Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Мы брыдзём на захад праз лес. Я іду з рэвальверам у руцэ. Гэтага ніхто не заўважыць, а другая лінія побач. Мінаем ручаі, яры, равы. Раптам спыняемся — першы Анёл, а за ім і рэшта. Да вялікага лесу 200 крокаў. Дрэвы тут растуць рэдка, але зрок сягае толькі на 20 крокаў наперад. Мы доўга стаім моўчкі. Потым Анёл упэўненым крокам рушыць наперад. Побач з ім ідуць Сом і Шымпанзэ. Раптам спераду даносіцца шум. Хтосьці з нашых крыкнуў: “Стой!” Бліснула некалькі ліхтарыкаў. Анёл,
Com і Шымпанзэ з кіямі напагатове кінуліся наперад. Мы — за імі. Трэснула галлё. Грукат ішоў па лесе і аддаляўся ад нас. Мы падбеглі да ўзлеску. Я ўбачыў Анёла, Сома і Шчура. У руках яны трымалі нейкія мяхі. Я прыгледзеўся: гэта былі ношкі кантрабандыстаў.
— Плітавалі, як анёлы! — сказаў наш машыніст.
— Драпанулі, як каты! — дадаў Шымпанзэ.
— Хто гэта быў? — спытаў Плюш.
— Відаць, нашы з Ракава, — сказаў Сом. — Зараз пабачым.
Анёл пачаў распакоўваць ношкі. У іх былі панчохі, трыкацін, хром.
— Гэта партыя Адама Друнілы. Ён бярэ тавар у Арона з Віленскай, — сказаў Сом. — Ну, хлопцы, на ўсіх газ будзе і па пары гузікаўтаксама.
Мы ўзялі ношкі і праз шырокі луг скіраваліся да ракі. Другая лінія. Вада тут досыць глыбокая, але да броду мы не ідзём, бо там за апошні месяц трапілася некалькіх хлопцаў з розных партый. Усе распранаюцца і, несучы адзенне ў руках, кіруюцца да супрацьлеглага берага. Вады тут па грудзі. Я хутка дабіраюся да берага і кідаю туды адзенне, а сам вяртаюся і некалькі разоў ныраю з галавой. Толькі потым выбягаю і шпарка апранаюся. Мы зноў ідзём наперад, да мяжы. Крочым хутка, але кожны з нас намагаецца не рабіць шуму. Амаль усе трымаюць у руках ліхтарыкі. У мяне ў руцэ пад рукавом курткі хаваецца наган. Вось-вось будзе мяжа... На прасеку мы вывальваемся амаль бегма і шыбуем уздоўж засекаў. Зноў бразгаюць нажніцы, падае долу перарэзаны дрот. Шлях свабодны. Наперад!
А другой ночы мы дабраліся да могілак на ўскрайку мястэчка. Адсюль хлопцы разыходзяцца ў розныя бакі. Я іду спаць да Шчура. Мы не грукаем у дзверы, а адразу кіруемся да гумна і кладзёмся на мяккім, духмяным сене. Мне сняцца дзікія, мяжа, пагоні, уцёкі і Лёня.
Я часта бачу яе ў снах. Можа, яна думае пра мяне? Мне вельмі хацелася б яе ўбачыць. Дагэтуль ад яе не было ані вестачкі. Я хацеў напісаць ёй ліст і аддаць хлопцам, якія бываюць у Менску, але баяўся, што іх перахопяць па дарозе.Тады ўЛёні зноўмогуць быць непрыемнасці.
Назаўтра з раніцы я пайшоў да Петрака і Юліка, але дома іх не застаў. Падчас маёй адсутнасці яны рушылі ў дарогу з партыяй Юрліна. Пасля нашага са Шчуром сыходу Філосаф і Вар’ят пачалі хадзіць з ім. Гэта мне вельмі падабаецца. Як бы там ні было, партыя была самая надзейная і з добрай малінай. А хлопцам трэба зарабіць на зіму. Юліка Вар’ята я цяпер не пазнаю: пад уплывам Петрака ён зрабіўся больш спакойны, шмат чытае і вучыцца.
Увечары я пайшоў да Гінты і дапазна гуляў у нашым салоне. Шчур таксама быў там. Ён даў мне 45 рублёў: 15 за дарогу і 30 — доля з тых ношак, якія мы забралі ў кантрабандыстаў-уцекачоў. Потым я паціху выслізнуў з салона і пайшоў да Сашкі. He, не да Сашкі. Гэта была толькі адгаворка... Мне вельмі хацелася ўбачыць Фэлю. Дома ў Вэблінаў было цёмна. Я абышоў хату навокал і ўбачыў святло ў адным акенцы — гэта быў пакой Фэлі, які выходзіў на сад. Я паціху падкраўся бліжэй. Ля акна стаяў маленькі столік. На ім гарэла лямпа, і ў ейным святле я выразна ўбачыў Фэлін твар. Яна абаперла галаву аб рукі і чытала кнігу. У святле лямпы ейнае аблічча выглядала чароўна, я не мог адарваць ад яе вачэй. Яна перагарнула старонку, зноў паглыбілася ў чытанне... Праз імгненне на Фэльчыным твары заззяла вясёлая ўсмешка. Вочы ейныя мяняліся і блішчалі, як каштоўныя камяні. У іх была дзіўная глыбіня, адкуль сыходзілі цёплыя промні, якія і мяне самога напаўнялі радасцю. Яна прыкусіла ніжнюю губу і на імгненне так застыла.
Потым усмешка знікла. Твар стаў халодны, амаль суровы. Але гэты холад паліў мяне агнём і неадольна цягнуў. Я гатовы быў так стаяць і ўпівацца адным ейным выглядам, але баяўся, што яна мяне заўважыць. Пакрыёма я адышоў ад акна і стаў пасярод двара. Доўга вагаўся, а потым упэўненым крокам падышоў да дзвярэй. Узяўся за ручку. Пастаяў так крыху. I паволі пайшоў да варот. На вуліцы я доўга стаяў нерухома. Вузкі серп месяца плыў па небе. Зоркі свяцілі ясна. Ноч поўнілася водарамі, Вялікая Мядзведзіца была асабліва прыгожай. Я адчуваў, што не магу адсюль сысці, што мушу ўбачыць Фэлю, пачуць ейны голас, сказаць ёй штосьці вельмі важнае! I зноў пайшоў да дзвярэй. Пацягнуў за ручку. Зачынена. Раптоўная спакуса: яшчэ можна сысці! Ну што я ёй скажу? Але насуперак гэтаму жаданню я падыходжу да акна. Да таго, у якое я грукаў мінулай восенню, калі прынёс сюды Сашку Вэбліна... Грукаю ў шыбу. Ведаю, што раблю гэта занадта гучна. Але немаведама чаму грукаю яшчэ мацней.
Неўзабаве ўнутры чуваць хуткія крокі, а потым з-за акна раздаецца Фэлін голас:
— Хто там?.. Што такое?..
— Гэта я, Уладзь.
— Уладзь?! Зараз...
Я чую ейныя крокі. Яна ідзе ў свой пакой. Потым выходзіць у агульную залу з запаленай лямпай у руцэ. Ставіць яе на стол і хутка выходзіць у сенцы. Бразгае засаўка. Я адчыняю дзверы. Уваходжу. Забыўся павітацца. Стаю ў дзвярах і гляджу ёй у вочы.
— Што з вамі?
Некаторы час я маўчу. Сам-насам Фэля заўжды звярталася да мяне на “ты”, а цяпер гэтае “вы”! Урэшце я кажу ёй:
— Нічога!
У ейных вачах я бачу здзіўленне.
— Я думала, штосьці здарылася! Вы выглядаеце... — яна не скончыла.
— Я хацеў спытаць, дзе Сашка! Думаў, мо дома?
Яна глядзіць мне ў вочы, а потым гаворыць:
— Та-ак? Вы думалі?
Я адчуваю, што ўсё больш чырванею. Хачу спыніць гэта і не магу. А ейныя вочы смяюцца.
— Дык вы, пане Уладзю, — яна вымавіла маё імя мякка, амаль пяшчотна, — прыйшлі спытаць пра Сашку. Так?
— Так.
— А мною вы зусім не цікавіцеся?
— Вядома, вамі таксама.
— I мною таксама?
Вочы ейныя блішчаць усё весялей. А мне робіцца так страшна горача. “Нашто я сюды палез? Яна ж кпіць з мяне!” Але размову працягваю, кажу невядома што і навошта:
— Так. Вамі таксама... Бо вы мне сказалі тады... у нядзелю...
— Я слухаю, слухаю...
— Вы сказалі... прыходзіць як-небудзь...
— Ага! Так, так, я памятаю! Памятаю! Ну і вы, пане Уладзю, знайшлі вольную хвілінку... I завіталі да мяне ў адведкі...
— Менавіта.
— Па ночы. А для смеласці вы, пане Уладзю, крыху выпілі. Так?
“Яна відавочна здзекуецца з мяне!” Мяне агортвае злосць. Я адчуваю, як гэтыя пытанні прыпіраюць мяне да сцяны. Халодным тонам я кажу:
— Я заўжды выпіваю крыху! Мне грошай хапае!
— А як жа! Вы, пане Уладзю, хлопец фартовы...
Мне хочацца штосьці сказаць, але Фэля спыняе мяне рухам рукі і працягвае:
— А ці вы, пане Уладзю, заўжды, як крыху вып’еце, ідзяце да знаёмых дзяўчат?
Я губляю кантроль. Пачынаю гаварыць. Хачу спыніцца і не магу. Словы ліюцца з усё большым запалам:
— А ці вас, панна Фэля, так моцна хвалюе, дзе я хаджу па начах? Я не пільную, куды вы, панна Фэля, на падпітку ходзіце. I хлопчыкаў вашых не лічу!
— Ды ну? — адну руку Фэля абаперла аб клуб. — А гэта вельмі хораша! Вельмі!
— Дзякуй за прызнанне! А што тычыцца таго, што я патурбаваў вас, панна Фэліцыя, то я з усяго сэрца перапрашаю...
— Калі ласка.
— Вы мяне перапынілі!
— Перапрашаю...
— Калі ласка... Дык вось, я перапрашаю і наогул магу больш ніколі вас, панна Фэліцыя, не турбаваць сваім таварыствам.
— Як палічыце патрэбным.
Я гляджу ёй у твар — халодны, спакойны, амаль мёртвы і такі цудоўны. Раптам заўважаю на лобе доўгую вертыкальную зморшчыну. Секунду таму гэтай зморшчыны не было. Што яна мне нагадвае... Ага! Такая ж ёсцьу Сашкі.
— Дабранач, пані!
— Добрай ночы, пане!
Я разварочваюся на месцы і ўпэўненым хуткім крокам выходжу з дома. Па падворку я спыняюся і адчуваю, як хваля горычы залівае мне душу. Навошта я ўсё гэта казаў? Яна ж спачатку была ў такім добрым настроі! Ніколі раней я не бачыўу яе такіх вясёлых, зіхоткіх вачэй! Яна жартавала! А я абразіўся. Навошта? Чаму? Што цяпер рабіць? Ісці і прасіць прабачэння? He, я не магу... Ды ніколі ў жыцці.
Я гляджу ў асветленыя вокны. Бачу, як перамяшчаецца па пакоі постаць. На вокны падае рухомы цень.
Потым чую, як адчыняюцца дзверы ў сенцы. Потым... па сэрцы драпае бразгат засаўкі. Неўзабаве ў пакоі робіцца цёмна. Сэрца шалёна б’ецца ў грудзях, я паволі абыходжу двор навокал і падкрадаюся пад тое акно. Зноў гляджу ў шчыліну паміж ніжнімі краёчкам фіранкі і падваконнем. Фэля сядзіць за столікам. Левай рукой яна прыціскае кнігу, а правай, сціснутай у кулак, б’е па стале. Твар у яе халодны. Вочы панурыя. Так яна сядзіць некаторы час. Потым нахіляецца над кнігай і пачынае чытаць. Але нечакана загортвае кнігу і адкідваецца на спінку крэсла. Я гляджу на ейны твар, на ейныя вочы, і так мне шкада. Я закусваю губы... I тут нашы позіркі сустракаюцца. “Яна ж не можа мяне бачыць з асветленага пакоя! А можа, адчула мой позірк?” На ейным лобе зноў з’яўляецца доўгая вертыкальная зморшчына, а вочы робяцца драпежнымі. Мне хочацца адступіць... I раптам яна імклівым рухам адсоўвае фіранку ў бок. Я раблю некалькі скачкоў у глыб сада, а потым падыходжу да плота і сядаю ля яго ў нейкім пустазеллі. Акно адкрываецца. У асветленым прамавугольніку я бачу фігуру дзяўчыны. Яна нахіляецца наперад і ўглядаецца ў цемру. Прыслухоўваецца. Доўга стаіць нерухома... Потым акно зачыняецца, а яшчэ праз імгненне гасне святло.
Я падняўся. Доўга стаяў на месцы. Месяц узыходзіў на небе, шпарка занырваючы ў хмары. Зоркі пазіралі выразна і спакойна. Вялікі Воз няспынна каціўся на захад. Я пералез праз паркан і пайпіоў вузкім завулкам. Было даволі светла. Я не сустрэў ані душы. I толькі на падыходзе да Менскай вуліцы заўважыў групу людзей. Яны ішлі насустрач, гучна размаўлялі і смяяліся. П’яныя. Набліжаючыся да іх, я пазнаў Альфрэдаў голас. Хацеў быў адступіць, але ведаў, што мяне ўжо заўважылі, таму пайшоў наперад. 3 бліжэйшай адлегласці я пазнаў братоў Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў. Для камплекту не ставала Адольфа і Амброзія.
Я быў за некалькі дзясяткаў крокаў ад іх і ўжо думаў збочыць, каб іх абмінуць. Яны таксама пайшлі ўбок, каб заступіць мне дарогу. Тады я пайшоў направа. I яны таксама направа. Альфрэд круціўся і смяяўся, выкрыкваючы: