Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
На змярканні мы пачалі па чарзе чысціць зброю, каб не было адразу некалькі разабраных рэвальвераў. Я пачаў расказваць калегам свой сон. Мне прыснілася, што я знаходжуся ў гушчары вялікага лесу. Што стаю паміж камлямі велізарных соснаў і азіраюся па баках. Раптам заўважаю, што дрэвы сталі рухацца. Гэта палохае мяне. He ведаю чаму, але мне здаецца, што дрэвы хочуць мяне растаптаць. Я хачу стрэліць — разумею, што гэта адзінае, што можа мяне ўратаваць. I тут я бачу на зямлі вялікі рэвальвер. Падымаю яго. Ён зараджаны. Я сціскаю яго ў руцэ і азіраюся. А дрэвы ўсё больш заціскаюць сваё кола. Угары прагрымеў пярун. Гэта дрэвы здзекваюцца з мяне, трыумфуюць... Я ўжо ў цесным коле, якое ўсё больш сціскаецца. У гэты момант я падымаю ўверх рэвальвер і страляю ў чырвоныя, нібы крывавыя, камлі дрэў. Кулі здзіраюць з іх кару, і паказваюцца белыя часткі камлёў. Дрэвы ў гэты час яшчэ больш заціскаюць кола. Нарэшце я апынуўся ў цвёрдым бязлітасным поціску пакрытых шурпатай карой гігантаў, якія трушчаць мне косці. Рукі ў мяне выцягнуты ўверх. У правай руцэ рэвальвер. Я адчуваю, што канаю: мне не хапае паветра, а поціск пастаянна павялічваецца. Я бачу ўверсе над сабой маленькую блакітную плямку... Гэта неба. Апошні раз я націскаю на курок і страляю з рэвальвера ўверх. Гук выстралу будзіць мяне. Я бачу калег і з вялікай палёгкай уздыхаю. Грабар лаецца: падчас сну на ім загарэлася шапка і абгарэлі і без таго рэдкія валасы. Шчур, які быў на варце, не заўважыў, як на шапку Грабара ўпаў вугольчык з вогнішча.
— Ведаеце, што мне прыснілася? — кажа Грабар, тушачы шапку і абмацваючы сваю галаву.
— Што? — запытаў я з цікавасцю.
— Лес кланяўся мне.
— Як гэта: кланяўся?
— Кланяўся аж да зямлі. I малыя дрэўцы, і вялікія...
Шчур чыхнуў носам. He ведаю, ці ён быў здзіўлены сном Грабара, ці надаваў яму нейкае іншае значэнне, ці ігнараваў яго. Але, калі я пазней расказаў калегам свой сон, то Шчур сур'ёзна сказаў:
— Будзе нейкае здарэнне! Глядзіце!
Увечары, як звычайна, мы пайшлі ў засаду. Я размясціўся ў рове. Ката пасадзіў сабе на калені. Ён ціхенька муркаў. Мне ўспомніліся дом, сям'я, агонь, які палае ў печы... Думкі плылі далёка, а разам з імі плылі гадзіны. У пэўны момант я ачуўся. Выразна пачуў зусім блізка шум крокаў. Я паціху лаюся, устрывожаны тым, што ледзь не заснуў. Скінуў ката з каленяў. Незадаволены, ён фыркае ў цемры. Я падрыхтаваны да скачку ўперад: сціскаю ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай парабелум. Успамінаю, што трэба гнацца за машыністам высокага росту ці за праважатым малога росту, які ідзе ззаду. Зрэшты, лавіць яго будзе Грабар, які ідзе ззаду за партыяй.
Я ўважліва ўглядаюся ў глыбіню ночы. Левую нагу паставіў на краі рова. Углядаюся ў цёмную постаць, якая сунецца ўперад. Прапускаю яе далей. Дудзяць крокі на мосце. Правільна здагадаўся, што гэта перамытнік, якога пусцілі ў якасці прынады. Праз некалькі дзясяткаў крокаў ідзе рэшта партыі. Ідуць нядбайна, шоргаюць нагамі і робяць шмат шуму. Менавіта таму, што яны не ўмеюць ціха хадзіць, мы называем «паўстанцаў» «сланамі».
Яны параўняліся са мной. Спераду я заўважыў постаць вялікага мужчыны. Думаю, гэта машыніст, і кідаю ў цемру сноп яркіх промняў. Адначасова крычу:
— Стой! Рукі ўверх!
Адбылася дзіўная рэч. Пачуліся перапалоханыя крыкі, і цёмная маса рынулася ў хмызняк па другі бок дарогі, адкуль у гэты момант бліснуў ліхтар і пачуўся голас Шчура:
— Стой! Лажыся!
