Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Ill
“Двойка” — камера прасторная. Тут два вялікія акны. Калі стаць на падваконне і выцягнуць рукі ўгару, да верхняй часткі рамы ўсё адно не дацягнешся. Да сцен прымацавана 17 легематаў. На дзень легематы падымаюць. У цэнтры камеры стаіць вялікі стол на козлах. Ля сцяны ёсць шафка для посуду. Падлога асфальтаваная. У правым куце стаіць вялікая, абабітая бляхай печка.
Нас тут сямнаццаць. Некалькі зладзеяў, некалькі бандытаў. Некалькі сялян па адной справе: іх абвінавачваюць у забойстве. Ёсць адзін чыгуначнік — украінец з Палтаўскай губерні па прозвішчы Кабленка. Ён сядзіць за спекуляцыі: вазіў у службовым купэ рэчы “мяшочнікаў”.
I тут голад на ўсіх пакінуў сваё кляймо. Вязні рухаюцца паволі і апатычна. У некаторых азызлыя твары, у іншых пухнуць ногі. Вошай і тут мноства. Спачатку я адчуваў сябе так, быццам мне палову маёй свабоды вярнулі. Камера была светлая, паветра чыстае. Я хадзіў на прагулкі, гуляў у самаробныя карты. А потым прызвычаіўся да ўсяго. 3 дня на дзень сіл у мяне меншала, пачалі пухнуць ногі. А за акном, за мурамі вясна буяла ва ўсю моц. Сонца сваімі промнямі залівала турэмны двор. Некаторых вязняў выпускалі. I на іх месца прыводзілі новых.
Мяне забівала туга па свабодзе. Я заўважыў, што тыя, хто часта сядзеў у турме, тут зусім не нудзіліся. Яны заўжды ўмелі знайсці сабе нейкі занятак. Або гулялі ў карты, або размаўлялі. Размовы гэтыя круціліся вакол некалькіх тэм: ежа, “работы”, жанчыны, судовыя справы, турэмная адміністрацыя. На мяне гэта наганяла нуду. Я страшна сумаваў па волі і ўсё больш худнеў... Звычайна я сядаў на падваконне і гадзінамі ўзіраўся ў далёкі блакіт неба. Пра што я тады думаў? He ведаю... У такія моманты я забываў пра ўсё. Аднойчы да мяне падышоў Бласт, смаленскі злодзей.
— Ты, хлопча, так не думай... “замінжуешся”. I ў акно таксама не глядзі! Каб іх чэрці... I галоўнае: не думай.
— Што ж рабіць?
— Гуляй у карты, спявай, што-колечы ды рабі... Я калісьці гэтак сама... I нічога з гэтага...
Увечары, пасля “праверкі”, мы апускалі легематы і клаліся спаць.
— Ну, тры званкі да “пайкі”, — казаў хтосьці з вязняў.
Тады ўсе глыталі слінкі, думаючы пра заўтрашнюю двухсотграмовую порцыю гідотнага, недапечанага хлеба. Скарынку мы дзялілі асобна, а сыры мякіш накладвалі на яе лыжкай. Гэта заўжды нагадвала мне пірожныя або марожанае на вафлі. Ноч мінала для мяне найхутчэй. Я хутка забываўся цяжкім сном, поўным трывожных трызненняў і галодных відзежаў. А калі прачынаўся, то першым уражаннем быў голад, а першай думкай— “Два званкі да пайкі”. Калі мы атрымлівалі свае порцыі хлеба, ва ўсіх дрыжалі рукі. Можна было з’есці сваю частку імгненна, але ўсе елі не спяшаючыся, паволі адкусваючы хлеб малымі кавалачкамі. He марнавалася аніводная крошка, зрэшты, крошак і не было, бо хлеб заўжды быў непрапечаны. Пасля сняданку ўсіхнія думкі засяроджваліся на абедзе. Мінала многа доўгіх галодных гадзін чакання, і ўрэшце ў масянжовыя
“бачкі” налівалі рэдкую, смярдзючую вадкасць — суп з сушанай гародніны або перамезлай бульбы. Адзін бачок на шасцярых вязняў. Мы елі, а дакладней, пілі з лыжак вадзяністую, мутную, але гарачую бурду. Апякалі сабе вусны і горла, але з’ядалі ўсё вельмі хутка. На пэўны час цела напаўняла цяпло і падманлівае адчуванне сытасці. А праз чвэрць гадзіны страўнік зводзілі яшчэ мацнейшыя, чым дагэтуль, сутаргі: есці! есці! есці!.. Страўнік не падманеш. Вячэра была яшчэ горшая.
Аднойчы ў дзень наведванняў а дзясятай гадзіне мяне выклікалі на калідор. Гэта было напрыканцы красавіка. Дзяжурны правёў мяне ў пакой для сустрэч. Там сабралася многа бедна апранутых людзей. Доўгае памяшканне было перагароджана драцянымі сеткамі, за якімі знаходзіліся наведнікі. Калі дазволілі размовы, пакой напоўніўся плачам, гоманам і крыкам. Цяжка было штосьці разабраць. Я падышоў да сеткі, намагаючыся ўгледзець па тым баку кагосьці знаёмага. Думаў быў, што гэта хтосьці з ракаўскіх хлопцаў з дапамогай сваякоў або знаёмых у Менску атрымаў дазвол мяне наведаць. Але раптам я заўважыў радасную ўсмешку і вясёлыя вочы Лёні. Я павітаўся. Намагаючыся перакрычаць іншых, мы пачалі “размову”:
— Што ў цябе чуваць? — спытаў я Лёню.
— Я на свабодзе!
— Цябе зусім вызвалілі?
— Так... Я дала “распіску”, што не пакіну пастаяннага месца пражывання і буду з’яўляцца па кожнай позве.
— Дорага абышлося?
— Дорага... Але нічога... не збяднела.
— Ты добра выглядаеш.
— Як жа ты схуднеў!
Я бездапаможна развёў рукамі:
— Няма на чым тлушчу нагуляць: 200 грам хлеба на дзень.
— Я табе перадачку прывезла. Буду прыязджаць кожны тыдзень.
— Дзякуй табе!
— Мо і цябе хутка вызваляць?
— He ведаю. Mary атрымаць некалькі гадоў Допра!
— Я чула, што на першае мая дадуць амністыю!
Неўзабаве сустрэчу спынілі. Візіт Лёні дадаў мне сіл, зрабілася весялей. Я ўжо не адчуваў сябе бездапаможным і закінутым. Акрамя таго, я пачаў лепш харчавацца, бо Лёня відавочна ведала, які голад пануе ў турме, і прывезла шмат сухароў, сала і сыроў. Праз тыдзень я зноў атрымаў ад яе перадачку, але сустрэчы не было. Можа, яна не мела часу або ёй не далі на візіт дазволу.
На пачатку мая пастанаўленнем Рэўтрыбунала за ажыццяўленне кантрабандысцкай дзейнасці мяне прысудзілі да трох гадоў высылкі ў Ніжагародскую губерню. Грошы мае канфіскавалі. Такі прысуд я прадбачыў, і ён мяне не засмуціў. Як на мяне, дык лепш ехаць у высылку, чым адбываць пакаранне ў Допры. Збегчы я вырашыў пры першай магчымасці.
Пасля суда Лёня зноў мяне наведала. Казала, што будзе дапамагаць мне матэрыяльна, а калі знойдзе час, то наведае мяне і ў высылцы. Прасіла пісаць ёй часта і сказала, што цяпер я выглядаю нашмат лепш. Я сам адчуваў сябе ў разы здаравейшым і мацнейшым у параўнанні з мінулым ейным візітам. 3 ног сышла апухласць. Найгоршая хвароба — гэта голад, а найлепшыя лекі на яе — гэта ежа. Хлопцы ў камеры гавораць, што мяне неўзабаве могуць адправіць па этапе на месца высылкі. Яны даюць мне розныя карысныя падказкі. Раяць уцякаць па дарозе з цягніка. Пра гэта я цяпер думаю найбольш.
У сярэдзіне мая мне загадалі сабраць рэчы і вывелі ў канцылярыю. Там я ўбачыў эскорт: восем салдат і падафіцэра з трыма трохкутнікамі на рукаве. Вязняў было шасцёра. Аднаго скіравалі ў Смаленск, трох —
у Маскву, а двух — у Ніжні Ноўгарад. Першы этап павінен быў быць у Смаленску. Пасля вырашэння ўсіх фармальнасцей нас адвялі на вакзал. У вагоне мы занялі два купэ, па чатыры салдаты і тры арыштанты ў кожным. Камендант эскорту скіраваўся на вакзал, каб праштэмпеляваць падарожныя дакументы. Я меў крыху грошай, якія Лёня пакінула мне ў турэмнай канцылярыі, і папрасіў каменданта купіць мне два пачкі папярос, пачак запалак, а на рэшту— булак і кілбасы. Падафіцэр перадаў грошы салдату і адправіў яго да латкоў на пероне. Хлопец прынёс 50 папярос, пачак запалак, некалькі булак і крыху кілбасы.
— Купіў на ўсе! — сказаў чырвонаармеец.
— Добра. Дзякуй!
