Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
Сонца свяціла высока ў небе, снег раставаў на дарогах, а ў цёплым подыху ветру адчувалася набліжэнне вясны. Мы бадзёра ішлі ўперад і ажыўлена размаўлялі пра розныя рэчы. Лорд сказаў мне, што хлопцы за граніцу ходзяць цяпер вельмі рэдка. Болыпасць з іх спынілі работу да восені. Сонька разам з Ванькам Бальшавіком збегла з мястэчка. Бачылі іх у Аляхновічах, калі яны садзіліся на цягнік, які адыходзіў на Вільню. Юрлін паехаў за імі, казаў, што заб'е абаіх. Некалькі хлопцаў з партыі дзікіх папаліся ў Саветах.
Заўважыў, што ўвесь час мы ідзём у напрамку Ракава. Лорд растлумачыў мне, што хутар, на якім жыве Кручак з маці, стаіць у трох кіламетрах ад Ракава, але знаходзіцца ў вельмі зручным месцы, і гэта будзе для мяне «мураваная меліна».
Я спытаў у калегі, ці ведае Кручак пра тое, што я буду з ім працаваць. Лорд сказаў мне, што ўчора размаўляў з Кручакам пра гэта і што абяцаў яму (калі я пагаджуся на яго прапанову) прывесці мяне сёння на хутар.
За два кіламетры ад Ракава Лорд завярнуў з дарогі ўправа ў лес. Мы доўга ішлі па бакавых сцяжынках. Нарэшце апынуліся на ўскрайку вялікай паляны, дзе стаяла заслоненая радамі ядлоўцу маленькая пачарнелая хацінка. Да яе туліліся нейкія прыбудовачкі і хлявы.
Насустрач нам выбег вялікі чорны сабака. 3 раз'юшаным брэхам кінуўся нам у ногі!
— Каро! Каро! Хадзі сюды!
3 хаты выбег Кручак і адагнаў ад нас сабаку. Мы павіталіся. Кручак выглядаў вельмі молада. Ніхто б не падумаў, што гэта стары дасведчаны перамытнік і вядомы пераводчык «фігурак». Яго блакітныя вочы смяяліся, твар таксама быў поўны смеху. Ён бегаў па двары, ганяўся за сабакам і быў падобны да вялікага падлетка. Гледзячы на яго, смяяліся і мы.
— У гэтага заўсёды і ўсюды забава!
Мы ўвайшлі ў хату Кручака. Маленькая койка была зроблена з неахайна абчэсаных сякерай бярвёнаў і выглядала панура. Ля ўваходу стаяла вялікая печ. Левы бок хаты быў адзелены вялікай загарадкай. Падлога была гліняная, сцены голыя, столь цёмная, задымленая. Але весялосць Кручака рабіла пануры выгляд хаты болып светлым.
— Гэльцю, мамуська! — крыкнуў хлопец. — У нас госці! Шыкаваць жратву. Многа і мігам!
Я ўбачыў пажылую жанчыну, маленькую, пульхную, з такімі ж вясёлымі вачыма, як у сына. Побач з ёю ішла маладая, ці не пятнаццацігадовая, дзяўчына, вельмі падобная да брата. Яны пачалі гатаваць для нас ежу.
— Мы паснедалі! — адмаўляўся Лорд.
— Што там сняданне! Мы зробім абед. Смачна будзе ціп-топ! — сказаў Кручак.
Перамытнік пачаў дапамагаць, а праўду кажучы, перашкаджаць маці і сястры, якія круціліся ля печы. Потым выбег з хаты і вярнуўся праз некалькі хвілін, несучы чатыры пляшкі гарэлкі.
— Кожнаму па шкле, а мамусі і Гэльцы па паўшкла, бо вусоў не маюць.
— Ты маеш?! — адрэзала сястра. — Вуглём намалюй сабе!
— Але буду мець! А ты — кукіш!
Хутка для нас прыгатавалі закускі, і мы пачалі піць гарэлку. У гэтай кампаніі мне адразу стала цёпла і весела. He хапала нам толькі Шчура... Я адчуваў, што для мяне набліжаецца пачатак новай і цікавай работы.
Глава 5
Вечар быў цёмны. Дзьмуў цёплы заходні вецер. Неба было густа ўсеяна зоркамі. Вочы ў цемры адрознівалі два фоны: чорны фон неба з раскіданымі па ім іскрамі зорак і белы фон снегу, дзе-нідзе абазначаны чорнымі контурамі дрэў і кустоў. Палі засцілала рэдкая шэрая каша талага снегу, у якой ногі глыбока патаналі і слізгаліся ўбакі. Гэта вельмі ўскладняла нашу дарогу. Дзе-нідзе снег, падтаўшы ўдзень, ператвараўся ў вялікія лужыны. Уначы мароз зацягваў іх ільдом, утвараючы мноства каткоў для цёплага заходняга ветру, які з раніцы гуляў на іх. Калі яму гэта надакучвала, ён цёплым подыхам распускаў лёд і пакрываў лужыны дробнай лускай хваляў.
Увечары разам з Кручакам мы выйшлі з хаты і падаліся ў лес. Пад курткамі ў нас былі «бандажы», якія ўтваралі штосьці накшталт падвойных палатняных кашуль, у якіх мы неслі тавар. Асноўнай працай Кручака было пераводзіць «фігуркі» з-за граніцы, але гэта ён рабіў сам-насам. Шмат тавару ў дарогу не браў, каб не перашкаджаў рухацца... У «бандажах» былі швейныя ручныя і машынныя іголкі, іголкі для грамафонаў, шавецкія і рымарскія шылы. Апрача гэтага, кожны нёс па некалькі дзясяткаў брытваў.
Мы ішлі лесам каля дома Кручака. Сабака Каро апярэджваў нас. У адным месцы Кручак узлез на галіну гіганцкай ліпы і дастаў з дупла рэвальвер. Гэта быў расійскі афіцэрскі наган-самаўзвод. Я ж паказаў яму парабелум.
— Добрая цацка! — сказаў Кручак. — Але для мяне і нагана дастаткова. Я вайны весці не буду.
Потым мы пайшлі прама на ўсход. Каро бег наперадзе.
— Ты ходзіш за граніцу з сабакам? — спытаў я ў Кручака.
— Так. Каро ведае граніцу лепш за мяне. Яму можна давяраць. Трэці год працуем разам.
Сабака, пачуўшы сваю мянушку, прыбег да нас, стаяў і глядзеў у вочы Кручаку.
— Ідзі ўперад! — загадаў яму перамытнік.
Сабака зноў пабег уперад, апярэджваючы нас на некалькі дзясяткаў крокаў. Мы выйшлі на ўскраек лесу. Я бачыў шырокую адкрытую прастору. У трох кіламетрах ад нас была граніца, а ў 200 кроках ад нас праходзіла дарога, якая вяла з Волмы ў Ракаў.
Мы селі на павалены пень і сталі чакаць надыходу вечара. Выпілі бутэльку гарэлкі і закурылі папяросы. Потым, калі сцямнела, мы павольна пайшлі палямі ў напрамку граніцы. Боты мы густа памазалі рыцынай, каб яны не ўпітвалі ваду.
Каля граніцы некалькі хвілін адпачывалі і прыслухоўваліся... Каро пабег наперад. Мы пайшлі за ім. Стараліся не ставіць ногі прама зверху ўніз, а ўбіваць іх наўскасяк, слізгаючы зверху ўніз. Дзякуючы гэтаму слой снегу пад нагамі быў танейшы і менш вільготны, таму, ідучы наперад, мы рабілі менш шуму.
У хуткім часе мы апынуліся на граніцы. Пазналі яе па шматлікіх слядах, якімі была вытаптана снежная бель з поўдня на поўнач і наадварот.
Дарога была вельмі цяжкай. Мы хутка стамляліся, таму што ногі пастаянна правал ьваліся і іх трэба было даставаць з глыбокай снежнай кашы. У адным месцы Кручак затрымаўся. Я наблізіўся да яго.
— Што такое?
— Хочаш рызыкнуць? — у адказ на маё пытанне спытаў Кручак.
— У чым справа?
— Калі хочаш рызыкнуць, то можам пайсці дарогай! Я сам часта хаджу дарогамі.
— Добра, — сказаў я. — Хадзем дарогай.
— А калі сустрэнецца нам які-небудзь д'ябал, то... — Кручак махнуў у паветры наганам.
Неўзабаве мы выйшлі на дарогу. Яна была ўся ў выбоінах ад конскіх ног. Часта яе пераразалі шырокія лужыны. Але тут ісці было лягчэй, чым па адкрытых палях. Ва ўсялякім разе ногі не гразлі ў снезе, але было вельмі слізка.
Здалёк мы заўважылі агні нейкай вёскі. Да нашых вушэй стаў даносіцца брэх сабак. Кручак спыніўся на дарозе.
— Пойдзем праз вёску ці абыдзем вакол?
— Там ёсць масалкі?
— Няма... Да гэтага часу не было...
— To хадзем праз вёску...
Неўзабаве мы перайшлі праз мост нейкую рачулку і ўвайшлі ў вялікую вёску, якая стаяла па абодва бакі вельмі вузкай вуліцы, якая ўтварала паўкруг. Снег, які заслаў вуліцу, быў шэры, амаль чорны, у многіх месцах перамешаны з граззю.
Мы ішлі досыць шпарка. Справа і злева блішчэлі марныя жаўтлявыя агеньчыкі ў вокнах нізенькіх халуп, якія прытуліліся ля дарогі. Кожныя некалькі крокаў вуліцу пераразалі бясформенныя квадраты агнёў, якія падалі з вокнаў халуп. Дзе-нідзе на падворках былі чуваць людскія галасы. Яны былі павышаныя, набрынялыя злосцю. Большай часткай гэта былі нецэнзурныя словы.
У адным месцы Кручак падышоў да плоту і вырваў з яго палку. Зрабіў ён гэта, бо спераду быў чуваць брэх сабак. Каро не бег уперад, а трымаўся каля нас. Мы мінулі яшчэ некалькі халуп. У сярэдзіне вёскі нас акружыла некалькі сабак, якія сталі брахаць, кідаючыся да нашых ног. Кручак ударам палкі адагнаў іх, але яны працягвалі бегчы за намі
на адлегласці i брахалі. Kapo спакойна ішоў перад намі. I тут з брамы выйшлі двое мужчын. Калі мы падышлі, яны асвяцілі нас кішэнным ліхтарыкам. Пачуўся голас:
— А вы куды?
— Што табе да гэтага? — адказаў Кручак.
— Я сакратар валвыканкама.
— Ну і добра. Ідзі сабе ў свой валвыканкам і праспіся, бо ты п'яны.
— Што-о-о?
— Нічога. Сыдзі з дарогі.
Кручак хацеў ісці, але сакратар валвыканкама схапіў яго за левую руку. У той момант Кручак ударыў яго палкай па галаве. Тут Каро падскочыў да горла сакратара. Другі чалавек хацеў збегчы, але я зрабіў яму падножку, і ён упаў у гразь. А Кручак адлупцаваўяго палкай. Вуліца ажывілася крыкамі. Тут і там у цемры пачалі зыркаць агні. Да нашых вушэй здалёк даляталі людскія галасы. Мы пакінулі людзей, якія ляжалі на зямлі, і паспешліва пайшлі далей. У гэты час яны пачалі пранізліва крычаць:
— Трымай іх! Трымай!
— Злодзеі! Бандыты! Трымай!
3 цемры пачуліся крокі людзей, якія беглі да нас. Я пасвяціў ліхтарыкам узад і ўбачыў, што за намі бягуць некалькі чалавек з кіямі ў руках.
— А ну, рубані ім пару разоў, каб пачулі! — сказаў Кручак.
Я некалькі разоў стрэліў. Пачуў яшчэ гучнейшы тупат, але цяпер ён не набліжаўся да нас, а аддаляўся ўсё больш і хутчэй.
— Драпаюць! — сказаў Кручак.
Мы шпарчэй пашыбавалі наперад. За вёскай сышлі з дарогі і палямі накіраваліся далей. Кручак лічыў, што сакратар валвыканкама патэлефануе ў наступную вёску, што знаходзілася каля тракту, у якой быў размешчаны загараджальны атрад. Таму мы кожны момант чакалі засады ці аблавы.
Зноў пачалася доўгая мучаніцкая дарога па палях. Асабліва цяжка было ісці па камяках мерзлай зямлі, якія звер-
ху пакрывала тонкая ледзяная скарынка, на якой нага не магла знайсці надзейнай апоры. Праз нейкі час мы зноў выйшлі на дарогу і прайшлі па ёй каля пяці кіламетраў. Потым павярнулі ўправа і палямі пашыбавалі да лесу.
А чацвертай гадзіне раніцы мы прыбылі на адзінокі хутар. Кручак пусціў сабаку ўперад, і мы пачалі павольна прасоўвацца ў напрамку будынкаў. Нічога не паказвала на прысутнасць чужых людзей. 3 рэвальверамі ў руках мы наблізіліся да акна, якое выходзіла на дарогу і не было прыкрыта аканіцамі. Кручак пасвяціў у яго ліхтарыкам. Паміж белай фіранкай і рамай я ўбачыў вазон з пеларгоніяй — знак таго, што на хутары ўсё ў парадку і чужых людзей няма.
Кручак пастукаў у шыбу. Доўгі час ніхто не адказваў. Калі праз некалькі хвілін я стаў стукаць настойлівей, з сярэдзіны пачуўся жаночы голас:
— Што трэба? Хто там?
— Адчыні, Стася! — адазваўся Кручак.