Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
— Хлопцы, на месцы! — сказаў Шчур і, шпарка перапаўзаючы на іншы бок лужка, схаваўся ў капе. Грабар хуценька знік за купінай. Праз хвіліну я ўбачыў, што здалёк да нас прасоўваецца партыя «сланоў». Яны ішлі нядбала, не звяртаючы ўвагі на мясцовасць. Адразу відаць: «паўстанцы».
Яны ўжо блізка. Я прысеў у зарасніку, гатовы да скачка наперад. Нашы намеры правільныя: гэтая даліна, лужок і сцежка каля ручая — зручная дарога для перамытнікаў. I «сланы» выходзяць на гэтую сцежку. Ідуць побач з зараснікам, у якім схаваўся я. Я бачу іх ногі. Мне хочацца схапіць каго-небудзь за лытку. «Вось заверашчаў бы!» Лічу іх: раз, два... Раптам бачу кароткую спадніцу і жаночыя ногі ў чорных панчохах. Гэта здзівіла мяне. «Сланы» прайшлі. Я высунуўся з зарасніку і ціха падаўся за імі. У адной руцэ ў мяне парабелум, а ў другой — граната. Яны не азіраюцца і не бачаць мяне. Усе ідуць у напрамку зарослай купіны, як мы і прадбачылі. Яны ўжо блізка ад яе. Раптам перад імі вырастае Грабар. Чуваць спакойны, халодны, прарэзлівы гук яго голасу:
— Стой! Рукі ўверх!
«Сланы» кідаюцца назад. Чуваць спалоханыя галасы. Збоку выскоквае з капы Шчур. Я чую яго зменены голас:
— Hi з месца!
Бачу, што некалькі «паўстанцаў» падаліся назад. Цяпер і я крычу:
— На калені, бо кіну бомбу!
— Таварыш, не кідайце бомбы! — крычыць хтосьці з «паўстанцаў».
Каб нельга было ўбачыць здалёк, мы вядзём сваіх вязняў у лес і там ставім іх спінамі да хмызняку. Шчур і Грабар стаяць па абодва бакі ад перамытнікаў, загароджваючы ім дарогу ў лес.
Я хаваю рэвальвер і гранату ў кішэню і дастаю з-за пояса завостраны з двух бакоў стылет. Гэта для таго, каб падчас
абшуквання які-небудзь рашучы вар'ят не паспрабаваў вырваць у мяне з рук пісталет. «Сланоў» сямёра: шэсць мужчын і жанчына. Я падыходжу да іх і запытваюся:
— Хто мае зброю?
Усе маўчаць. Я паўтараю:
— Хто мае зброю, няхай скажа зараз жа! Потым будзе горш!
Яны маўчаць, стоячы з паднятымі ўгору рукамі. I тут я ўбачыў знаёмы твар. Адразу ж успомніў перамытніка, якога калісьці раней параніў у бок, калі ён уначы ўцякаў ад мяне ў Краснасельскім лесе. Толькі ён тады ішоў з іншай партыяй. Злева стаіць яўрэй: ён праважаты.
Я пачынаю з яго. Спачатку абшукваю яго бегла: ці не мае зброі, а потым больш дбайна. Знаходжу ў яго дзвюх блакітных лісіц. Забіраю іх.
— Таварыш, пусціце нас! — кажа яўрэй. — Дам вам 30 рублёў.
— Паспееш! А грошы забяру ў цябе і без твайго дазволу!
Стылетам я распорваю халявы яго ботаў і дастаю адтуль пяць стодаляравых купюр. Потым разрываю брылёк шапкі і знаходжу там яшчэ 200 даляраў.
— Разумны! — кажу я яўрэю, які жаласліва ўсміхаецца бледнымі вуснамі.
Я абшукаў важатага і загадаў ім легчы на зямлю. Прыступаю да вобыску першага з краю «паўстанца». Адкідаю набок мяшок са скуркамі, які быў у яго на спіне. Акрамя мяшка, не знаходжу пры ім нічога больш. У яго незвычайны выраз твару.
— Адкрый рот! — загадваю я яму.
Перамытнік выплюнуў на далонь некалькі залатых манет. Я міргаю яму і кажу:
— Чыя форса? Купца?
— Мая, таварыш, мая!
Я паклаў грошы ў кішэню яго курткі. У гэты момант пачуў тупат ног і трэск кустоў. Перамытнік, які некалі шмат разоў кідаўся ўцякаць, і цяпер пачаў уцякаць. Грабар — за
ім. Дагнаў яго ў лесе і прывёў назад. Загадаў яму ўкленчыць і злосна сказаў:
— Яшчэ раз зробіш гэта — трэсну ў лоб! Папярэджваю!
Я набліжаюся да перамытніка і кажу:
— Што, залізаў тую рану?
«Паўстанец» здзіўленымі вачыма глядзеў мне ў твар.
У гэты момант я сказаў:
— Глядзі, браце, a то загінеш!
Я дбайна абшукаў яго, але знайшоў толькі некалькі дзясяткаў рублёў срэбрам: і грошы ў яго не забраў. Пакінуў таксама некалькім «сланам» схаваныя пад кашулямі скуркі. Гэта будзе іх заробак. Носкі паскідваў пад купіну. Тавару многа.
Я падышоў да жанчыны, трохі саромеючыся абшукваць яе. Яна перапалоханая, але стараецца ўсміхацца збялелымі вуснамі. Бачу, што яна дрыжыць усім целам. Я абшукваю яе хутка і павярхоўна. Лаўлю падміргванне Грабара і яго гідкую ўсмешку. Пачынаю абшукваць перамытніцу больш дакладна і спакойна. Нічога не знаходжу. Гэта выглядае падазрона, бо думаю, што яна дрыжыць усім целам не толькі ад страху перада мною, але і баючыся, каб я не знайшоў чагосьці, схаванага пры ёй. Калі б не думка, што калегі інакш гэта зразумеюць, я б абшукаў яе яшчэ больш дакладна. Тады я звярнуў увагу, што яе валасы ззаду завязаны ў вялікі вузел. Вымаю з іх шпількі і грабяні. На зямлю нешта падае — гэта некалькі соцень даляраў, моцна скручаных і звязаных у кавалку чорнай панчохі.
— Мудра! — сказаў я ёй і ўспомніў Лорда, бо гэты выраз быў яго любімым слоўцам.
Звычайна праважатыя самі не нясуць усіх грошай, а частку іх даюць на перахоўванне верным людзям са сваёй партыі.
Пасля вобыску я сказаў людзям, якія ляжалі на зямлі:
— Устаць!
Усе паспешліва ўзняліся з зямлі і ўважліва глядзелі мне ў твар.
У гэты момант я сказаў:
— Айда на шпацыр! I запрашаю яшчэ раз у госці з таварам!
Твары перамытнікаў павесялелі. Той, якога я калісьці параніў, звярнуўся да мяне:
— Таварыш дазволіць мне пашукаць у лесе шапку? Я згубіў яе, калі ўцякаў.
— Пойдзеш і без шапкі! Бачу, што табе моцна шкадаяе! Айда ў дарогу!
«Сланы» борздзенька пайшлі ў паказаным ім напрамку і хутка зніклі ў лесе. А мы злажылі тавар у дзве вялікія носкі. Там было 42 мардары і 5 пакункаў пясцоў. У адным мяшку мы знайшлі трохі правіянту і брудную жаночую бялізну. Грабар засмяяўся:
— Вось гэта элегантка! Нават на работу запасную бялізну бярэ!.. Гэта на выпадак, калі спалохаецца!
Потым ён сказаў мне:
— Ты не мог абшукаць яе як належыць? Трэба было дагала распрануць.
— Ён яе не распранаў, але ўсё знайшоў, — сказаў Шчур. — А ты распрануў бы, і нічога, акрамя ворса, не ўбачыў бы.
Мы дастаткова шмат зарабілі на гэтай партыі, якая зусім неспадзявана трапіла нам у рукі. Потым Грабар знайшоў у лесе згубленую «паўстанцам» шапку. Мы распаролі яе і нічога не знайшлі... Дзіўна ўпарты тып! Навоштаяму патрэбна была гэтая нікчэмная шапка! Я думаў, што ў ёй грошы.
Мы ідзём на меліну ў лес. Там раскладаем вогнішча. Ядзім, п'ем спірт, але мы незадаволеныя. Тое, што партыя Гетмана вырвалася з нашых рук, заганяла нас у дрэнны настрой.
— Ну, нічога... Убачым! — кажа, блішчучы вачыма, Шчур.
Мы без пытанняў ведаем, што ён мае на ўвазе. Разумеем з паўслова, з аднаго жэста, з аднаго руху.
Пачаліся дажджы. Ночы былі чорныя. Мы ныралі ў іх, нібы ў сажу. Мы ганяліся за партыяй Гетмана. Калі Шчур
за бясцэнак прадаў рэшту тавару, якога назбіралася шмат, то сказаў:
— Ну, хлопцы, зараз бяромся за Гетмана. Павінен ён, халера, лопнуць!
— I лопне! — урачыста сказаў Грабар.
— Цяпер інакш будзем яго браць! — сказаў Шчур.
— Як? — спытаў я.
— Як? — паўтарыў ён маё пытанне. — А так: на меліне... Як яны ў дарогу, то і мы ў дарогу! Яны на меліну — і мы на меліну. Яны з меліны — шасць, а мы — цап за морду! Аддавайце, халеры, сармак або тавар!
— Гэта клёва, — пацвердзіў Грабар, удараючы далонню аб калена.
ТТТчур вярнуўся ў мястэчка, а я і Грабар мелінуем у лесе. Знайшлі дасканалую схову. У выпадку шухеру можна лёгка «развеяцца» ва ўсе бакі. Вечарам да нас прыбег Шчур.
— Ну, хлопцы, у дарогу!.. Пайшлі!..
Інстынктыўна знаходзячы дарогу, у поўнай цемры мы ідзём у напрамку Мінска, дзе знаходзіцца меліна Гетмана. Мы рушылі, як толькі пачало змяркацца. Ішлі вельмі хутка, без адпачынку, і ў дванаццаць гадзін ночы апынуліся каля меліны Гетмана. Шчур паціху пералез праз агароджу і пабег да гумна. Потым вярнуўся да нас:
— Ну, айда, хлопцы! Усё ў парадку.
Мы пайшлі да гумна. Праз дзірку пад вялікай брамай прасунулісяўсярэдзіну. Тым была цішыня і цемра. 3 левага боку гумна былі сусекі, на якіх звычайна спалі «паўстанцы». Справа стаяла сячкарня і ляжалі стосы снапоў. У адным куце я ўбачыў некалькі мяшкоў збожжа. Паміж імі і сцяной гумна быў вузенькі праход. Мы схаваліся там. Шчур сказаў нам:
— Сёння прыйдуць і сёння пойдуць назад. Ведаю гэта на «пэ»!.. Разумееце? Сюды яны нясуць дарагі тавар, а за граніцу возьмуць яшчэ даражэйшы: скуркі за тры партыі тавару. Вось гэтабудзе работка!.. Толькі глядзіце, бо Гетман мае машыну... Грабар стане пры браме, а ты пакладзеш іх і абшукаеш. Забярэш «трубку» у Гетмана... Форсы не
шукай, бо многа яны не маюць, а тавар будзе ў мяшках... Павінны ўжо падыходзіць. Выйшлі раней за нас, а цяпер дванаццаць...
Праз пятнаццаць хвілін мы пачулі пад сцяной гумна шум крокаў. Потым усё сціхла.
— Пайшлі да гаспадара, — ціха сказаў Шчур.
Неўзабаве мы пачулі шум ля дзвярэй. Скрыгатнула засаўка. Заскрыпелі дзверы гумна. Мы пачулі шоргат крокаў па дошках. Мелінар дастаў з-пад кажуха запалены ліхтар і паставіўяго каля варотаў. Мыўбачылі перамытнікаў, якія круціліся па гумне. Іх было адзінаццаць. Яны паскідалі з плячэй носкі і клалі іх збоку ля ўваходу ў гумно. Яны рассцілалі сена на падлозе і клаліся адпачываць. Мелінар, Гетман і яшчэ двое перамытнікаў узялі носкі і выйшлі з гумна. Праз некалькі хвілін вярнуліся, несучы пяць вялікіх носак, у каторых былі белыя і чорныя каракулевыя скуркі, якія «паўстанцы» павінны былі занесці ў Польшчу. На дваіх прыпадала адна носка, і яны павінны былі несці яе пачаргова.
«Сланы», лежачы на сене, курылі папяросы.
— Есці будзеце? — спытаў мелінар у Гетмана.
— He. Зараз вяртаемся. Трэба да раніцы перайсці граніцу. Вып'ем — і ў дарогу, — адказаў перамытнік.
— Як хочаце, — сказаў селянін.
— Можа, прынясіце трохі яблыкаў? У вас ёсць добрыя антонаўкі, — пачуў я голас нейкага «паўстанца».
— Антонаўка ў мяне знакамітая! — сказаў мелінар і, хаваючы ліхтар пад кажухом, выйшаў з гумна.
Робіцца цёмна. У змроку свецяцца аганькі папярос. Чуваць скупыя словы. Усе адпачываюць. Нехта задрамаў. I тут Шчур ціха кажа:
— Грабар ля варот! Ты ўсярэдзіну!..
— Пайшло... Першая катэгорыя! — шэпча Грабар.
Мы выйшлі са сховаў і ў цемры пайшлі наперад. Я трымаю ў левай руцэ ліхтар, а ў правай — зараджаны парабелум. Набліжаюся да «паўстанцаў», якія ціха размаўляюць паміж сабой... Чакаю...
— Тут ёсць хто чужы? — чую голас у цемры.
У гэты момант я ўключаю ліхтар і высоўваю ўперад парабелум. Ля варот гумна і ля засекаў блішчаць ліхтарыкі калегаў.
— Рукі ўверх! Раз, два... Ну, бо ў лоб!