Я пад’еў, падзяліўшыся са сваімі спадарожнікамі кавалкам кілбасы і булкамі. Яны раздзялілі іх між сабою. Цягнік адправіўся а першай гадзіне. Я сядзеў на лаўцы паміж двума чырвонаармейцамі. Насупраць нас сядзела два салдаты і два арыштанты. Наша купэ было першае. Ад тамбура яго аддзяляў маленькі калідорчык. Уздоўж усяго вагона, па левым баку, цягнуўся доўгі, досыць шырокі праход, які злучаў усе купэ. Другая частка эскорту і рэшта арыштантаў сядзелі ў наступным купэ. Вагон быў перапоўнены.У праходзе згрузілі куфры, кашы і мяхі. Людзі пазалазілі на паліцы. Крыкі, лаянка і брыдкаслоўе перамешваліся ў паветры. Урэшце ўсе размясціліся, і тут пачаліся размовы і жарты.
Побач з Барысавам у вагон увайшоў чыгуначны кантроль ЧК. Яны правяралі ў пасажыраў дакументы. Калі чэкісты падышлі да нашага купэ, камендант эскорту, падафіцэр, падаў ім падарожныя дакументы і даклаў:
— Дзевяцёра суправаджэння, разам са мною, і шасцёра арыштантаў.
Чэкісты праверылі дакументы, агледзелі нас і пайшлі далей. У Воршы кантроль ЧК паўтарыўся. Калі мы
выязджалі з Воршы, было ўжо цёмна. Гледзячы з акна вагона наўскос і ўгару, я заўважыў Вялікую Мядзведзіцу і расчуліўся. Як даўно я яе не бачыў... Зоркі нагадалі мне пра столькі вясёлых і сумных рэчаў, абудзілі столькі думак. Я глядзеў на яе доўга, пакуль адзін з салдатаў не загадаў мне адсунуцца ад акна.
— Глядзі, глядзі, нічога табе не дапаможа. He выскачыш.
— Я нічога... я на зоркі глядзеў.
— Зоркі? Вось дзе зоркі! — і чырвонаармеец пляснуў рукой па будзёнаўцы, на якую спераду была прышытая вялікая, выразаная з чырвонага сукна, пяціканцовая зорка.
Іншыя чырвонаармейцы рассмяяліся. Я адсунуўся ад акна. Салдаты палілі махорку і неахвотна вялі размову. Mae таварышы па няшчасці з лаўкі насупраць паснулі. Чырвонаармейцы таксама пачыналі вудзіць акуні. Яны дамовіліся, што будуць пільнаваць нас па двое, пазменна. У купэ ўвайшоў падафіцэр і сказаў:
— Ну, “ребята”, не спаць! Пільна!
— Спакойна. He заснём! — адгукнуўся адзін з чырвонаармейцаў.
Падафіцэр скіраваўся да наступнага купэ.
Набліжалася поўнач. Да Смаленска засталося некалькі станцый. Я, удаючы, што сплю, назіраў за эскортам. Трое салдатаў спалі і толькі адзін, які сядзеў ля дзвярэй, выцягнуў ногі так, каб ніхто не мог выйсці, не абудзіўшы яго. Ён таксама драмаў, але перыядычна прадзіраў вочы і аглядаў купэ. У калідорчык, дзе размяшчаўся туалет, пастаянна хтосьці выходзіў. Тады салдат расплюшчваў вочы, акідваў поглядам мінака і прыбіраў з дарогі ногі, даючы магчымасць адчыніць дзверы. Наша купэ на палову патанала ў цемры. Унутр прабіралася толькі святло з ліхтара ў калідоры, там гарэла свечка. У пэўны момант я выхіліўся з купэ далёка
направа і зірнуў на калідор. Ён быў завалены людзьмі — процьма пасажыраў спала на падлозе. Я зразумеў, што дабрацца да выхаду з вагона мне будзе складана. Акрамя таго, салдаты і падафіцэр з суседняга купэ маглі не спаць і заўважыць мяне. Зазірнуць у тое купэ не было як, але адтуль даносіўся шум і шарканне ног. “Мо акно апусціць?” — падумаў я. Але, разважыўшы, ад думкі гэтай адмовіўся. Адчыняючы акно, я мог абудзіць кагосьці з салдат. Я зноў вызірнуў у калідор. Па ім паволі рухалася шэрая постаць. Гэта салдат накінуў шынель на плечы і ішоў да выхаду, асцярожна пасоўваючыся паміж соннымі на падлозе. Ён набліжаўся. Вось ён ужо ля мяне. Салдат адкрыў дзверы, адсоўваючы ў бок ногі нашага вартаўніка, які расплюшчыў вочы і зірнуў на яго: