Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
I ў нас таксама здарылася бяда. Мы ішлі за мяжу з таварам. Нас было дзесяцёра. На мяжы нас пагналі, і мы далі драла. Ззаду грымелі стрэлы. Мы плітавалі ў абсалютнай цемры, інстынктам трымаючыся дарогі і арыентуючыся на шум крокаў, каб не згубіцца. Аддаліліся ўжо на кіламетр ад мяжы, але стрэлы не сціхалі. Раптам я пачуў, як хтосьці енкнуў, і амаль адразу ж спатыкнуўся аб чалавека, што сядзеў на зямлі. Я пераскочыў праз яго.
— Хлопцы, — пачуў я голас, — мяне падстрэлілі.
Я спыніўся і гукнуў хлопцаў:
— Стаяць, хлопцы! Пагоні ўжо няма!
Усе спыніліся. Мы вярнуліся да параненага. Гэта быў Алігант. Куля прашыла яму лытку на левай назе.
Ісці далей ён не мог. Пасля кароткай нарады мы вырашылі вяртацца, па чарзе, па двое, несучы раненага. Тады адгукнуўся Мамант:
— Я яго сам занясу ў Ракаў, спраўлюся. Вы далей шмаруйце...
Мы зноў пачалі раіцца. Сышліся на тым, што Шчур і Мамант вернуцца з Алігантам у мястэчка, а мы з таварам пойдзем далей. 3 падранай кашулі мы зрабілі перавязку, а потым Мамант узяў Аліганта на спіну. Шчур пайшоў першы, каб правяраць дарогу. Свае ношкі яны пакінулі нам. Лорд хацеў узяць сабе яшчэ адну, але для яго як для правадніка гэта было занадта цяжка. Таму па дзве ношкі ўзялі Болек Камета, Ванька Бальшавік і я. Мы шчасліва дабраліся на кропку, але на зваротнай дарозе нас зноў абстралялі. Гэтым разам без наступстваў.
Мамант і Шчур “гладка перакінулі” праз мяжу параненага Аліганта і аднеслі яго дамоў.
А тады, калі пасля ранення Аліганта мы рушылі далей з дзвюма ношкамі, я цяжка клыпаў наперад, намагаючыся не згубіць з вачэй шэрую пляму ношкі на спіне Лорда. Тады мне здавалася, што гэта надмагілле і на ім павінна быць напісана імя, прозвішча, даты нараджэння і смерці.Уяўленне нават пачало паказваць мне крыж і словы на пліце. Я падумаў: “Мы носім за плячыма надмагіллі. I ў мяне дзве такія пліты!” Цяжкая і небяспечная праца кантрабандыста! Але я адчуваў, што кінуць яе мне было б нялёгка. Яна надзіла мяне, як какаін. Мяне вабяць таямнічыя начныя падарожжы. Вабіць гульня нерваў, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з цяжкіх далёкіх вандровак. А потым — гарэлка, спеў, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчаты, якія кахаюць нас не за нашы грошы, а за смеласць, весялосць, разгульнасць і пагарду да бабла. Мы нічога не чытаем. Зусім не цікавімся палітыкай. Газет я не бачыў ужо некалькі месяцаў. Усе нашы думкі круцяцца вакол адной
тэмы — мяжы. А пачуцці — вакол некалькіх іншых,у залежнасці ад густу і тэмпераменту, тэм: гарэлка, музыка, гульня ў карты, жанчыны.
Я заўважыў, што ўжо цягам двух тыдняў — з таго моманту, як пачалася наша чорная паласа, — Вялікай Мядзведзіцы на небе не было відаць.яе зацягвалі хмары.
Калі масалкі падстрэлілі Аліганта, ужо пасля свайго вяртання я пайшоў да Маманта, каб даведацца, як яны перакінулі параненага праз мяжу. Я ўвайшоў у яго бедную хату і ўбачыў незвычайную карціну. Мамант, цяжкі, медзведзяваты, стаяў пасярод пакоя. У яго на шыі сядзеў хлопчык гадоў пяці і паганяў “коніка” бізунчыкам. Другі хлопчык, крыху старэйшы, падганяў бацьку ззаду, стоячы ля ягоных ног. Маленькая дзяўчынка назірала за забавай, седзячы на перакуленых начоўках, і весела смяялася. А Мамант, удаючы коніка, нязграбна, цяжка скакаў па хаце і гігікаў. Гэта быў найлагаднейшы і найлепшы з вядомых мне людзей, хто заўгодна мог скарыстацца яго дабрынёю, ашукаць ці пакрыўдзіць яго. I разам з тым гэта быў ламбразіянскі тып: убачыўшы такога за кратамі на судзе, газеты пісалі б пра “пануры погляд забойцы з каменным, пазбаўленым чалавечых рыс тварам, выразнае кляймо смерці на якім выдавала жывёльныя інстынкты і дэградацыю яго ўладальніка”.
Калі я ўвайшоў у пакой, Мамантава жонка — маленькая, худзенькая кабеціна — звярнулася да мяне, указваючы на мужа рукою:
— Звар’яцеў! Зусім з глузду з’ехаў! Заўжды так... Аніякага розуму. Калі яго не біць — вар’яцее! Аніяк без біцця не абыдзецца!
А конь — Мамант— стаяў пасярод пакоя: вялікі, няўклюдны, цельпукаваты, перакананы ў сваёй страшнай віне. На ягоных вуснах блукала далікатная ўсмешка. Вачыма ён умаляў жонку, каб яна адчапілася ад яго ў прысутнасці госця. Я і не ведаў, што ў Маманта такая вялікая сям’я: яшчэ адно дзіця ляжала ў калысцы.
Вярнуўшыся дамоў, я даведаўся, што Юзік Трафіда даслаў мне ліст, у якім паведамляў, што яму далі шэсць месяцаў і што пакаранне ён адбывае ў турме ў Наваградку. Мяне вельмі непакоіць Юзікава сястра, Гэля. Яна ходзіць сумная, задуменная. Колькі разоў я заўважаў, што вочы ў яе чырвоныя. Часам я бачыў, як увечары яна выбіраецца з дома. Аднойчы я прасачыў за ёю. Лепш бы я гэтага не рабіў! Я ўбачыў, што ў прыцемках на мосце Гэля сустрэлася з Алінчуком і пайшла з ім за мястэчка. Калі б Юзік быў дома, я б сказаў яму, каб папярэдзіў сястру пра Альфрэда і апавёў пра ягоныя залёты да многіх местачковых дзяўчат, і да Фэлі таксама. Сам я з ёю пра гэта пагутарыць не магу, бо яна дакладна не так мяне зразумее. Падумае, што гэта рэўнасць з майго боку. Са спаткання Гэля вярнулася бледная і сумная. На ейным твары я бачыў сляды слёз.
3 Янінкай мы вельмі пасябравалі. Калі ўвечары я дома, яна прыходзіць і расказвае мне фантастычныя гісторыі пра птушак, звяроў, пра тое, што гавораць дрэвы і кветкі. Адкуль у гэтай малой такая фантазія? Цікава, якой яна будзе праз некалькі гадоў, калі стане ўжо дарослай паннай?
Сёння зранку да мяне завітаў Лорд. Убачыў, што ў пакоі акурат сядзіць Янінка, і сказаў ёй:
— Выйдзі на хвілінку!
Дзяўчынка зірнула на нас і надзвычай сур’ёзным тонам заявіла:
— Вы можаце гаварыць пра ўсё. Я ў гэтым разбіраюся... Чужых сакрэтаў я не слухаю і не выдаю!
Лорд рассмяяўся, схапіў яе пад пахі і падняў угару. — А вось гэтага я не люблю! — сказала Янінка.
— Прабачэння прашу ў пані! — з глыбокім паклонам выбачыўся Лорд.
— Калі ласка. Я не сярдую. А цяпер пайду, гаварыце колькі вам заўгодна, “без бянтэжання”.
Яна выйшла з пакоя.
— Во будзе нумар! — заўважыў Лорд.
— Добрае дзіцятка, — пацвердзіў я.
— Дзіцятка? — засмяяўся Лорд. — Гэтая шыкса ўсім нашым марухам форы дасць... I сур’ёзная такая... Футы ну-ты!
— Што ты сказаць хацеў? — спытаў я.
— Будзе “агранда”! Сёння ў дарогу рушым. Назад панясём шкуркі. Ну, і агранду ў лесе зробім, побач з мяжой. Сезон заканчваецца, трэба крыху падрамантавацца на зіму.
— Хлопцы пра гэта ведаюць?
— Яны самі прасілі. Ведаюць Камета, Шчур і Мамант.
— Каб ніхто не трапіўся!
— Ну, справа такая, неяк ды будзе. Трэба крыху адбіцца. Сем партый чыста прайшло. Адну завалім. Я цябе папярэджваю, каб ты ведаў. Калі будзем драла даваць, трымайся мяне.
Увечары таго ж дня мы выправіліся ў дарогу. Тавар ішоў каштоўны: шаўро, лак, хром, батыст і шаўковыя панчохі. Ношкі ў нас былі па 40 фунтаў.
На кропку мы прыйшлі а трэцяй уначы. Хлопцы зайшлі ў гумно, а мы з Лёвам скіраваліся на хутар. Спачатку хлопцы крыху ўядалі мяне, маючы на ўвазе мой раман з Бамбінай. Асабліва Ванька Бальшавік. Але аднойчы Шчур сказаў яму:
— А табе шкада? Вочы ад зайздрасці павылазілі! Мела рацыю Бамбіна: не для ката сала!
