Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Ну, пайшлі... Толькі памалу.
Цяпер мы з Сашкам ідзём наперад, а воз ціха коціцца за намі. У нас напагатове пісталеты і ліхтарыкі. Я адчуваю, што мяжа блізка, але дакладна не ведаю, калі мы яе мінаем. Рухаемся мы амаль бясшумна. Можа, дзесьці побач і ёсць зялёнкі, але яны не могуць нас ані заўважыць, ані пачуць. Я іду і думаю пра тое, што сёння ўдзень сказаў мне Сашка: “Ну, братка, пачалася работка! Пакуль сцежка белай стане, пару тысяч даляраў заробіш. Тады паедзем у Вільню. Там уладкуешся, бо тут ты рана ці позна згінеш”. Дождж узмацняецца. Мы доўга круцімся ў цемры, здалёк абмінаючы перашкоды. Урэшце выязджаем на нейкую дарогу. Цяпер — хутка наперад. Воз ціха едзе за намі. Часам конь пысай тыц-
каецца мне ў шыю, і я адчуваю на карку ягонае цёплае дыханне. Потым Сашка спыняе каня. Мы сядаем на воз і шпарка коцімся далей. Паабапал дарогі ўзвышаецца нябачны ў цемры лес. Раз-пораз воз скача па карэнні дрэваў. Па твары мяне пляскае мокрае лісце і вострыя іголкі елак. Ліхтарык і парабелум я ўвесь час трымаю напагатове. Раптам хтосьці заступіць дарогу?У пэўным месцы мы паварочваем у лес. Тут мы здымаем з колаў шнуры. Нельга пакідаць за сабою такі след ад мяжы да маліны. Цяпер мы пятляем рознымі дарогамі. З’язджаем убок, губляем след. А трэцяй уначы прыбываем на месца. Заносім тавар у стайню. Удзень Барсук адвязе яго на наступную кропку, побач з Менскам. Каня і воз заводзяць у стайню Жывіца і Барсук, а мы з Сашкам ідзём у дом. У печы зырка гарыць агонь. Мы здымаем мокрае адзенне і развешваем яго на вяроўках побач з печчу. Вяртаецца Жывіца і таксама развешвае адзенне. Барсук смажыць для нас сала. Мы п’ём спірт і ямо гарачыя скваркі. Нам усё падабаецца: і кепскі, чэрствы жытні хлеб, і з’ялчэлае сала. На світанку дождж сунімаецца. Барсук запрагае каня. 3 дапамогай Жывіцы грузіць тавар на воз і едзе на наступную кропку. Зверху тавар прыкрыты сенам.
— А яго не зачэпяць па дарозе? — пытаюся я ў Сашкі.
— Яго? Яго сам чорт не спыніць! Такімі сцежкамі пройдзе, што жывой душы не сустрэне. А калі сустрэне, то я яму клёвую машыну даў. Будзе смаліць да апошняга! Гэта, братка, добры нумар!
Спаць мы лезем на печ. Тут вельмі горача. Мы па чарзе пільнуем сон адзін аднаго. А трэцяй гадзіне вяртаецца Барсук. Ён прывёз некалькі вялікіх мяхоў шчаціння. Гэты тавар мы павязём назад. Ён лёгкі і не будзе нам перашкаджаць. Увечары мы грузім шчацінне на воз і выпраўляемся ў дарогу. Едзем мы шпарка. Конь ірвецца наперад, але Жывіца яго стрымлівае. Праз
тры гадзіны дарогі мы зноў спыняемся. Зноў абкручваем шнурамі колы і яшчэ павольней едзем наперад. Ідзе дождж. Дзьме ўсходні вецер. Гэта дапамагае нам трымацца правільнага напрамку. Надзвычай асцярожна мы пераязджаем мяжу і а першай гадзіне ўначы вяртаемся на хутар.
Мы перакінулі за мяжу тры вазы тавару. Я атрымаў ад Сашкі 240 даляраў. Цяпер у мяне 665 даляраў. Вэблін сказаў, што мне належыцца яшчэ, але тыя грошы ён дасць мне пазней, калі мы скончым работу зусім, бо цяпер цяжка падлічыць прыбытак. Я ніколі столькі не зарабляў.
Апошні раз, вяртаючыся з-за мяжы, мы трапілі ў заваруху, якая ледзь не скончылася крывёю. Мы збіраліся вярнуцца раней дадому і паехалі акружной дарогай. На возе ў нас было чатыры вялікія мяхі шчаціння. У нейкім месцы мы выехалі на луг. Удалечыні віднела вёска. Змрок насоўваўся паволі. 3 усходу паўзлі хмары, закрываючы сабою неба. Збіралася на дождж. Дарога была нераз’езджаная, воз скакаў на выбоінах. Здалёк я бачыў, як луг перацінае палоска лазы, мост праз рачулку і вербалоз побач. Мне здалося, што на мосце ёсць людзі. Калі мы наблізіліся, я ўбачыў, што гэта некалькі мужчын абаперліся аб парэнчы і глядзяць у наш бок.
— Там стаіць хтосьці! — сказаў я Сашку.
— Пёс іх драпаў! — адгукнуўся калега.
Мы былі ўжо зусім блізка. Мужчын было сямёра. Трое былі апрануты па-сялянску, трое — па-гарадскому, а на адным была чорная скураная куртка і шапка. Жывіцца аслабіў лейцы і ціха свіснуў. Воз пакаціўся шпарчэй. Трымаючы рукі ў кішэнях, я сціскаў ручкі рэвальвераў. Ногі я рассунуў шырэй, каб трымацца больш устойліва. Я зірнуў на Сашку. Па ягоных вуснах блукала лёгкая ўсмешка, адну руку ён засунуў у кішэнь.
— Цішэй! — сказаў Вэблін Жывіцу.
Жывіца крыху прытрымаў каня. Мы заехалі на мост.
— А вы хто такія? Адкуль? — грубым голасам злосна крыкнуў мужчына ў скуранцы, спрабуючы схапіцца залейцы.
— А з Менска! — весела і гучна сказаў Сашка.
— 3 Менска? А куды?
— Куды? Зараз раскажу дакументальна! Тпррру!
Жывіца спыняе каня, а Сашка саскочыў з воза і падышоў да мужчыны ў чорнай скуранцы. Некаторы час Вэблін глядзеў яму ўтвар, а потым сказаў:
— Ваша пыса,таварыш, мне падаецца вельмі падазронай! Па якім праве вы затрымліваеце людзей на дарогах?
— Як гэта — па якім праве?
— Так, па якім праве? Дакументы папрашу!
— Я “сотрудннк койдановского погранотряда”.
Тады Сашка зрабіў крок назад і бліснуў яму ў вочы руляй парабелума, прамаўляючы халодна і спакойна:
— Лапы ўгору! Ну!
Мужчына спалатнеў і падняў рукі. У гэты момант я вырваў з кішэняў два рэвальверы і, стоячы на возе, крыкнуў людзям на мосце:
— Лапы ўгору! Мігам!
Усе паднялі рукі ўгору. Жывіца ў адной руцэ сціскае лейцы, а ў другой трымае парабелум. ён пасміхаецца і зацікаўлена пазірае на таварыства з паднятымі рукамі. Сашка абшуквае агента. Дастае з кішэні скуранкі зараджаны наган.
— Прыдасца, — гаворыць ён, хаваючы рэвальвер у сваю кішэнь.
Потым дастае з бакавой кішэні “сотруднмка” тоўсты кашалёк і таксама забірае.
— Гэта мы пазней агледзім!
Пасля вобшуку Сашка звярнуўся да людзей на мосце: — Хто яшчэ мае зброю? Ну?
— У нас нічога няма, — раздаецца некалькі галасоў.
— Асцярожней! Калі знайду, адразу паміж вачэй смальну! Ну, хто мае зброю?
— Няма ў нас зброі, таварыш!
Вэблін звярнуўся да агента:
— Ты хацеў ведаць, куды мы едзем? Дык вось, мы едзем за мяжу. А хочаш ведаць, хто мы? Мы — вясёлыя хлопцы. Такія, што “мяжы не купляюць” і такім, як ты, сексотам падмазваць не збіраюцца! Цяпер ведаеш... А вязём мы шчацінне! Памацаць хочаш?
— Таварыш... Я ж не...
— Я табе не таварыш! Твой таварыш у будзе сядзіць і зубамі блох хапае!
— Я ж не думаў... Я толькі хацеў...
— ...скуру злупіць! — закончыў за яго Сашка і дадаў:
— Скачы ў ваду!
Агент марудзіў. Сашка падняў у гару парабелум і насупіў бровы. Супрацоўнік паспешліва залез на парэнчы моста і скочыў у раку. Гучна плюхнула. Жывіца рассмяяўся.
— Жваваўваду! Блохтапіць! — крыкнуўСашка людзям на мосце. — Давайце!
Усе хутка палезлі на парэнчы і сталі скакацьу раку. Штохвілінна раздаваліся гучныя ўсплёскі.
— Купаюцца, — сказаў Жывіца.
Сашка заскочыў на воз. Конь рушыў наперад.
— Ім на карысць пойдзе. Астынуць крыху, — заўважыў Сашка.
