Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
XIII
Зноў выпаў снег, і гэтым разам застаўся ляжаць. Зіма прыйшла суворая, марозная і снежная. Яна цвёрда замацавалася на мяжы і тоўстым слоем халоднага пуху ўкрыла зямлю на доўгі сон. Пралягла белая сцежка. Залаты сезон скончыўся. Хлопцы балявалі, пілі, скандалілі, улягалі за дзяўчатамі. Выглядала ўсё так, быццам кожны намагаўся як мага хутчэй прагуляць заробле-
ныя грошы. Гінта мела асаблівы поспех. Наш салон быў заўжды поўны, дзверы проста не зачыняліся. Кантрабандысты купаліся ў гарэлцы. Болек Камета быў у сваёй стыхіі. Ён піў, піў, піў. Невядома, калі ён адпачываў. Фэлек Маруда складаў яму кампанію, але піў менш, бо быў заняты ежай. Антоні граў няспынна. Камета прывёз новы, вельмі добры гармонік і падарыў яго Антонію. Таму гарманіст граў, наярваў, шпарыў і рэзаў на ім, як апантаны. Неяк увечары я сустрэў на плошчы Ёсіка Гусятніка. Ён радасна павітаўся са мной.
— Ты куды ідзеш? — спытаў ён.
— Дамоў.
— Рана яшчэ. Хадзем да мяне. Пагутарым крыху. Раскажу табе адну цікавую штуку. Пра Альфрэда Алінчука раскажу!
Я пайшоў з ім. Жонка чакала Ёсіка з вячэрай. Мы селі за стол, і Гусятнік звярнуўся да яе:
— Ідзі спаць, Дора! Нам тут крыху пагутарыць трэба.
Потым, калі яна выйшла з пакоя, Гусятнік пасур’ёзнеў і сказаў:
— Вы асцярожней! Альфрэд вас засыпаць хоча!
— Як засыпаць? У паліцыю данесці?
Гусятнік усміхнуўся.
— He. ён вас хоча па-сур’ёзнаму пакласці. На тым баку...
— Ты адкуль ведаеш?
— Ён распытваў, куды вы ходзіце. Дзе маліна ў Лордавай партыі.
— I ён можа такое зладзіць?
— Ён? Ты яго кепска ведаеш! Ён на любое паскудства пойдзе!
— Ажно не верыцца! Сам фартовы!
Ёсік засмяяўся.
— Фартовы! Гэта апошняя поскудзь! Ты думаеш, ён за мяжой хаваецца? Ён на зыхер ходзіць!
— Але яны ж з машынамі ходзяць!
— I што з таго? Яны бяруць рулі, бо хамаў баяцца. А пра вашу партыю ён “з понтам” распытваў. Быццам бы сабе іншую кропку шукае. А сам вас пакласці хоча. Вы асцярожней! Ёсць у мяне адно падазрэнне...
Гусятнік змоўк.
— Якое падазрэнне?
— Нікому не скажаш?
He.
— Пад хайрам?
— Так.
— Гэта ён засыпаў партыю Гвазда, бо той хацеў адбіць у яго Андзю Завітчанку.
— Ды што ты?!
— Дакладна я не ведаю. Толькі ведаю, што ў Менску ён бачыцца з падпольнікам Макаравым. На гулянкі яны разам ходзяць. Макараў дапамагае Алінчукам з кантрабандай, а яны даюць яму работу... Сыплюць хлопцаў!
Я занепакоіўся. Крыху падумаў, а потым сказаў:
— Ведаеш што, Ёсік? Гэта вельмі сур’ёзная справа! Я павінен сказаць пра гэта Сашку і Лорду.
— Цяпер нельга! Ты даў слова... Як даведаюся больш, то тады з Альфрэдам разберацеся. Цяпер нельга... Скажы толькі Лорду, каб лягчэй на паваротах трымаўся і каб памяняў маліну. Можаш сказаць, што ад некага чуў, што Альфрэд распытвае паўстанцаў, куды вы ходзіце. Хай папярэдзіць хлопцаў, каб нікому не казалі. Альфрэд хоча вас засыпаць так, як Гвазда...
Позна ўначы я вяртаўся дамоў з галавой, поўнай планаў. Я разважаў: што рабіць? Мне было страшна адпужнуць хлопцаў ад Лёнінай маліны. Тады б я не змог бачыцца з ёю. Назаўтра я пайшоў да Лорда. Пасля ўчарашняй папойкі яму балела галава, і ён выказаў жаданне паправіць гумор.
— Ведаеш што, Болек, — звярнуўся я да яго. — Нам трэба асцярожней з малінай быць. Альфрэд распытвае, дзе ў нас кропка ў Саветах. Ён нас лягнуць хоча!
— Адкуль ты ведаеш?
— Ад аднаго хлопца.
— Хай бы яго чэрці, гэтага Альфрэда! Восьжа сука...
— Трэба асцярожней!
— Так. Цяпер будзем асцярожнейшымі! He дачакаецца! Партыі ён не возьме! Найбольш аднаго хлопца вычапіць. Ты дакладна ведаеш?
— He. Я толькі дапускаю.
Я не хацеў асабліва непакоіць Лорда, каб той не змяніў кропку.
— Трэба папярэдзіць хлопцаў, каб нікому не казалі, дзе мы спыняемся ў Саветах, — сказаў Лорд.
— Менавіта. Так і зрабі. Хай будуць асцярожныя. Языкі за зубамі, і шлюс! Зрэшты, ніхто не ведае Бамбінінага прозвішча і не зможа дакладна ўказаць, дзе гэты хутар месціцца.
Мы змянілі тэму размовы, а крыху пазней пайшлі піць да Гінты.
Праз два дні мы ўпершыню рушылі на работу белай сцежкай. Вёў партыю, як звычайна, Лорд. Тавар пільнаваў Лёва. Тавар быўтанны: падэшвы, жаночыя швэдры, ваўняныя шалі... на зімовы сезон. Апрача мяне, Лёвы і Лорда ішлі: Мамант, Шчур, Болек Камета, Ванька Бальшавік, Фэлек Маруда. Усяго дзевяцёра. Пятрок Філосаф яшчэ хварэў, а Алігант пакуль не залячыў рану. Цяпер мы больш асцярожныя. He ідзём палямі да забудоў і саду, а ўскрайкам гаю падбіраемся да раз’езджанай санямі дарогі, па якой можна — каб не пакінуць слядоў — дайсці да хутара. Мы выправіліся ў дарогу з Бакроўкі, з гумна на ўскрайку мястэчка, куды яшчэ ўдзень завезлі ношкі. Выйшлі мы рана, як толькі сцямнела. Мы зрабілі гэта наўмысна, з разлікам, што зялёнкі не падумаюць чакаць кантрабандыстаў у такі час. А другой уначы мы дабраліся да хутара Бамбіны. Лорд спыняе партыю, падыходзіць да мяне і пытае:
— Можа, хочаш першым пайсці? Зірнеш, ці ўсё ў парадку на маліне, у гумне і ў садзе... Агледзіш увесь хутар. Спытай Бамбіну, ці не круціўся тут хто ўдзень. А калі ўсё ў парадку, выйдзі на дарогу і зрабі ўключаным ліхтарыкам тры вялікія кругі. Хочаш першым пайсці?
— Добра. Я пайду.
— Пакінь ношку. Табе лягчэй будзе.
Я скінуў з плячэй ношку і выйшаў на дарогу. Да хутара было каля 300 крокаў. Я іду хутка, і мне весела. Без ношкі так лёгка ісці. Я гляджу на Вялікую Мядзведзіцу і ўсміхаюся, паўтараючы імёны зорак: Ева, Ірына, Сафія, Марыя, Гелена, Лідзія і Лявонія-Лёня. Я паўтараю некалькі разоў: “Лёня”, — і смяюся. “Спіць, напэўна, і ані сніць, што я зараз прыйду!” Я паскараю крокі. Брама і веснічкі зачыненыя. Цераз плот я пералажу на двор. 3 глыбіні падворка да мяне кідаецца вялікі сабака.
— Нерон! Нерон! — клічу я яго.
Ён падскокамі бяжыць да мяне і з радасным падвываннем становіцца на заднія лапы, намагаючыся лізнуць мяне ў твар. Я адпіхваю сабаку ад сябе і ціхенька грукаю ў акно. Потым бачу за шыбай белую пляму твару.
— Хто там?
Я.
— Уладзя?
— Так. Лёня, адчыні.
Грукаюць засаўкі, і я ўваходжу ў цёплы дом. Лёня толькі паднялася з ложка, яна жарсна цалуе мяне.
— Які ты халодны! Хлопцы прыйшлі?
— Я адзін прыйшоў.
— Адзі-ін?
— Так.
— Праўда? Навошта?
— Засумаваў па табе і падарваўся ў дарогу!
Яна смяецца, а потым сур’ёзна гаворыць:
— He можа быць! Ты хлусіш!
Я расказаў ёй, у чым справа. Лёня запэўніла мяне, што на хутары ўсё ў парадку. Але на ўсялякі выпадак я абышоў двор і сад, агледзеў гумно і толькі тады выйшаў на дарогу. Дастаю ліхтарык, уключаю яго і раблю тры вялікія кругі. Чакаю. Неўзабаве на снежнай белі дарогі з’яўляюцца адзін за адным мае супольнікі. Я запускаю іх на двор і зачыняю веснічкі на засаўку. Хлопцы пайшлі ў гумно, а мы з Лёвам — у дом. Лёня ўжо апранулася. Завіхаецца па хаце. Паліць у печы, гатуе мне ежу, бо Лёва і хлопцы пайшлі спаць. Пазней, ужо ў ложку, Лёня сказала:
— А ведаеш што, Уладзя? Я пра адну рэч падумала: застанься са мной назаўжды!
— Як гэта?
— Я ўсё разважыла... Закрыю кропку. Мне ўжо хопіць... Грошай у мяне дастаткова, і табе таксама застанецца. Будзем жыць... Я табе дакументы зладжу. У мяне знаёмыя ёсць у “Волмсполкоме”, у Заслаўі. Гэта можна зрабіць...
— He. Я не хачу...
— Ты мяне не кахаеш? Га?
— Гэта іншае... Мне лепш жыць у сябе...
Лёня доўга пераконвала мяне пагадзіцца на ейную прапанову. Прасіла, прыводзіла розныя аргументы. Урэшце я сказаў ёй, што падумаю. Аднак сам ужо тады ведаў, што ніколі на гэта не пагаджуся. Тут я б занудзіўся насмерць. А можа, і Лёня мне б абрыдла? Але ёй я гэтага не сказаў.
XIV
Каляды і Новы год прайшлі ў нас вельмі весела. А пасля святаў мала ў каго з кантрабандыстаў засталося
штосьці ў кішэні. У студзені хлопцы зноў пачалі хадзіць у дарогу. Іх падганяла нястача. Яны ішлі, хоць сцежкі і былі вельмі цяжкія, лютавалі завеі, а па лясах і палях сноўдалі ваўкі. Гандляры цяпер давалі марны тавар. He хацелі рызыкаваць, ведаючы, што дарогі вельмі небяспечныя, а гаротныя хлопцы лёгка могуць учыніць агранду. Партыі хадзілі вельмі рэдка, і людзей у іх было мала. А вось саматугам хлопцы хадзілі ўсё часцей. Насілі спірт, на які быў вялікі попыт у Саветах.
Напярэдадні Трох Каралёў да мяне завітаў Лорд: — Мяне Фэля паслала.
Я здзівіўся.
— Чаго яна хоча?
— Запрашае цябе заўтра на вечарынку.
— Але Сашкі ж няма дома! ён у Стоўпцах.
— Ды нічога. Гулянка невялікая будзе, колькі дзяўчат і пару хлопцаў.
— А ты пойдзеш?
— Так.
— Добра. To я таксама пайду.
Назаўтра я апрануўся асабліва старанна, і мы разам з Лордам пайшлі да Фэлі. Была сёмая вечара, і мы акурат заспелі ўсіх гасцей у поўным камплекце. Я заўважыў, што Фэля так падабрала хлопцаў, каб не было гранды і забава прайшла “прыстойна”. Акрамя мяне і Лорда было яшчэ некалькі знаёмцаў: Пятрок Філосаф, Юлік Вар’ят, Алігант. Былі таксама далёкія сваякі Вэблінаў, браты Фабіньскія — Караль і Зыгмунт. Яны нядаўна прыехалі з Вільні і трымаліся звысоку і з пэўнай дыстанцыяй. 3 дзяўчат былі: Фэля, Бэлька, Андзя Салдат, Маня Дзюндзя і Лютка Жубік — яна замяняла ў Бэльчынай партыі Гэльку Пудзель, якая засыпалася ў Саветах і цяпер сядзела ў турме ў Менску. Лютка была мясістай дзявухай, якая пры кожным кроку трэсла раскідзістым целам, што выклікала ў думках хлопцаў эратычныя
прыхамаці. Была яшчэ стрыечная сястра Фэлі, Зося — прыгожая, зграбная бландзінка, якой толькі-толькі споўнілася шаснаццаць. Тварык ейны аздаблялі вельмі прыгожыя вочы.
Калі мы ўвайшлі ў хату, моладзь ужо гуляла. На камодзе стаяў вялікі грамафон і, бліскаючы нікелем вялізнага раструба, граў вальс. Пасярэдзіне пакоя танцавалі дзве пары. Алігант танцаваў з Зосяй, а Караль Фабіньскі — з Фэляй. Мы павіталіся з усімі прысутнымі па чарзе, прадстаўляючыся незнаёмым. Зыгмунт Фабіньскі нядбала, быццам з вялікай ласкі, падаў мне мяккую і маленькую, як у жанчыны, руку. Надзьмуў губы і спеўна прамовіў:
— Фа-абіньскі...
Ён быў мне несімпатычны. He люблю я распешчаных даліканцікаў. Я сціснуў ягоную руку так моцна, што Фабіньскі ледзь не ўскрыкнуў, і таксама прадставіўся:
— Ла-абровіч!
Я прысеў за невялічкі столік, дзе сядзелі Бэлька і Андзя Салдат, і пачаў размову з Бэлькай, цішком назіраючы за Фэляй, якая ўсё яшчэ танцавала з Каралем Фабіньскім. Выглядала яна прыгожа. На ёй была чорная сукенка. Цёмныя колеры пасуюць ёй найбольш — быццам рама, ахопліваюць зграбную фігуру, харошанькую галоўку і тонкую шыю. У танцы яна рухалася так свабодна, што здавалася, гэта адзіны натуральны для яе від руху. Я не мог адарваць ад яе вачэй, няўважліва слухаў, што казала мне Бэлька, і ўсё глядзеў і глядзеў на Фэлю. Машыністка, мне здаецца, гэта заўважыла: