Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Псякрэў! — ціха вылаяўся я, прызнаючы мастацтва калегі.
Калі б я сам не стаяў побач, ніколі б не паверыў, што гэта чалавечы голас. Выццё перарвалася. Усё навокал агарнула цішыня. Так прайшло некалькі хвілін, а потым я пачуў свіст: лёгкі, кароткі, а за ім моцны, доўгі. Гэта паўтарылася тройчы. Мы рушылі наперад. Неўзабаве пачуліся ціхія крокі. Насустрач хтосьці ішоў. Аклікнуўся Сашкаў голас:
— Яктам?
— У парадку!
Мы крочым далей і праз некалькі хвілін уваходзім у невялікую хату. Вокны заслонены цёмнымі, шчыльнымі фіранкамі. Пад столлю гарыць падвешаная на дроце лямпа. Я бачу нізкага каржакаватага мужчыну. Твар у яго быццам з каменя вычасаны: шэры, масіўны. Вялізная галава зарасла густой грывай валасоў. Вочы пазіраюць рэзка, недаверліва. Гаворыць ён вельмі мала і неахвотна. Мы скідаем ношкі. Барсук (гэта мянушка маліншчыка), Сашка і Жывіца дастаюць з ношак тавар і раскладваюць на стале. Сахарын.
— Колькі? — пытаецца Барсук.
— Дзвесце фунтаў, — гаворыць Сашка.
Барсук дастае са скрыні вялікі моцны мех і складвае ў яго тавар. Жывіца закідае мех сабе за спіну і разам з Барсуком выходзіць. У хаце застаёмся мы з Сашкам. Ён дастае з кішэні папяросы. Частуе мяне і закурвае сам. Праз пятнаццаць хвілін вяртаюцца Жывіца і Барсук.
— Дняваць будзеш? — пытаецца Барсук.
— У лесе, — гаворыць Сашка.
— Мо з’ясце чаго?
— 3 сабою возьмем. Прынясі сюды.
Барсук выходзіць з пакоя і праз некалькі хвілін вяртаецца з боханам кепскага аржанога хлеба і вялікім кавалкам сала. Жывіца складае гэты правіянт у пустую ношку. Сашка дастаў з кішэні пляшку спірту. Кіўнуў галавой маліншчыку і прамовіў:
— За цябе!
Ён крыху адпіў з бутэлькі. Выцер рыльца пляшкі рукою і перадаў яе маліншчыку, які паўтарыў гэты рытуал, п’ючы за Жывіцу, а Жывіца выпіў за мяне. Пасля ў спірт далілі вады і мы выпілі па другім разе, “за ўдачу!”.
Потым мы выйшлі з дома і скіраваліся ў лес. Калі пачало віднець, мы былі ўжо ў самым сэрцы вялікага густога бору. Ляжалі пад агромністым дубам. Сашка нажом кроіў хлеб і сала. Мы паелі, прыкончыўшы большую частку харчоў. Закурылі.
— Ён адзін тут жыве? — спытаў я ў Вэбліна, маючы на ўвазе Барсука.
— Жонка ад яго збегла... Здзічэў, — адказаў калега.
Калі мы дакурылі, Сашка сказаў мне:
— Праз тры гадзіны пабудзі мяне! Калі будзе цяжка, пабудзі раней!
Mae калегі паклаліся спаць, а я сядзеў, абапёршыся спінай аб камель дрэва, і з рэвальверам напагатове ахоўваў бяспеку. Узіраўся ў лес, глядзеў на змораных
кантрабандыстаў, на гадзіннік, на цудоўны пісталет. Мне было прыемна пільнаваць сон дваіх славутых фартоўцаў, якія бясспрэчна мне давяралі. Я сцяміў, што Сашка даў мне першую варту, бо яна найлягчэйшая, а другая перапыняе сон. Гляджу на павольны рух гадзіннікавых стрэлак і думаю пра мноства рэчаў... Потым гляджу на Сашкаў твар. На ягоным лобе з’яўляецца глыбокая вертыкальная зморшчына. Штосьці кепскае яму сніцца!
— Нічога, нічога... спі спакойна! — кажу я яму ціха і расчулена.
А лес навокал шуміць. Шуміць весела, гучна, радасна... Вітае ўзыход сонца.
XII
Была сярэдзіна кастрычніка. Ночы стаялі доўгія, цёмныя. Восень атуліла мяжу і памежжа. Выслала ўсё залатымі дыванамі лісця.
Мы перакінулі праз мяжу ўжо дзевяць партый тавару. Некалькі разоў паспелі за адну ноч і аднесці тавар, і вярнуцца да раніцы. Мы ўсё яшчэ носім сахарын. Мяркую, калі “салодкі інтэрас” скончыцца, мы возьмемся за іншы тавар. А можа, Сашка зробіць перапынак? Я яго пра гэта не пытаю. Мы наогул размаўляем мала і толькі пра важныя, істотныя рэчы. Мы вельмі зжыліся. Часта разумеем адзін аднаго без слоў — адным жэстам, адным позіркам.
Тры дні запар мы не выпраўляліся ў дарогу. Няспынна ішлі залевы. Паўстала мноства новых азёр. Маленькія крынічкі ператварыліся ў бурныя ручаіны. Учора ўначы дождж ушчух і распагодзілася. Усю ноч і ўвесь дзень вецер дзьмуў з захаду. Пасля абеду Сашка выйшаў з дома. Праз акно я бачыў, што ён скіраваўся ў бок чорнай паласы паблізу лесу. Яго не было амаль дзве гадзіны, а па вяртанні Вэблін сказаў нам:
— Сёння рушым. Трэба з гэтым скончыць.
Жывіца кіўнуў яму галавой, не адрываючыся ад нашай з ім партыі ў карты — мы гулялі ў “66”. Пасля трох рэйсаў за мяжу Сашка даў мне 75 даляраў.
— Твая доля, — сказаў ён каротка.
За тры наступныя дарогі Вэблін заплаціў мне 100 даляраў. Напэўна, таму, што я браў ужо не 40-фунтавыя, а 50-фунтавыя ношкі. 3 апошняга падарожжа я таксама атрымаў 100. Цяпер у мяне 275 даляраў. Я спытаў Сашку, ці вінны я штосьці маліншчыку за харчы. Вэблін адрэзаў:
— Цябе гэта не тычыцца! Гэта я вырашаю.
Мы рушылі ў дарогу вельмі рана, як толькі сцямнела. Вецер змяніўся і цяпер дзьмуў з усходу. Неба ачысцілася ад хмар. Месяц поўз угару... вялікі, бледны, скрыўлены, як на гравюры. Ісці было цяжка, бо залева ператварыла палі ў балоты. Урэшце мы дабраліся да лесу. Ісці тут крыху лягчэй, але навокал пануе цемра. Месяцовыя промні ледзь прадзіраюцца праз галлё. Амаль кожнага разу мы ходзім за мяжу іншай дарогай. Сашка бярэ пад увагу тое, што звычайна мы пакідаем па сваім пераходзе след, таму на нашай дарозе зялёнкі могуць зрабіць засаду. Сёння з самага пачатку ўсё ўскладняла нам шлях. Сашка прадбачыў гэта, і таму мы выйшлі раней. Нашыя ногі гразлі ў брудзе па самае калена. Там, дзе колькі дзён таму былі лужыны, сёння раскінуліся азёры; дзе беглі ручайкі, сёння віруюць рэкі. Востры, халодны вецер рэжа вочы і займае дыханне. Але найгоршы цяпер Лысы. Ён свеціць яскрава, моцна, быццам уступіў у змову з зялёнкамі. Залівае, як з пражэктара, струменем промняў, і нас відаць здалёк. Мы доўга стаім на ўскрайку лесу. Перад намі вялізная адкрытая прастора, пасярод якой праходзіць мяжа. Мы ступаем на твань. Скочам з купіны на купіну і паволі пасоўваемся наперад. Я мокры і брудны амаль да пояса, але мне горача —
pyx грэе. Урэшце мы пераходзім мяжу і кіруемся далей. Раптам Сашка прыспешвае крок. Мяне гэта дзівіць, але я крочу за Жывіцам не азіраючыся. I тут ззаду грыміць стрэл вінтоўкі. Мне здаецца, што да маіх вушэй ён далятае здалёк, бо моцны вецер адносіць гук назад. Можа, там крычаць, як звычайна: “Стой! Стой! Стой!”, але я не чую галасоў. Вакол пачынаюць свістаць кулі. Я азіраюся і бачу, як за дзвесце крокаў ад нас бягуць салдаты. Іх каля двух дзясяткаў. Яны расцягнуліся ланцугом. “Адкуль іх столькі?” — думаю я, не адстаючы ад калег. Сітуацыя патавая. Адступаць нельга. Да найбліжэйшага лесу пяць кіламетраў. Побач ёсць пералескі і кусты, але там ад пагоні не схаваешся. Сашка паварочвае на паўднёвы ўсход. Мы амаль бяжым. Няспынна грымяць стрэлы. На шчасце, нікога пакуль не зачапіла. Мы дабраліся да густога лазняку. Спыняемся. Сашка кідае:
— Падпусціць блізка! Потым смаліць!
Мы чакаем, укленчыўшы і зашыўшыся ў густыя зараснікі. Трымаем напагатове пісталеты і запасныя магазіны. Пераследнікі ўсё бліжэй. Я выразна бачу, як на нас наступаюць шэрыя постаці. Крыссё доўгіх шынялёў засунутае за пояс, каб не перашкаджала бегчы. Я чую, як распадаецца на склады зычны голас:
— Цепью за-хо-дм спра-ва-а-а!
“Хочуць загнаць нас у балота!” — разумею я. Салдаты ўжо за пяцьдзясят крокаў. “Чаму Сашка не страляе?” Я гляджу на яго і бачу, што на локаць левай рукі Вэблін прыстроіў доўгую рулю парабелума. Цэліць направа. Гляджу на Жывіцу. Ён цэліць у цэнтр ланцуга. Тады і я прыцэльваюся ў аднаго з салдат на левым крыле. А шэры ланцуг узброеных людзей плыве па моры месяцовых промняў. I тут раздаецца Сашкаў стрэл. Уважліва цэлячы па людзях з ланцуга, я пачынаю страляць. Я адстраляў дзесяць набояў і ўсадзіў у ручку парабелума новы магазін. Сашка і Жывіца страляюць безупынку. Ланцуг ірвецца і спыняецца. Здалёк далятае загад:
— Ложмсь.
Шэрыя постаці знікаюць. Грымяць стрэлы вінтовак. А мы пераходзім на іншы бок зараснікаў і ступаем на балота. Ад нашых крокаў прагінаюцца імшары. Ззаду не сціхае страляніна. Быццам прывіды, мы паволі пасоўваемся наперад. Стрэлы сунімаюцца. “He пойдуць за намі. Зразумелі, што такіх звяроў упаляваць нялёгка”. Брыдзём далей. 3-пад ног падымаецца вада. Мы павялічваем адлегласць між сабою, каб не парушыць эластычную паверхню моху і водарасцяў, што закрывае твань. Праз дзве гадзіны мы выходзім на цвёрдую глебу. Наўпоблізь чарнее сцяна лесу. Сашка ўказвае рукой на балоты:
— Ну, хай паспрабуюць!
— He дадуць рады, — гаворыць Жывіца.
Мы кранаемся з месца і паглыбляемся ў таямнічы змрок лесу. “Тут нас сам чорт не спыніць”.
Мы перакінулі праз мяжу ўжо дванаццаць партый тавару. Учора Сашка даў мне за апошнія тры ходкі 150 даляраў. Гэта вельмі шмат, але ношкі ў мяне былі па 70 фунтаў. Цяпер у мяне 425 даляраў. Капітал, зароблены без агранды.
Я заўважыў, што за год і тры месяцы памежнага жыцця вельмі развіўся фізічна. Цяпер цягаць 70-фунтавую ношку мне лягчэй, чым калісьці 30-фунтавую. А найцяжэйшыя дарогі я праходжу так лёгка, быццам выпраўляюся на звычайны шпацыр.
Падчас працы мы мелі мноства сутычак на мяжы і памежжы, але пра ўсе я не расказваю, каб не зацягваць аповеду. Апошнім разам, калі мы вярталіся з-за мяжы, Сашка павёў нас зусім новай, акружной дарогай. Гэтым разам мы здалёк абыходзім той адрэзак, на якім у нас здарыўся шухер з зялёнкамі. Абмінаем за некалькі кіламетраў, але мясцовасць тут зручнейшая. Балота няма і навокал вялікія лясы. Дык вось, на зваротнай дарозе
мы заўважылі побач з мяжой, у лесе, “караульное помеіденме”. Сашка пачаў падкрадацца да яго. А мы скіраваліся за ім, трымаючы зброю напагатове. Пад асветленым акном ён спыніўся. Я адразу ж замёр побач. Убачыў вялікі пакой. У глыбіні стаялі нары, а на іх ляжала некалькі чырвонаармейцаў. Відаць, спалі. Ля акна стаяў стол, на якім ляжалі нейкія паперы і гарэла вялікая лямпа. Пасярод пакоя стаяў высокі чырвонаармеец і, звяртаючыся да некалькіх салдат на лаўках, штось ім расказваў. Твары ў слухачоў вясёлыя. Раптам раздаецца агульны гучны рогат. I тут я бачу, што Сашка падымае ўгару парабелум. Спачатку я думаю, што ён збіраецца страляць праз акно па салдатах, але заўважаю, што цэліць ён у лямпу. Чырвонаармеец расказвае далей, крывіць твар, падымае бровы ўгару і разводзіць рукамі. Потым робіць крок і гаворыць штосьці так гучна, што да мяне далятаюць асобныя словы. Раздаецца новы, яшчэ мацнейшы выбух рогату. У гэты ж самы момант CamKa страляе. Грыміць стрэл, штосьці трашчыць, звініць шкло і хата патанае ў цемры. Некаторы час у сярэдзіне пануе поўная ціша, а потым чуваць перапужаныя галасы і крыкі: