Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
Юзаф пачаў рыхтавацца ў дарогу. Лёва напісаў і перадаўяму ксівудля гандляра. Развітаўшыся з Бамбінай і Лёвам, Трафіда звярнуўся да мяне:
— Хадзі сюды на хвілінку!
Я выйшаў з ім на падворак. Юзаф ціхенька прашаптаў:
— Гэта Бамбіна прасіла, каб я цябе пакінуў. Дапамагчы нібыта. Разумееш? Калі табе вельмі не хочацца тут заставацца, можаш з намі назад пайсці. Але раю застацца. Ёсць для каго... He пашкадуеш!
— Але як гэта?
— А так... Ці ты не разумееш? Стары вол, 23 гады на гарбе, а ламаешся, як цялушка-першадойка! Толькі не асаромся!
— Што? Што? — здзіўлена перапытваў я.
— Нічога, нічога, — адказаў Юзік і знік у цемры.
Пасля сыходу Юзафа мне зрабілася сумна. Я зірнуўна паўночны бок неба. Дзе-нідзе з-за хмар цікаўна пазіралі зоркі. Вялікай Мядзведзіцы я разгледзець не мог, таму доўга стаяў нерухома, слухаючы далёкі брэх сабак і назіраючы за мігатлівымі агеньчыкамі ў вокнах
дамоў. У найбліжэйшай вёсцы сабакі зайшліся асабліва гучна. “Нашы прайшлі”, — падумаў я.
Узняўся халодны ўсходні вецер. Зрабілася цёмна. Я паспешліва вярнуўся дамоў.
— Дзе ж вы ходзіце? — звярнулася да мяне Бамбіна.
— Юзафа правёў.
— Яго не трэба праводзіць. Ён паўсюль сам трапіць. Мяне, відаць, абмяркоўвалі.
— Нічога падобнага.
Яна прымружыла вочы і штурхнула мяне локцем у бок.
— Ужо ж я вас ведаю. Ведаю! Чула, пра што вы размаўляеце! I халера з ім. Ад мяне не ўбудзе.
Мы рупліва працавалі да дзясятай гадзіны. Потым Бамбіна пайшла гатаваць вячэру. Акрамя нас на “чорнай палове” дома завіхаліся абсалютна глухая дзеўка і парабак — працавіты, маўклівы, далёкі сваяк Бамбіны. Яны працавалі па гаспадарцы, а Бамбіна вырашала ўсе справы з кантрабандай. Застаўшыся ў пакоі з Лёвам, мы далей пакавалі бандажы. Гэта былі ношкі для дзяўчат, якія цягаюць тавар з кропкі ў горад. Штосьці накшталт доўгіх, да самых сцёгнаў, падвойных камізэлек, запоўненых таварам. Ношчыца надзявае на сябе такую камізэльку, фунтаў на дваццаць-трыццаць, і раменьчыкамі ўмацоўвае яе на плячах. На бандаж апранае кажух і выпраўляецца ў дарогу. Ціхімі сцежкамі яна сама або ўтаварыстве сябровак прабіраецца ў горад. Такая ношчыца за дзень можа зрабіць нават чатыры туры, зарабляючы ад пяці да дваццаці рублёў золатам. У Бамбіны было сем ношчыц, якія працавалі спраўна і ніколі не трапляліся, бо дасканала ведалі мясцовасць. Дзяўчаты хадзілі не толькі ўвечары і ўначы, але і ўдзень.
Бамбіна паклікала нас з Лёвам на вячэру. Мы скончылі працу і выйшлі ў вялікі пакой, дзе я ўбачыў засланы беласнежным абрусам вялікі стол. Вячэра была
шчодрая, але простая. Была гарэлка, запраўленая нейкім сокам. Лёва еў мала і неахвоча. Сядзеў задуменна і быццам бы штосьці ў памяці падлічваў: моршчыў лоб, варушыў пальцамі. Ад гэтых ягоных грымас мяне так і падмывала пырснуць смехам. Гэты чалавек, цалкам паглыблены ва ўласныя інтарэсы, нічога не чуў і не бачыў. Бамбіна заахвочвала мяне есці, раз-пораз падлівала гарэлкі. Спачатку я піў асцярожна, а потым развесяліўся і стаў есці і піць зусім не саромеючыся. У пэўны момант Бамбіна, якая сядзела ў галаве стала, паклала нагу мне на калені. Сунуўшы руку пад стол, я пагладжваў яе моцную лытку. Спрабаваў быў дацягнуцца вышэй, але было нязручна. Бамбіна расчырванелася, бліскала вачыма, паказвала прыгожыя зубы і весела смяялася. Падміргвала мне, а павёўшы бровамі ў бок Лёвы, паказала язык. Ад гэтага я рассмяяўся. Габрэй схамянуўся і сказаў Бамбіне:
— Я ўжо пайду. Спаць хочацца.
— Добра,добра!
Бамбіна паднялася са свайго месца, узяла кішэнны ліхтарык і выйшла з Лёвам з пакоя. Яна павяла яго на іншую палову дома, у бакоўку, дзе ён спаў. Неўзабаве гаспадыня вярнулася. Зачыніла дзверы ў сенцы на цяжкую, жалезную засаўку. А потым адсунула фіранку, за якой стаяў ложак, паправіла на ім падушкі, адкінула ў бок коўдру і стала сцягваць з сябе швэдар.
— Ну, ідзі сюды! — яна ўпершыню звярнулася да мяне на “ты”.
— Згасіць лямпу?
— He, не трэба. Я потым сама.
Жанчына была цудоўная. Ложак мяккі, чысты і цёплы. Але думкі мае ляцелі следам за Трафідавай партыяй: вось цяпер, у змроку, хлопцаў кідае ад адной небяспекі да іншай. Яны працінаюць ноч, кіруючыся на захад. Увушшу ў іх свішча вецер, але могуць засвістаць
і кулі, а мяне поруч няма. Зараз яны, напэўна, абыходзяць Старое Сяло. Наперадзе шырокім роўным крокам ідзе Юзік. Ён прымружвае вочы, напружвае слых і ўцягвае носам паветра. За ім флегматычна, высунуўшы наперад ніжнюю губу, калышацца Лорд. Потым з кіслай мінай трухае Бульдог. За Бульдогам цягнецца пахілены наперад, цяжкі, пануры Мамант. Далей, падскокваючы, церусіць Ванька Бальшавік, ён увесь час усміхаецца, напэўна, згадаў нейкую незвычайную эратычную прыгоду: “Шкада, няма каму расказаць!” Потым пляцецца, хістаючы сцёгнамі, Шчур, ягоная правая рука ў кішэні, а ў руцэ — нож. За Шчуром крочыць Пятрок Філосаф, ён насупіў бровы і пра штосьці задумаўся. Следам за Філосафам шыбуе ягоны верны сябар Юлік Вар’ят— лёгка, весела, быццам танцуючы. За імі перавальваецца з нагі на нагу Ісак Консул — габрэй, які пільнуе тавар. Ён уцягвае тонкую шыю ў плечы і падазрона аглядаецца па баках, Консул не надта любіць лес і прадзірацца праз кусты, але найгоршае для яго — вада... “Хто яго ведае, што там можа ўначы сядзець!” За Консулам лёгка, дробным крокам сыпле Салоўка... увесь час усміхаецца. А за Салоўкам распусціў вусы па ветры Болек Камета: яму мроіцца вяртанне ў мястэчка і добрая папойка. I самым апошнім клыпае Фэлек Маруда, на хаду качае галавой узад і ўперад, быццам увесь час камусьці кланяючыся, часам заўважае, што ён апошні, і тады падрываецца даганяць калег. Але “чуйка” ў яго добрая, хвост партыі ён заўжды знойдзе. Сляды сяброў Маруда ветрыць носам, як сабака. Дагнаўшы хлопцаў, Фэлек налятае на Камету, які ў адказ бурчыць:
— Што ты за мною цягнешся, халера, як смурод за войскам?!
— А мо курткамі памяняемся, — прапануе яму Маруда. — Я ў дадатак даляр дам.
— Цьху, вар’ят! — Камета сплёўвае і ідзе далей.
Я ляжу з прымружанымі вачыма і думаю пра розныя рэчы. Пра Сашку, пра гарманіста Антонія і пра жанчын: Гэлю, Алесю Калішанку, Фэлю Вэбліну. Параўноўваю іх у думках, шукаю адрозненні і падабенствы. I раптам чую Бамбінін голас:
— Пасунься крыху!
Яна пералазіць праз мяне і кіруецца да стала. На ёй толькі начная кашуля. Бамбіна выхваляецца гожым ружовым целам. Наўмысна колькі разоў праходзіць па пакоі. Лезе на лаву і здымае штосьці з паліцы. Устае на пальчыкі. Знарок, каб мяне падражніць. I яна ведае, што я пра гэта здагадваюся. Мне хочацца выскачыць з ложка і схапіць яе, грызці або цалаваць. He ведаю... Урэшце яна гасіць лямпу і забіраецца ў ложак.
— Ху! Халодна!
Бамбіна прыціскаецца да мяне гарачым, пругкім целам. А хлопцы цяпер, напэўна, мінаюць Смалярню. Цягнуцца доўгім шнурком у цемры і думаюць, думаюць. Кожны нясе ў сваёй галаве мноства думак. Кожны аддаліўся ад свайго цела туды, куды адляцелі ягоныя мары.
Калі потым, праз два дні, прыйшла наша партыя, я саромеўся выйсці да хлопцаў. Ведаў, што яны будуць з мяне кпіць. I не памыліўся. Хлопцы ў гумне прывіталі мяне гучным крыкам:
— Ура!
— Як там найсаладзейшая Бамбіна?
— Прастаўляй саладухі! Ёсць за што?
Я прыкінуўся абураным:
— Адчапіцеся, хлопцы! Вы што, падумалі, што і праўда...
— Ой, не плявузгай. Мы ведаем... Нас не падманеш!
— Ды што мне маніць, няма чым хваліцца! Ці што, як Ваньку, брахаць?
Я так сябе паводзіў, што ўсіх ашукаў. Крыху пазней Ванька Бальшавік сам-насам спытаў мяне:
— Ну, скажы праўду, Уладзька. Я нікому... ды каб я здох, калі хоць слоўца каму піскну!
— Ды чаго табе?
— Скажы толькі, ці прыгожыя ў яе цыцкі... Бо рэшта-то зразумела... бачна ўсё.
— To я табе скажу, сюды слухай, — адказаў я. — Я заўжды ведаў, што ты крыху дурны, а цяпер во бачу, што ты як трэба дурань! Хочаш ведаць, якія ў Бамбіны цыцкі, то ў яе і спытайся. Можа, пакажа табе або раскажа.
Завітаўшы ў абед у гумно, Бамбіна, як заўжды, весела павіталася з хлопцамі. Усе ўважліва за намі назіралі. Але яна жартавала і какетнічала. А я, як заўжды, маўчаў. Хлопцы былі здзіўленыя. Нават Юзіка я ўвёў у зман. Потым, калі мы разам пайшлі ў хату пакаваць бандажы, Трафіда спытаў мяне:
— Ну, як у вас з Бамбінай прайшло?
— Добра.
— Грэху варта?
— Ста грахоў варта!
— Ну, і клёва! Баба мякчэйшая будзе... Бачыў, якія яна кашы шамкі прыцягнула?
VIII
Другі тыдзень я на работу не іду. Здарылася бяда. Нашу партыю разбілі. А было ўсё так. Мы вярталіся без тавару. Удала абмінулі ўсе небяспечныя месцы і ўжо набліжаліся да мяжы. Калі мы былі непадалёк ад Альшанкі, з левага боку раздаліся стрэлы і крыкі. Трафіда скіраваўся ўправа. Мы былі ўжо ля самай мяжы, але ў гэтым месцы цягнуліся засекі калючага дроту. Мы ішлі паўз іх, шукаючы адпаведны праход, і тут спераду выскачылі чырвонаармейцы, і нам давялося ўцякаць наўслепа, у абсалютнай цемры. Я застаўся адзін. Далёка ўцякаць
не стаў. Наўмысна лёг на зямлю ля самага дроту, а калі пагоня прамчалася міма, паволі прадраўся на іншы бок засекі, парваўшы вопратку і параніўшы рукі і ногі. Дамоў я вярнуўся, але Юзафа там не заспеў. Яго не было да ранку, а ўдзень я даведаўся, што Трафіду арыштавалі батальёншчыкі. Яго схапілі ў дроце, з якога ён не мог выблытацца. Заўтра арыштаванага адправяць у Стоўпцы, у староства. Юзаф трапіўся ўжо другі раз, і за кантрабанду можа атрымаць некалькі месяцаў. Добра, што не ў рукі да балынавікоў. Трапіліся таксама Бульдог і Кітаец. 3 гэтымі было горш, бо яны акурат засыпаліся на савецкім баку. Салоўка казаў, што Бульдога або забілі, або паранілі, бо ён бег за ім, а калі прагучаў стрэл, той упаў на зямлю і застагнаў. Салоўка кінуў яго, бо мусіў ратавацца сам. Пра Кітайца ніхто нічога не ведаў, відаць, ён трапіўся ў Саветах, бо ў мястэчка не вярнуўся. Болек Камета прапанаваў мне ўступіць у славутую вялікую партыю Цвіка, але мне пакуль не хацелася. Я чакаў, што будзе далей. Грошай у мяне было шмат — болып за 500 рублёў, бо за ношку, якую Сашка Вэблін прадаў у Саветах, я атрымаў 420, таму працаваць не спяшаўся. Болек Лорд сказаў, што хоча арганізаваць новую партыю і вадзіць яе замест Трафіды. Ён ужо размаўляў пра гэта з Бергерам.
Аднойчы я сядзеў дома. Гэля шыла на машынцы. Янінка, як звычайна, штосьці балбатала, а я піў гарбату. Мы размаўлялі пра Юзіка, якога акурат пад аховай адправілі ў Стоўпцы. Раптам дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў Альфрэд Алінчук. Заўважыў мяне і насупіўся. Відавочна, дагэтуль не ведаў, што я жыву з Трафідавай сям’ёй. Алінчук павітаўся з Гэляй і Янінкай, а потым нерашуча скіраваўся да мяне. Працягнуў руку для вітання. Я тут жа ўзяў у адну руку шклянку, а ў другую — памазаную маслам хлебную скарынку і сказаў, не падаючы яму рукі: