Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
— Кажу і заяўляю вам, хлопцы, што з гэтай нагоды, — ён меў на ўвазе мае ўцёкі, пра якія ўжо ведала некалькі хлопцаў, — тры дні і тры ночы шклянкамі... ды што там шклянкамі — вёдрамі гарэлку глушыць трэба!
— Мудра! — сказаў Лорд.
— Абы толькі ціха! — дадаў Юрлін.
Пайшла гулянка. Я піў толькі піва, малымі порцыямі. He адчуваў пакуль сябе здаровым. Антоні рэзаў на гармоніку. Сёння я плаціў за ўсё. Потым, стомленыя шумам, разам з Юлікам мы скіраваліся дамоў. Я лёг спаць.
У Гінты я даведаўся, што Юзаф Трафіда адбыў свой тэрмін і вярнуўся ў мястэчка. Юліка я папрасіў пабудзіць мяне ўвечары а восьмай. Разам з ім мы пайшлі на Слабодку. Там я спыніўся.
— Ты, Юлік, ідзі дамоў, а я сам вярнуся.
— Глядзі, зноў не захварэй.
— Я здаровы. Зрэшты, я толькі да Юзіка.
Юлік пайшоў дамоў, а я павярнуў на Трафідаў падворак. Там усё было як раней. У вокнах я заўважыў свят-
ло лямпы са сталовага пакоя. Я ўвайшоў. На стале стаяла лямпа з блакітным абажурам, а ў яе святле сядзела, падпёршы рукамі галаву, Янінка. Дзяўчынка праз увесь пакой доўга ўзіралася ў мой твар, а потым, кінуўшы на стол кнігу, сказала:
— Ая вас чакала!
— Та-ак? А адкуль ты ведала, што я прыйду?
Яна ўсміхнулася.
— Я ведала. Мне котка сказала. Яна сёння ля млына рыбу лавіла, а потым так мылася, так мылася.
Янінка жэстамі рук паказала, як мылася котка. I тут я пачуў крокі, і ў пакой увайшоў Юзаф Трафіда.
— А, гэта ты! Я цябе чакаў. Ведаў, што ты вернешся. Ну, клёва ж! Гарэліцы вып’ем ці гарбаціцы?
— Лепш гарбаты.
— Вось і чумаво! Зараз мы яе прапалошчам.
Юзаф выйшаў у кухню. Мяне здзівіла, што дома я не заўважыў Гэлі. “Напэўна, пайшла ў мястэчка”, — падумалася мне. Мы селі піць гарбату, і я пачаў распытваць Юзафа пра тое, чым ён займаўся да майго вяртання. Потым я падрабязна распавёў яму пра свае прыгоды. Янінка ўважліва слухала нас і ані слоўцам не перапыніла размовы. У пэўны момант я спытаў Юзафа:
— Як здароўе Гэлі?
Па Юзафавым твары прабегла сутарга. Ён доўга глядзеў на мяне моўчкі. Пачуўся лёгкі ўсхліп, і я ўбачыў, што Янінка паднялася з месца і пайшла ў спальню. Я не мог зразумець, што адбылося. Чаму пытанне пра Гэліна здароўе так моцна іх узрушыла? Урэшце Юзаф выціснуў з сябе:
— Дык ты... напраўду не ведаеш?
— He ведаю... А што здарылася?
— Няма Гэлі, — сказаў Юзаф, пахіліўшы галаву. — Няма... Няма... Няма Гэлі...
— Яна памерла?
Юзаф пакруціў галавою, быццам падавіўшыся нечым, потым падняўся і вельмі ціха сказаў:
— Засілілася.
— Засілілася?
— Так... На грушы...
Гэтая навіна прывяла мяне ў жах. Я адчуў, што ногі ў мяне слабнуць. Раптам — сам не ведаю чаму — мне згадаўся такі абразок: Гэля стаіць на драбіне ў садзе і зрывае яблыкі, а Альфрэд, фарсуністы, з кіёчкам у руцэ, прыглядаецца да яе. Гаворыцьёй штосьці. Дзяўчына румяніцца. Потым Альфрэд выцягвае руку і праводзіць ёю па Гэльчынай лытцы...
— Чаму яна гэта зрабіла? — спытаў я.
Юзаф доўга глядзеў мне ў вочы. Я ўбачыў, што ён не разумее пытання.
— Чаму?.. — паўтарыў Трафіда ціха, а потым хутка кінуў: — Бо цяжарная была! Таму! Цяжарная была і баялася, што языкамі мянціць будуць! Ох, якая дурная! Ніхто б яе не пакрыўдзіў, пакуль я ёсць... а яна...
Позна ўвечары я вяртаўся дамоў. Юзаф прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я сказаў, што пагавару пра гэта з Петраком і Юлікам. Мне было страшна прыкра. Я адчуваў, як у маёй душы нарастала ўсё большая нянавісць да Альфрэда. Паглыблены ў свае думкі, я не зразумеў, як збочыў з выбранай раней дарогі і спыніўся ля нейкага дома. “Дзе я? — мільганула думка. — Ага, тут жыве Ёсік Гусятнік!” Я падышоў да дзвярэй і пагрукаў клямкай. Неўзабаве з сенцаў пачуўся Гусятнікаў голас:
— Ну, хто там?
— Я...Уладзька.
Гаспадар паспешліва адамкнуў дзверы і ўпусціў мяне ў хату. Пакой быў пусты. На стале я ўбачыў кнігу на іўрыце, на ёй ляжалі акуляры ў рогавай аправе.
— Мо вып’еш? — спытаў Ёсік. — Ёсць добры вішняк. Жончынай работы... Ручкі ў яе залатыя! Ай, якія ў гэтай жанчыны ручкі... Брыль-ян-та-вы-я!
Гусятнік прынёс графін вішняку, і мы выпілі па колькі кілішкаў. Габрэі не любяць піць шклянкамі. Потым мы пачалі размову. Гусятнік ведаў, што я засыпаўся.
— Хтосьці нас лягнуў у Бамбіны, — сказаў я. — Самі б яны ніколі на маліну не выйшлі! Была засада... Ты разумееш?
— Гэта ягоная работа! — упэўнена заявіў Ёсік.
Ані імені, ані прозвішча ён не назваў, але я добра ведаў, каго ён мае на ўвазе.
— Ягоная, гаворыш, работа?
— Ягоная, каб я такое шчасце меў, каб я так жонку і дзяцей назіраў побач! Ягоная!
Ёсік змоўк. Я таксама не адгукаўся. Гэта цягнулася доўга. Потым, нечакана для сябе, я сказаў:
— Мне патрэбная машына.
Ёсік зірнуў на мяне.
— Так. Хачу купіць добрае капыта! Такое на 102! Каб надзейнае было...
Вочы габрэя бліснулі.
— Я цябе разумею.
Ён пачаў расказваць падрабязна і з веданнем справы пра плюсы і мінусы кожнага з відаў агнястрэльнай зброі. Гэтую лекцыю я перапыніў.
— У гэтых цацках і я спецыяліст, — сказаў я. — Мне б добры наган. Аўтамат мне непатрэбны. А наган — капыта надзейнае.
— Так-так... самае надзейнае... Ведаеш, што? Ты пачакай крыху. Вішняку яшчэ выпі. Жонка рабіла... Брыльянтавыя, я табе скажу...
— Ведаю, ведаю, ручкі...
— Так. Ая хутка...
Ёсік выйшаў з хаты.
He ведаю чаму, але менавіта тады, калі я даведаўся пра самагубства Гэлі, я вырашыў набыць рэвальвер. Натуральна, непрыязь да Альфрэда была ў мяне
заўжды, але забіваць яго я не збіраўся. Яшчэ ў Чэка і Допры я вырашыў, што калі вырвуся і зноў буду хадзіць праз мяжу, то буду рабіць гэта як Алінчукі... са зброяй. Я ведаў, што Альфрэд не ўпусціць аніводнай нагоды мне дапячы, і ўжо некалькі разоў у яго гэта атрымалася, але забіваць яго? Я ніколі пра гэта не думаў. Сама думка “забіць чалавека” была агіднай! Гэта ж не бакі памацаць, не жарцік падстроіць.
Гусятнік вярнуўся. ён зачыніў дзверы. Праверыў, ці шчыльна закрытыя фіранкі, і толькі тады дастаў з бакавой кішэні паліто закручаны ў паперу і перавязаны шпагатам пакунак. Вяровачку ён перарэзаў сцізорыкам. Унутры быў матава бліскучы, варанёны наган — афіцэрскі “самаўзвод”. Ёсік некалькі разоў узвёў механізм: курок падымаўся і з сухім трэскам апускаўся ўніз.
Я агледзеў машыну. Рэвальвер быў новы і чысты. Працаваў беззаганна. Яго было прыемна трымаць у руцэ. Гусятнік, убачыўшы, што комін мне падабаецца, усміхнуўся, пацалаваў кончыкі пальцаў і сказаў:
— Лыжка — што той гадзіннік працуе! Сем лабэшнікаў запар!
— А набоі?
Гусятнік дастаў з кішэні дзве кардонныя скрыначкі з набоямі.
— Тут 50. Калі больш спатрэбіцца, прыходзь да мяне, можна і тысячу купіць.
— Колькі?
— Столькі, колькі каштуе. Я не гандляр. Дзесяць рублёў.
— Трымай пятнаццаць.
Я даў яму 15 рублёў, але Гусятнік аддаў мне пяцірублёўку.
— Кажу табе, што не хачу на табе зарабіць! He было б у цябе грошай — я б табе машыну задарма аддаў.
Я развітаўся з Ёсікам, але ў сенцах сказаў наўздагон:
— Ты не думай, што я гэта на Альфрэда падрыхтаваў.
— Я так і не кажу зусім.
— Гэта каб у Саветах гадам у рукі не трапіцца. Хамы любяць на нас засады рабіць, а як што якое, то і ў расход пусціць могуць.
— Так. Я ведаю, — адказаў Гусятнік, адмыкаючы дзверы на падворак.
— Дабранач! — сказаў я. — А вішняк у цябе добры!
— Шчасліва! — прамовіў Ёсік. — Гэта ўсё жонка... Брыль-ян-та-вы-я ручкі...
Я пайшоў цёмным завулкам. У галаве ў мяне шумела ад вішняку.
Дзесьці пасярод вуліцы я спыніўся і зірнуў на неба. Знайшоў Вялікую Мядзведзіцу. Дастаў з кішэні наган і зарадзіў яго. Было прыемна трымаць у руцэ сагнутую, шурпатую ручку. Прымружваючы левае вока, я цэліў у асобныя зоркі. Потым рассмяяўся. Мне прыйшло ў галаву, што цяпер у мяне два найлепшыя сябры: Вялікая Мядзведзіца і сем ейных зорак, якія неаднойчы дапамагалі мне ў дарозе, падказваючы верны кірунак, і наган, зараджаны сямю набоямі, які можа абараніць мяне, калі гэта спатрэбіцца.
У Допры я чуў ад злачынцаў, што сем — шчаслівая лічба зладзеяў. Магчыма, таму, што сямёрка формай нагадвае адмычку.
VI
Трэці тыдзень я жыву ў Мужаньскага. Вяртацца да Трафідаў мне не хацелася. Настрой у іхняй хаце цяпер прыгнечаны. Юзаф зусім не ходзіць за мяжу. Баіцца за маці, якая пасля смерці Гэлі ўпала ў апатыю і перастала размаўляць. Зрэшты, дома ён заўжды быў патрэбны. Я не хацеў турбаваць іх і сказаў пра гэта Юзафу, які быў вымушаны прызнаць, што я маю рацыю.
Я ніколі не адчуваў сябе так добра, як тады, калі пасяліўся ў Мужаньскага. Стары гадзіннікавы майстар аб’ехаў палову свету. Вечарамі за самаварам ён расказвае нам мноства цікавых гісторый. Кожную раніцу мы з Петраком і Юлікам ходзім купацца ў Іслачы, а потым, пасля сняданку, выпраўляемся ў навакольныя лясы. Збіраем грыбы і ягады, а пасля кладзёмся на мяккі мох і доўга ляжым нерухома, узіраючыся ў далёкую глыбіню неба, па якой ганяюцца адна за адной вясёлыя лёгкія хмаркі. Пятрок заўжды бярэ з сабою нейкую кнігу і гадзінамі чытае нам уголас. А мы слухаем. Здараецца, што я засынаю падчас такіх чытанняў, а потым пытаю Петрака, што там было далей, пасля таго месца, дзе я заснуў.
— He трэба было спаць! — гаворыць Пятрок, але ўрэшце выбачэнні прымаюцца, і ён пераказвае мне прапушчаную частку, узнаўляючы падзеі.
Потым ён чытае далей. Апоўдні мы распранаемся і загараем. Дадому мы вяртаемся на абед, прыносячы з сабою пах лесу і вясёлы настрой. Бася, кірпатая служка Мужаньскага, накрывае на стол. Мы сядаем есці, і кожны ўмінае за дваіх, запіваючы ежу півам.
Такі лад жыцця ўзмацніў маё здароўе, але мне зрабілася нудна. Пятрок і Юлік маюць чым заняцца. “Філосаф” дае ў мястэчку ўрокі, а Юлік дапамагае ў працы Мужаньскаму, які абяцаў вывучыць яго на гадзіннікавага майстра. Для мяне аніякай працы няма. Колькі разоў прыходзіў Лорд і клікаў мяне ў дарогу (ён разпораз выбіраецца за мяжу), але я сказаў яму, што хачу яшчэ адпачыць. Неаднойчы я пытаўся ў сяброў, як я тады трапіў з мяжы ў іх дом. Дзіўна, але яны не хацелі мне гэтага тлумачыць. Юлік сказаў:
— Прывід нам сказаў.
А Пятрок:
— Аднойчы даведаешся.
Яны штосьці ўтойваюць ад мяне. Але што? Я не хацеў распытваць занадта настойліва. Можа, потым самі мне раскажуць.
Неяк, калі Юлік з Мужаньскім супольна працавалі за станком, а Пятрок пайшоў у горад, я выйшаў з дома, намерваючыся завітаць да Вэбліна. Ад хлопцаў я ведаў, што Сашкі дома няма, бо яны з Жывіцам паехалі ў Радашкавічы, але мне хацелася ўбачыць Фэлю. Я думаў пра яе ўвесь час і цэлы тыдзень збіраўся зайсці. Мяне бянтэжыла толькі наша апошняе халоднае развітанне — тады, у студзені, калі яна не захацела са мною танцаваць. Фэлю я застаў дома. Выглядала яна цудоўна. На ёй была прыгожая крэмавая сукенка. Мяне здзіўляла, што Сашкава сястра заўжды была рознай. Кожная новая сукенка надавала ёй новага хараства. Але чароўнай яна была заўжды. Цяпер я ўбачыў яе ў таварыстве Люткі Зубік, Лютка была ўбраная ў яркую жоўтую сукенку, якая шчыльна абцягвала ейнае каржакаватае, мясістае цела, што трэслася на кожным кроку. Лютчын строй дапаўняў моцна зацягнуты лакаваны паясок з вялікай нікелевай спражкай. Гэта камічна падкрэслівала жывот і грудзі, якія так і тырчалі ў розныя бакі. Дзяўчаты пілі гарбату. Лютка штохвіліны заходзілася смехам, паказваючы пра гэтым досыць вялікія прыгожыя зубы і ружовыя дзясны.