, кажучы:
— У нас, на той прыклад, усё па-божаму. Сваякі мы. I вы заробіце, і мне што-небудзь капне. Неяк будзем жыць. Абы здароўе!
Мы збіраемся ў дарогу. Браты пакуюць лісіныя скуркі ў дзве носкі, якія бяруць Базыль і Ігнат. Я пратэстую супраць гэтага, кажу, што тавар павінны несці ўсе, апрача Касі. Базыль адказвае мне:
— Тут і дваім няма чаго несці!
Потым мы выйшлі з гумна. Стрый па чарзе развітаўся з намі і сказаў Касі:
— А ты, дзеўка, не хадзіла б у дарогу, а яшчэ, на той прыклад, у портках. He па-божаму гэта!
— Але зручна! — весела адказаў Сымон.
Мы вырушылі ў зваротную дарогу.
Назаўтра падышоў да мяне Базыль і сказаў:
— Што хочаш за дарогу: дзве лісы ці 25 рублёў?
— Нічога не хачу. Няхай застануцца ў вас... за маё ўтрыманне.
Базыль энергічна запратэставаў, і я мусіў узяць ад яго 25 рублёў.
Да свята мы паспелі яшчэ раз схадзіць за граніцу, але Кася на гэты раз засталася дома. Можа, яна пасаромелася слоў стрыя, а, можа, хацела дапамагчы сёстрам у працы, якой цяпер шмат прыбыло ў гаспадарцы.
Мы шчасліва вярнуліся з-за граніцы, і я зноў атрымаў ад Базыля 25 рублёў. Назаўтра Мацей, Ганна і Базыль паехалі ў мястэчка на апошні перадсвяточны кірмаш. Я даў Базылю спіс рэчаў, якія ён павінен быў купіць для мяне, і ліст да Лорда. Калі яны выехалі з дому, я стаў дапамагаць у працы Сымону і Ігнату. Яны пілавалі тоўстыя круглякі дроў, а я сек іх. Потым я пабег на чорную палову хаты і кінуўся дапамагаць Настцы, якая ткала на кроснах вялікае ўзорыстае радно. Я больш перашкаджаў ёй, чым дапамагаў, таму атрымаў кулаком у бок і, пакінуўшы Настку, пачаў прыглядацца да Касі, якая пякла дранікі. Пэўны час мы працавалі ў згодзе. Яна смажыла дранікі і кідала іх з патэльні ў вялікую міску, а я іх еў гарачымі. Хутка Кася заўважыла, што ў місцы не прыбывае, таму наша згода скончылася. Я мусіў адсунуцца ад міскі пад пагрозай вялікай драўлянай лыжкі, якой Кася выкладвала цеста на патэльню. Тады я пайшоў да Магды, якая, блішчучы мускулістымі рукамі, стоячы ў аблоках пары, прала бялізну ў начоўках. Карыстаючыся гэтымі аблокамі як дымавой заслонай, я намерваўся паспрабаваць яе цвёрдыя мускулы. Але гэтая спроба скончылася для мяне фатальна: Магда ляпнула мне па
плячах моцна скручанай мокрай бялізнай, і я мусіў ад яе найхутчэй уцякаць, адчуўшы на сябе сілу яе мускулаў. Нарэшце я падваліў да Алены, якая на чыстай палове дома пяском і гарачай вадой шаравала стол, лавы і падлогу. Пару разоў я падстройваў штучныя сутыкненні з ёю, калі яна анучай сцягвала ваду з падлогі, пакуль Алена не замахнулася на мяне цэлым вядром вады і, каб я не вывернуўся з-пад струменю, быў бы ўвесь мокры. Я мусіў вярнуцца да Сымона і Ігната, якія за гэты час напілавалі ўжо цэлую гару дроў. Таму я ўзяў сякеру і пачаў працаваць.
Цяпер я адчуваю сябе ў Даўрыльчукоў так, нібы быў членам іх сям'і. Я пасябраваў з хлопцамі і дзяўчатамі, якія цяпер мяне ўвогуле не саромеюцца. Разам працуем, разам ядзім, разам бавім вольны час. Стары Мацей любіць распавядаць мне эпізоды са свайго досыць бурлівага ў маладыя гады жыцця. Распавядае ён цікава і вобразна, таму я ахвотна яго слухаю. Ён курыць файку, я куру папяросы, і мы часта праводзім разам шмат гадзін.
На трэці дзень пасля першага прыходу з-за граніцы ўвечары я лёг спаць. Для мяне на ноч кладуць вялікі сяннік на двух састаўленых лаўках. Пад галаву даюць мне вялізную падушку, а накрываюся я ватнай коўдрай, верх якой зроблены з каляровых кавалкаў розных тканін. Дзяўчаты спяць у двух ложках за шырмай, а хлопцы на вялікіх палацях за печчу. Ложкі гаспадара і гаспадыні знаходзяцца на другім баку хаты, ля дзвярэй, за перагародкай, якая ўтварае нешта накшталт маленькага пакойчыку.
У той вечар я доўга не спаў. Браў з падаконніка папяросы і курыў. Думаў пра рознае. 3-за печы раздаваўся магутны храп братоў. Спачатку гэта мяне раздражняла, а потым я прызвычаіўся... Так прайшло гадзіны са дзве, а я ўсё ніяк не мог заснуць. Я ўстаў з пасцелі і пайшоў у кут пакоя, дзе на нізенькім зэдліку стаяла вялікая дзяжа з хлебным квасам. Я напіўся і вярнуўся на месца. Мне зусім не хацелася спаць. Я цяпер найахвотней пайшоў бы куды-небудзь на гулянку або з таварам за граніцу.
У пэўны момант я пачуў за шырмай прыглушаны шэпт дзяўчат. Я часта чуў, як яны размаўлялі або перашэптваліся між сабой, але не так ціха і не так позна, як цяпер. Потым усё сціхла. Праз пару хвілін я пачуў лёгкія крокі босых ног. Я глянуў у бок шырмы, але абсалютна нічога не мог заўважыць, бо аканіцы былі зачыненыя і ў хаце быў густы змрок. Крокі наблізіліся да маёй пасцелі. Затрымаліся каля лавак. Я пачуў шорганне на паліцы, якая вісела на сцяне нада мной. Нехта там нешта шукае. Шукае доўга і не знаходзіць. Я ў гэты момант думаю: «А можа, гэта толькі прычына?» Пытаюся вельмі ціха: «Хто гэта?» Ніякага адказу няма, але шамаценне на паліцы не спыняецца. Тады я саджуся на ложку і выцягваю рукі ў той бок, дзе адчуваецца нечая прысутнасць. Датыкаюся рукамі да цела дзяўчыны ў тоўстай ільняной кашулі. Яна робіць выгляд, што хоча вырвацца, але я моцна абдымаю яе і саджу на пасцель. Пачынаю яе цалаваць. Хачу штосьці сказаць, але яна паспешліва кладзе далонь на мае вусны. Моўчкі я кладу яе на пасцель. Праз нейкі час дзяўчына хоча пайсці ад мяне. Я стараюся яе затрымаць, але яна моцна адрывае ад сябе мае рукі і паціху ідзе за шырму... Я ціха ляжу адзін. Праз некалькі хвілін чую за шырмай лёгкі шэпт і, як мне здаецца, смех.
Назаўтра я адчуваў сябе крыху не ў сваёй талерцы. Падчас снедання мы сядзелі, як звычайна: гаспадар і гаспадыня ў чырвоным куце, я побач з братамі, а сёстры насупраць нас. Як звычайна, падчас яды панавала маўчанне. Усе елі павольна. Я штохвіліну зыркаў на дзяўчат і час ад часу лавіў іх погляды на сабе — такія, як звычайна. He заўважаю ніякіх змен у іх паводзінах. Гляджу на прыгожыя роцікі, на цёмныя галовы з выразнымі праборамі пасярэдзіне і косамі, якія падаюць на спіны, на цудоўныя карыя вочы і думаю: каторая?.. Днём у іх паводзінах і ў адносінах да мяне я не ўбачыў аніякіх змен.