Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Што такое? — пытае Трафіда.
— Цёмна... я цябе згубіў...
— Зараз будзе лепш, — адказвае Юзаф ды ідзе наперад.
Цяпер ісці зручна. Я выразна бачу наперадзе вузкую белую пляму. Чамусьці мне згадваецца, як уздымаюцца ў паветра галубы. Гэта Трафіда, каб быць больш заўважным, засунуў за каўнер курткі белую хустку. Цяпер я не бачу нічога навокал, толькі гэтая белая пляма круціцца ў цемры: то шыбуе некуды ў змрочную далячынь, то матляецца перад самымі вачыма. Алкаголь перастаў дзейнічаць, і я адчуваю ўсё большую стому. I разам з ёю мяне ахінае сон. Я падцягваю рамяні ношкі і, схіліўшыся, цягнуся наперад... за белай хусткай на Трафідавым карку, якая сплывае ў бясконцую ноч. Я спатыкаюся, адхіляюся ўправа і ўлева, але іду... хутчэй сілай волі, чым сілай мышцаў.
II
Праз сем гадзін дарогі, лічачы ад пераходу мяжы, мы апынуліся побач з хутарам Бамбіны. Гэта была кропка, адкультавар везлі ў Менск. Мы па чарзе пералазілі праз паркан у вялікі сад і пракрадаліся да гумна. Рукамі я засланяў твар ад удараў галін. Мы пералезлі праз яшчэ адзін паркан і сталі ля сцяны. Я пачуў голас Трафіды:
— Лорд, ідзі зірні, як там у гумне... Мігам!
Кантрабандыст прайшоў поруч з намі і знік за рогам будыніны. Неўзабаве пачулася лёгкае скрыгатанне засаўкі. Праз пару хвілін вярнуўся Лорд і каротка кінуў:
— Хадзем!
У гумне было цёпла. Пахла сенам. У цемры бліскалі палоскі кішэнных ліхтарыкаў, прыкрытых пальцамі. Раздаўся Трафідаў голас:
— Ношкі кідаць тут... у кучу!..
3 уздыхам палёгкі я скінуў непад’ёмны цяжар. Падышоў да Трафіды і сказаў:
— Юзік, я спаць хачу.
— Лезь на засек і кімар.
Ён паказаў мне драбіну, па якой я залез угару. Зняў боты, накрыўся курткай і, як у цёплую ванну, занурыўся ў моцны сон.
Прачнуўся я позна. У гумне панаваў паўзмрок. Побач са мной сядзела некалькі кантрабандыстаў. Размаўлялі паўшэптам. Я прыслухаўся. Ванька Бальшавік расказваў нейкую эратычную гісторыю. Гэта яго любімая тэма. Звычайна ён расказвае або пра Думенку і яго пераемніка Будзённага (у кавалерыі Будзённага Ванька некалі служыў), або пра жанчын. Яго слухаюць: Фэлек Маруда — вялікі, пахілы мужчына сталага веку, Юлік Вар’ят — малады кантрабандыст з надзвычай буйным уяўленнем (таму і Вар’ят), і Салоўка — маленькі, худы, заўжды ўсмешлівы хлопец, у яго вельмі прыгожы голас і ён хораша спявае.
Ванька Бальшавік, аблізваючы пажадлівыя вусны, гаворыць:
— Баба, кажу я вам, хлопцы, была што з цэменту адлітая! Нідзе не ўшчыкнеш. Пстрыкнеш па дупе — звон звініць! Ляжкі сцісне — іскры лятуць! Э-лек-трыч-насць!
Юлік Вар’ят круціць галавой і шырока раскрывае
вочы.
Побач з іх групай, са зробленай у сене нары, быццам з-пад зямлі, выпаўзае Болек Лорд. Вочы ў яго іранічна прымружаныя. А Ванька, нічога не заўважаючы, расказвае далей:
— Цела, кажу вам, хлопцы, што алебастр!..— ён прыцмоквае губамі і гладзіць рукой паветра.
Тут Лорд не вытрымаў і адгукнуўся:
— Цьху, псякрэў, алебастр! Пяткі патрэсканыя! Паміж пальцаў бруд! Калені як той наждак! На паўвярсты вакол сырам патыхае! А ён: а-ле-бастр! Цьху, цьху!
— Атабе што?
— А нічога. Спаймаў слухачоў, то залівай!
Яны пачынаюць спрачацца і адзін аднаго даймаць. Я падняўся. Нацягнуў боты і падышоў да іх.
— Дзе Юзік? — спытаў я ў Салоўкі.
— На хутар пайшоў.
— Бамбіне візіт нанесці, — сказаў Лорд.
— Нацыцкахпагайдацца! — дадаў Ванька Бальшавік.
— Доўга есці не нясуць! — нечакана адгукнуўся Фэлек Маруда.
— А гэты заўжды адно пра пашамаць думае, — прабурчаў Лорд.
— Ласы на кілбасы! — дакінуў Шчур.
Мы запальваем папяросы і асцярожна, каб не трапіць іскрай у сена, курым. Неўзабаве з нор вылазяць іншыя кантрабандысты. Пацягваючыся і пазяхаючы, яны далучаюцца да нас. He хапае толькі габрэя Лёвы і Юзафа. Шчур дастаў з кішэні калоду карт і прапанаваў згуляць у “66”. Бульдог паслаў на сена сваю куртку падкладкай наверх, і яны пачалі гульню. Да іх далучыліся Мамант і Ванька Бальшавік.
Лорд, лежачы на баку, з сур’ёзным тварам пачаў расказваць Юліку Вар’яту, як без стрэльбы паляваць на зайцоў:
— Разумееш, купляеш пачак табакі і з раніцы, пакуль зайцы спяць, абыходзіш поле і на кожным камяні
сыплеш крыху табакі... Заяц прачнецца, пацягнецца, лапкай за вухам пачухае і пабяжыць, як сабака, па сваіх справах. Падскочыць да каменя і адразу ж панюхае. Табака яму ў нос залезе. Ён чхне, галавою аб камень дзеўбанецца, на бок кульнецца і ляжыць. А ты потым ідзеш і зайцоў у мяшок збіраеш.
— Брэшаш!
— Брашу? Пад хайрам, што не. А на мядзведзяў палююць інакш. Толькі ўвосень, калі лісце з дрэваў асыплецца. Бярэш вядро клею і ідзеш у лес, дзе мядзведзі ёсць. Мажаш лісце клеем, а сам хаваешся ў кусты. Мядзведзь ідзе: лясь-плясь! лясь-плясь! Да лап яму лісце клеіцца. Усё больш і больш, пакуль столькі не пазбіраецца, што ён з месца зрушыць не можа. Тады ты з кустоў выходзіш, вяжаш яго вяроўкай, на воз і дамоў!
Шчур не вытрымаў і адгукнуўся, не адрываючыся ад карт:
— Яшчэ адзін вар’ят знайшоўся!
— He вар’ят, а пан вар’ят, — адказаў Лорд.
— Такі пан на саломе спіць і зубамі блох ловіць.
Хлопцы пачалі сварыцца. Я заўважыў, што робяць яны гэта не са злосці, а для забавы. Апоўдні ў гумно прыйшоў Трафіда. Вясёлы, відаць, выпіў крыху.
— Ну, братва, валіце сюды! Зараз будзе шамка!
Мы злезлі з засека на ток.
— Як там тавар? — спытаў Юзіка Лорд.
— Зараз прыйдуць “ношчыцы”. Лёва там працуе. А Бамбіна нам гатуе есці...
— Ты яе там не прыціснуў? — пытаецца Бальшавік.
— Патрэбная мне такая... лярва!
Звонку пачуліся крокі, і неўзабаве ў гумно надзіва лёгкай хадою ўвайшла рослая, мажная жанчына гадоў пад 35. Уся “выфрантаваная”: у вельмі кароткай, моцна нацягнутай на яе пышных формах сукенцы і шаўковых панчохах цялеснага колеру. На ўсё гумно ад яе пахла парфумай.
— Дабрыдзень, хлопцы! — гучна і весела сказала яна, паказваючы ва ўсмешцы прыгожыя белыя зубы.
Мы павіталіся. Ванька Бальшавік выскачыў наперад і ўзяў з ейных рук два вялікія кашы. Паставіў іх на ток, а потым паспрабаваў жартаўліва прыабняць гаспадыню. Жанчына штурханула яго кулаком у грудзі так, што ён ажно сагнуўся.
— Так яго! — сказаў Юзаф.
— Абварыўся? — спытаў Шчур.
Бамбіна смяялася і аглядала нас. Зірнула на мяне, а потым звярнулася да Трафіды:
— Гэты новы?
— Так, наш хлопец.
Яна кіўнула мне галавой. Потым выйшла з гумна, падкрэслена хістаючы сцёгнамі і выцягваючы ногі.
— Во гэта бабец!.. Як матрац! — з захапленнем сказаў Ванька Бальшавік.
— Кабыла, а не баба! — паправіў яго Шчур.
Хлопцы разгрузілі кашы. Там быў вялікі рондаль падсмажанай на сале яечні. Саган тушанай кагтусты і мяса. Шмат гарачых бліноў. Тры боханы хлеба і вялікі кавалак грудзінкі.
Трафіда дастаў з саломы тры пляшкі спірту і развёў яго вадой, што стаяла ля дзвярэй у вялізнай дубовай кадцы. Лорд спружынным сцізорыкам адразаўтоўстыя лусты хлеба. Мы пачалі піць гарэлку і есці. Ежу мы змяталі, як машыны. Найбольш і найсквапней еў Фэлек Маруда. Ён еў мяса з сапеннем, чвякаючы і чмякаючы. Аблізваў тлустыя пальцы то адной, то другой рукі.
— Бачыце, як умінае! — сказаў Лорд, выціраючы рукой рот. — За вушамі трашчыць, a hoc дугою гнецца! На яду мастак, а на работу сяк-так!
— I правільна! — адказаў Шчур. — Хай конь робіць! У каня галава вялікая, чатыры нагі, хвост... а ў яго?..
Кантрабандысты скончылі есці. Толькі Фэлек Маруда, не зважаючы на ўсіх, распраўляўся з рэшткамі ежы. Болек Лорд пачаў расказ:
— А вось, хлопцы, ведаў я адну такую бабу, якая штодня ела на сняданак яечню з трыццаці яек.
— Здаравякай была, як наша Бамбіна, — буркнуў Бульдог, закурваючы.
— Дык вось аднойчы “ейны” муж захацеў зрабіць штуку і да трыццаці яек, якія яна разбівала на патэльню, дадаў яшчэ трыццаць. Баба прыйшла, падсмажыла яечню і села жэрці. Ледзь здолела ўсё ўмалоць.
— Халера, і не трэснула?! — сказаў Салоўка, круцячы галавою.
— З’ела і сядзіць. Сапе як паравоз. А тут суседка прыходзіць і пытаецца: “Ты чаго такая чырвоная?” А яна і гаворыць: “Ведаеце, суседачка? Я або прыхварэўшы крыху, або захварэцьму: з трыццаці яек яечню ледзь утрубіла!”
Хлопцы смяюцца і пачынаюць расказваюць пра розныя вядомыя ім выпадкі абжорства. Падчас размовы дзверы расчыняюцца і ўваходзіць Бамбіна, з грацыяй несучы кош, поўны яблыкаў і сліў.
— Трымайце, хлопцы! Гэта вам на закуску. Ну вы і насмалілі. Глядзіце, не спаліце мне гумно!
— Мы на таку толькі курым. Асцярожна, — супакоіў яе Юзік.
— Ну, ну! Глядзіце мне!
Яна закінула рукі за галаву і, знарок выстаўляючы пышныя грудзі, доўга папраўляла павязаную на галаве хустку. Захмялелыя хлопцы глядзелі на яе галоднымі вачыма. Яе гэта распальвала. Яна мружыла вочы, нахілялася ўзад і ўперад, гайдала клубамі. Потым узяла кашы з пустымі гаршкамі і выйшла з гумна. Мне здалося, што, перад тым як выйсці, яна ўважліва мяне агледзела
і ўсміхнулася мне. А можа, я памыліўся? Можа, тая ўсмешка прызначалася нам усім?
Юзаф Трафіда меркаваў, што мы заначуем на маліне ў Бамбіны і толькі заўтра ўвечары рушым у зваротную дарогу. Але габрэі не прывезлі з Менска тавар, які мы павінны былі забраць у Польшчу. Лёва прыйшоў да нас, калі ўжо згушчаліся прыцемкі. Ён нервова паціраў худыя далоні і наракаў:
— Каб іх халера з такім работам! Думаюць, што мы сюды цягніком ездзім!
Разам з Трафідам яны адышліся ў кут гумна і там доўга размаўлялі паўшэптам. Я пачуў некалькі фраз Юзіка:
— Мне то ганц-памада: з таварам мы пойдзем ці без. Заплаці мне, і ўсё! I хлопцам таксама. Я за работай не ганюся. Будзеце круціць, то спушчу ўсё з люфтам — і шлюс!
Калі зусім сцямнела, мы пачалі збірацца ў дарогу. Лёва заставаўся ў Бамбіны і меўся падрыхтаваць тавар на наступны раз. А мы павінны былі вярнуцца ў Ракаў і праз два дні ісці з наступнай партыяй тавару. Мы рушылі назад. Ісці было лёгка, бо аніякага грузу не было. Трафіда адразу ж прыспешыў хаду. Я кіруюся след у след за ім, намагаючыся ісці роўным крокам. Паветра было халоднае, ноч цудоўная. На небе раіліся зіхоткія зоркі. Праз нейкі час я прыстасаваўся да мернага руху і цяпер ужо ішоў машынальна. Манатонныя калыханні цела і цішыня навокал усыплялі мяне. Часам мне нават сніліся розныя рэчы. Я ўсміхаўся, жэстыкуляваў. Сам злавіў сябе на гэтым і гучна рассмяяўся. Трафіда абярнуўся да мяне і ціха сказаў: