Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
— Ты ўжо ўстаў?
— Даўно.
— Я крыху затрымаўся. Адзін клопат з габрэямі! Забраў грошы за работу і аддаў хлопцам. Заўтра рушым у дарогу. Тавар рыхтуюць.
Ён дастаў з кішэні дзве залатыя дзесяцірублёўкі і аддаў мне.
— Вось табе два гузікі... Твой першы заробак... Сплюнь, каб не сурочыць!..
Я ўзяў грошы. Хацеў пакінуць яму 10 рублёў, каб перадаў маці на прадукты, бо я жыў і еў разам з імі, але Юзаф не ўзяў. Сказаў, што з гэтым ён разабраўся і мы разлічымся потым, калі я зараблю больш. Потым я спытаў Юзафа пра мужчыну з бізуном, якога бачыў з ім на вуліцы. Мой сябра рассмяяўся.
— Гэта, братка, той яшчэ нумар! Ты яго скуль ведаеш?
— Я яго зусім не ведаю. Бачыў во толькі, як ён з табою размаўляў.
— Гэта нарачоны Гэлькі. Мне ён не падабаецца, але дзяўчына ў яго ўкляпалася... Што з бабай паробіш?..
— Таксама кантрабандыст?
— Так. Зваць яго Альфрэд Алінчук. Іх пяцёра братоў: Альфрэд, Альбін, Адольф, Альфонс і Амброзі. Усе на “A”. I прозвішча на “А”: Алінчукі. Яны самі за мяжу ходзяць. Са зброяй ходзяць. Кантрабандысты добрыя, але хлопцы абы-што. Hoc халерна задзіраюць і іншых хлопцаў пустым месцам лічаць! Вялікіх паноў з сябе строяць, а ногі дзёгцем смярдзяць. Іх дзед смалярню меў, а бацька вупражжу і дзёгцем гандляваў... Ну, і чорт з імі! Хадзем на рынак. Трэба табе боты купіць!
Я ўзяў шапку і мы выйшлі на вуліцу. Прайшлі да вялікай, што вокам не ахопіш, плошчы, застаўленай вазамі. Сярэдзіну займаў вялізны аднапавярховы прамавугольнік крамак. Па краях плошчы таксама размясціліся габрэйскія крамкі, чайныя, карчма і рэстараны. Поруч з крамкамі стаялі латкі вандроўных гандляроў і шаўцоў.
Мы з цяжкасцю пракладалі сабе шлях у шчыльным натоўпе. Над плошчай можна было б узняць велізарную харугву Бахуса. Тут пілі ўсе. Пілі паўсюль: стоячы, лежачы, седзячы. Пілі на вазах, між вазамі і пад вазамі. Пілі мужчыны і жанчыны. Маці паілі маленькіх дзяцей, каб і яны бавіліся на кірмашы, паілі немаўлят, каб тыя не плакалі. Я нават бачыў, як п’яны мужык задраў каню храпу і заліваў яму ў горла гарэлку проста з пляшкі. Ён ужо збіраўся дамоў і хацеў паказаць сябе “ўсяму свету”, памчаўшы па-заліхвацку.
Трафіда павёў мяне да шавецкага латка, павітаўся з гаспадаром і сказаў:
— Боты патрэбныя. Але, разумееш, такія, каб ціптоп! Першы клас. Залаты тавар, залатая работа! Бо для залатога хлопца, які па залаты інтэрас ходзіць!
— Добра, — адказаў шавец і, не кранаючы тавару на латку, дастаў з-пад прылаўка куфэрак, а з куфэрка — пару хромавых ботаў.
— Лепшых і ў Вільні не зробяць! Толькі ці падыдуць?
Я прымераў. Былі крыху завялікія, але Юзаф раіў цесных не купляць, бо хутка зіма і можна будзе тоўстыя анучы накруціць.
— Колькі хочаш за скокі? — спытаў шаўца Трафіда.
— Пятнаццаць рублёў.
Юзаф засмяяўся:
— Бачыш, Уладзька, залатое дно. Паўсюль усё за даляры і золата. Канада, псякрэў! Бутэлька гарэлкі срэбны рубель каштуе, пляшка спірту — залаты, а за гэтыя “колы” пан майстар пятнаццаць залатых хрусцікаў жадае. I так кругом!
Мы згандляваліся на 10 рублёў і адзін даляр. Mae старыя боты пакінулі шаўцу.
Юзаф, задаволены, аглядаў мае ногі.
— На аматара мастацтва, псякрэў! Сам англійскі кароль такіх колаў не мае!.. Можа, яшчэ штосьці купіць хочаш?
He.
— Ну і добра. Наступным разам справім табе гарнітурчык дыхцік! Выстраішся, што той граф! Я ўжо задбаю! А боты трэба спырснуць... на шчасце і каб добра насіліся. Хадзем да Гінты!
Мы параўняліся з дзвюма дзяўчатамі, якія паволі пахаджалі ўздоўж прылаўкаў. Лускалі семкі, плюючыся шалупіннем ва ўсе бакі. Адна была ў чырвонай сукенцы і зялёнай хустачцы на галаве. Другая ў зялёнай сукенцы і жоўтай хустачцы. У руках яны неслі вялікія скураныя сумкі, якія проста зіхацеліся нікелем замочкаў. Занадта смела, амаль з выклікам, дзяўчаты агледзелі нас.
— Гэльці і Маньцы нашыя найніжэйшыя ўшанаванні! — весела адгукнуўся да іх Юзаф.
— 1 нашыя вам два! — адказала адна.
— Пашмараванні, — дадала другая.
— Што гэта за дзве такія? — спытаў я Юзафа.
— Кантрабандысткі, Гэлька Пудзель і Маня Дзюндзя.
— To і жанчыны кантрабанду цягаюць?
— Яшчэ як! Некаторыя лепш фартуюць, чым хлопцы. Але іх мала. На ўсё мястэчка і дзесяці не знойдзеш. Ходзяць тыя, у каго сваякі за мяжой.
Мы падышлі да рэстарана Гінты. Перад уваходам сабраўся натоўп мужыкоў з пляшкамі ў руках і кішэнях. Дзверы былі разнасцежаныя, разам з парай ад дыхання і дымам ад махоркі ў паветра ўздымаўся шум галасоў і п’яныя крыкі. Да нас падышоў Шчур. Лыпаючы вачыма і шчэрачы з-за тонкіх вуснаў жоўтыя зубы, ён халоднымі кашчавымі пальцамі паціснуў нам рукі. Сплюнуў праз зубы на боты выпадковых мінакоў і спытаў:
— Да Гінтулькі... га?
— Так.
— I я з вамі.
Шчур выглядаў дзіўна. На галаве ўяго была вялікая, “пушыстая”, амерыканская шапка ў клетачку, а на шыі завязаная па-блатному чырвоная хустка. Рукі ён увесь час трымаў у кішэнях. Ідучы, перавальваў плячыма направа і налева. Гэта быў растоўскі злодзей з цьмяным і бурным мінулым. Сам увесь парэзаны, ён ніколі не расставаўся з нажом. Шчур ніколі не прапускаў нагоды пабіцца, нават калі загадзя ведаў, што прайграе.
Мы зайшлі на зацягнуты брудам падворак і праз цёмныя, невыносна смярдзючыя сенцы праціснуліся ў вялікі пакой. Спачатку я нічога не мог разгледзець, бо памяшканне патанала ў хмары тытунёвага дыму. Потым я заўважыў некалькі столікаў і людзей за імі. Тут былі адны кантрабандысты.
Раптам з супрацьлеглага канца пакоя ўрэзаў гармонік, запаўняючы прастору гукамі старога расійскага
маршу. Гэта гарманіст Антоні, маленькі чалавек нявызначанага ўзросту, з зеленаватым тварам і ўскудлачанымі валасамі, вітаў прыход Трафіды.
— Салют, хлопцы! — адгукаўся Юзаф, абыходзячы столікі і вітаючыся з прысутнымі.
Антонію ён кінуў залатую пяцірублёўку. Гарманіст злавіў манету ў паветры.
— Гэта табе за марш, — сказаў Юзік.
Пераймаючы Трафідаў прыклад, я абышоў столікі, паціскаючы рукі прысутным кантрабандыстам. Руку Маманта я абхапіць не змог, а ён не сціскаў пальцаў, відавочна баючыся зрабіць мне балюча.
Кантрабандысты ссунулі разам тры столікі і расставілі на іх пляшкі з півам і гарэлкай, талеркі з кілбасой, хлебам і агуркамі. 3 нашай партыі я спачатку заўважыў толькі Болека Лорда, Фэльку Маруду, Бульдога і Маманта. Месца на чале стала займаў Болек Камета, знакаміты кантрабандыст, мужчына гадоў пяцідзесяці, з доўгімі чорнымі вусамі. Гэта быў вядомы на ўсім памежжы п’яніца і гуляка. Пазней я даведаўся, што мянушку “Камета” ён атрымаў таму, што, калі ў 1912 годзе да зямлі “неслася” камета Галея і павінен быў надысці канец свету, ён прадаў і прапіў з гэтай важнай нагоды ўвесь свой маёнтак. Поруч з ім сядзеў Кітаец — высокі хударлявы хлопец з аліўкавага колеру тварам і прыгожымі, крыху раскосымі вачыма. Было яшчэ некалькі мальцаў, але з імі я пазнаёміўся толькі потым.
— Кажу і заяўляю, — сказаў Камета, вырачыўшы вочы і паводзячы вусікамі, — хто не п’е, той жыўцом згніе!
— Мудра, — ухваліў Лорд, ударам аб калені выбіваючы коркі адразу з дзвюх пляшак.
Ён напоўніў шклянкі гарэлкай да паловы. Мармычучы штосьці сабе пад нос і хілячы галаву набок, Мамант падсунуў да сябе гарэлку і асцярожна, быццам
баючыся раструшчыць шклянку, выпіў. Выпіў, выдыхнуў, а потым падміргнуў мне і штосьці буркнуў. Я ніколі не чуў, каб Мамант казаў больш за адзін кароткі сказ. Звычайна ён абмяжоўваўся словам, размаўляў жэстамі ці падміргваў.
— Ведаеце, хлопцы, — адгукнуўся Кітаец, — што мне сказаў Фэлек Маруда?
— Што галаву ламае, як бы мятлу з’есці, — прабурчаў Бульдог.
— He. Ён сказаў, што гусь — найдурнейшая птушка ўсвеце!
— ? — рухам рукі і паднятымі бровамі спытаў яго Мамант.
— Бо... адной замала, а дзвюх зашмат! 3 курамі, качкамі заўжды можна выкруціцца: дзвюх мала, з’ясі тры! Мала трох, зжарэш чатыры, а з гусямі горш.
— Ты, відаць, памыліўся, — сказаў Шчур, — ён не пра птушак, а пра цялушак.
Маруда, не звяртаючы ўвагі на іхнія кпіны, прыводзіў да ладу сваю гусь, хрумстаючы косткамі і абсмоктваючы пальцы.
Болек Лорд быў за гаспадара. Прыносіў з буфета гарэлку і закускі, разліваў па шклянках напоі і, як умеў, забаўляў хлопцаў. He забываў ён і пра музыку, разпораз падносячы Антонію гарэлку з закускай. Падыходзячы да гарманіста, Лорд спяваў:
А насупраць пан Антоні:
Рыпці-піпці на гармоні!
Трым-там турлі! Трым там турлі!
Трым там турлі! Уха-ха!
Антоні перапыняў музыку. Браў шклянку, піў і закусваў, абапіраючыся локцямі аб корпус гармоніка. Ён нагадваў мне пацука, занятага хлебнай скарынкай.
Бралася на вечар. На дварэ цямнела. Хлопцы засланілі вокны фіранкамі. Гінта запаліла газніцу, што вісела пад столлю на драцяной дузе. Пілі далей. Раптам Кітаец пачаў ванітаваць, спачатку на стол, а потым і на падлогу.
— Нарабіў сабаку сечкі! — сказаў Лорд, укладаючы Кітайца на вузкай, абабітай чорнай цыратай канапе.
— Антоні, грай пахавальны марш! — крыкнуў Шчур.
— За здароўе нябожчыка, хлопцы! Жыве!
— Мудра! — сказаў Лорд, беручы шклянку ў руку.
Я ніколі не бачыў, каб у такіх колькасцях пілі гарэлку. Асабліва шмат пілі Мамант і Болек Камета. Фэлек Маруда і Бульдог таксама не марнавалі часу. Найменш піўЮзік, ну ія.
Знянацку я пачуў роў некалькіх глотак адначасова.
-Ура!
— Жыве!
— Давай яго сюды!
Я агледзеўся і ўбачыў Салоўку. Гэта быў малады хлопец. Усміхаючыся, крыху збянтэжаны такім шумным вітаннем, ён падышоў да стала. Па чарзе паціснуў усім рукі. Камета пачаўупрошваць яго:
— Салоўка! Душачка! Заспявай, га, братка!
Адбылася дзіўная рэч. Гэтыя шумныя п’яныя людзі сціхлі, і ў пакоі запанавала ціша. Занепакоеная Гінта прачыніла дзверы з суседняй каморы, але, пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, зноў іх зачыніла. Нейкі момант хлопец нерухома стаяў пасярэдзіне бяседнай залы, а потым заспяваў ціхім, злёгку яшчэ дрыготкім голасам кантрабандысцкую песню. Паступова спеў ягоны напаўняўся сілай і пачуццём:
Хлопцы крочаць на “работу”,
Плачуць іх дзяўчаты: Ці пакіне лёс свабоду, Або ўсім за краты?
Салоўка падняў вочы ўгару. Ягоны голас поўніўся жаласлівай скаргай і смуткам. У мяне мурашкі пабеглі па спіне і чэрапе. Кожны мой нерв адчуваў тужлівыя ноты песні, і быццам не было ўжо ў пакоі нікога, толькі гэтыя дзіўныя Салоўкавы вочы. Калі Салоўка даспяваў, мы ўсе доўга маўчалі. Я зірнуў на Маманта і ўбачыў, як па ягоных бясформенных, шэрых, нібыта з каменю вычасаных шчоках ліюцца слёзы. Пачуўся голас Шчура: