Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
Ношкі ў нас па 45 фунтаў. Толькі ў Соні 30-фунтавая. Тавар мы нясём танны, але ў Саветах “хадавы”: люстэркі, нажніцы, пацеркі, іголкі, грабеньчыкі, напарсткі, брытвы, пэндзлікі для галення. Зарабляем мы гэтак сама, як і на дарагім тавары, — па 15 рублёў за ношку. Тавар належыць Рыве Глянц і Фейзе Ядвабнай, якія трымаюць краму на плошчы. Юрлінавай жонцы, Соні, 30 гадоў, але выглядае яна нашмат маладзейшай. У яе круглы, вясёлы твар, блакітныя вочы, вішнёвыя вусны, светлыя валасы і ямачка на падбароддзі. Яна досыць прыгожая, а Юрлін лічыць яе верхам хараства і бярэ з сабою ў дарогу не для таго, каб больш зарабіць, але таму, што вельмі раўнуе і баіцца пакідаць адну дома. Ведае, што ў Сонькі палымяны тэмперамент і ласае да здрады сэрцайка, а вось павагі да асноў сужэнскай вернасці ў яе няма зусім. Таму лепш заўжды трымаць яе навідавоку.
У дарозе я раз-пораз запускаю руку ў бакавую кішэнь курткі і з прыемнасцю сціскаю шорсткую рукаятку нагана. Хлопцам я не сказаў, што ў мяне з сабою рэвальвер. Ведаю, што яны баяцца хадзіць са зброяй, бо ў Саветах узятых са зброяй кантрабандыстаў судзяць вельмі сувора. Некалькі разоў здаралася, што ім “давалі” бандытызм і “пускалі ў расход”. Гэта мая таямніца, якую я вырашыў не адкрываць нікому. Калі засыплюся ў Саветах, лепш адбівацца і змагацца або загінуць, чым зноў трываць голад і карміць вошай у Надзвычайцы і Допры. А што б чакала мяне потым, цягам тых трох гадоў высылкі, якіх мне ўдалося пазбегнуць?
Ночы цяпер кароткія, таму дайсці на маліну за адзін раз мы не паспяваем і звычайна робім па дарозе днёўку. Кропка, да якой мы ідзём, месціцца за 25 кіламетраў ад мяжы, на поўнач ад Старога Сяла. Мы намагаемся ісці лясамі і толькі напрыканцы выходзім на поле. Юрлін вядзе партыю дасканала: не прытрымліваецца аніякіх дарог ці сцежак, ідзе, здаецца, нацянькі. Перачакаўшы дзень у лесе, наступнай ноччу мы ўрэшце дабіраемся да маліны. Юрлін адсоўвае ўбок адну дошку ў плоце, і праз дзіру мы пралазім у сад, пасярод якога стаіць вялікая паветка. Партыя праходзіць у сярэдзіну. Юрлін і Лорд ідуць на хутар. Вяртаюцца яны праз пятнаццаць хвілін і забіраюць ношкі, захапіўшы па некалькі за раз. Ім даводзіцца зрабіць па тры ходкі. Мы кладзёмся спаць. Соня спіць у куце, побач з мужам. Гірш Кнот таксама спіцьу паветцы.
VIII
Наступіў жнівень. Набліжаўся залаты сезон. Мяжа ажыла. Кантрабандысты выпраўляліся ў дарогу ўсё часцей і ўсё большымі групамі. Я надалей фартаваў у партыі Юрліна. Наогул мы хадзілі ўдала: пару разоў зялёнкі нас пагналі, але ніхто не трапіўся. Шчур збіраўся зладзіць габрэйкам агранду, але Лорд не пагаджаўся — тавар быў мізэрны, і агранда не акупілася б.
Працаваць цяпер было цяжэй, чым раней. Мяжу ўзяла пад кантроль паліцыя. Памежныя батальёны былі ліквідаваныя. Як толькі паліцэйскія прыступілі да выканання сваіх абавязкаў, адразу ж пачаліся іх сутычкі з бальшавіцкімі салдатамі, якія з батальёншчыкамі жылі ў згодзе, хадзілі адной памежнай сцежкай, часта сустракаліся і размаўлялі. Цяпер на мяжы ўсё часцей чуліся стрэлы. Бальшавікі стралялі ў нашых памежнікаў
і ладзілі ім розныя выбрыкі. Паліцэйскіх, якія пільнавалі мяжу, чырвонаармейцы называлі “чёрные вороны” або “чорная сотня”. Тады памежныя патрулі перанеслі ад фактычнай мяжы на некалькі дзясяткаў крокаў і ўжо там праклалі для патрулёў новыя сцежкі. Гэта зрабілі адначасова і палякі, і бальшавікі. На некаторых участках мяжу ўмацавалі засекамі з калючага дроту, і часам гэта былі вельмі доўгія адрэзкі.
Хадзіць праз мяжу было ўсё цяжэй. Памежнікі працавалі зацята і актыўна. Паўсюль былі засады. У зручных для пераходу кропках нам перашкаджаў калючы дрот, і, каб перабрацца праз яго, мы вымушаныя былі хадзіць з цыноўкамі або тычынамі. Здаралася і так, што мы рэзалі дрот кусачкамі, але толькі ў выключных абставінах, каб не назаляць зялёнкам і не ўказваць ім на нашы любімыя месцы пераходу.
Напрыканцы жніўня я сёмы раз выправіўся з партыяй Юрліна. У дарогу мы вырушылі рана. Ночы былі доўгія, таму нам хацелася да раніцы паспець на маліну. Партыя была ў поўным складзе: Юрлін, Лорд, я, Камета, Шчур, Соня, Ванька Бальшавік, Алігант, Соска, Юбіна і Гірш Кнот. Ношкі ў нас былі па 40 фунтаў. Непадалёк ад мяжы Лорд і Камета выцягнулі з густых зараснікаў цыноўку даўжынёю ў некалькі метраў. Яна была сплеценая з саломы і лазы і па баках прашытая вяроўкамі. Лорд нёс дзве доўгія тычкі, а Камета цягнуў скручаную, як кілімок, цыноўку. Рухаючыся праз лес вельмі павольна, мы ўрэшце дабраліся да мяжы. Ноч была цёмная. Неба зацягнула хмарамі. Мы доўга прыслухоўваліся, стоячы на ўзлеску, а потым выйшлі на прасеку і падышлі да дроту. Да аднаго канца цыноўкі прывязалі тычкі, паднялі іх угару і паклалі гэты “памост” на засеку. Тады пачалася пераправа. Кантрабандысты па адным падымаліся ўгару і, трымаючыся рукамі за тычкі, на каленях пералазілі на іншы бок дроту. Усё адбывалася хутка
і бясшумна. Калі партыя перабралася, цыноўку паднялі ўгару і зацягнулі на савецкі бок. Потым ад яе адвязалі тычкі, асцярожна скруцілі і схавалі ў густых лясных зарасніках, на вялікай адлегласці ад мяжы. На зваротнай дарозе мы збіраліся забраць цыноўку адтуль. Мы паспяхова прайшлі праз лес ля мяжы і пераправіліся цераз раку на другой лініі. У адным месцы, каб скараціць адлегласць, Юрлін вузкай сцежкай скіраваўся скрозь лес. Ноч была цёплая і ціхая. Машыніст ішоў хутка, а паколькі ў лесе панаваў непраглядны змрок, мы ўвесь час натыркаліся на спіны тых, хто крочыў наперадзе. Лес радзеў. Неўзабаве мы выйшлі на луг, які клінам убіваўся ў два крылы лесу, а пасярэдзіне яго пераразаў ручай. Юрлін павёў нас уздоўж берага. Лес знік у цемры. Стала лепш бачна, і я мог разрозніць прастору на некалькі метраў перад сабою. Лужок шырэў.
Раптам наперадзе бразнула жалеза. Юрлін спыніўся. Уся партыя замёрла нерухома. Гук паўтарыўся некалькі разоў. Я сцяміў, што гэта лязгаюць жалезныя путы на нагах выведзеных на пашу коней. У вузейшым месцы Юрлін пераскочыў праз ручай і, аддаляючыся ад яго, зайшоў у балота. Але неўзабаве зямля пачала правальвацца ў нас пад нагамі і мы вымушаныя былі вярнуцца назад. Спыніўшыся і прыслухоўваючыся на беразе ручая, я пачуў выразныя крокі — да нас набліжаліся людзі. Юрлін амаль бегма кінуўся направа. I тут перад намі бліснуў ліхтарык. У ягоным святле я ўбачыў постаці калег. Юрлін шыбаваў на балота. Тады збоку раздаўся голас:
— Стой! Стой! Стой! “Ребята”, заходзіць у лес! Жыва!
Бліснула яшчэ некалькі ліхтарыкаў. Затупалі ногі, пасыпалася лаянка.
— Стой! Стой! Кажу табе, стаяць, халера, бо страляць будзем!
“У іх, напэўна, з сабою вінтовак няма, бо даўно б стралялі!” — падумаў я.
Мы сыходзілі ўсё далей у балоты. Ногі глыбока правальваліся ў твань, а пераследнікі былі ўсё бліжэй. Шчур бег поруч і лаяўся:
— Жлабы! Хамы! Поскудзь!
Я ведаў, што ўцячы мы не зможам. У нейкі момант я адскочыў з нашай дарогі ўбок. Шчур крыкнуў:
— Куды ты?
Я не адказаў яму. Імгненне я стаяў самотна, а потым заўважыў, як да мяне набліжаюцца цёмныя фігуры. Я выхапіў іх святлом ліхтарыка і адначасова, стрэл за стрэлам, стаў смаліць па іх з нагана. Мне было відаць, як пагоня кінулася наўцёкі. Шомпалам я пахопліва выкінуў адстраляныя гільзы і зноў зарадзіў наган. Збоку, ля самага майго локця, я пачуў лёгкія крокі. Ледзь не стрэліў туды, але імклівы промень ліхтара выхапіў з цемры Шчура.
— Чума! — сказаў кантрабандыст.
— Хто гэта быў? — спытаў я.
— Або масалкі коней пасвілі і вінтовак пры сабе не мелі, або гады на начлегу. Хутчэй другое! — дадаў ён. — Ну і клёва ж ты іх пачаставаў. Яны б нас дагналі! Кожны крок тут ведаюць і ношак за плячыма не маюць. Добра ім!
— Хадзем па нашых? — спытаў я ў калегі.
Шчур лёгка прысвіснуў.
— Па нашых? Дзе іх цяпер знойдзеш? Вяртаемся ў мястэчка! А тавар— наш, і без агранды,— дадаў ён і засмяяўся.
Мы скіраваліся балотам да рачулкі, а потым уздоўж берага дабраліся да лесу. Яшчэ да поўначы мы былі ў мястэчку.
— Ты куды прадасі тавар? — спытаў я Шчура.
Кантрабандыст лёгка прысвіснуў.
— Ды я табе 100 вазоў тавару прадам. Давай толькі!
— Мо ты і мой прадасі?
— Добра! Дапамажы дамоў занесці, а назаўтра бабкі мець будзеш.
Непадалёк ад Шчуравага дома мы развіталіся. Калега на імгненне затрымаў маю руку.
— Ты гэта... не кажы хлопцам, што з капыта па гадах шыў. Яны забаяцца з табой хадзіць! А пра тавар кажы, што кінуў у балоце і сам ледзь вылез. Каб не падумалі, што гэта агранда!
— Добра!
— Увечары я прыйду да цябе, — сказаў Шчур і з дзвюма ношкамі за спінай знік у глыбіні падворка, а я пайшоў дамоў.
Такім чынам я ўпершыню выпрабаваў свой рэвальвер. Назаўтра Шчур прыйшоў да мяне апоўдні.
— Апыліў ношкі?
— He... За ўвесь тавар: твой і мой разам — 180 рублёў даюць. За горла бяруць, поскудзі, бо ведаюць, што мне пільна. Я б аддаў, але не ведаю, як ты. Каб не падумаў чаго.
— А што я падумаю?
— Што я з тваёй долі частку сабе хапануў.
— Я ведаю, што ты так не зробіш! Гаворкі няма. Ідзі і бяры бабкі!
Шчур выйшаў ад мяне, а ўвечары вярнуўся і прынёс мне 90 рублёў золатам. Ён радасна смяяўся.
— Ведаеш, партыя Юрліна таксама вярнулася.
— Усе прыйшлі?
— Юрлін вярнуўся з Лордам, Габрэем і Каметам. Алігант і Соска прыйшлі разам. А Соньку Ванька Бальшавік прывёў з раніцы. Відаць, усю траву на памежжы памялі. Павысілі фізічную культуру!
— А Кавалерчык? — я меў на ўвазе Юбіну.
— He вярнуўся. Мо блукае дзесьці.
— А што з таварам?
— Юрлін, Лорд і Камета аддалі, бо ішлі разам з габрэем. А рэшта — ф’юіць! — Шчур працягла свіснуў. — Няма дурняў!
Потым мы пайшлі да Гінты. У салоне было поўна кантрабандыстаў. Наша “біржа” працавала поўным ходам. Тут рабілі розныя інтарэсы. Збіралі партыі. Прагульвалі заробленае. Гулялі ў карты. Тут граў гармонік, лілася гарэлка, а часам і кроў. Калі мы ўвайшлі ў запоўненую хмарай тытунёвага дыму хату, я ўбачыў, што за цэнтральным сталом сядзяць усе нашы разам з Юрліным, які з’яўляўся тут рэдка. Для нас зрабілі месца за сталом.
— Ну, выпіце, а потым пагаворым! — сказаў Лорд шматзначна.
Мы выпілі па дзве шклянкі гарэлкі, і потым Лорд спытаў Шчура:
— Ты ўчора смаліў з машыны па хамах?
— He, не я... А што?
Лорд павярнуўся да мяне: