Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Пане Уладзю, які ж вы няветлівы, і не слухаеце нават, што я кажу!
Я ачомаўся і ўцягнуўся ў размову, аказваючы асаблівае зацікаўленне Бэльчынай асобай. I нават запрасіў яе на танец.
— Ці не досыць вам танцаў на мяжы? — спытала Бэлька.
— Маеце рацыю, шаноўная пані.
Я нахіляюся да яе праз столік і звяртаюся на “ты”, як зазвычай у сваёй кампаніі, “без бянтэжання”:
— Бэлька, калі?
Што?
— Тое, што ты мне абяцала, калі я цябе праводзіў...
— Табе гарыць?
— Вельмі!
— Ну то пацярпі або вады халоднай выпі!
Фэля заўважае, як даверліва мы размаўляем. Колькі разоў яна кідае на нас позірк, а потым перастае танцаваць і падыходзіць да нашага століка са сваім партнёрам. Вітаецца са мною:
— Добры вечар, пане Уладзю!
— Добры вечар!
— Пазнаёмцеся, панове! — яна рухам галавы паказвае на Фабіньскага.
Караль падаў мне дробную, дагледжаную руку і працягнуў:
— Фа-абіньскі!
Я адказваю басам, найграна і з выклікам, пераймаючы яго інтанацыю:
— Ла-абровіч!
Бэля рассмяялася. Фэля акінула мяне здзіўленым поглядам. Караль адступіў.
— Вы, пане, вельмі нервовы! — адзначаю я.
— Як англійскі цюцька! — дадае Лорд і, удаючы, што гэта не тычылася Караля, працягвае, звяртаючыся да Андзі Салдат: — Такі, ведаеце, міленькі і зграбненькі быў, палахлівы-баязлівы...
Бэлька смяецца. Фэля насуплівае бровы, а потым ідзе да грамафона і ставіць новую кружэлку. Караль сядае поруч з Зыгмунтам, і яны ціха перагаворваюцца, крытычным поглядам акідваючы прысутных. Браты прыніжаныя.
Раптам з грамафона раздаецца жарсны голас тэнара:
Дзе ж ты дзе, маё каханне? Дзе жывеш ты, мой анёл?
— На маяку! — сур’ёзна адгукаецца тэнару Лорд.
Дзяўчаты — у смех. Фабіньскія крывяцца. Мне вельмі хочацца выпіць, і я кажу пра гэта Лорду.
— Мудра! — адказвае мне калега.
Ён, смеючыся, падыходзіць да Фэлі і штосьці ёй гаворыць. Разам яны выходзяць у суседні пакой. Я гляджу ёй услед: тонкі стан, зграбныя ногі, хісткія ў хадзе сцёгны. Мяне цягне да яе ўсё больш, і разам з тым я баюся яе і... ненавіджу. Чорт ведае што такое!
Праз некалькі хвілін Фэля вяртаецца адна і падыходзіць да мяне. Я гляджу ёй у вочы. Дзяўчына лёгка, як мне здаецца, іранічна ўсміхаецца і гаворыць:
— Пан Баляслаў просіць вас на хвілінку.
Я выходжу ў суседні пакой, у той, дзе папярэднім разам выкрылі аферу Алінчукоў з цынкованымі стыркамі. Стол цяпер стаіць ля вакна, а побач са сталом я ўбачыў Лорда.
— Хадзі, браце, — гукае ён мяне. — Трэба крыху гульнуць!
На стале я бачу вялікі графін гарэлкі, запраўленай вішнёвым сокам. На талерках ляжаць агуркі, хлеб і кавалкі вяндліны. Лорд робіць шырокі жэст рукамі:
— Чымхата багата!
Мы пачынаем піць гарэлку шклянкамі.
— Фэля казала мне цябе не спойваць! — заўважае Лорд.
Так?
— Угу! Шанцуе табе... Паўлягай за ёю... Цар-баба! Альфрэд за ёю два гады цягаўся... Але застанецца з носам.
Мы паспешліва ямо і п’ём. Гарэлка заканчваецца. Мне робіцца ўсё весялей. Лорд закусвае, пазіраючы на мяне, і гаворыць:
— Карыстайся нагодай! Я Фэльку ведаю як аблупленую...Яна для цябе гэтую вечарынку зладзіла. Здалёк трымаецца, каб мацней цябе да сябе прыцягнуць. Разумееш? Адзінаццаты запавет памятаеш? 3 бабамі трэба ўмеючы!
I ментарскім тонам дасведчанага донжуана ён пачынае мяне павучаць. Мне непрыемна, але я нічога не кажу, бо ведаю, што гэта праява шчырай сімпатыі.
Мы вяртаемся ў вялікі пакой. Грамафон грае полечку. Фэля танцуе з Зыгмунтам Фабіньскім, але часта пазірае на мяне. Дзіўная жанчына: цела ейнае вабіць неадольна, а вочы — адштурхоўваюць. Хлопцы па ёй шалеюць, а яна з нас усіх смяецца. Гарэлка настроіла мяне на вясёлы лад. Я размаўляю з Бэлькай і ўсміхаюся Фэлі. На ейным твары я бачу неспакой: прыкідвае, ці не занадта я п’яны! Неўзабаве яна заканчвае танец і сядае поруч з Лордам. Размову яна вядзе, штучна ўсміхаючыся. Я лаўлю ейны погляд і раптам разумею, што яна хоча, каб я запрасіў яе на танец. Па пакоі кружаць пары. Зося танцуе з Юлікам. Лютка Жубік, мажная, мясістая, камічна торгае тоўстым лыткамі, выклікаючы ўсмешкі на тварах прысутных. Яна танцуе з Алігантам, які, “алігантна” схіліўшы галаву ўбок, вядзе сваю даму ў танцы. Фэля ўсё яшчэ глядзіць на мяне. Я адчуваю ейную просьбу ці... загад і падыходжу да яе:
— Панну Фэлю запрашаю на танец!
Імгненне яна глядзіць мне ўтвар. Вочы ейныя змяняюцца. I раптам, амаль што з кпінай, яна гаворыць:
— Дзякуй вам вялікі! Я хачу адпачыць!
Я адчуваю сябе ідыётам і, прысаромлены, вяртаюся да Бэлькі. Тая сустракае мяне лёгкай усмешкай.
— Панна Бэльця! Можна вас?
Дзяўчына падымаецца з месца. Мы кружым па пакоі. Я намагаюся не думаць пра Фэлю і таму думаю пра Бэльцю. “У яе такі сімпатычны твар, прыгожыя вочы, і яна так добра складзена! Хлопцы ад яе ў захапленні. Іх дражняць ейныя высокія грудзі. Яна, напэўна, прыгажэйшая за Лёню!” Я ўсё мацней прыціскаю яе да сябе, ні на што не звяртаючы ўвагі. Бэля шэпча:
— Вар’ят! Перастань, ну, бо штурхану... Людзі глядзяць!
Я заўважаю, што танцуем толькі мы адны. Усе глядзяць на нас, і я бачу ўсмешкі на тварах хлопцаў і дзяўчат. Караль і Зыгмунт Фабіньскія пагардліва надзімаюць вусны. Я ціхенька шапчу Бэльцы:
— Плюнь на іх, любая! Хай глядзяць!
— Добра табе казаць, а пра мяне пачнуць плёткі разводзіць!
Мы перапыняем танец і сядаем ля акна. Я намагаюся ўдаваць, што цалкам заняты Бэлькай. Фэля і Зося выходзяць з пакоя, каб паставіць гарбату. Браты Фабіньскія трымаюцца асобна. Лорд разваліўся на крэсле паміж Андзяй Салдат і Маняй Дзюндзяй. Ён штосьці расказвае, а дзяўчаты хіхікаюць. Вяртаюцца Фэля і Зося. Мы дапамагаем ім паставіць у цэнтры пакоя вялікі стол. Яго накрываюць для гарбаты. Тут ёсць сочыва, бісквіты, пірожныя, цукеркі, арэхі. Фэля запрашае нас за стол, і ўсе сядаюць піць гарбату. Усе, акрамя мяне і Лорда, паводзяць сябе вельмі сур’ёзна. Караль і Зыгмунт Фабіньскія трымаюць у руках шклянкі, адставіўшы мезенцы. Дзяўчаты стараюцца піць так, каб не плямкаць вуснамі. Паволі, быццам неахвотна, яны ядуць бісквіты і пірожныя. Размова неяк не клеіцца. Адчуваецца агульная збянтэжанасць. Кіслыя міны братоў Фабіньскіх і іх іранічныя погляды псуюць настрой. Фэля ідзе да грамафона і ставіць новую кружэлку. Гучыць вясёлы ўступ “Полькі ў лесе”.
Пасля гарбаты мы адставілі стол убок, вызваліўшы месца для танцаў. Танцуючы з Бэлькай, я спытаў:
— Можна правесці цябе дадому?
Янаўсміхнулася:
— Ды ведаю я, чаго табе трэба!
— I што ў гэтым кепскага? Ты мне вельмі падабаешся!
— А язык за зубамі ты трымаць умееш?
— Слова даю! Ані піскну нікому! Каб мяне на мяжы першая куля зрэзала!
— Ну-ну! He заракайся! Я табе веру. Зараз я з усімі развітаюся, а ты пачакай хвілін дзесяць, патанцуй з Люткай, а потым ідзі дамоў. Я цябе пачакаю ў першым завулку налева. Там нікога няма...
Мы перапынілі танец. Я далучыўся да групы, у якой сядзеў Лорд. Фэля размаўляла з Зосяй і братамі Фабіньскімі. Я стаў заляцацца да Дзюндзі. Бэлька развіталася з прысутнымі і выйшла на двор. Сказала, што ёй забалела галава. Зноў пачаліся танцы. Я заўважыў, што Алігант збіраецца дамоў. Тады і я развітаўся з усёй кампаніяй і выйшаў адразу за імі. На вуліцы я сказаў Аліганту:
— Я забыўся штось Лорду сказаць! Ты ідзі, а я вярнуся.
Я вярнуўся ў двор, схаваўся за брамай і пачакаў, пакуль Алігант адыдзе, а потым хутка скіраваўся ў бок завулка. Застаць там Бэльку я не спадзяваўся, бо быў моцны мароз. Я імкліва праходжу завулак і нікога не заўважаю. Раптам чуецца ціхі свіст, і я бачу Бэльку, якая выходзіць з цемры між паветкай і плотам.
— Змерзла? — пытаю я.
— Ды дзе там... Я гарачая. Мяне мароз не бярэ.
Я прыцягваю дзяўчыну да сябе і цалую яе халодныя, цвёрдыя, гладкія, быццам костка, вусны. Потым бяру яе пад руку, і мы ідзём завулкамі, абмінаючы вялікія вуліцы. Снег рыпіць пад нашымі нагамі. Мароз
шчыпле за шчокі. А на небе зіхацяць зоркі, падміргваючы нам па-шальмоўску. Вялікая Мядзведзіца цудоўна свеціць у вышыні. Я гляджу на яе і думаю: “Шкада, што я не назваў аніводнай зоркі Бэляй”.
XV
У сярэдзіне лютага я, упершыню ў гэтым месяцы, рушыў за мяжу. Выпраўляючыся ў ноч, я і падумаць не мог, што гэтая дарога скончыцца для мяне так трагічна і я надоўга апынуся за кратамі.
Пайшоў я, як звычайна, з партыяй Лорда. Нас было дзевяцёра: я, Лорд, Лёва, Шчур, Болек Камета, Ванька Бальшавік, Мамант, Фэлек Маруда і Алігант. Іншыя хлопцы з розных прычын у дарогу не пайшлі. Тавар у нас быў дарагі: шаўро, лак і хром. Усё найвышэйшага гатунку. Ношкі былі цяжкія, па 40 фунтаў, але невялікія і ладна спакаваныя. Мы рушылі, як толькі на зямлю апусцілася цемра. Узнялася лёгкая завея, і гэта было нам на руку. Але неўзабаве пасля таго, як мы перайшлі другую лінію, завея ператварылася ў сапраўдную завіруху. Яна ўзмацнялася ўсё больш і больш і ўрэшце разгулялася так, што ператварыла наваколле ў неабсяжнае мора снегу. Партыя спынілася, хлопцы збіліся ў кучу. Намагаючыся перакрычаць сковыт ветру, Лёва прапанаваў нам вярнуцца ў мястэчка. Лорд не пагадзіўся. Ён сказаў, што мы ўжо прайшлі траціну дарогі і вяртацца цяпер больш небяспечна, чым ісці далей, бо ў завіруху цяжка сцяміць, дзе мяжа, і можна лёгка трапіцца... Масалкі ў такое надвор’е звычайна сядзяць па зямлянках ля агню, ведаючы, што перахапіць кантрабандыстаў у такую ноч не атрымаецца, затое можна лёгка трапіць на ваўчыную зграю. Толькі час ад часу мяжу кантралююць узмоцненыя патрулі.
Мы пайшлі далей. Лорд, Мамант і Камета папераменна вялі партыю, бо першаму было найцяжэй: даводзілася пракладаць дарогуўглыбокім снезе. Праз нейкі час завіруха зрабілася ўраганам. Дзівы дзеяліся навокал. Вецер зрываў снег з зямлі і падымаў яго высока ўгару, а мы, стомленыя, аслепленыя, ішлі па абледзянелых сумётах... саслізгваючы і падаючы. I акурат тады вецер скідваў нам на галовы той снег, які імгненне таму падняў і закружыў у паветры. Часам нас засыпала лятучай, дрыготкай масай па шыі. Мы спыняліся, адпачывалі. Потым паволі, крок за крокам, ішлі далей, патанаючы ў снежных гарах. Ураган, здавалася, паставіў сабе мэту: не даць нам дайсці да кропкі... Вось ён пачынае штурхаць ззаду, быццам дапамагаючы нам ісці. MapHeft і мацней, і раптам са свістам і рогатам налятае збоку, а мы, не чакаўшы такога, завальваемся назад. На некалькі секунд усё сціхае. А як толькі мы падымемся і зноў рушым у дарогу, адным ударам спераду стыхія прымушае нас спыніцца. Праз некаторы час, схіліўшы перад ураганам галовы, мы спрабуем ісці далей, шырока раскінуўшы рукі, каб утрымаць раўнавагу. Выглядае гэта так, быццам мы плывём у магутным белым віры. Тады віхура кіруецца ўгару і трыумфальна смяецца, а мы падаем, заліваючыся потам, ледзь у стане перавесці дух. Вось мы сядзім у снезе. А віхура гуляе ўверсе. Здаецца, яна проста забаўляецца, не звяртаючы на нас увагі: спявае, прысвіствае, смяецца, лёгкімі павевамі ганяецца за сняжынкамі. Мы падымаемся. I гульня заканчваецца... Віхура таксама падымаецца. Зацятая, халодная, рэзкая, бязлітасная. Першы ўдар цэліць нам у вочы. Мы схіляем галовы, вітаем яе і молім. А яна няўмольная... Аднаго заносу ёй мала, таму ў зацятай злосці яна збірае снег з кіламетровага прастору поля і вывальвае гэты патоп на нашыя галовы. Цяпер нам не чутно, як раве, як гудзе ўраган... Ён аглушыў і асляпіў нас. Нас засыпала дробным вострым снегам.