Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Рэгістр
Памер: 405с.
Мінск 2019
93.88 МБ
Дрэва на вогнішча было мокрае і дымнае. Гэта было і дакучліва, і небяспечна, бо дым мог прадаць мяне. У кіламетры ад маёй сховы я заўважыў складзеныя ў касцёр сухія бярозавыя дровы. 3 аднаго кастра я зняў верхнюю мокрую частку дроў і пачаў зносіць у маю схову сухія бярозавыя дровы. Склаў пад страхой так, каб дождж не намачыў іх. Цяпер у мяне было дастаткова дроў для вогнішча, і я быў надзейна схаваны ад непагадзі.
Са мной пастаянна быў кот. Калі дождж спыняўся, кот ішоў некуды ў лес. Вяртаўся мокры, цёрся аб мяне, грэўся ля вогнішча і спяваў мне сваю манатонную песеньку. Мне было весела ад яго прысутнасці. Я размаўляў з ім, дзяліўся рэшткамі ежы, а ён прымаў гэта ўсё з надзвычайнай сур 'ёзнасцю. Але, нягледзячы на сваю сур'ёзную міну, мой таварыш з адрэзаным хвастом і парэпанымі вушамі быў падобны да бяздомнага валацугі, а не на заўзятага хатняга пагромцу мышэй.
Увечары я ішоў у лес. Нацягваў на добра знаёмыя мне сцежкі ніткі, перагароджваў пераходы злёгку прымацаванымі галінкамі. На берагах рэк і ручаёў, дзе былі броды, я заціраў даўнія сляды, каб пасля пераходу партыі заставаліся свежыя. Потым вяртаўся ў сваю схову. Шмат разоў я з цяжкасцю знаходзіў яе ў змроку ночы. Падтрымліваў вогнішча, якое гарэла ў глыбока выкапанай яме. Я адсланяў уваход у будан і расстаўляў вакол розныя перашкоды, каб такім чынам людзі, наблізіўшыся да маёй сховы, нарабілі б шуму. Потым пёк бульбу і еў яе з салам. Выпіў трохі спірту і, нічога не падкідаючы ў агонь, каб не было водбліскаў, клаўся спаць на смалістых, сагрэтых агнём лапках ядлоўцу.
Дождж барабаніць і цурчыць, сцякаючы з даху. Жар вогпішча напаўняе цяплом маю схову. Кот туліцца да мяне
і мармыча песеньку. Я трымаю зброю напагатове, хаця адчуваю сябе тут у поўнай бяспецы... Хто сюды пойдзе ўначы? Ноч, маці нешчаслівых людзей, вымушаных хавацца ад іншых, атуліла мяне сваім вэлюмам.
Раніцай я пайшоў аглядаць сляды, пакінутыя ўначы на сцежках і патаемных пераходах. Раблю пэўныя высновы і старанна занатоўваю іх у памяці.
Назаўтра раніцай пасля адыходу калегаў я заўважыў, што партыя Павука вярнулася ў Польшчу. 3 таго часу за граніцу яны болып не хадзілі. Можа, ім перашкодзіў лівень. Калі б нават я не заўважыў іх паходу ў Саветы, то павінен быў заўважыць іх вяртанне, таму што нічога не абмінаў сваёй увагай. Раблю гэтую выснову са слядоў і многіх акалічнасцей, якія, разам узятыя, давалі дакладны вобраз нач нога жыцця на паграніччы.
Заканчваецца шосты дзень майго побыту ў Краснасельскім лесе. Спірту не маю ўвогуле. Шакалад таксама скончыўся. Засталося толькі трохі сала. Я эканомлю яго і таму пастаянна галодны. Печаная бульба без солі ўжо мне надакучыла. Партыя Павука да гэтага часу за граніцу не пайшла, таму нішто мяне не прымушае сачыць за імі далей. Можназлёгкасцюдаведаццапраяеўмястэчку. Разважыўшы пра ўсё гэта, я вырашыў сёння ўначы ісці за граніцу.
Адзін дзень і адну ноч дажджу не было, а цяпер зноў пачалі падцягвацца горы чорных хмар. Яны шчыльна пакрываюць неба, і робіцца цёмна. Насоўваецца вялікі лівень. Кот становіцца неспакойным. Ён пастаянна круціцца, хоча некуды бегчы, мяўкае. Я супакойваю яго.
Надышоў вечар. У лесе зусім цёмна. Пануе цішыня. Усё замірае, і мне здаецца, што толькі хмары з глухім грукатам паўзуць па небе. Я падкідаю ў агонь усе дровы і разводжу вялікае вогнішча. Грэюся і пяку бульбу. Выгортваю яе набок. Вымаю з сумкі апошні кавалак сала. Трэцюю частку даю кату, а сваю порцыю з'ядаю з печанай бульбай.
Робіцца ўсё цямней. Я ўстаю. На развітанне гладжу ката, а гютым выходжу са сваёй сховы. Ззаду мяўкае кот. Мусіць, адчувае, што я назаўсёды пакідаю яго.
Іду прама праз лес, у напрамку дарогі, якая вядзе на Затычын. Здалёк раздаюцца глухія, цяжкія ўздыхі грымот. Яны ўсё бліжэй да мяне. Налятае вецер і ляціць уверсе, па верхавінах дрэў, напаўняючы лес сумным шумам.
Змяркаецца. Я ледзь знаходжу дарогу паміж дрэвамі. Раптам, нібы прамень на луг, на лес падае зялёная маланка. Нізка, як з-пад зямлі, гучаць грымоты і цяжкімі хвалямі плывуць у змрок... Другая маланка — жоўтая -рассякае паветра... Трэцяя — чырвоная — выбухнула як ракета... Чацвёртая — залатая — далёка пратыкае змрок... Пятая — белая — зрывае ноч з зямлі, і нейкі час я выразна бачу кожны пень, кожную галінку, кожны ліст... А потым бліскавіцы зыркаюць безупынна. Пераплятаюцца, апераджаюць адна адну, імкнуць адна за адной, раскідаючы паміж дрэвамі патокі святла...
Паветра дзівосна вібрыруе, цяжка гучыць... Дрэвы дрыжаць... Навальніца... Вецер ламае галінкі і валіць на зямлю дрэвы... Бліскавіцы ўшчэнт разбіваюць магутныя сосны, ядлоўцы і бярозы. Лес дрыжыць...
А я ўсё іду ўперад. Зверху на галаву мне валяцца зламаныя галінкі. Дзесьці справа і злева падаюць зламаныя дрэвы. Угары мігацяць бліскавіцы. Трывожны шум лесу зліваецца са свістам ветру і грукатам грому.
Я трымаю ў руцэ ліхтарык, але асвятляць ім няма патрэбы: бліскавіцы бесперапынна асвятляюць мне дарогу.
Нарэшце я выйшаў на ўскраек лесу. Іду полем у некалькіх дзясятках крокаў ад апошніх дрэў. Тут бяспечней: зламанае дрэва не прыдушыць, і не ўдарыць маланка, якая зваліцца з вышыні.
Пачаўся лівень. Па палях паплылі патокі вады. Хутка я стаў зусім мокры. Паспрабаваў уключыць ліхтарык, але ён зусім сапсаваўся. Я дастаў з кішэні наган і з двума пісталетамі ў руках іду ўперад. Стараюся выйсці на тракт. Інакш у такое надвор'е не змагу знайсці правільны напрамак.
Нарэшце знайшоў дарогу. Доўга разглядаю яе, пакуль не рашаюся ісці наперад. Баюся, каб не заблукаць.
Вырушваю ўперад. Зброю трымаю напагатове. Пад праліўным дажджом шлёпаю ўперад па бясконцых лужынах. Абапал дарогі ірвамі плывуць патокі вады.
«Што цяпер робіць кот?.. Ад маёй сховы ў лесе, будана і вогнішча, напэўна, не засталося і следу».
Я іду трактам усё наперад і наперад. Адзін за адным мінаю некалькі мастоў. Лічу іх. Паблізу павінен быць мост на другой лініі. Прыпыняюся і слухаю, але праз хвіліну вырушваю далей. «Ці можна што-небудзь адрозніць у гэтым урагане гукаў?»
Узыходжу на мост. Паволі, засяроджаны, трымаючы ўказальныя пальцы на курках зараджаных рэвальвераў, іду наперад. «Можа, каля мяне побач нехта ёсць?» Раптам я ледзь не ўпаў. Спыніўся і даткнуўся нагой да нечага мяккага. Гэта згублены з возу мяшок з сенам.
Іду наперад. Дарога па слізкім стоку пнецца ўгору. Ад граніцы мяне аддзяляе кіламетр дарогі. Нага праз нагу, я паволі цягнуся ўперад. Паглядзеў на бліскучыя стрэлкі гадзінніка: цяпер дзясятая гадзіна. Праз гадзіну, калі пайду хутка, буду на меліне.
Я адчуваю, што граніца паблізу. Збочваю з тракту ўлева і неўзабаве, пагружаючыся па пояс у ваду, пераходжу звычайны ручай, у які цяпер хутка прыбывае вада — праз некалькі гадзін ён ператворыцца ў раку.
Нарэшце я наблізіўся да мястэчка. Дайшоў да вуліцы Мінскай, потым на рынак, адтуль на Слабодку. Праз паўгадзіны я быў каля нашай меліны. Па даху хлева ўзлез наверх і спусціўся ў дзверцы, якія вядуць на гарышча. Праз хвіліну пачуў голас Грабара:
— Хто там?
— Я, Уладак.
Дзверцы паспешліва адчыніліся. Я ўвайшоў у падстрэшша. На перавернутай дагары дном скрыні гарыць свечка. Каля яе на меншай скрыні сядзіць Шчур. Перад ім стаяць бутэлькі і закуска. Шчур радасна вітае мяне:
— Ты ўсё роўна як ведаў, калі прыходзіць. Мы гаварылі пра цябе. Я хацеў ісці па цябе сёння, але меў тэрміновую справу ў мястэчку, таму адклаў гэта на заўтра.
— Дайце мне выпіць і паесці, — кажу я калегам, — бо згаладаўся.
Я паспешліва выпіў шклянку гарэлкі і з'еў тоўстыя скібы шынкі. Потым, трохі супакоіўшы голад, зняў з сябе мокрае адзенне, бялізну і абутак і апрануў сухое.
Шчур расказаў мне, што Павук пасля таго, першага, разу зрабіў перапынак, бо купцы не мелі тавару і чакалі транспартуз Вільні.
— Дык я дарма там сядзеў? — кажу я Шчуру.
— He... Гэта спатрэбіцца на будучыню... Ты лепш даведаўся, як ходзяць «сланы»!..
Потым Шчур дастаў з кашалька 1960 даляраў — маю долю з апошніх ходак. Цяпер я меў разам з тым, што раней зарабіў і што даў схаваць Петрыку, больш за 4 тысячы даляраў. Для мяне гэта вялікая сума. Я змог бы зрабіць так, як мне калісьці раіў Сашка: спыніць работу і выехаць у вялікі горад, каб застацца там назаўсёды. Я думаю пра гэта, але Шчур перапыняе мае думкі. Ён ажыўлена выкладае нам праекты будучай работы. Распаляецца, пагражае кулакамі «паўстанцам» і падбадзёрвае нас сваім запалам.
Мы выпілі яшчэ шклянку сівухі за поспех і ляглі спаць.
ТТТчур па прычыне ліўня не вярнуўся ў мястэчка і застаўся на ноч з намі. Ён сказаў, што параненага мной «паўстанца» патаемна лечаць у мястэчку і што партыя, у якой ён ішоў, вярталася без грошай і без суправаджэння.
Мы курым папяросы і доўга паціху размаўляем, а над намі шалее навальніца...
Я заснуў. У тую ноч мне сніліся сланы... He афрыканскія і не індыйскія, а нашы, пагранічныя, якіх старыя фартоўцы пагардліва называюць «паўстанцамі». Я сачыў за імі, гнаўся, лавіў. Дапамагаў мне ў гэтым вялікі рыжы кот з адрэзаным хвастом і парэпанымі вушамі.
Глава 10
Аднаго дня Шчур прыйшоў да мяне на меліну раней, чым я спадзяваўся. Узлез на гарышча, замкнуў за сабой дзверцы і ўрачыста прамовіў:
— Ведаеце, хлопцы, што?
— Ну-ну, кажы хутчэй! — сказаў Грабар.
— Петрык Філосаф развітваецца з граніцай. Сёння ён выязджае ў Вільню. Хоча пабачыцца з табой, — сказаў ён мне. — Ён знайшоў сям'ю. Учора атрымаў ліст ад маці. Хадзіў як п’яны. Сёння пачаў збірацца ў дарогу. Мужанскі, яго гаспадар, ледзь не плача. Стары прывык да яго. Палюбіў, як сына.
Шчур замоўк. Доўга думаў, а потым сказаў:
— Ведаеце што, хлопцы? А можа, і нам на пару дзён драпнуць у Вільню? Га?.. Маем столькі скурак. Трэба іх «апыліць». Ну, і пагуляем трохі. Што ты на гэта?
— Пойдзе! Першая катэгорыя! Я хоць ужо! — сказаў Грабар.
У гэты момант я сказаў:
— Я таксама згодзен. I трэба, зрэшты, зрабіць штосьці са скуркамі. Столькі іх назбіралася!
Шчур пайшоў у мястэчка пагаварыць з Петрыкам пра наша падарожжа ў Вільню. Вярнуўся ён увечары, несучы два новыя вялікія чамаданы. Мы запакавалі ў іх усе скуркі і пачалі парадкаваць адзенне, каб выглядаць крыху прыстойней.
— Петрык таксама едзе начным цягніком? — спытаў я ў Шчура.
— Так.
— Ён ведае, што і мы едзем?