• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

    Каханак Вялікай Мядзведзіцы

    Сяргей Пясецкі

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2020
    77.83 МБ
    — Добра, што ты мне гэта сказаў! — сказаў я Ёсіку. — Прынамсі цяпер я ведаю, хто мяне падпільноўвае! Цяпер буду асцярожны. Учора ўначы, калі я дамоў вяртаўся, у мяне стралялі!
    Ёсік здзівіўся:
    — Та-ак?! Гэта не нашыя! Гэта яны самі! Асцярожней будзь! Можа, хочаш рулю добрую, то я табе дам. У мяне некалькі.
    Я развітаўся з Ёсікам, які асцярожна пайшоў берагам ракі, абыходзячы мястэчка. Сам я пайшоў дамоў снедаць. I неадчэпна думаў пра тое, што сказаў мне Гусятнік.
    IX
    Увечары я апрануўся ціп-топ! Надзеў карычневую камізэльку ў залатыя кветачкі і завязаў цёмна-фіялетавы гальштук “фантазі” ў ружовыя палоскі. Гарнітур у мяне быў цёмна-сіні. Я ўзяў тростку і выйшаў з дома.
    На плошчы сустрэў Шчура.
    — Ты куды? — спытаў мяне кантрабандыст.
    — Да Сашкі.
    — Ага, на вечарынку! I я туды шкандыбаю!
    Шчур быў апрануты, як пан-граф. Сівога адцення гарнітур, лакеркі, зялёны гальштук. На галаве ў яго быў светлы фетравы капялюш з шырокімі брылямі. Яшчэ на падыходзе да Сашкавага дома мы пачулі гукі гармоніка.
    — Антак рэжа! — сказаў Шчур.
    Дзверы ў сенцы былі адкрытыя, і шырокая палоска святла падала праз іх на падворак. Побач з домам сноўдаліся людзі. Чуліся шэпат і смех. Мы ўвайшлі ў пакой, і нас адразу ж аглушылі гукі гармоніка — Антоні наярваў з натхнёным тварам і прымружанымі вачыма. Унутры ўсё шумела, гуло, віравала. Ад тупату ног трэсліся сцены. У сярэдзіне вялікага памяшкання круціліся ў танцы людзі. Антоні граў модны ў нас тады “Карапет”. Некаторыя прысвіствалі і падпявалі. Разам са Шчуром мы сталі ля сцяны і прыглядаліся да танцораў. Рухам галавы Шчур паказаў мне цыбатага бамбізу са смуглявым цыганскім тварам і зачасанымі па-казацку валасамі.
    — Гэта Гвозд. Машыніст... — сказаў мне калега.
    Гвозд танцаваў з маладой, можа, пятнаццацігадовай дзяўчынай, якая галавой ледзь дацягвалася яму да
    грудзей. Дзяўчына была вельмі зграбная і мілая з твару. У танцы яна вельмі смешна тупала вакол кантрабандыста, які час ад часу падкідваў яе ўгару. Гвозд танцаваў размашыста, з прытупам, выкрунтасамі і выдрыгасамі.
    — А гэта ягоная каханка, — патлумачыў Шчур.
    — Ды ну-у?.. — здзівіўся я.
    Брыдкіх дзяўчат я там наогул не бачыў. Каханкамі кантрабандыстаў заўжды былі найпрыгажэйшыя дзяўчаты мястэчка.
    Я заўважыў Лорда, які, бліскаючы зацята напамаджанай галавой, нядбала і нібыта без энтузіязму танцаваў з высокай мажной дзяўчынай у цёмна-зялёнай сукенцы. Яна была ладна складзеная, але твар мела прывідна бледны і мёртвы, падобны да маскі. Можа, наклала зашмат пудры неадпаведнага адцення. Ванька Бальшавік, гідка пасміхаючыся, прыціскаў да сябе мясістую дзяўчыну з тоўстымі, ружовымі, аголенымі рукамі. Ён так абляпіў яе ў танцы, што дзеўцы даводзілася паварочваць галаву ўбок. Я заўважыў дзвюх дзяўчат, якія танцавалі адна з адной. Яны акурат былі непрыгожыя і паводзіліся з выклікам. Адна насвіствала, а другая прытупвала і трэсла каротка стрыжанымі валасамі.
    — А гэта што за кралі?
    — Андзя Салдат і Гэлька Пудзель. Кантрабандысткі.
    Я лепш прыгледзеўся да дзяўчат. У Андзі Салдат былі шырокія плечы і вузкія бёдры, выглядала яна як пераапрануты ў жанчыну мужык. На ёй была вельмі кароткая аранжавая сукенка, пальцы зіхацелі безліччу пярсцёнкаў, а рукі — бранзалеткамі. Андзя была высокая, а вось Гэлька Пудзель — нізкая і камлюкаватая. Твар у яе быў вясёлы і сімпатычны, з кірпатым носікам. Гэлька была ў блакітнай сукенцы. Я рассмяяўся, гледзячы на гэтую камічную пару. Акрамя іх у пакоі
    танцавала яшчэ многа дзяўчат і хлопцаў, з якімі я не быў знаёмы. Многа людзей сядзела на лаўках і стаяла ля сцяны. Дзяўчаты былі апранутыя ярка, а каго прырода надзяліла прыгожымі нагамі, выбралі вельмі кароткія сукенкі. Хлопцы былі апранутыя пераважна ў цёмнасінія, карычневыя і светлыя гарнітуры. 3-пад расшпіленых пінжакоў вызіралі камізэлькі і гальштукі самых фантастычных колераў.
    Вачыма я шукаў Фэлю, але не мог яе знайсці. Антоні перастаў граць, танцы спыніліся, і пакой запоўніў шум размоў. Дзяўчаты сабраліся разам у адным з кутоў. Хлопцы стаялі ля сцен. Некаторыя групкамі пахаджалі па цэнтры пакоя. Выпрастаныя і напышлівыя, яны трымаліся вельмі ненатуральна. Іх раздзімала ад “кантрабандысцкай славы”. Дзяўчаты смяяліся, хіхікалі і зыркалі на хлопцаў. А тыя ўдавалі, што вядуць вельмі важныя размовы пра “работу” і зусім не звяртаюць на іх увагі. Гэта лічылася добрым тонам.
    Шчур таргануў мяне за рукаў, і я зірнуў на дзверы. У пакой увайшоў апрануты з шыкам-бляскам, паголены, напамаджаны і быццам бы налакаваны Альфрэд Алінчук. За ім сунуліся браты: Альбін, Адольф, Альфонс і Амброзі. Яны сталі шчыльнай групкай побач з дзвярыма. Размовы крыху прыціхлі. Хлопцы скіравалі погляды на Алінчукоў, і толькі “мамзэлі” (як казаў Лорд) захіхікалі і зашапталіся яшчэ жывей. I яшчэ залётней заўсміхаліся, “падпускаючы лёстачкі” ў бок братоў. Тут я ўбачыў, як на сярэдзіну пакоя выйшаў Болек Камета. Ён прыгладзіў вусы, сур’ёзна акінуў вокам сабраных і знянацку, без якой-колечы відавочнай прычыны, весела рассмяяўся. Гэтага хапіла, каб дзяўчаты расплыліся ва ўсмешках і захіхікалі, а хлопцы зарагаталі. Зрэшты, не ўсе хлопцы, бо некаторыя (прыкусіўшы шчокі, каб стрымацца) “захоўвалі сур’ёзнасць”. Болек Камета затрымаў погляд на Антоніі, які прысеў у кутку, абапёршы падбароддзе аб інструмент.
    — А... спадар-маэстра! Наша шанаванне. Я папрашу вас “На сопках Маньчжурыі”. Айн, цвай, дрэй...
    Камета кінуў гарманісту залатую манету. А калі Антоні зайграў стары расійскі вальс, Болек падхапіў бліжэйшую да сябе дзяўчыну і закружыўся з ёю ў танцы. Гэта была Гэлька Пудзель. Дзяўчына расчырванелася. Яна камічна дрыгала нагамі ў паветры і адпіхвала ад сябе Камету. Па пакоі зноў пракаціўся выбух смеху. Камета адпусціў Гэльку, якая адскочыла да дзяўчат і адтуль паказала яму язык.
    — Па-французску я не ўмею, — сур’ёзна сказаў Камета, і ўсе зноў гучна рассмяяліся.
    Болек пайшоў да дзвярэй у іншы пакой. Неўзабаве, пара за парай, у цэнтр пачалі выходзіць танцоры. Вечарынка працягвалася. Мы са Шчуром знайшлі сабе месца на лаўцы. Справа ад мяне стаяла Маня Дзюндзя — як заўжды, скрыўленая, быццам чымсьці незадаволеная. Я бачыў яе некалі на плошчы, а цяпер яна стаяла каля мажной дзяўчыны з задзірлівым позіркам смелых чорных вачэй.
    — Хто гэта? — спытаў я Шчура.
    — У жоўтым — Маня Дзюндзя, кантрабандыстка.
    — Гэту я ведаю. А тая ў ружовым?
    — Бэлька... Таксама кантрабандыстка. Яна ў іх машыністкай. Баба-гетман!
    Відаць, Бэлька адчула, што мы гаворым пра яе, і павярнулася ў наш бок. Шчур кіўнуў ёй. Яна адказала яму лёгкім рухам рукі, а потым выпрасталася і, напінаючы моцна развітыя грудзі, якія трэсліся пры кожным ейным руху і страшна дражнілі хлопцаў, стала разглядаць танцораў.
    — О... а вось і Сашка! — сказаў Шчур.
    Я ўбачыў, як з тых дзвярэй, за якімі нядаўна знік Камета, выйшаў Вэблін. Сашка ішоў паволі, паціскаючы працягнутыя да яго рукі. Урэшце, ён падышоў да нас.
    — А ты чаго не танцуеш? — шапнуў ён мне.
    — Час ёсць...
    — А з кім яму танцаваць? 3 табой? — спытаў Шчур.
    — Як гэта з кім? — Сашка абвёў рукой пакой. — Дзяўчат, як кветак! 0, панна Бэльця нудзіцца... Запрасі яе!
    Я кінуў Шчура і стаў танцаваць з Бэлькай.
    — Вы нетутэйшы? — спытала мяне дзяўчына.
    — Так. Я да Юзіка Трафіды прыехаў.
    — Ён сядзіць?
    — Сядзіць.
    — Шкада яго.
    — Што паробіш...
    Я бачыў, як Сашка падышоў да Алінчукоў і разам з імі праз усю залу скіраваўся да таго пакойчыка, адкуль толькі што выйшаў.
    — Вы ведаеце Алінчукоў? — спытаўя Бэльку.
    — Ведаю.
    — Хлопцы іх не хваляць!
    — Паскуднікі яны, — адказала кантрабандыстка.
    Я прыціснуў Бэльцю мацней, а яна не пратэставала. Мне падумалася, што трэба зрабіць ёй нейкі камплімент:
    — У вас вельмі прыгожыя вочы.
    — Ды ну? — сказала яна запытальна і ўсміхнулася.
    — Я праўду кажу! — прызнаўся я шчыра.
    Бэльця засмяялася і рухам галавы адкінула назад валасы. А потым удакладніла:
    — У мяне ўсё прыгожае, не толькі вочы.
    — Ого! Дык вы, панна Бэльця, асоба шчырая... і ўпэўненая ў сабе?
    — Так.
    — Мне смеласць падабаецца. Каб ніхто не бачыў, то я б вас за смеласць пацалаваў!
    — А потым хваліліся б па ўсім мястэчку!
    — Нічога падобнага! Слова даю!
    — Ну-ну, пабачым! — загадкава сказала Бэльця.
    Я адчуў, што яна мне вельмі сімпатычная, з ёю я мог бы танцаваць доўга, але машыністка адрэзала:
    — Хопіць кругі намотваць! Ногі баляць. Учора з дарогі вярнулася, і заўтра зноўударогу!
    — Далёка ходзіце?
    — Пад Пятроўшчыну.
    Гэта было вельмі далёка ад мястэчка — у трох вярстах ад Менска.
    Я адвёў Бэльцю да ейнай сяброўкі, якая ўступіла ёй месца на лаўцы. У пакоі было горача. Твары блішчалі ад поту. Я заўважыў, што некаторыя хлопцы ўжо на падпітку. Спачатку я не мог сцяміць, калі яны ўжо паспелі. А потым убачыў, як групкі па двое, па трое выходзяць на падворак, а потым вяртаюцца ва ўзнёслым настроі. Я шукаў вачыма Шчура, але нідзе не мог яго ўбачыць. Толькі пазней ён падышоў да мяне, падміргнуў і сказаў:
    — Хадзі сюды на хвілінку...
    Следам за ім я выйшаў у суседні пакой і апынуўся ў клубах тытунёвага дыму. Крыху агледзеўшыся, я ўбачыў доўгі стол, а вакол яго — кантрабандыстаў. Некаторых я ведаў асабіста, з некаторымі сустракаўся толькі мімаходам, а некалькі чалавек бачыў упершыню. Хлопцы кіралі на ўсе застаўкі. На чале стала сядзеў Камета са шклянкай у адной руцэ і бутэлькай у другой і прамаўляў:
    — Доля наша кульгавая, дык трэба, хлопцы, хоць бутэлькамі падперці!
    — Мудра! — адказаў Лорд.
    — Хто не паліць і не п’е, той гніе, а не жыве!
    — Мудра! — роў Лорд і дадаваў: — А значыцца, яшчэ па адным!
    Шчур пацягнуў мяне да стала і пасадзіў побач з сабой на вузкай лаўцы. Лорд паставіў перада мной шклянку гарэлкі і сказаў:
    — Даганяй!
    На іншым канцы стала гулялі ў карты. Там сядзелі браты Алінчукі, Сашка, Жывіца, Ванька Бальшавік і яшчэ некалькі незнаёмых мне людзей. Гулялі ў “ачко”. На стале ляжалі пачкі купюр і горкі залатых манет. Сашка трымаў банк. Шчокі ў яго разрумяніліся, але ён гуляў спакойна, старанна тасуючы і раздаючы карты. Перад ім ляжала вялікая куча грошай. У нейкі момант Болек Камета звярнуўся да яго:
    — Дасі карту за 50?
    Сашка кіўнуўяму галавой:
    — I за 500 дам!
    — Пайшло 50.
    Камета ўзяў тры карты і прайграў. Заплаціў пройгрыш.