Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
Я сядзеў збоку. Поруч са мною, ля самага выхаду, маячыла на цёмным фоне неба невыразная фігура Трафіды. Ён павярнуў да мяне бледную пляму твару і прашаптаў хрыпатым, быццам прастуджаным голасам:
— Мяне трымайся. Разумееш? Ну, і гэта... Калі нас накрыюць... ношкі не кідай!.. Ліняй з ношкай... Бальшавікі без тавару схопяць — дадуць шпіянаж... Тады гамон!.. На шаўро абробяць!..
Я кіўнуў галавой на знак таго, што зразумеў.
Праз некалькі хвілін мы рушылі далей. Доўгай змейкай мы расцягнуліся па лузе побач з высахлым рэчышчам ручая. Наперадзе ішоў Трафіда. Часам ён спыняўся. Тады спыняліся ўсе і, напружваючы зрок і слых, вывучалі навакольную цемру. Вечар быў цёплы. На чорным небе цьмяна свяцілі зоркі. Я стараўся трымацца як мага бліжэй да нашага правадніка. Hi на што не звяртаў увагі. Дбаў толькі пра тое, каб не згубіць з вачэй шэрую пляму на Трафідавай спіне, бо нічога больш разгледзець не мог. Я напружваў вочы, але ў змроку не мог вызначыць адлегласць і пару разоў натыкаўся на машыніста.
Далёка наперадзе я заўважыў агонь. Трафіда стаў, я спыніўся побач.
— Што гэта? — спытаўя ціха.
— Мяжа... ужо блізка... — прашаптаў праваднік.
Да нас падышло яшчэ колькі хлопцаў. Рэшту партыі я не мог разгледзець. Мы прыселі на вільготную траву. Трафіда знік у цемры: пайшоў праверыць пераход праз мяжу. Калі праз некалькі хвілін ён вярнуўся да нас, то ціха і, як мне падалося, весела сказаў:
— Ну, братва, шуруйма далей!.. Масалкі кімараць!..
Мы пайшлі далей. Крочылі досыць хутка. Я крыху нерваваўся, але страху зусім не было. Можа, таму, што не разумеў, на якую рызыку іду. Мяне толькі ўзбуджалі цішыня, таямнічасць нашага паходу і само слова “мяжа”.
Раптам Трафіда спыніўся. Я стаў з ім поруч. Колькі хвілін мы стаялі нерухома. Потым наш праваднік зрабіў шырокі жэст рукой, быццам рэжучы паветра з поўначы на поўдзень, і ціха сказаў мне: “Мяжа!” I адразу ж рушыў наперад. Я ішоў за ім, зусім не адчуваючы цяжару ношкі. Мы зноў запаволілі крок. У гэтым адчувалася новая небяспека, але я не мог сказаць якая. Праваднік спыніўся. Доўга прыслухоўваўся. Потым развярнуўся і пайшоў назад, абмінуўшы мяне. Я хацеў быў скіравацца за ім, але ён кінуў мне: “Чакай!” Неўзабаве Трафіда вярнуўся ў таварыстве Шчура — хударлявага кантрабандыста сярэдняга росту, вельмі смелага і спрытнага. Шчур ішоў без ношкі, бо яе на пэўны час узяў хтосьці з партыі. Яны спыніліся ля мяне.
— Ты пойдзеш лагчынай... Рэчку пяройдзеш па камянях... — шапнуў Трафіда.
— Ля Кабылінай галавы? — спытаў Шчур.
— Так... На тым баку чакай!
— Гіт! — адказаў Шчур і знік у цемры.
Неўзабаве рушылі і мы. Трафіда адправіў Шчура “прынадай”. Калі яго затрымаюць, ён павінен або ўцякаць, або ўзняцьтакі хай, каб мы пачулі і мелі час на адступленне.
Пераправы праз раку заўжды былі небяспечныя. Тут найчасцей рабілі засады на кантрабандыстаў. Гэтаму спрыяў і той факт, што месцаў, зручных для пераправы, у нас было мала, і, ведаючы гэта, памежнікі часта іх абседжвалі. Былі там і брады, але нам не заўсёды хацелася лезці глыбока ў ваду і ісці далей мокрымі. Таму мы выбіралі рызыку і пераходзілі рачулку ў небяспечных, але зручных месцах.
Мы паволі прадзіраліся праз шырокую паласу густых лазнякоў, уздымаючы пры гэтым шум. Здалёк я ўжо чуў плескатанне вады на камянях, і вось мы апынуліся на стромкім беразе рачулкі. Моцна трымаючыся за
лазіны, я стаяў поруч з Трафідам, чакаючы, што будзе далей. А ён лёг на бераг і пачаў паволі спускацца ўніз. Неўзабаве я пачуў ягоны прыглушаны голас:
— Сюды спускайся!.. Жыва!..
Я лёг на бераг, а потым павіс нагамі ў паветры. Трафіда дапамог мне саскочыць уніз. Трымаючы мяне за руку, ён паволі скіраваўся да таго берага ракі. Mae ногі слізгалі па мокрых камянях, кропкі апоры хісталіся пада мною і разбягаліся ў розныя бакі. Урэшце мы пераправіліся. Ужо ў лазняку на іншым беразе, чакаючы рэшту партыі, я заўважыў, як ад цемры аддзяляецца постаць. Я імкліва адступіў і ледзь не зваліўся ў ваду. Трафіда спыніў мяне.
— Ты куды?.. Гэта свой!
Гэта быў Шчур.
— Усё клёва! Можна шкандыбаць далей! — сказаў ён Трафіду.
Калі ўся партыя пераправілася, мы рушылі зноў. Цяпер усе ішлі хутка, амаль не тоячыся. Неба крыху ачысцілася ад хмар. Стала лепш відаць. I я мог лёгка сачыць за фігурай майго супольніка наперадзе. Я заўважыў, што раз-пораз ён мяняе кірунак, але не ведаў навошта. Мы паскараліся. Я ўжо вельмі стаміўся. Мне балелі Hori, бо боты ў мяне былі дзіравыя і падчас пераправы набралі вады. Я б з радасцю папрасіў Трафіду адпачыць, але саромеўся. Сціскаў зубы, цяжка дыхаў і з роспаччу ў душы плёўся далей. Пачаўся лес. Там панавала абсалютная цемра. Мы падымаліся на стромыя пагоркі, спускаліся ў яры. Mae ногі блыталіся ў густых зарасніках папараці, чапляліся за кусты, спатыкаліся аб карэнне. Я адчуваў ужо не стому, а быццам бы здранцвенне ва ўсіх канцавінах. Ішоў я аўтаматычна.
Урэшце мы апынуліся на ўскрайку вялізнай паляны. Тут Трафіда спыніўся.
— Хлопцы, стоп!
Кантрабандысты скідалі з плячэй ношкі і, упіраючыся ў іх спінамі і галовамі, клалі груз на зямлю. Я паспешліва сцягнуў з плячэй шырокія палатняныя лямкі і пераняў іх прыклад. Ляжаў, гледзячы ўдалечыню, і сквапна ўцягваў халоднае паветра на ўсе грудзі. У галаве круцілася адна думка: “Каб толькі няхутка ўдарогу!”
Трафіда падсунуўся да мяне:
— Яктам, Уладзька?.. Замахаўся?
— Н... не...
— Ну, не плявузгай! Я ведаю... спачатку ўсім цяжка!..
— Боты ў мяне кепскія. Ногі баляць.
— А боты мы новыя купім... Хромавыя, дыхцік! На сто два выстраішся!
Кантрабандысты размаўлялі паўшэптам. Некаторыя курылі папяросы.
— Добра было б сугрэцца, хлопцы! — сказаў Ванька Бальшавік.
— Мудра! — стрымана падтакнуў Болек Лорд, які не прапускаў ніводнай аказіі выпіць.
Рукі застукалі аб донцы бутэлек. Трафіда доўга піў гарэлку проста з рыльца. Потым перадаў мне спустошаную да паловы пляшку.
— Трымай! Глыні!.. Добра будзе.
Упершыню ў жыцці я піў гарэлку проста з рыльца.
— Да канца цягні! — заахвочваў мяне сябра.
Калі я дапіў, ён даў мне вялікі кавалак кілбасы. Хлеба не было зусім. Але кілбаса была цудоўная. Я сквапна еў, не здзіраючы скуркі. Потым закурыў, і папяроса падалася мне неверагодна духмянай... Зрабілася весела. Я адчуваў сябе выдатна. Гарэлка агнём разлілася па ўсім целе і дадала мне новых сіл.
Мы адпачывалі амаль гадзіну, а потым рушылі далей. Цяпер відаць было яшчэ лепш. Вочы прызвычаіліся да цемры, і я без напружання адрозніваў фігуру Трафіды
ў некалькіх кроках наперадзе. Ісці стала лягчэй. Стома знікла. Страху я аніякага не адчуваў. Акрамя таго, я быў абсалютна ўпэўнены ў нашым “машынісце”.
Юзафа Трафіду на памежжы ведалі як дасведчанага і вельмі асцярожнага правадніка. Ён ніколі не рызыкаваў. Ішоў “на ўра” толькі тады, калі не было іншага выйсця. Дарогі за мяжу ён ведаў дасканала і кожнага разу выбіраў іншую. Адным маршрутам ішоў у Саветы, іншым вяртаўся. 3 ім найбольш ахвотна хадзілі “на работу” хлопцы, і яму давяралі найдаражэйшы тавар гандляры. Казалі, што ён шчасліўчык, але шчасце ягонае залежала перш за ўсё ад ягонай уласнай асцярожнасці... Трафіда ніколі не блукаў. Найцямнейшымі восеньскімі начамі ён рухаўся па бездарожжы так упэўнена, быццам крочыў добра вядомай сцежкай. Кірунак ён знаходзіў “чуйкай”.
Гэта быў мой адзіны знаёмец у мястэчку. Некалі мы разам служылі ў войску. Я сустрэў яго ў Вільні, дзе ў тыя часы доўга бадзяўся без працы. Трафіда прыехаў туды па пакупкі. Пачуўшы, што я ў нястачы, ён прапанаваў мне паехаць з ім на памежжа. Я ані хвіліны не вагаўся. Па прыездзе ў Ракаў я пасяліўся ў ягоным доме, і цяпер, упершыню, мы разам пайшлі на работу. Ён не хацеў браць мяне ў дарогу. Раіў яшчэ адпачыць і набрацца сіл, але я ўпёрся, што рушу з ім адразу ж.
Склад Трафідавай партыі быў неаднародны. Некаторыя хлопцы часта аддзяляліся ад яе, пачынаючы працаваць “саматугам” або з іншымі кантрабандыстамі. Іх месцы займалі іншыя, і работа ішла далей. Трафіда звычайна вёў ад сямі да дванаццаці людзей, у залежнасці ад колькасці кантрабанднага тавару.
Калі я ўпершыню ўбачыў Трафіду, амаль праз два гады пасля нашай службы ў войску, я ледзь яго пазнаў. Ён схуднеў, загарэў, галава ягоная злёгку ўцягнулася ў плечы, быццам ён вечна баяўся ўдару ззаду, вочы
ўвесь час былі крыху прымружаныя. Лепш прыгледзеўшыся, я заўважыў на ягоным твары шмат зморшчын. Ён відочна пастарэў, хоць і быўтолькі на пяць гадоў старэйшы за мяне. Ён, як і даўней, быў вясёлы, любіў жартаваць ды строіць кепікі, але цяпер рабіў гэта неахвотна, быццам з-пад палкі. Думкі ягоныя блукалі далёка. Праз некалькі гадоў я добра гэта зразумеў. Спазнаў, што хавалася ў прымружаных ад балючага дзённага святла вачах.
Мы ішлі палямі і лугамі. Ногі слізгалі па мокрай траве, спаўзалі з высокіх насыпаў, патаналі ў гразі. Мы ішлі праз лясы, прадзіраліся праз кусты. Абміналі розныя перашкоды — некаторыя з іх мы заўважалі, пра іншыя ведаў толькі Трафіда. Часам здавалася, што мы ідзём бязмэтна, што губляем кірунак, блукаем... Нядаўна, напрыклад, мы лезлі ўгару па стромым баку пагорка, на вяршыні якога бялела ў цемрадзі бяроза. Цяпер мы зноў паўзём па гліністай глебе на вяршыню пагорка і зноў... бяроза. Я хацеў быў звярнуць на гэта ўвагу Юзіка, але неяк не выпадала.
Мы крадземся поруч з вёскай. У змроку я адрозніваю шэрыя абрысы хат. Лезем праз плот. Час ад часу з цемры вынырваюць агні вокнаў, хаты зусім блізка — за пару дзясяткаў крокаў. Я стараюся не глядзець на іх, бо потым змрок гусцее і цяжка адрозніць постаць Трафіды. Раптам паблізу пачынаюць заходзіцца сабакі. Яны ўчулі нас, хоць ветру і няма. Мы паскараем хаду. Збочваем на нейкую гліністую, польную сцежку. Глеба зацягвае ногі. Мне хочацца нахіліцца і прытрымліваць рукамі халявы ботаў, бо з кожным крокам яны ссоўваюцца з ног. Нейкі сабака ўвязаўся за намі. Ён ажно душыцца ад зацятага брэху. Добра, што не я замыкаю партыю, думаецца мне. Неўзабаве чую сабачы сковыт. У жывёліну трапілі каменем.
Мы зноў паглыбляемся ў цемру. Брыдзём бездарожжам. Кіруемся ў таямнічую далеч. Раптам я заўважаю,
што збіўся з дарогі... перад вачыма няма Трафідавай ношкі. Я шпарка іду наперад — нікога. Забіраю налева — нікога. Направа — нікога. Толькі ззаду раздаецца злосны голас Лорда: “Чаго ты круцішся?” Я ўжо хацеў быў гукнуць Юзіка, але адчуў, што хтосьці бярэ мяне за руку.