Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
Болек Камета знік з хаты, як толькі мы дапілі ўсю гарэлку.
— Ды ён п’янтосіна! — сказаў Лорд. — Па гарэлку на край свету пойдзе.
VI
Восень. Золата раскінулася на дрэвах. Золата лунае ў паветры. Золата шапаціць пад нагамі. Мора золата наўкол. Мы ходзім па залатых кілімах. I гэты сезон, калі глухія восеньскія ночы надоўга атуляюць зямлю, таксама называецца “залатым”.
Мяжа віруе жыццём. Партыя за партыяй ноч за ноччу ідуць праз мяжу. Кантрабандысты працуюць зацята. Ім ледзь хапае часу прапіваць заробленыя грошы. Мы амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень адсыпаемся пасля доўгіх цяжкіх начэй. Я схуднеў і счарнеў. Трафіда таксама. Але я нашмат здаравейшы і мацнейшы, чым тады, калі ўпершыню апынуўся на мяжы. Цяпер прайсці 30 кіламетраў — уначы, праз бездарожжа, з цяжкай ношкай за спінай — для мяне раз плюнуць. Я ўжо адзінаццаць разоў бываў за мяжой. Некалькі разоў мы траплялі пад абстрэл... Калі я ўпершыню пачуў свіст куляў у цемры, мне зрабілася весела. Я ведаў, што ўначы ў мяне цяжка трапіць, зрэшты, я ані дбаў пра сябе. Калі мы выпраўляліся ў дарогу і ўсёй партыяй занураліся ў змрок, мне здавалася, што мы рассякаем водную глыб. Як веслярам, нам пагражалі розныя небяспекі,
але мы спрытна абыходзілі іх і дабіраліся да прыстані. Калі б глухой восеньскай ноччу скінуць з мяжы вэлюм цемры, можа было б убачыць, як здалёк цягнуцца да пераходаў партыі кантрабандыстаў. Яны ідуць па трое, па пяцёра, нават па дзесяцёра і больш. Большыя партыі вядуць дасканала знаёмыя з мяжой і памежжам “машыністы”. Малыя партыі ходзяць пераважна “саматугам”. Ходзяць нават жанчыны, групкамі па некалькі за раз, каб за золата, срэбра і даляры набыць у Польшчы тавараў, якія можна з вялікай нацэнкай прадаць у Саветах. Ёсць і ўзброеныя партыі, але іх вельмі мала. Кантрабандысты зброі не носяць. А калі хтосьці з іх і бярэ з сабою рулю, то пры затрыманні, калі бачыць, што трапіў не на “хамаў” (а іх “абрэзаў” кантрабандысты баяцца найбольш), адразу ж адкідае яе ўбок. Са зброяй ходзяць Алінчукі, Сашка і яшчэ некаторыя кантрабандысты, у якіх на гэта ёсць вельмі важкія прычыны. Зняўшы гэты вэлюм цемры, мы ўбачылі б акул памежжа — сялян з абрэзамі, вінтоўкамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і дрынамі, што пільнуюць здабычу. Часам можна ўгледзець дыверсійную банду з дзесяці ці нават з некалькіх дзясяткаў чалавек, узброеных рэвальверамі, вінтоўкамі і нават аўтаматамі. Мы ўбачылі б скамеечнікаў, якія вядуць крадзеных коней не з Польшчы ў Саветы, а, наадварот, з Саветаўу Польшчу. Урэшце мы заўважылі б незвычайную постаць — чалавека, які самотна вандруе тутэйшымі мясцінамі і перасякае мяжу. Часта ён выбірае найбольш небяспечныя дарогі. Крочыць з рэвальверамі ў абедзьвюх руках, з гранатай за поясам і са штылетам ля бока. Гэта шпіён... Стары, дасведчаны, цудам ацалелы ў дзясятках аперацый, рашучы, што той чорт, шалёна смелы карсар памежжа. Яго баяцца ўсе: кантрабандысты, памежнікі, агенты ўсіх аддзяленняў выведкі і контрвыведкі, сяляне. Спаймаць кантрабандыста — неспадзяваная ўдача! Але трапіць на такога
чорта — найстрашнейшая рэч! Мы ўбачылі б і мноства іншых, цікавых спраў. Пра некаторыя з іх я апавяду...
3 пэўнага часу я вельмі пасябраваў з Петраком Філосафам. Гэта малады хлопец 19 гадоў.У яго незвычайныя вочы: уважлівыя і сур’ёзныя. Я ніколі не бачыў, каб Пятрок піў гарэлку або гуляў з хлопцамі ў мястэчку. Канешне, і ён піў, аднак рабіў гэта “для разагрэву” ці “для настрою”, не для забавы. Філосаф не жартаваў. Амаль заўжды маўчаў, не беручы ўдзелу ў агульных размовах. Калі яго пра штосьці пыталі, то адказваў поўна і надзвычай сур’ёзна. Я заўважыў, што нават у дарогу ён бярэ кніжкі, якія чытае, калі надараецца час. Юлік Вар’ят заўжды трымаўся поруч з Петраком, і яны часта пра штосьці размаўлялі. Ад хлопцаў я чуў, што Пятрок — чалавек адукаваны, на памежжы асеўу 1920 годзе, калі падчас наступу бальшавікоў на Варшаву страціў бацькоў. Цяпер яны разам з Юлікам Вар’ятам жылі ў аднаго эмігранта, Мужаньскага, які танна і добра рамантаваў гадзіннікі, але ўсе лічылі яго дзіваком. Раскажу крыху падрабязней, як пачалося наша сяброўства з Петраком Філосафам. Я ўжо згадваў, як Юзік Трафіда паказаў мне на небе сем зорак, якія некалькі разоў дапамаглі мне адшукаць дарогу праз мяжу. Я вельмі прывязаўся да гэтых зорак і заўжды, калі неба было чыстае, глядзеў на іх, і было мне ў тыя моманты так радасна, быццам я глядзеў у вочы найлепшага сябра. А калі неба закрывалі хмары, мне рабілася сумна. Аднойчы ў ясную ціхую ноч, калі неба іскрылася зоркамі, я звярнуўся да Ванькі Бальшавіка, які акурат адпачываў побач са мною. Я паказаў яму дакладна гэтыя сем зорак. Калі ён урэшце зразумеў, якія менавіта зоркі я маю на ўвазе, то спытаў:
— Ну, бачу іх. I што з таго?
— Што яны табе нагадваюць сваім выглядам?
Бальшавік задумаўся, гледзячы прымружанымі вачыма на неба, а потым надзьмуў вусны і сказаў:
— Гусь. Тоўстую гусь з доўгай шыяй.
Мяне гэта абразіла. Раптам я заўважыў, што ў Бальшавіка гідка тырчаць вушы, нос доўгі і сінюшны, губы тоўстыя, а сам ён дурны. Мне стала прыкра. Больш мы з ім не размаўлялі. Іншым разам я задаў сваё пытанне Фэлеку Марудзе. Ён доўга не мог зразумець, якія зоркі я маю на ўвазе, а ўрэшце сцяміўшы, сказаў:
— Бачу...Той рондаль.
Ён мяне таксама раззлаваў, вечна яму толькі рондалі з ежай у галаве. Зрэшты, ці можна пытаць пра зоркі людзей, якія ніколі не глядзяць у неба і, акрамя як выпіць і закусіць, нічога ведаць не хочуць! Ужо нейкі час я хацеў спытаць пра гэтыя зоркі Петрака Філосафа, які імпанаваў мне сваім выглядам і сур’ёзнасцю. Аднойчы мне трапілася добрая нагода і я звярнуўся да яго. Пятрок адразу мяне зразумеў і адказаў:
— У гэтых зорак ёсць агульная назва, назва ўсяго сузор’я, або, інакш кажучы, канстэляцыі. Яна называецца Вялікі Воз.
— Вялікі Воз? — радасна паўтарыў я.
— Так. Але ёсць яшчэ адна назва, лацінская: Урса Маёр.
— He разумею.
— Гэта значыць: Вялікая Мядзведзіца... I гэта правільная назва сузор’я.
— Вялікая Мядзведзіца! Як вучоныя людзі маглі даць зорам такое прыгожае імя? Вялікая Мядзведзіца! — паўтараў я ў захапленні.
— А вы, пане, цікавіцеся зорамі? — спытаў мяне Пятрок. — Я магу пазычыць вам касмаграфію. Там вы шмат прачытаеце пра зоркі.
— He. He трэба, — адмовіўся я. — Мяне толькі гэтыя зоркі зацікавілі.
Так я пасябраваў з Петраком Філосафам і ягоным неразлучным таварышам Юлікам Вар’ятам.
VII
Мы сядзім на маліне ў Бамбініным гумне. Усе акурат паабедалі, і ежа нас сагрэла, а гарэлка распаліла. Мы курым, і тут раптам поўным захаплення голасам адгукаецца Юлік Вар’ят:
— Ведаеце, хлопцы, я ўчора чытаў такую штуку пра Арлеанскую Дзеву. Во дзе, хлопцы, баба! Усім бабам бабам!
— Ну і што там, тая... армянская дзева, — зацікавіўся Ванька Бальшавік, — давала направа і давала налева?
У размову ўмяшаўся Пятрок Філосаф, прыйшоўшы на дапамогу сябру, якога Ванькава пытанне проста збіла з ног:
— Зусім не давала! Бо, як відаць з самога ейнага імені, яна была дзевай. А звалі яе не армянскай, а Арлеанскай, ад назвы горада Арлеан у Францыі.
Ванька Бальшавік з сумневам пахітаў галавой і сказаў:
— Ну-ну! Тут штось не тое. Хто яе там правяраў? А калі яна і была дзевай, то чаму яе цэлым горадам назвалі?
Юлік Вар’ят пачынае расказваць гісторыю пра Жанну дАрк. Ён разыходзіцца, жэстыкулюе. Блытаецца... Урэшце даходзіць да таго моманту, дзе яе спалілі на вогнішчы. Тут п’яны кантрабандыст не вытрымаў і заплакаў. Такога ад яго ніхто не чакаў. Нейкі час мы маўчалі, гледзячы на Юліка ў слязах. Потым я пачуў, як каротка, быццам запытальна, пырснуў смехам Ванька Бальшавік. Гэтага было дастаткова, каб мы ўсе разам выбухнулі шалёным рогатам.
Юлік перастаў плакаць, спалатнеў. Ён глядзеў на нас шырока раскрытымі вачыма, у якіх стаялі слёзы. Потым падняўся і сказаў:
— Ведаеце што? Ведаеце? Я вам гэтага не казаў, але думаў... А цяпер скажу: вы — хамы! Хамы! Бо з гэтага смяяцца нельга... Так, вы — хамы! Толькі Пятрок...
— Такі самы блазан, як і ты! — спакойна адгукнуўся Шчур, перакочваючы папяросу ў іншы куток вуснаў.
— Мудра! — пацвердзіў ягоныя словы Лорд.
Мне зрабілася сорамна, бо і я смяяўся з Юліка. Надалей я намагаўся сачыць за сабой, каб чымсьці яго не абразіць.
Увечары ў гумно завітаў Юзаф і звярнуўся да мяне:
— Хадзем, Уладзя, дапаможаш “бандажы” для ношчыц рабіць. Тут тавар з трох партый. Лёва з Бамбінай не ўправяцца. Заробіш так, быццам з партыяй схадзіў.
Хвіліну разважыўшы, я падымаюся і разам з Юзікам выходжу з гумна. Мы ідзём сцежкай уздоўж саду. Здалёк відаць вялікую хату. Вакол чысціня і парадак. Калі мы выходзілі з гумна, Бальшавік паспеў крыкнуць намуслед:
— Прывітанне Бамбіне! Удачы! — ён пляснуў у далоні і шматзначна кашлянуў.
Бамбіна сустрэла нас у сенцах. Яна адразу ж прайшла ў хату і з удаваным імпэтам сказала мне:
— Столькі працы, а дапамагчы няма каму. Юзаф мне параіў вас узяць у дапамогу.
Юзаф усміхаецца куточкам вуснаў. Я лаўлю гэтую ўсмешку, і мне робіцца сорамна. Я зразумеў, што ўсе хлусяць. А Бамбіна чэша языком далей:
— Вы ж мне, паночку, не адмовіце... Гэта лёгкая праца. Мы бандажы для ношчыц робім. Столькі ўсяго сабралася. Нельга ўжо далей тавар прымаць!
— Канешне. Дапамагу. Толькі не ведаю, ці спраўлюся?
— Гэта зусім не цяжка. Зараз убачыце.
3 вялікага памяшкання мы праходзім у маленькі пакойчык. Адно акно закрыта жаночай хустай. Над доўгім сталом гарыць падвешаная ля самай столі лямпа, і ў ейным святле я бачу схіленага над сталом габрэя, Лёву. Вакол яго ляжаць стосы розных рэчаў: панчохі,
шлейкі, пальчаткі, шалікі, грабянцы, брытвы, машынкі для стрыжкі, паяскі, хром, шаўро, лак... Убачыўшы нас, габрэй выпростваецца і пацірае худыя рукі.
— 3 мяне хопіць. Хай гэта ўсё чэрці возьмуць! Што мне з гэтага? Дурны працэнт!
Ён пагардліва чмыхнуў носам і зноў схіліўся над сталом. Юзаф таксама ўзяўся за працу. Бамбіна пачала вучыць мяне, як “грузіць бандажы”. Яна дакраналася пальцамі да маіх рук, абапіралася аб мае плечы грудзьмі. Я адчуваў дотык ейных валасоў на сваім твары і мала што разумеў з ейных словаў. Яна заўважыла гэта, усміхнулася і сказала:
— To вы пакуль складвайце панчохі тузінамі. I ўсё. Вы потым самі разберацеся.