• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

    Каханак Вялікай Мядзведзіцы

    Сяргей Пясецкі

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 405с.
    Мінск 2020
    77.83 МБ
    — Ara! А вось і фраер! Фэльчын... — сказаў ён некалькі брыдкіх словаў.
    Кроў кінулася мне ў твар, але я не адказаў нічога і хацеў з імі разысціся. Тады Альфонс падставіў нагу, а Альфрэд заскочыў спераду.
    — Чаго табе? — звярнуўся я да яго
    — Мордутабеакласці.жлабіна! — адказаў Альфрэд.
    — Што ты з ім лясы точыш? Валі яго! — крыкнуў Альфонс і замахнуўся ў мой бок кулаком.
    Тады я моцна ўдарыў яго ў жывот. Альфонс застагнаў і, скурчаны, асеў на зямлю. У гэты момант Альфрэд і Альбін кінуліся на мяне і звалілі з ног. Я выхапіў з кішэні рэвальвер, ручку якога ўжо даўно сціскаў пальцамі. Альфрэд душыў мяне за горла. Я прыставіў рулю рэвальвера да ягонай нагі і пацягнуў за курок. Грымнуў стрэл. Альфрэд падскочыў угару, але адразу ж паваліўся. Я падарваўся з месца і пачаў біць яго нагамі. Тут Альбін адбегубок і загарлаў:
    — Паліцыя! Паліцыя! Забіваюць!
    Я кінуў Альфрэда і Альфонса на зямлі і скіраваўся назад. Альбін ішоў за мною на адлегласці. Я развярнуўся, зрабіў яму насустрач некалькі крокаў і смальнуў з нагана ў паветра. Потым без перашкод аддаліўся вуліцай у бок габрэйскіх могілак. Ззаду я чуў крыкі:
    — Паліцыя! Забіваюць! Паліцыя! Трымай яго!
    Здалёк адгукнуўся свісток.
    Я пайшоў не дамоў, а скіраваўся ў поле. Потым, абышоўшы мястэчка вакол, выйшаў да дома Шчура. Яго я знайшоўу гумне.Ёнспаў.Я пабудзіўяго і расказаўпра сутычку з Алінчукамі.
    — Што цяпер рабіць? — спытаў я яго.
    — Ну, ты ім даў перцу панюхаць! Правучыў хамаў! Але справы твае кепскія! Яны заявяць у паліцыю!
    — А калі я сам пайду ў паліцыю і распавяду, як яны на мяне напалі?
    — Ты што, з глузду з’ехаў? У цябе няма сведкаў! Атрымаеш і за зброю, і за падстрэленага. Пад следствам год прасядзіш. Я ўжо ведаю!
    — Што ж рабіць?
    — Ты мусіш пакуль схавацца, а там пабачым. Невядома пакуль, як ты Альфрэда падстрэліў.
    — Я ў нагу смальнуў!
    — Смальнуў у нагу, а трапіць мог у жывот! Я заўтра пайду на разведку, а цябе на маліну прыстрою ў гумне. Ёсць такое месца... тут недалёка. Хоць цэлы год там малініцца можаш. Ніхто цябе не знойдзе.
    Мы адразу ж рушылі туды. На ўскрайку мястэчка падышлі да вялікага гумна, замкнёнага на цяжкі замок. Прабраліся ў сярэдзіну праз шчыліну пад варотамі, адсунуўшы дошку. Потым падцягнулі дошку назад. У гумне было цёпла і ціха. Памяшканне было вялікае, з мноствам розных закуткаў. Сябра сказаў:
    — Тут можна батальён салдатаў замалініць. А цябе сам чорт не знойдзе. Толькі не выходзь нікуды.
    Шчур пакінуў мяне на маліне і пайшоў у горад. Праз гадзіну вярнуўся. Прынёс мне сотню папярос, пляшку спірту, некалькі бутэлек вады і шмат ежы. Мы ўлезлі на засек і там я зрабіў глыбокую нару. Потым Шчур паабяцаў наведаць мяне ўвечары і сышоў.
    X
    Прайшло два тыдні. Вось і сярэдзіна верасня. Пачаўся залаты сезон. Мяжа ажыла. Кантрабандысты працуюць зацята. Ёсць партыі, якія ходзяць па тры разы на
    тыдзень. Я ўсё яшчэ хаваюся ў гумне. Дні праводжу ў самоце. А вечарамі і ўначы выбіраюся ў мястэчка.
    На наступны дзень пасля сутычкі з Алінчукамі я даведаўся ад Шчура, што браты падалі заяву пра тое, як я напаў на іх і параніў Альфрэда. Рана ў яго лёгкая — прастрэленае левае сцягно. Костка цэлая. Акрамя таго, нагой я выбіўяму некалькі пярэдніх зубоў.
    — Залатыя сабе ўставіць. Добрая нагода! — сказаў Шчур.
    Да мяне дайшлі звесткі, што паліцыя мяне шукае. У гадзіннікавага майстра Мужаньскага і ў Юзафа Трафіды правялі ператрусы. Шчур расказаў усім у мястэчку, як насамрэч выглядала справа і што напраўду гэта яны чапляліся да мяне. Амаль усе хлопцы былі на маім баку. Алінчукі цяпер носу на вуліцы не паказваюць, бо хлопцы кпяць з іх і сарамацяць. Шчур і Лорд двойчы намазалі браму і аканіцы іх дома дзёгцем, так звычайна робяць дзяўчатам, на якіх прыхавалі крыўду. Перамазаныя дзёгцем брамы ці аканіцы значаць, што ў гэтым доме жыве непрыстойная дзяўчына. А паколькі сясцёр у Алінчукоў няма, усе здагадкі кіраваліся ў бок братоў.
    Некалькі разоў я сустракаўся з Лордам, Каметай, Юлікам і Петраком. Хлопцы вельмі добра да мяне ставіліся. Прапаноўвалі мне грошы і добрыя схованкі. Гэта мяне ўзрушвае. Я і не думаў, што ў мяне столькі сяброў. Аднойчы Шчур сказаў мне:
    — Ты глядзі, калі цябе паліцыя арыштуе, не бараніся. Разумееш? Калі цябе арыштуюць, я табою займуся. Знойдуцца грошы, нават большыя, і на заклад, і на адваката. Хлопцы дадуць па некалькі гузікаў, і пару касых мы назбіраем.
    Нягледзячы на тое, што засвяціўся, некалькі разоў я хадзіў за мяжу. Фартаваў з дзікімі. Яны не баяцца працаваць са мною. А калі б хто-колечы хацеў мяне засыпаць, зрабіць гэта ў яго не атрымалася б. Пра маю схо-
    ванку не ведае ніхто, апрача Шчура. Ён часта, каб мне было весялей, начуе ў стадоле. Двойчы я быў у Калішанак, але не начаваў у іх. Гульнуў крыху — і ходу на маліну. Мяне пачынае мучыць маё хаванне ў гумне. Пакуль я праводжу тут доўгія самотныя дні, мне ў галаву лезуць розныя дурныя думкі. Часта мне хочацца перастраляць Алінчукоў і пайсці ў паліцыю. Але найбольш я думаю пра Фэлю. Асабліва калі цямнее. Я смяюся, гучна размаўляю з ёю. Можа, я вар’ят? П’ю ўсё больш. Спірт жлукчу як гарэлку, гарэлку — як піва, піва — як ваду. Але да страты прытомнасці не напіваюся. Ведаю, што для мяне гэта вельмі небяспечна. Толькі прысутнасць Шчура мяне ўмацоўвае. He ведаю, як яму аддзячыць за ўсё. А ён, такі з’едлівы з іншымі, да мяне ставіцца вельмі ветліва і лагодна. Ніколі не ўжывае брутальных слоў і не сварыцца без “асаблівай патрэбы”. Часта стрымлівае напаўдарозе ўжо гатовую зляцець з языка лаянку. Аднойчы Шчур сказаў, што Юзаф Трафіда хоча мяне бачыць. Я папрасіў, каб ён чакаў мяне а дзясятай вечара на Слабодцы, на мосце ля млына.
    Вечар быў цёмны. Разам са Шчуром мы прабіраліся вуліцамі і завулкамі ў бок Слабодкі. Юзаф ужо чакаў нас там. Потым Шчур вярнуўся назад у мястэчка, а мы з Юзафам скіраваліся да млына і селі на беразе Іслачы. Мы доўга маўчалі, а потым Юзаф спытаў:
    — Якты жывеш?
    — Трымаюся неяк!
    — Ты мо хочаш адсюль з’ехаць? У мяне сваякі ёсць у вёсцы пад Івянцом. Калі хочаш, я цябе да іх прыстрою.
    — He, не хачу. Я там з нуды памру.
    Мы зноў маўчым. Потым адгукаецца Юзаф: — Дай пяць!
    Ён моцна сціскае маю руку і гаворыць, стрымліваючы хваляванне:
    — Дзякуйтабе!
    — За што?
    — Ну, за Альфрэдчука. Цяпер яго ўсе сабакам лічаць.
    — Шкада, не забіў я гада! — цаджу я з нянавісцю.
    — He шкадуй! Так лепш!
    Зноў запанавала маўчанне. А потым я звяртаюся да яго:
    — Аты што рабіць будзеш? Партыі не збіраеш?
    — Я? — здзівіўся Трафіда. — He. Са мною, братка, гамон. Я з мяжою назаўжды развітаўся!
    — Та-ак?
    — Так, братка! Адну сястру я згубіў, ваўком па начах гойсаючы. Другую я крыўдзіць не дам! He, халера!
    Я пачуў, як Трафіда скрыгатнуў зубамі. Было цёмна, я зусім яго не бачыў, але адчуваў, як ён пакутуе. Ён вельмі любіў сястру. Мне таксама смылела сэрца. Я сказаў:
    — Супакойся, Юзік. Альфрэд сваё атрымае... гэта яшчэ не канец. Кажу табе...— я некаторы час вагаўся, а потым сказаў: — Нікому гэтага не кажы: Алінчукі ў моці з савецкімі падпольнікамі. Я ўсё выведаю, і мы з імі на раз-два скончым.
    I зноў мы маўчым. Потым пытае Юзаф:
    — Можа, табе трэба чаго?
    — He, у мяне ўсё ёсць.
    — А калі што трэба будзе, то скажы!
    Юзаф уздыхнуў:
    — I нашто я цябе сюды выцягнуў? Ты шчаслівейшы быў бы, калі б мяжы не ведаў!
    Я жыва запярэчыў:
    — He кажы так. Дзякуй табе вялікі і за добрае cappa, і за дапамогу. Я шчаслівы, братка! Часам мне сумна, але тут ужо нічога не паробіш. I не думай пра такое, і мне такога не кажы.
    Мы доўга размаўляем, седзячы ў цемры на беразе ракі. Потым развітваемся і, узрушаны, я доўга блукаю завулкамі. Ноч цёмная. Твараў рэдкіх мінакоў не разабраць. У сваю схованку вяртаюся позна. Выпіваю палову пляшкі гарэлкі і закопваюся ў сена.
    Назаўтра я сустрэўся з Лордам. Шчур сказаў, што Лорд мае да мяне пільную справу. Ён чакаў нас на могілках. 3 сабою ў яго было тры пляшкі гарэлкі і крыху закускі. Седзячы на траве побач з нізкай каменнай агароджай, мы пілі гарэлку. А потым я спытаў яго:
    — Ты што хацеў сказаць?
    — Фэля пра цябе пыталася.
    На імгненне мне заняло мову. Добра, што яны не бачылі майго твару. Быццам бы абыякава я спытаў:
    — А чаго ёй трэба?
    — Яна чула, што ў цябе калісьці праз яе была сутычка з Альфрэдам ля касцёла, а потым яшчэ тады, калі ты яго падстрэліў. Што ён пра яе штосьці зняважлівае сказаў.
    Некаторы час я маўчаў, а потым адказаў:
    — Пра першы інцыдэнт ты і сам добра ведаеш. А калі Алінчукі дачапіліся да мяне ўначы, то Альфрэд зняважліва сказаў пра нас з Фэляй разам. Але я нікому пра гэта не казаў. Зразумець не магу, адкуль яна ведае.
    — Фэля акурат прасіла мяне ў цябе даведацца, што пра яе сказаў Альфрэд.
    Я яшчэ вагаўся. Тады Лорд сказаў:
    — Ты кажы. Фэля — такая баба, што ёй усё сказаць можна! Ёй гэта патрэбна. Можа, Сашцы скажа...
    — Альфрэд сказаў... — і я дакладна паўтарыў Лорду Альфрэдавы словы.
    — Добра, — адказаў мне калега. — Я ёй гэта перадам.
    — He кажы лепш. Мо раззлуецца, што праз мяне яе абгаворваюць.
    — Ты з гэтай нагоды не хвалюйся. Яна ніякіх плётак не баіцца. Дасць рады. I праўду ведаць хоча.
    Неўзабаве Лорд развітаўся з намі.
    — Ты да яе ідзеш? — спытаў я яго.
    — Так. Мо перадаць ёй штосьці хочаш?
    — He, нічога.
    Мы са Шчуром яшчэ доўга ляжалі на могілках. Ён расказваў мне пра апошнія сутычкі на мяжы, пра ракаўскія навіны, пра тое, што чуваць у хлопцаў. Потым ён правёў мяне ў гумно, а сам скіраваўся ў мястэчка. Той ноччу я доўга не спаў. Няспынна думаў пра Фэлю. Назаўтра Шчур прыйшоў да мяне, як толькі апусціўся змрок. Сябра мой быў вельмі вясёлы, таямніча падміргваў і ўвесь час усміхаўся.
    — Пойдзем зараз у адно месца. Збірайся хутчэй!
    — У якое месца? Куды? Ты пра што?
    — Пабачыш.
    — Каго? Што?
    — Які ты... Пацярпі крыху. Табе спадабаецца.
    Я хутка крочыў побач з сябрам і стараўся здагадацца, што ж гэта можа быць. У нейкім месцы мы пералезлі праз паркан і апынуліся на падворку. Неўзабаве мы ўжо стаялі на ганку вялікай хаты з пабеленымі вапнай сценамі.
    У сярэдзіне, за сталом, я ўбачыў Сашку і Жывіцу.
    — Ага, ёсць! — выгукнуў Сашка.
    — Ёсць! — адазваўся Шчур.
    Я падышоў да стала і прывітаўся з хлопцамі поціскам рукі.
    — Сядай! — сказаў Сашка. — Пагутарым крыху.