Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
93.88 МБ
Мы размясцілі ў бочцы прынесеныя з сабой рэчы, а Шчур прынёс з рачулкі вядро вады. Потым мы падаліся ў лес каля хутара маці Кручака. Я знайшоў ліпу, у якой мы схавалі зброю, дастаў з дупла рэвальверы, абоймы, нажы, паясы, торбы і ліхтары. Забралі зброю і рэчы.
— Шкада, што няма нашага адзення, — сказаў Шчур.
— Так. Усё засталося на гарышчы.
— А можа, пойдзем на меліну? — спытаў Грабар. — Ці ж будуць пастаянна сачыць за ёй? Нас тут трое. У нас ёсць зброя. У выпадку чаго дадзім рады!
— Я думаю інакш, — сказаў Шчур. — Няхай ніхто не ведае, што мы вярнуліся. Найлепш быць на дзікай меліне. А, зрэшты, навошта нам пастаянная меліна? Цяпер час на работу. А ў лесе кожная елка ўкрые, кожны кусцік атуліць.
Ён замоўк. Доўга маўчаў, а потым урачыста сказаў:
— А цяпер, хлопцы, трэба будзе ўдарыць па-поўнаму!.. Каб памятала граніца, якіх мела фартоўцаў.
— Пайшло! Першая катэгорыя! — сказаў Грабар, паціраючы рукі.
Мне таксама зрабілася весялей.
Мы вярнуліся на новую меліну. Шчур сказаў, каб мы днём адтуль нікуды, бо нас могуць заўважыць, а сам пайшоў у мястэчка, каб купіць патрэбныя нам рэчы і па навіны.
3 Грабаром мы выпілі пляшку гарэлкі і ляглі спаць ў велізарнай бочцы. Тут жалезная меліна. Мы адчуваем сябе ў поўнай бяспецы. Курым і паціху размаўляем пра будучую працу. Я фантазірую на гэтую тэму, а Грабар паддаквае мне:
— Пайшло! Першая катэгорыя!
Глава 12
«Залаты сезон» і залатая восень насталі на граніцы. Перамыт ідзе безупынна. Старых фартоўцаў амаль няма: працуюць «паўстанцы». Інтрыгуюць, пляткараць, засыпаюцца па абодва бакі граніцы, збіваюць цану на работу.
Шчур быў у мястэчку два дні. Ён дакладна даведаўся, якія партыі ходзяць за граніцу, дзе маюць пункты, якімі дарогамі ідуць па паграніччы. Прынёс шмат цікавай і важнай для нас інфармацыі.
У мястэчку засталося вельмі мала старых перамытнікаў. Затое раілася ад «паўстанцаў», несімпатычных, да якіх з пагардай ставіліся іншыя фартоўцы. Граніца цяпер была непатрэбнай, нецікавай. Мяне не раз агортваў жаль па даўніх калегах, і я часта ўспамінаў іх... Юзаф Трафіда не ходзіць за граніцу. Сашка Вэблін забіты. Юлік Вар'ят памёр. Петрык Філосаф выехаў. Болік Лорд сядзіць у турме. Кручака забілі «паўстанцы». Юрлін пасля ўцёкаў Соні перастаў працаваць. Кітаец загінуў у Саветах. Гвоздзь зарэзаўся брытвай пасля ўцёкаў са ссылкі. Фэлік Маруда папаўся за граніцай
у пачатку восені. Бульдогу рашэннем Рэўваентрыбуналу прысудзілі ссылку. Ванька Бальшавік пасля ўцёкаў з Соняй Юрлінавай у мястэчка не вярнуўся. Болік Камета цяпер водзіць дзікіх. Пасля забойства Сума ён з'яўляецца адзінаццатым машыністам і адзінаццатым... вар'ятам (інакш не меў бы такога ганаровага тытулу). Мамут зламаў нагу на другой лініі, калі скокнуў з абрывістага берага рачулкі на камні, і закульгаў. Алінчукі ходзяць вельмі мала: баяцца, каб не «прыхапілі» іх за граніцай, бо ведаюць, што маюць шмат ворагаў. Дзікія кожны раз працуюць у іншым складзе. Некалькі з іх папалася ў Польшчы, некалькі ў Саветах, некалькі забіта або падстрэлена, а рэшта працуе яшчэ гучней і весялей пад камандай славутага вар'ята Боліка Каметы... Мы ніколі не рабілі засады на дзікіх, хоць гэта было вельмі лёгка. Цяпер гэта адзіная сімпатычная нам партыя.
Мы зваліліся на граніцу неспадзявана, адразу пачалі класці партыю за партыяй. Здаралася, што мы распраўляліся з дзвюма партыямі за адну ноч. He раз мы клалі некалькі разоў падрад адну і тую ж партыю. Пагранічча агарнула паніка. «Сланы» дрыжэлі. Купцы страцілі галовы. Ніхто не мог зразумець, хто іх крые. Мы бралі іх і ў Польшчы, і ў Саветах, і на паграніччы, і на граніцы. Калі мы не маглі схапіць іх у дарозе, то бралі партыі на мелінах.
Калі б мы маглі такім чынам працаваць ушасцёх — трое тут, трое там, то ўсе купцы павінны былі б спыніць сваю работу.
Мы назбіралі шмат тавару. Мелінавалі яго па лясах, гумнах, у старых акопах, у пустым спіртзаводзе. Час ад часу Шчур прадаваў велізарныя партыі кантрабанды перамытнікам з Рубяжэвічаў і Стоўбцаў.
Мы так спрытна рабілі засады, што ўтрох затрымлівалі найвялікшыя партыі. Мы бралі пад увагу мясцовасць, час сутак, велічыню партыі, яе звычаі і шмат іншых акалічнасцей.
Неўзабаве «паўстанцы» даведаліся, што гэтая разбіваю партыі і забіраю кантрабанду, бо мяне пазналі Салавей і Алігант, якія цяпер хадзілі з «паўстанцамі». Мяне бачылі
ў кампаніі Грабара, якога не ведалі ў мястэчку, і Шчура, якога ніхто не пазнаў, бо ён быў загрыміраваны.
У мястэчку пайшла пагалоска, што пасля ўцёкаў я, каб адпомсціць Алінчукам, стаў чэкістам. 3 таго часу, як толькі партыя недзе пападалася, віну за гэта прыпісвалі мне. А Алінчукі зусім перасталі хадзіць за граніцу і нават вечарамі баяліся паказвацца на вуліцах мястэчка. Толькі адна рэч была для «паўстанцаў» загадкай: тое, што іх крыюць і ў Саветах, і ў Польшчы.
У выніку нашай працы некалькі партый «паўстанцаў» скончылі сваё існаванне, а многія купцы перасталі даваць тавар для перамыту. А мы працягвалі нашу работу, і чым цяжэйшай яна была, там больш узбуджала ў нас энтузіязм і настойлівасць.
Наша «гульня» не была лёгкай. Яна патрабавала шмат спрыту і цярплівасці. Часам мы проста падалі без сілы. Робячы гэтую працу, мы былі вымушаны прадугледжваць і мець на ўвазе шмат рэчаў. Усё гэта, разам узятае, стварала цікавую азартную гульню, у якой мы не раз ставілі на карту свае галовы, і таму нам нельга было прайграваць... I мы не прайгравалі. Часам мы рабілі нязначныя памылкі, але хутка іх выпраўлялі. Карыстаючыся набытым вопытам і паслугамі інфарматараў, якіх Шчур шчодра аплачваў, мы працавалі амаль упэўнена.
Была ў мястэчку адна партыя, якую да гэтага часу мы не маглі схапіць, хаця рабілі на яе некалькі засад. Яна заўсёды ўцякала ад нас. Гэта нас раздражняла, і мы пастанавілі абавязкова яе накрыць. He хочучы ганяцца за імі ўсляпую, Шчур ішоў у мястэчка, каб здабыць інфармацыю. Мы зноў пачыналі паляванне на гэтую партыю, і яна зноў уцякала ад нас.
У склад гэтай партыі ўваходзіла шэсць перамытнікаў«паўстанцаў», якіх праводзіў машыніст Віцік Гетман, калега і сябар Альфрэда Алінчука. Гэтая акалічнасць яшчэ больш нас падштурхоўвала. Тавар яны насілі вельмі дарагі і ніколі не засыпаліся. Зрэшты, гэтая партыя сфарміра-
валася нядаўна. Шчур сказаў нам, што Альфрэд уваходзіць у суполку з яўрэем, які дае тавар для партыі Гетмана.
Апошнім разам, ведаючы, якімі дарогамі ходзіць партыя Гетмана, мы зрабілі на яе засаду ў трох кіламетрах ад граніцы. Пастанавілі накрыць партыю на зваротным шляху ў Польшчу. Меркавалі, што яны будуць стомленыя пасля амаль 30 кіламетраў дарогі (мелі меліну пад Мінскам). Акрамя гэтага мы ведалі, што яны нясуць вялікую колькасць лёгкага і каштоўнага тавару — скурак. Ведалі, што тое месца, дзе мы падрыхтавалі засаду, партыя Гетмана мінае на досвітку. А граніца была звычайна «падкупленая» па абодва бакі, таму ішлі яны ўпэўнена. Агледзеўшы мясцовасць, мы зрабілі засаду ў адкрытым месцы. Ззаду быў Краснасельскі лес. Справа, за багнай і некалькімі пагоркамі, знаходзілася вёсачка Гарані. Удалечыні перад намі ў напрамку смалярні ішла чорная пасма лесу. Менавіта адтуль павінна была выйсці партыя Гетмана і, каб скараціць дарогу, павінна была прайсці лужок і вялікі адрэзак па адкрытай мясцовасці паўз рачулку, каб потым нырнуць у Краснасельскі лес і падацца да граніцы.
Грабар размясціўся пасярод лужка за вялікай купінай у зробленым намі штучным паглыбленні. Шчур затаіўся ў капе, складзенай з некалькіх дзясяткаў снапоў на ўскрайку поля. Я схаваўся ў кустах на беразе рачулкі. Такім чынам мы ўтварылі трохкутнік, кожны бок якога быў даўжынёй каля 50 крокаў. Патрэбна было запусціць партыю Гетмана ў гэты трохкутнік, як у сачок, а потым браць яе.
На засаду мы прыйшлі ў тры гадзіны ночы. Чакаць іх было яшчэ рана. Мы выпілі спірту, выкурылі па дзве папяросы.
А потым пайшлі на свае месцы. Я падрыхтаваў рэвальвер і гранату. Мы цяпер мелі па 5 гранат кожны (іх здабыў Шчур у мястэчку). Паволі пачынаўся ранак. Я адрозніваў усё больш дэталей на мясцовасці перад сабой. Нарэшце змог убачыць вузкую далінку і крыло лесу, якое чарнелася ўдалечыні і з якога павінна была паказацца партыя Гет-
мана.
Вакол пуста. Шумяць дрэвы ў лесе. Ціха булькае рачулка, крадучыся па балоцістай зямлі. Доўгі час я ўглядаюся ў бок лесу, а потым шукаю поглядам сваіх калегаў. Яны так надзейна схаваліся, што я магу толькі здагадвацца, дзе яны. А ў патрэбны момант вырастуць як з-пад зямлі. Маю схову таксама нельга заўважыць нават з адлегласці ў некалькі крокаў.
У пэўны момант мне здаецца, што ўдалечыні пачаўся нейкі рух. Спачатку я падумаў, што гэта падман, але потым пераканаўся, што з верху даліны, каля лесу, нешта рухаецца. Праз некаторы час заўважыў людзей, якія ішлі ў нашым напрамку. Ішлі паспешліва, бо хацелі як мага хутчэй мінуць адкрытую мясцовасць.
Я ўглядаюся ў тыя месцы, дзе схаваліся Шчур і Грабар. Заўважыў, што яны крыху падрыхтаваліся да скачка наперад. Я таксама падрыхтаваў зброю і прыняў зручную позу, каб мець магчымасць хутка ўскочыць на ногі... А людзі, якія ідуць лужком, усё бліжэй. Цяпер я зусім выразна бачу іх, хаця не магу разгледзець кожнага паасобку, бо яны ідуць ланцужком. Спераду размашыста крочыць Гетман. Я ўжо магу ўбачыць рысы яго твару... «Сланы» ўсё бліжэй... Я цярпліва чакаю, калі яны падыйдуць яшчэ бліжэй.
Раптам Гетман паварочваеўлева. Пераскокваерачулку і ў сотні крокаў ад нашай засады ідзе наўскасяк праз невялічкі пагорак у бок лесу. Ідзе прама праз поле вельмі нязручнай дарогай. За ім цягнуцца іншыя «паўстанцы». Іх не дзесяць, як звычайна, а адзінаццаць: партыя павялічылася.
Я аслупянеў. Праз нейкі час глянуў на калег. Убачыў, што са снапоў паказалася галава Шчура, а з-за купіны на лужку вылез Грабар. Мы з роспаччу глядзім на партыю, якая аддаляецца ад нас. Бегчы за імі няма сэнсу. Гэта толькі перапалохае іх, і яны могуць разбегчыся ў розныя бакі. А нам трэба схапіць усю партыю, а не некалькі чалавек.
Грабар і Шчур ідуць да мяне. Шчур пагражае кулаком партыі Гетмана, якая знікае ў лесе:
— Ну, псякрэў, удалося вам! Але нічога. Цяпер станцуем інакш!
У гэты момант Грабар без слоў паказаў пальцам на верх даліны. Мы паглядзелі туды. Я выразна пачуў нейкі рух каля лесу.