Мы прамінулі мост і выехалі на луг. Ззаду раздаваліся крыкі — людзі выпаўзалі з ракі. Сцямнела. Я разважаў пра тое, што тут адбылося. Захапляўся Сашкам. Ніхто б не паступіўтак, як ён... Мы маглі б пагнаць каня, і людзі былі б вымушаныя расступіцца, але потым маг-
лі б страляць у спіну. Мы маглі б страляць у іх, і нават пазабіваць усіх, але без патрэбы пралілі б кроў і нарабілі б шуму. А Сашка змог гэтага пазбегнуць. Я гляджу на ягоны спакойны, задуменны твар. Па Сашкавым ілбе прабягае вузкая вертыкальная зморшчына. “Пра што ён думае?”
XIV
Набліжаецца сярэдзіна лістапада. Мы перакінулі праз мяжу сем вазоў тавару. Сашка даў мне яшчэ 240 даляраў. Усяго ў мяне ўжо 905 даляраў. Мы адчуваем набліжэнне зімы і працуем жвава. Напрыканцы лістапада Сашка збіраецца згарнуць работу. Бліжэйшымі днямі гандляры даставяць нам з Рубяжэвіч дарагі тавар, на якім мы шмат заробім. Два дні таму выпаў першы снег, але адразу ж сышоў. Чорная сцежка ўсё яшчэ трымаецца. Хай бы яна пратрымалася даўжэй. А яшчэ праз некалькі дзён адбылася страшная рэч, якая зруйнавала ўсе нашы планы. Лепш бы мы не ўвязваліся ў гэтую работу, чым вось так яе заканчваць. Але не буду забягаць наперад. Апавяду ўсё па парадку.
Мы вярталіся з работы. Здалі тавар Барсуку і везлі назад некалькі мяхоў авечай воўны. Шчасліва дабраліся да прымежнага лугу. Пераваліла ўжо за поўнач. Далі крыху адпачыць каню, а потым рушылі наперад. Воз ціха сунуўся па вільготнай траве. Сашка саскочыў з яго і пайшоў наперад. Я хацеў пайсці за ім, але ён спыніў мяне жэстам рукі. Я застаўся на возе і бачыў, як Вэблін шыбуе лугам за сорак крокаў наперадзе. Стараюся не згубіць яго з вачэй. Ён падыходзіць да цёмнай палоскі густых зараснікаў побач з мяжой. Абмінае іх... Раптам раздаецца стрэл. Пасля яшчэ некалькі — адзін за другім. Толькі потым я чую крык:
— Стой! Стой! Стой!
Гучаць рэвальверныя стрэлы. Гэта страляе Сашка. Я бачу, як ён адступае ў наш бок. А ў зарасніках побач з мяжой усё бліскаюць агні вінтовачных стрэлаў. Жывіца спыніў каня. Я смалю з парабелума ў бок зараснікаў. Прыкідваю, што адлегласць тут на 120 крокаў. Адзін магазін спустошаны. Я зараджаю пісталет і страляю далей. Вінтоўкі змаўкаюць. Знячэўку я чую дзіўны, дрыготкі голас Жывіцы:
— Трымай каня! Мігам!
Я хапаюся за лейцы і бачу, што Жывіца бяжыць наперад. Заўважаю Сашку, які ляжыць за 30 крокаў ад нас, але не страляе і не кранаецца з месца. Перад гэтым, заняты стралянінай, я згубіў яго з вачэй.
У гэты момант месяц хаваецца за хмарамі. Робіцца цёмна. Я не бачу ані Жывіцы, ані Сашкі, ані зараснікаў. Зноў чую галасы:
— Стой! Стой! Стой!
Мяне ўсяго калоціць. “Што там адбылося?” Конь ірвецца наперад, але я трымаю яго моцна. Праз імгненне чую паспешлівыя крокі. Жывіца з Сашкам на руках бяжыць да воза. Кладзе яго на мяхі воўны. Заскоквае на воз і дзіўным голасам гаворыць мне:
— Глядзі за ім... каб не трэсла! Во халера!
Ён хапаецца за лейцы і разварочвае каня. Непадалёк я чую крокі — да нас бягуць людзі. Я вырываю з кішэні парабелум і падымаюся на возе. Месяц выходзіць з-за хмар і, быццам пражэктар, асвятляе луг. Я бачу чатырох салдат і смалю ў іх з пісталета. Яны хутка адступаюць. Жывіца прыспешыў каня, і я ледзь не зваліўся. Стаю на возе на каленях і страляю. У адказ грымяць вінтоўкі. Кулі свішчуць зусім побач. Я страляю ў забыцці. Месяц зноў хаваецца ў хмарах. Пагоні ўжо не відаць, занадта далёка. Воз хутка коціцца наперад. Я нахіляюся над Сашкам. Бачу спалатнелы твар, вочы блішчаць, Вэблін кусае вусны...