Ззаду гэтую каманду паўтарыў Грабар. «Паўстанцаў» агарнула паніка. Бягуць, падаюць, удараюцца аб дрэвы, паўзуць. Мы страляем з рэвальвераў, крычучы: «Стой!», але гэта толькі павялічвае паніку.
Я свячу ліхтарыкам навокал, шукаючы машыніста. I тут бачу ў некалькіх кроках ад мяне высокага плячыстага мужчыну, які перабягае ад дрэва да дрэва. Я ганюся за ім, каб збіць з дарогі, свячу ліхтарыкам убок, хочучы, каб ён натыкнуўся на дрэва. Але ён не натыкаецца. Даганяю яго. Свячу ўніз, на яго ногі. Выбіраю зручны момант і скачу яму на пяты. Ён падае на зямлю.
— Уставай! — кажу яму я.
Ён устае.
— Рукі ўверх! — кажу я, накіроўваючы яму ў грудзі дула рэвальвера, асвятляючы яго ліхтарыкам.
Раптам перамытнік зрабіў вокамгненны рух: хацеў вырваць у мяне з рук рэвальвер. Я ледзь паспеў адступіць і даў яму нагой у жывот. Тады ён стаў уцякаць. Я зноў пагнаўся за ім. Я быў здзіўлены яго адвагай. Каб не цвёрдае рашэнне нікога не забіваць без асаблівай патрэбы, я б даўно яго застрэліў, нават не даганяючы, калі б перамытнік не адрэагаваў на першае патрабаванне.
Я ганюся за ўцекачом. Зноў валю яго на зямлю, загадваю падняцца. Перамытнік яшчэ раз паспрабаваў вырваць рэвальвер у мяне з рук, а калі яму зноў гэта не ўдалося, стаў зноў уцякаць.
Мяне здзівіла тое, што ён так роспачліва ўцякае, не баючыся смерці. Я зноў паваліў яго на зямлю. Адначасова ўзяў у зубы ліхтарык, а левай рукой схапіў яго за каўнер курткі і падняў уверх. Вывеў яго на дарогу і павёў у бок маста. Там здалёк бліскаюць ліхтарыкі калегаў. Раптам мой
330 Kochanek Wielkiej NIEDZWIEBZICY вязень моцна ўдарыў мяне кулаком у бок і кінуўся з дарогі ўправа. Ліхтар упаў на зямлю. Добра, што не сапсаваўся. Я падняў яго і, яшчэ адчуваючы боль у баку, пагнаўся за ўцекачом. Мяне ўзяла яшчэ большая злосць.
— Стой! Стой, бо заб'ю! — крычаў я, бегучы.
Ён працягваў уцякаць. У гэты момант я, амаль датыкаючыся дулам парабелума да яго пляча, не перастаючы праследаваць яго, націснуў на курок. Стрэлу не было. Першы раз са мной здарылася такая рэч, бо я заўсёды лічыў парабелум такой зброяй, якая ніколі не падвядзе. Я паспешліва схаваў парабелум у кішэню і на бягу дастаў з кішэні наган, які на гэты раз таксама ўзяў з сабой у дарогу — гэты ніколі не падвядзе. Я закрычаў:
— Стой! Апошні раз!.. Бо застрэлю!..
Ён не спыніўся. Я стрэліў, цэлячыся яму ў левае плячо вышэй локця. Ён рухнуў на зямлю, як толькі раздаўся стрэл, і пачаў крычаць страшэнным голасам:
— О-го-го-го-го!..
Я адучуў, што бляднею. Мне хочацца стрэліцьяму ў лоб, каб спыніць гэты страшэнны крык. «Навошта ён так верашчыць? Гэта ж не ад болю!» Я з уласнага вопыту ведаю, што боль адразу не адчуваецца. I рана ў яго лёгкая.« А можа, ён у роспачы, што не можа ўцячы?»
— Уставай! — крычу я на яго.
Ён не зрушыўся з месца, верашчучы яшчэ гучней:
— О-го-го-го-го!..
Паміж дрэвамі бліснуў ліхтарык. Стаў набліжацца да нас. Гэта Грабар. Нахіліўся да параненага.
— Што з ім? — пытае ў мяне.
— He хацеў спыніцца! Некалькі разоў наважваўся ўцячы! Ударыў мяне. Схапіў мяне за рэвальвер... Я падстрэліў яго ў плячо.
— А чаго ты адразу не ўсадзіў яму пілюлю? Знайшоў забаву! Ён з табой не жартаваў бы!
Грабар звярнуўся да параненага:
— А ну, уставай! Мігам! Бо пальну ў лоб, а труп абшукаю!
Паранены ўстаў і, нахіляючыся ўлева, пайшоў да дарогі. Мы наблізіліся да мастка каля паляны. Я ўбачыў тут двух людзей, якія ляжалі на зямлі. Гэта былі «паўстанцы», якіх Шчур злавіў пад кустом, дзе яны хацелі схавацца ад пагоні. Мы іх абшукалі. Пры іх не было нічога. Мы пачалі вельмі ўважліва абшукваць майго вязня. Знайшлі ў яго толькі 10 рублёў золатам і некалькі сярэбраных рублёў. Гэтая акалічнасць выклікала ў нас здзіўленне.
— Навошта ж уцякаў, халера! — лаяўся Грабар. — Хацеў кулю атрымаць?
Потым мы спыталі ў «сланоў», ці забяруць з сабою параненага, і адпусцілі іх. Яны вельмі ўзрадаваліся. Праводзячы пад руку параненага, яны аддаліліся ў напрамку граніцы.
Падчас гэтай сутычкі Шчур хаваў твар у цень і не размаўляў. Нягледзячы на грым (у яго былі прыклеены рыжыя вусы), ён баяўся, каб яго не пазналі.
Маючы вольны час, я агледзеў парабелум, хочучы даведацца, чаму ён не стрэліў. Прычына гэтага для мяне была неспадзяванай. Рэвальвер быў у поўным парадку, толькі падчас барацьбы са «сланом» я выпадкова разрадзіў яго, таму ён і не мог стрэліць.
На гэты раз нам не пашанцавала. Мы нічога не зарабілі, партыі не разбілі, а толькі паранілі чалавека. Калі я абшукваў яго, то заўважыў, што плячо ў яго цэлае, а куля прашыла яму цягліцу на баку, з левага боку грудной клеткі.
Трохі пазней у рове я знайшоў ката. Яго не перапалохалі ані крыкі, ані стрэлы, ані бегатня, ані бляск ліхтароў. To, мабыць, быў вельмі дасведчаны кот, каторы ў жыцці сваім шмат чаго перажыў і каторага цяжка было чымсьці здзівіць ці спалохаць.
Глава 9
Пяты дзень сяджу на меліне ў Краснасельскім лесе. Шчур і Грабар панеслі скуркі за граніцу (гэтага дабра мы мелі вельмі многа), каб там іх прадаць. А я застаўся ў лесе, каб высачыць Казіка Павука, які вядзе вялікую партыю «паўстанцаў». Нас праінфармавалі, што партыя Павука звычайна два разы вяртаецца з Саветаў без тавару, а за трэцім разам нясе вялікую колькасць скурак. Нам трэба было злавіць гэтую партыю ў той раз, калі яна будзе мець скуркі за тры партыі тавару. IІраз Краснасельскі лес, у якім мы намерваліся абрабаваць партыю Павука, гэта партыя праходзіць чатырма дарогамі. Калі добра агледзець пераходы і палічыць чарговасць зваротных шляхоў з таварам, то можна прыблізна зрабіць выснову, калі і якой дарогай яны будуць вяртацца з Саветаў, несучы скуркі.
Я ўсё сяджу і лічу пераходы партыі Павука. Да гэтага часу не празяваў ніводнага. Штодня вечарам і з раніцы разглядаю сляды на чатырох дарогах, якімі звычайна ходзіць партыя Павука праз Краснасельскі лес. Потым я заціраю гэтыя сляды, пакінутыя на балоце, на пяску, на беразе рачулкі і на дарозе, каб бачыць новыя. Робячы так, я амаль беспамылкова вызначу, па якой дарозе пойдуць «сланы» ў наступны раз.
Шчур і Грабар абяцалі мне вярнуцца сама позна праз тыдзень. Яны перададуць скуркі і прынясуць ежы, тытуню і спірту. Хлопцы, адыходзячы, пакінулі мне трохі сала, няпоўную пляшку спірту і некалькі шакаладак. Я павінен задаволіцца гэтым да іх вяртання.
Неўзабаве пасля адыходу калег пачаўся лівень. Дождж ішоў няспынна дзень і ноч. Я зусім вымак. Назаўтра пачаў рабіць для сябе будан, але ён быў хісткі, цесны і працякаў. Я надзёр шмат кары і пачаў рабіць вялікую страху. Працаваў доўга, абдумваючы кожную дробязь, і працай забіваў
сум. Нарэшце я скончыў страху і прымацаваў яе на чатырох палках над вогнішчам, якое пастаянна заліваў дождж. Потым, заслонены ад дажджу зверху, дабудаваў тры бакавыя сцяны, каб дождж, які ліў наўскасяк, не трапляў пад страху.