Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
This publication has been supported
by the ©POLAND Translation Program
Культавы раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” ўпершыню перакладаецца з аўтарскай версіі, дапоўненай і папраўленай Сяргеем Пясецкім у 1964 годзе. Гэты твор захаваў на сваіх старонках магічнае, невядомае і насычанае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў, якое б знікла назаўжды, калі б не пільнае вока аўтара, які за гэтай стыхіяй назіраў. Каларытная дакументальная аснова, асабісты досвед, яркія характары і шчырыя пачуцці а над усім гэтым коціцца дзіўны Вялікі Воз... валадарыць цудоўная, адзіная, зачараваная Вялікая Мядзведзіца.
Пераклад зроблены паводле выдання: Sergiusz Piasecki „Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy”, Warszawa: Wydawnictwo LTW, 2002. Tom opracowany na podstawie wydania Polskiej Fundacji Kulturalnej, Londyn 1969.
Copyrights © 2020 by Sergiusz Piasecki Trust
All rights reserved
© Марыя Пушкіна, пераклад на беларускую мову, 2020
© Logvino literaturos namai, 2020
ISBN 978-609-8213-76-8
АД ЛУТАРА
Уявіце сабе мастака, які перадае свой твор на выставу, а потым атрымлівае ад дырэктара галерэі ліст з просьбай дазволіць карціну паменшыць... бо яна занадта вялікая, — несумнеўна, падобнага суб’екта жывапісец палічыць вар’ятам. Са мной такое здарылася ў 1937 годзе. Справа тычылася майго рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, які, па сутнасці, складаўся з трох цыклаў твораў, аб’яднаных адной назвай.
Праз некаторы час пасля заключэння дамовы аб публікацыі рамана я атрымаў ад выдавецтва ліст за подпісам вядомага ў Польшчы літаратара. Літаратар гэты прасіў дазволу на скарачэнне рамана, паколькі “...I для публікацыі ў адным томе твор занадта вялікі, а публікацыя ў двух тамах пашкодзіць яго чытэльнасці”. Ён паабяцаў асабіста пракантраляваць, каб скарачэнні былі зробленыя карэктна. Я быў вымушаны пагадзіцца на такую прапанову. Мяркуючы, аднак, што скарачэнні будуць зробленыя “прафесійна”. Гэта было вельмі проста. Добры стыліст прагледзеў бы ўвесь тэкст, па ўсіх раздзелах раўнамерна выкрэсліваючы слабейшыя месцы або зацягнутасці.
Канструкцыя майго рамана “матэматычная”: ён складаецца з 3 частак, кожная з якіх мае 15 раздзелаў, кожны раздзел — каля 10 старонак. Мне падавалася, што з гэтага твора нічога нельга выкінуць, такога меркавання я прытрымліваюся і цяпер — праз 25 гадоў з моманту публікацыі рамана, улетку 1937 года...
Тады, атрымаўшы кнігу з друкарні, я быў здзіўлены “прынцыпам”, згодна з якім былі зробленыя скарачэнні. 3 тэксту выбіраліся некаторыя раздзелы і адтуль
выкідаліся падзеі, для якіх акурат увесь раздзел і быў напісаны. Напрыклад, кантрабандысты рушылі ў дарогу і прыйшлі на маліну. А тое, што адбылося з імі па дарозе, знікла. Такім чынам некаторыя раздзелы скарачаліся на 4 або 8 старонак. Падобных “кастрацый” правялі шмат, пусціўшы ў расход каля 50 старонак тэксту. Прыбралі нават XIV раздзел з другой часткі, што наогул разбурыла будову твора. Часам фрагменты выкідвалі такім чынам, што дзеянне губляла сэнс... А вось пра арфаграфію і моўныя памылкі не парупіліся... Напрыклад, “He гледзячы на сталы ўзрост Зузя яшчэ добра трымалася...” Замест: нягледзячы..., не зважаючы..., хоць і была ў сталым веку... і г.д. Нельга назваць гэта недаглядам карэктара, бо памылка паўтараецца на старонках рамана шмат разоў. Толькі цяпер я гэта паправіў.
Раман здабыў вялікі поспех, але я думаў пра яго са шкадаваннем як пра твор, якім пагарджалі ў імя прагматычнага разліку: абы найтанней выдаць і абы як найбольш на ім зарабіць. Атрымаўшы кнігу, я не мог пазбыцца такога ж адчування, якое мог бы мець згаданы на пачатку мастак: вось мая карціна з абрэзанымі краямі, з мноствам дзір у палатне — абы толькі пасавала да сцяны, дзе ёй давялося вісець.
•
Улетку 1939 года я атрымаў ліст ад Ю. Тувіма і яшчэ аднаго пісьменніка, які цяпер жыве ў Польшчы. Яны збіраліся выдаваць літаратурны часопіс “Ксантыпа” і прапанавалі мне супрацоўніцтва. Я адказаў ім, што цяпер цалкам заняты іншым. Але магу аддаць ім у друк цікавую рэч — фрагменты, выкінутыя з рукапісу рамана “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Я нават прапанаваў ім агульную назву: “Неператраўленае Вялікай Мядзведзіцай”. Наша ліставанне скончылася тым, што ў арыгінальным рукапісе я чырвоным алоўкам пазначыў выкрасленыя пры публікацыі месцы і даслаў твор заказной бандэроллю
на пададзены мне адрас. Але неўзабаве пачалася вайна. Натуральна, намер выдаваць “Ксантыпу” не ажыццявіўся. Мой рукапіс згубіўся, і я страціў надзею яго адшукаць, а значыць, цалкам узнавіць твор.
•
Праз шмат гадоў надарылася магчымасць выдаць кнігу ў эміграцыі, у Італіі ў 1946 годзе. У нас быў экзэмпляр рамана з выдзертым з яго пачаткам — не хапала каля 20 старонак. Трэба было перакласці іх з італьянскага выдання. Гэта зрабілі паспешліва. Вядома, гэты тэкст адрозніваўся ад арыгіналу і скажаў агульны стыль. У той час я быў вымушаны хутка пераехаць у Англію, а раман друкавалі ў Італіі. Магчымасці вычытаць тэкст у мяне не было. Нягледзячы на гэта, эміграцыйнае выдавецтва паставілася да твора добра. Быў уведзены новы правапіс. Паправілі многа старых грубых памылак. З’явілася крыху новых. Аднак я ўпэўнены, што, калі б выдавецтва атрымала арыгінальны рукапіс, раман быў бы надрукаваны належным чынам.
Прайшло яшчэ 15 гадоў. Польскі Культурны Фонд прапанаваў мне перавыдаць раман. Я ахвотна пагадзіўся, бо гэта была нагода ўпарадкаваць твор. У мяне ёсць даваенны асобнік 1937 года і эміграцыйнае выданне 1946 года. Калі б я апрацоўваў тэкст паводле айчыннага выдання, мне давялося б унесці ў яго каля 20 000 правак. Таму я працаваў з эміграцыйным асобнікам. Агулам я зрабіў каля 7 000 правак. Крыху ўпарадкаваў тэкст. Але ўзнавіць выкрасленыя без патрэбы месцы не атрымалася. Па іх засталося мноства шнараў.
•
Перадаючы гэтую кнігу ў рукі польскіх чытачоў — для якіх я яе і напісаў, — я хачу звярнуць увагу на “магію” рамана. Ён захаваў на сваіх старонках жыццё невядомае, насычанае, цікавае, якое знікла б назаўжды, калі б
не мозг і не пачуцці аўтара, які за ўсім гэтым назіраў. Гэты твор — вынік працы гісторыка, сацыёлага, псіхолага і нават (фігуральна выражаючыся) археолага, які здабыў з руінаў і попелу страчаную “культуру”. He ўсім яна спадабаецца. Але я рабіў гэта з павагай да людзей і рэчаў. Хай і чытач паспрабуе спазнаць гэтае жыццё. Варта нават параўнаць многія яго праявы з тым, што акружала нас у Польшчы да вайны, што дзеецца там цяпер і што мы бачым у вялікім свеце.
Нямецкая крытыка адзначыла, што раман — апафеоз свабоды, і нават звязала гэта з галоўнай рысай характару польскага народа. Але я хачу звярнуць увагу чытачоў на іншы “апафеоз” гэтага рамана: высокае пачуццё салідарнасці і таварыскасці — бескарыслівае і самаахвярнае сяброўства між “хлопцамі” цвёрдых характараў. У адчуваннях Уладзя гэта мела большую вагу, чым жаночае каханне або прыбытак. Таму пасля страты Сашкі, Жывіцы, Крумкача, Далакопа, Шчура ён адчуў сябе па мяжы самоты... пад зоркамі... Яму засталіся краса прыроды і смутак, бо хараство вернага мужчынскага сяброўства загінула.
Хай “ключом” да ідэі рамана чытачам паслужыць кароткі ўступ, якія я напісаў у Італіі познім летам 1946 года.
Аўтар
1963
VCTVn
Жылі мы як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас прыгожыя дзяўчаты. А мы купаліся ў золаце. Плацілі золатам, срэбрам і далярамі. Плацілі за ўсё: і за гарэлку, і за музыку. За каханне плацілі каханнем, за нянавісць — нянавісцю.
Ялюбіў сваіх прыяцеляў, бо яны ніколі мяне не падводзілі. Былі гэта простыя, неадукаваныя людзі. Але часам такія цудоўныя, што ажно дзіва бярэ. I тады я дзякаваў Прыродзе за тое, што я чалавек.
Я любіў пагодныя вясновыя раніцы, калі сонца забаўлялася, як дзіця, раскідваючы па небе колеры і водбліскі. Любіў познія летнія захады, калі зямля патыхала гарачынёю, а вецер мякка песціў і халадзіў духмяныя палі. Любіў таксама стракатую чароўную восень, калі золата і пурпур зляталі з дрэваў і ткалі на сцежках узорыстыя кілімы, а на яловых лапах гушкаліся сівыя туманы.
Любіў я і марозныя зімовыя ночы, калі клейкая цішыня разлівалася ў паветры, а задуменны месяц дыяментамі аздабляў снежную бель.
I сярод гэтых цудаў і скарбаў, сярод барваў і блікаўмы жылі, быццам заблукалыя ў казцы дзеці. Жылі і змагаліся не за мізэрныя аб’едкі, а за свабоду руху і свабоду сяброўства... Шумелі ў нашых галовах віхуры, бліскалі ў вачах маланкі, танчылі для насаблокі, смяяліся зоркі. Віталі нас і праводзілі залпы стрэльбаў — часта на смерць, якая разгублена кружыла вакол, не ведаючы, каго схапіць першым.
Часта мне займала дух ад асалоды Жыцця. Часам падурному падступалі слёзы. А часам хтосьці брутальна лаяўся, na-дзіцячы ўсміхаўся і ўпэўнена працягваў верную руку.
I мала было слоў. Але словы былі словамі, я лёгка іх разумеў і заўжды ведаў, што гэта не слова гонару і не словы клятвы. Таму яны былі надзейныя...
Таку пярэстым віры беглі дурныя дні і вар’яцкія ночы, якімі Хтосьці за штосьці нас надзяліў.
А над усім гэтым: над намі, зямлёй і аблокамі — паўночным бокам неба каціўся дзіўны ВялікіВоз... валадарыла цудоўная, адзіная, зачараваная Вялікая Мядзведзіца.
Пра яе, пра нас — кантрабандыстаў — і пра мяжу я апавяду ў гэтым рамане, які паўстаў з болю і тугі па харастве Праўды, Прыроды і Чалавека.
1946
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ПАД КОЛЯМІ ВЯЛІКЯГЯ возя
Дожджык на мяжы ўмывае, Потым сонца сушыць.
Лес ад кулі нас хавае, Крокі вецер глушыць. (3 песні кантрабандыстаў)
I
Гэта была мая першая дарога. Нас ішло дванаццаць: я і яшчэ дзевяць кантрабандыстаў, вёў партыю “машыніст” Юзаф Трафіда — стары, дасведчаны праваднік, пільнаваўтавар габрэй, Лёва Цыліндар. “Ношкі” ў нас былі лёгкія, па 30 фунтаў кожная, але вялікія. Тавар быў дарагі: панчохі, шалікі, пальчаткі, шлейкі, гальштукі, грабянцы...
Мы сядзелі, патанаючы ў цемры, у доўгім, вузкім і вільготным рове, што цягнуўся пад высокім насыпам. Паўзверх бегла дарога з Ракава да мяжы — на паўднёвы ўсход. Ззаду міргалі агні Паморшчыны. Наперадзе была мяжа. Мы адпачывалі. Стаіўшыся ў рове, хлопцы хавалі агеньчыкі папярос у рукавах куртак і апошні раз курылі перад тым, як рушыць праз мяжу. Курылі яны паволі, сквапна ўцягваючы ў грудзі тытунёвы дым. Некаторыя спяшаліся і смалілі ўжо другую папяросу. Усе сядзелі на кукішках, абапіраючыся аб вільготныя сцены канала спінамі, да якіх рамянямі, быццам школьныя ранцы, былі прымацаваныя вялікія ношкі.