А потым усе змірыліся з гэтым, асабліва калі заўважылі, што гаспадыня пачала лепш дбаць пра нашы “карыты”. Цяпер, дабраўшыся на маліну, хлопцы адразу кіраваліся ў гумно, а мы з Лёвам ішлі да Бамбіны. Толькі аднойчы Бальшавік не вытрымаў і сказаў: “Пайшоў на цёплыя ножкі”.
Бамбіна адчыніла нам дзверы. He саромеючыся Лёвы, яна ўзяла мяне ў гарачыя абдоймы. Потым хутка адправіла правадніка ў бакоўку, а сама, вясёлая, узбуджаная, нецярплівая, вярнулася да мяне. Дапамагла мне зняць угвэзданыя да каленяў боты і вопратку. 3 раніцы я заўжды знаходзіў усё сухім і чыстым. Мне было добра з ёю. 3 часам я заўважыў, што яна стала кахаць мяне інакш... больш чула, больш пяшчотна. I сам я ўсё болын да яе прывязваўся. Пагатоў розніца ва ўзросце ў нас была невялікая. А часам мне здавалася, што яна маладзейшая за мяне, столькі ў ёй было энергіі, смеху і быццам бы дзявочай легкадумнасці.
Назаўтрамырушыліўзваротнуюдарогу.Умяшкуза плячыма я нёс 380 шкурак алтайскіх вавёрак (19 пачкаў па 20 шкурак у кожным). Ношка была не надта цяжкая. Іншыя хлопцы таксама неслі вавёркавыя шкуркі. Дарога была асабліва цяжкая. Ноч — чорная як смала, зямля — гразкая і ліпкая, быццам дэкстрын. Мы брылі, як мухі па клеі, з цяжкасцю выцягваючы ногі з гразі. Тры разы рабілі прывалы, перш чым дабраліся да памежнага лесу побач з Затычына, дзе збіраліся рабіць агранду. Увайшлі ў лес і прабіраліся вузкай сцежкай між густых елак. Потым выйшлі на вялікую палянку, а з яе — на шырокую, раз’езджаную калёсамі дарогу. Пад нагамі загулі дошкі. “Мост”, — падумаў я, намагаючыся ісці цішэй. Хтосьці абмінуў мяне і знік у цемры. Гэта быў Шчур. Лорд на імгненне спыніўся і ўзяў мяне за руку. Ён падсунуўся бліжэй і прашаптаў: “Зараз!” Мы пайшлі побач. Раптам з левага бокударогі бліснуў ліхтарык, на секунду выхапіўшы доўгі шнурок людзей. I ў гэты самы момант раздаўся нечалавечы крык:
— Сто-ой! Страляць буду! Сто-ой!
Ліхтарык згас. Грымнулі два рэвальверныя стрэлы, а потым яшчэ два. Усё навокал завіравала. Гучалі крыкі, трашчалі прыдарожныя кусты. Гул разыходзіўся
па лесе. Мы з Лордам скочылі налева, а хлопцы кінуліся направа. Неўзабаве ўсё сціхла. Мы спыніліся. Побач пачуўся свіст. Лорд адказаў. Да нас падышоў Шчур. Гэта ён страляў і крычаў. Я пачуў ягоны ціхі смех.
— Ну, як там?
— Клёва! Шухер што халера! Агранда “пірша кляса”!
Мы спакойна перайшлі мяжу. Назаўтра Болек Камета павёз шкуркі ў Вільню. Там іх можна было прадаць нашмат даражэй, чым у мястэчку. Я, Лорд, Шчур і Мамант аддалі яму сваю долю. Разам з яго шкуркамі іх было 1840 штук.
— Каб ён толькі з імі не зваліў! — сказаў Шчур.
— Ён зваліў? — перапытаў Лорд. — Ніколі! Яго адсюль, з мяжы, і мільёнамі не выцягнеш!
Праз два дні Камета вярнуўся. Шкуркі ён прадаў за 2024 даляры. Па даляры і 10 цэнтаў за шкурку. Мы адлічылі Камету 24 даляры за дарогу, а рэшту падзялілі між сабой. Па чатырыста даляраў на долю.
Толькі наша пяцёрка ведала пра агранду. Іншыя думалі, што партыі напраўду далі пытлю. Некаторыя нават казалі, што гэта работа падпольніка Макарава. А Ванька Бальшавік кляўся, што бачыў у святле ліхтарыка ягоную рудую бараду і шнар на левай шчацэ. Усе шчасліва вярнуліся ў мястэчка. А тавару гандляру не аддалі: “пагублялі, пакідалі” — зрэшты, і не тлумачылі зусім.