• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

    Каханак Вялікай Мядзведзіцы

    Сяргей Пясецкі

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2020
    77.83 МБ
    — Хочаш гарбаты? — спытала мяне Фэля.
    — Я паснедаўшы.
    — Нічога. Сядай. Для шклянкі гарбаты месца хопіць.У мяне сунічнае сочыва ёсць. Сама варыла.
    Я выпіў шклянку гарбаты.
    — Болека доўга няма, — сказала Лютка.
    — Рана яшчэ, — адгукнулася Фэля.
    Ад хлопцаў я ведаў, што не так даўно Лютка стала каханкай Лорда. Жаніцца з ёю Болек не збіраўся, але дзяўчыне гэта было не важна, яна была абсалютна свабоднай і не баялася плётак. Лютка не толькі не хавала свайго раману з кантрабандыстам, але наўмысна падкрэслівала яго, паказваючыся з каханкам паўсюль.
    Акурат калі Фэля прывяла стол да ладу, прыйшоў Лорд. Ён быў апрануты як граф: элегантны капялюш, белыя нагавіцы, лакеркі, тростка, японскі гальштук, зіхоткая, на ўсе колеры вясёлкі, камізэлька.
    — Наша ўшанаванне, — сказаў Лорд з парога.
    Лютка піскнула, падарвалася з месца і,трасучы пышным целам, падбегла да каханка. Закінула чырвоныя тлустыя рукі яму за шыю і, падняўшы сагнутую ў калене левую нагу, пацалавала Болека ў вусны. Лорд схапіў дзяўчыну ў абдымкі і закруціўу паветры. Фэля лёгка ўсміхнулася і зірнула на мяне. Я адказаў ёй усмешкай.
    Мы пайшлі ў горад. Нас абмінала многа людзей, і ўсе звярталі ўвагу на Фэлю. Мужчыны азіраліся ёй услед. Гэта дадавала мне гонару. У вушах у Фэлі былі завушніцы з вялікімі брыльянтамі, на грудзях — дарагі кулон, на руках — некалькі бранзалетак, а на пальцах — многа пярсцёнкаў. Дзяўчына вельмі любіла ўпрыгожанні, а Сашка не скупіўся сястры на падарункі. Мы сустракалі ўсё большыя групы мінакоў. Віталіся са знаёмымі. Непадалёк ад касцёла я заўважыў Альфрэда, які акурат кіраваўся ў наш бок. Пад руку ён вёў Бэльку і штосьці ёй казаў. Дзяўчына гучна смяялася. Я зірнуў на Фэлю. Тая насупіла бровы. Альфрэд і Бэлька набліжаліся да нас. Раптам Бэлька заўважыла мяне, і ейны смех абарваўся. Лорд звярнуўся да яе:
    — Панне Бэльці маё шанаванне!
    Альфрэд зняў з галавы капялюш і пакланіўся Фэлі. Яна кіўнула яму галавой. Пасля майго вяртання з Саветаў у Бэлькі я не быў. Тут я ўбачыў яе ўпершыню.
    Мне хацелася завітаць да яе адразу пасля вяртання з-за мяжы, але ад Шчура я даведаўся, што цяпер Бэла “ходзіць” з Альфрэдам, і закінуў гэту ідэю. I вось я ўбачыў іх на ўласныя вочы. Гэтая акалічнасць узмацніла маё зацікаўленне Фэляй. Я ведаў, што Альфрэд два гады заляцаўся да яе і нічога не дабіўся. Замуж яна за яго ісці не хацела, хоць ён і прапаноўваў ёй шмат разоў. “Дзеўка яна разумная і спрытная! — думаў я. — Такую гладкай пысай і чорнымі вусікамі не возьмеш!” Фэля і Лютка пайшлі ў касцёл, а мы з Лордам пахаджалі сярод святочна ўбраных хлопцаў, якія шпацыравалі групкамі, быццам напышлівыя індыкі, зыркаючы пакрыёма на касцельныя прыступкі, падобныя да аздобленай кветкамі клумбы. Прыступкі занялі дзяўчаты ў яркіх, каляровых сукенках. Яны стаялі, шапталіся, хіхікалі і з ацэнкай акідвалі хлопцаў позіркамі. I гэтыя іх позіркі даводзілі хлопцаў да экстазу. Маладзёны хадзілі, як скакавыя коні, стрыманыя рукой жакея, і наўскос зіркалі на дзяўчат. Да нас падышоў Юрлін. Ён павітаўся і сплюнуў набок, наўмысна трапіўшы на лакерку старэйшага Альфрэдавага брата, Альбіна Алінчука. Той пачырванеў і не ведаў, што рабіць.
    — Прашу прабачэння, — спакойна сказаў Юрлін.
    — Прыгожае ж у вас прабачэнне! — буркнуў Альбін, выціраючы кавалкам паперы запляваную лакерку.
    — Ну, калі не падабаецца маё прашу-прабачэнне, то я не прабачаюся.
    Збоку вынырнуў Шчур:
    — Яму не падабаецца, што ты на нос лакеркі трапіў! — Алінчукі любяць, калі ім у пысы плююць!
    Да Альбіна падышлі браты, а Шчур гнуў сваё:
    — Ты навошта паперай выціраешся? Зліжы языком! Блішчаць будзе, як сонейка! Людзі падумаюць: сам пан кароль, а не крамнікаў сын!
    — За гэтакім каралём можна ўцерці нос і каўняром! — адгукнуўся Лорд.
    — Пан гаўном напхан! — дадаў Шчур.
    Алінчукі пайшлі далей. Юрлін звярнуўся да Лорда:
    — Мне трэба яшчэ двух хлопцаў. Тавару да халеры, а няма каму хадзіць!
    — Хлопцаў у мястэчку мала, ці што?
    — Мне абы-хто не патрэбны.
    — А можа, ты пойдзеш? — спытаўся ў мяне Лорд.
    Нейкі час я думаў. Грошай мне ўжо не хапала. Трэба было брацца за працу. Доўгая бяздзейнасць таксама мне вельмі надакучыла.
    — Ты калі ідзеш? — спытаў я ў Юрліна.
    — У аўторак.
    — Добра. I я з вамі.
    — Мудра! — пацвердзіў Лорд. — Я Аліганта спытаю. Галее ён. Можа, таксама пойдзе.
    — Выдатна! — сказаў Юрлін. — To мы 10 ношак падрыхтуем.
    — Гэты — дакладна, — заявіў Лорд. — I Алігант таксама пайсці павінен!
    Юрлін скіраваўся да Гінты, а мы засталіся чакаць дзяўчат з касцёла. Урэшце мы ўбачылі Фэлю і Лютку — іншыя дзяўчаты на ганку расступаліся, каб даць ім дарогу. Мы падышлі да іх і ўжо ўсе разам пакінулі касцельны двор. На нас былі скіраваныя позіркі ўсяго натоўпу. Лютка захапляла хлопцаў сваёй жарснай фігурай, Фэля — сваім хараством. Лорд быў славутым кантрабандыстам і выпівакам, а я і дагэтуль застаўся цікавым прыблудам, але сама прысутнасць поруч з Фэляй выклікала яшчэ большую ўвагу да маёй персоны. Мы паволі дэфілявалі гарадскімі вуліцамі. Лорд зазірнуў у лаўку і набыў цукерак, шакаладу і арэхаў. Мы вярнуліся дамоў. Фэля падала абед, які яны прыгатавалі з Люткай. На стале апынуліся графін гарэлкі і пляшка вішняку. Лорд пачаў піць здароўе дам, потым — іх сваякоў па мячы і кудзелі, потым — мяжы і кантрабандыстаў. Ён
    піў за шчасце, піў за ўдачу і чорт ведае за што яшчэ! Усё адно за што, абы толькі была нагода замахнуць. Лютка піла амаль упоравень з намі. Фэля была больш сціплая, але таксама выпіла нямала. Твар ейны збялеў, вочы блішчалі, а вусны былі пунсовыя. Я амаль не зводзіў з яе вачэй і рэгулярна паднаўляў напой у ейным кілішку. Потым мы адставілі стол убок, і Лорд запусціў кружэлку на грамафоне. Гэта быў нейкі стары вальсок. Болек прыхапіў сваю даму за талію і, моцна прыціснуўшы яе да сябе, закружыў па пакоі. Лютка смяялася, адкідваючы галаву назад.
    — Вой, задушыш!
    I сама ж прыціскалася да яго ўсім целам. Я запрасіў на танец Фэлю. Яна паднялася з-за стала, і мы закружыліся па пакоі. Я ўсё мацней прыцягваў дзяўчыну да сябе. Яна не супраціўлялася.У пэўны момантя пачуў ейны голас, але гучаў ён так, быццам далятаў аднекуль здалёк:
    — Можа, хопіць? Бо згарыш!
    Увечары мы з Лордам праводзілі Лютку дамоў. Перад гэтым, калі я развітваўся з Фэляй, яна моцна сціснула маю руку і сказала:
    — Прыходзь як-небудзь.
    — Калі?
    — Калі захочаш.
    — Добра. Я прыйду.
    Мне было радасна. I не шкада было ані Бэлькі, ані Лёні. Я з галавою трапіў пад Фэльчыны чары. Аднак калі Лорд, ужо правёўшы Лютку дамоў, спытаў у мяне крыху саромеючыся:
    — А можа, таго... да Калішанак пойдзем?
    Я пагадзіўся, хаваючы галоўную мэту:
    — Добра... Выпіць трэба было б.
    — Менавіта, менавіта. Вельмі мудра! — пацвердзіў Болек.
    У тую ноч, упершыню з часоў майго вяртання з-за мяжы, я начаваў не дома.
    VII
    Нас адзінаццаць. Звычайная вялікая партыя кантрабандыстаў. Мы ідзём лесам, у зялёным паўзмроку, ступаючы па мяккім моху, як па марскім дне. Крадземся між дрэвамі — як здані. А ўверсе — гэтак сама ціха — крадуцца хмары. Запусцілі наперад — “як прынаду” — маленькую лёгкую аблачынку і плывуць за ёю ўсім статкам. Першым ідзе Юрлін. Ён крочыць паволі, злёгку хістаючыся. Рысінымі вачыма аглядае прастору наперадзе. За ім шыбуе Лорд — гладка, як па паркеце. Кідае позіркі направа і налева. За імі — двума славутымі машыністамі — іду я. За мной дыбае, гайдаючы сцёгнамі, Шчур. Ён увесь час усміхаецца, штосьці згадаў — гранду нейкую старую або новую гранду прыдумляе. Далей клыпае Камета. Распусціў чорныя вусішчы па ветры і замашыста чэша наперад. За ім перабірае нагамі Соня, Юрлінава жонка. Мы наўмысна ставім яе ў сярэдзіну партыі, бо там найбольш бяспечна. Жанчына ідзе дробным, але ўпэўненым крокам. Да такіх вандровак яна прызвычаілася, бо ходзіць разам з мужам ужо другі год. За Соняй, утаропіўшыся ў ейныя лыткі, цягнецца Ванька Бальшавік. Назірае, як задзірліва ківаюцца Соніны сцёгны. Віруюць у ягонай галаве эратычныя вобразы і часта, з няўважлівасці, ён наступае на сухое галлё. Тады Шчур паварочваецца, робіць сур’ёзную міну і паказвае Бальшавіку кулак. А Ванька бурчыць:
    — Азіраецца, як на ваўка кабыла!
    За Ванькам тупае Соска. Мянушку гэтую ён атрымаў наступным чынам. Выправіўся аднойчы ў дарогу “саматугам”. Тавар быў незвычайны: некалькі тысяч
    дзіцячых сосак. Зрабіў сабе “бандаж”: панадзяваў соскі на вяровачкі і закруціў пад курткай. Справа была ўлетку, і за ноч хлопец не паспеў дабрацца да сваёй маліны. Схаваўся на дзень у жыта, але там яму стала нудна, то ён паціху стаў красціся палямі далей. Дзесьці там яго і заўважыў кавалерыйскі патруль. Салдаты хацелі затрымаць парушальніка, але ён, як шчупак у ваду, даў нырца ў жыта. Схапілі яго пасля доўгіх пошукаў, агледзеўшы ладны кавалак поля. Збілі і пачалі агляд. Соска зняў куртку і апынуўся перад імі ўвесь у сосках, як у медалях. Бальшавікі выбухнулі смехам, а адзін з іх сказаў:
    — Ведаеце што, таварышы? Такога спекулянта нельга затрымліваць!
    Другі кавалерыст падтрымаў яго :
    — Хай нясе. Хай малым камунарам забава будзе!
    I яго адпусцілі. He забраўшы тавару. Вярнуўшыся з дарогі, хлопец расказаў пра здарэнне калегам, не думаючы, што стане аб’ектам кпінаў. 3 таго часу ўсё ў мястэчку называлі яго Соскай.
    За Соскай ідзе Лявон Юбіна. Хлопцы называюць яго Кавалерчыкам за тое, што ён любіць фліртаваць з дзяўчатамі і пастаянна праседжвае ў іх таварыстве на розных вячорках. Юбіна ходзіць за мяжу рэдка — толькі калі бяда пагоніць. Ён баіцца гэтых вандровак. За Юбінам элегантнай хадою, у элегантных ботах і нагавіцах рассякае ноч Алігант. Толькі шапка і куртка ў яго старыя, каб занадта не вылучацца выглядам. Замыкае партыю Гірш Кнот — малады, шчакасты габрэйчык. Ён блізарукі і палахлівы, таму ўвесь час азіраецца па баках і мружыць вочы. Яму цяжка паспяваць за хлопцамі і страшна адстаць далёка — раптам штосьці з кустоў выскачыць, лес жа наўкола! Таму калі Кнот заўважае, што адстаў на некалькі крокаў, то кідаецца наўздагон, камічна перабіраючы кароткімі ножкамі і выціраючы хусткай змакрэлы твар. Аднойчы Лорд азірнуўся
    і заўважыў, як Гірш выцірае насоўкай лоб, і адразу ж падышоў да яго.
    — Па пысе атрымаць хочаш?
    — Ну што?
    — Зараз жа схавай хустку! Белую хустку ў лесе на кіламетр відаць. Калі трэба табе, то бяры жоўтую або зялёную!