Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Ну, дзеці, — сказаў Мацей, — ідзіце зірніце, ці ўсё ў гаспадарцы добра!
Сыны і дочкі хутка выйшлі з пакоя.
— Дык вось, дзядуля, — сказаў Лорд. — Хачу вас папрасіць прыняць на зіму гэтага хлопца. Гэта мой сябрук. У мястэчку ён жыць не можа, бо паліцыя хоча яго згарнуць за кантрабанду... У вас яму было б найбольш бяспечна.
— I хай сабе застаецца. Толькі ў нас выгодаў няма. Па-сялянску жывём.
— Ён да ўсяго прызвычаены. Што вы ясце, то і ён з’есць. А як хлопцы ў дарогу пойдуць з таварам, то і ў справе прыдасца... Работу гэтую ведае добра... страляны кантрабандыст...
— Хай застаецца. Месца хапае, хлеба таксама, а паліцыя да мяне не ездзіць. Суседзяў таксама няма... не данясуць.
Тут у размову ўмяшаўся я:
— Я за пражыванне магу вам заплаціць. Грошай у мяне хапае.
I адразу ж зразумеў, што паступіў нетактоўна. Мацей зірнуў мне ў вочы і, лёгка ўсміхаючыся, прамовіў:
— Я да грошай няласы. Меў і досыць мець магу, але за імі не ганяюся. Ты, хлопча, схавай іх для сябе. Прыдадуцца, ты ж малады!
— Выбачайце. He хацеў вас абразіць.
— Нічога. Мяне не абразіш, я на абразы няхуткі. Для добрага чалавека і задарма ўсё зраблю, а кепскага, хоць ён з золата будзе, хай бы вочы мае не бачылі!
Увечары Лорд развітаўся з намі і разам з Базылём рушыў у мястэчка. Абяцаў калі-нікалі прыходзіць сам або прыслаць Шчура. Я пайшоў іх правесці. Незаўважна мы дайшлі да Душкава. Я развітаўся з Лордам, папрасіўшы яго часцей мяне наведваць, і пабег на хутар. Назаўтра вярнуўся Базыль. Прынёс мне вялікі пакунак і ліст ад Лорда. Пакунак я адклаў убок, а сам сеў чытаць ліст:
Здароў, Вар’яце!
Ведаю, што нудна табе аднаму ў Даўрыльчукоў, але ты пацярпі. Да вясны мо што прыдумаем. У мястэчка не хадзі, бо цябе зноў апыляць. Трымайся Даўрыльчукоў, там на маліне — як за мурам. А калі што спатрэбіцца — дасылай Базыля.
Альфрэд распытвае пра цябе паўстанцаў, але ніхто не ведае, дзе ты. Учора Анёл адперыў яго ў Гінты, бо Альфрэд адбіўу яго Зоську Кальбаўшчанку. Анёл цяпер на яго ўз’еўся, што той чорт. Гаворыць, падэшвамі дагары перакуліць. Бэльцы Альфрэд ужо на дзверы паказаў. 3 яе цяпер смяюцца, салдаткай называюць.
Табе там сумна, але і нам тут не весела. У дарогу не ходзім. Хлопцы робяць гранды і б’юцца штодня. Я размаўляў са Шчуром. ён сказаў, што прыедзе да цябе пасля нядзелі.
Купіў табе розных рознасцяў. Хусткі дасі бабам, а з рэштай — як палічыш патрэбным.
Пятрок Філосаф пра цябе пытаў. Я сказаў, што ты здаровы і жывеш у добрым месцы. 3 Юлікам Вар’ятам кепска. У яго сухоты. Відаць, да вясны не дацягне. Здырдзіцца. Шкада хлопца.
Такім чынам, нічога новага. Калі што будзе, напішу табе. Ну, хавайся здарова.
Болек
У пакунку было пяць вялікіх ваўняных жаночых хустак, дзевяць пляшак спірту, некалькі кілаграмаў цукерак, англійская люлька, шмат тытуню і папяросы. Адну хустку я аддаў гаспадыні, а рэшту раздаў дзяўчатам. Спачатку гэтых падарункаў браць яны не хацелі. Малодшая, Настка, сказала:
— Яктатка скажа!
Тады Мацей адказаў:
— А ты б хацела, каб я ў бабскай хустцы хадзіў?
Усе рассмяяліся, і дзяўчаты прынялі падарункі. Мацею на памяць я падарыў люльку. Ён агледзеў яе і сказаў:
— Старая люлька, як старая жонка: верная і надзейная, але і маладая часам прыдасца! — падміргнуў ён сынам.
За вячэрай мы выпілі дзве пляшкі разведзенага вадой спірту. Усё прайшло спакойна. Я частаваў мужчын гарэлкай, а дзяўчат цукеркамі, бо ад гарэлкі яны рашуча адмовіліся. Так я пачаў сваё гасцяванне ў Даўрыльчукоў.
Праз тыдзень, у нядзелю, мяне наведаў Шчур. Я яго не чакаў. Ён зайшоў у хату падчас абеду, пры сабе трымаючы вялікі пакунак. Паклаў яго на лаву ля сцяны, потым зняў шапку і, паціраючы рукі, пачаў:
— А я так спяшаўся, так спяшаўся! Думаю, паспею на абед ці не? Бо я ж дзеля адной ежкі гатовы і сем міль пешкі! У мяне так: да работы кажух надзяваю, а да абеду і кашулю скідаю!
На тварах Даўрыльчукоў бачу ўсмешкі: што за дзівак? А Шчур вітаецца са мной і прысутнымі, пачынаючы з гаспадара. Усе сцямілі, што гэта мой сябар. Мацей запрашае яго за стол. Шчур сядае са мной поруч і працягвае:
— Такую ўжо я мелодыю да ежы маю, як мала хто іншы. Мне што ні дай, усё струшчу. Апетыт у мяне амаль воўчы: капуста — дык капуста, абы было тлуста! Гарох — так пад’ем, што вох-вох!
Усе ўсміхаюцца. Мацей гаворыць дачцэ:
— Настка, прынясі госцю міску і лыжку!
Шчур звяртаецца да Насткі, якая ўжо выходзіць з-за стала:
— Панна Настка! Але, будзьце ласкавыя, скемце там, каб гэта місачка і лыжачка былі, што называецца! У мяне так, пане гаспадар: заўжды лепш штосьці добрае з’есці, але... пабольш! А капусту вашую я яшчэ ў Душкаве пачуў. Бег так, што ледзь боты не пагубляў.
Звычайна ў Даўрыльчукоў падчас ежы ў хаце стаяла цішыня. Цяпер жа запанавала надзвычайнае ажыўленне, выкліканае Шчуром. Ён еў і балбатаў, балбатаў і еў. Нахіляўся направа, налева, бліскаў вачыма, смяяўся, жартаваў. Разварушыў усіх... Я бачу вясёлыя твары. Раздаюцца ўсё гучнейшыя выбухі смеху. Я прыглядаюся да Шчура і не пазнаю яго. Звычайна ён маўчун. 3 калегамі — з’едлівы і задзірысты. Са мною ветлівы і абыходлівы, але скупы на жарты. А цяпер проста кіпіць
бойкасцю і жыццём. Хоча нас развесяліць, і гэта ў яго выходзіць найлепшым чынам. У пакоі была балалайка, таму ён пачаў граць. Граў Шчур добра, і ўсе захоплена яго слухалі. Ніхто і не думаў, што на гэтай тарахцёлцы можна так прыгожа граць. А Шчур рэзаў песні адну за другой. Чаго не мог дабіцца ад інструмента, тое кампенсаваў мімікай, жэстамі рук і цела. Пад акампанемент балалайкі Шчур зацягнуў па-беларуску:
Дзяўчынанька, сэрца мое, Як прыемна ліца твое! He такліца, як ты сама Іў паперах упісана.
Строячы салодкія вочкі дзяўчатам, ён спяваў далей:
Як сяджу я каля цёбе,
Дык жа жмыслю, што я ў небе!
Як цябе я пацалую, Тры дні ў роце цукар чую!
Дзяўчаты пырскаюць смехам і штурхаюцца локцямі, Шчур з імпэтам спявае далей. Спявае песню за песняй, грае полькі, вальсы, маршы і нейкія ўласныя імправізацыі. Я і не думаў, што ён такі артыст. Забаўляў нас цэлы дзень, а пасля вячэры зазбіраўся ў дарогу. Мацей запрашаў Шчура прыходзіць яшчэ, калі ў яго будзе вольны час. Я пайшоў правесці сябра. Дарогаю ён пераказваў мне местачковыя навіны. Каля лесу Шчур спыніўся. Мы размаўлялі і палілі яшчэ з паўгадзіны. У нейкі момант Шчур падміргнуў мне:
— А ў цябе там клёвыя шмары. Дзеўкі, што тыя печкі!
— Так, так...
— Дык ты падвалі да нейкай. Усё весялей табе будзе.
— Неяк не таго...
— Дык зрабі, каб было таго... Дзеўкі пішчаць ажно. Гарачыя. Нагамі дрыгаюць, а ты вочы казеліш. Падумаюць, што інвалід!
Мы развіталіся, і Шчур шпарка скіраваўся да тракту, а я вярнуўся на хутар. Усіх я застаў за сталом. Мы яшчэ доўга размаўлялі і смяяліся, згадваючы жарты і аповеды Шчура. Адзін з братоўузяў балалайку і пачаў граць. Але ў ягоных руках інструмент зноў стаў звычайнай тарахцёлкай.
Шчуравы словы пра дзяўчат узбудзілі маё зацікаўленне. Я пачаў уважліва і інакш, чым дагэтуль, за імі назіраць. Яны падабаюцца мне ўсё болып. Прыгожыя карыя вочы з сіняватым бляскам бялкоў адцяняюць доўгія густыя вейкі. Роцікі маленькія і зграбныя, вусны ружовыя, цудоўныя зубы. I, безумоўна ж, пышныя фігуры. 3 усё большым зацікаўленнем я назіраю за дзяўчатамі. Яны адчуваюць гэта. I я заўважаю ў іх нейкае какецтва: яны хочуць мне падабацца. Але якія ж яны падобныя! У той вечар мы пайшлі спаць позна. Мне сніліся “ванькі-ўстанькі”. 3 карымі вачыма. Яны камічна кланяліся і варушылі вуснамі.
II
Незадоўга да Божага Нараджэння браты Даўрыльчукі пачалі рыхтавацца да вандроўкі за мяжу. Мацей і Базыль прывезлі з мястэчка многа тавару. Яго хопіць на дзесяць з гакам ношак. Тавар танны: швэдры, шалікі, панчохі, хром, скура на падэшвы. Але зарабіць можна добра, бо на гэта ў Саветах вялікі попыт. Мы пасартавалі тавар і напакавалі пяць ношак. У дарогу пойдуць: трое братоў, я і Кася. Яе браць не хацелі, але дзяўчына ўперлася, што неадменна пойдзе, бо ўжо насіла з бра-
тамі кантрабанду. Урэшце Мацей ёй дазволіў. Цяпер мы чакаем толькі спрыяльнага надвор’я.
Праз некалькі дзён узнялася лёгкая завея.
— Калі мяцеліца да вечара не сціхне, то сёння рушым у дарогу, — сказаў мне Базыль.
— Дакладна не сціхне! — адказаў я.
I праўда, завея не толькі не сціхла, а нават узмацнілася. Калі перад надыходам змроку я выбег за браму, то трапіў у цьмяную хвалістую снежную хмарыну, у якой губляліся дэталі краявіду. А лесу, які быў адсюль за дзве сотні крокаў, відаць не было зусім. Прамерзлы, я вярнуўся ў хату. Там гатавалі для нас вячэру. За сталом панаваў сур’ёзны, амаль урачысты настрой. Сабралася ўся сям’я. Мы выпілі па шклянцы гарэлкі — каб сагрэцца і на ўдачу. А потым пачалі апранацца ў дарогу. Браты і Кася надзелі белыя даматканыя суконныя нагавіцы, вывернутыя белым кажухі і белыя шапкі са штучнага каракулю, такія самыя, як насілі ўзімку салдаты царскай арміі. Такі самы кажух і шапку мне прынёс з каморы Мацей. Гэта была вельмі зручная вопратка: лёгкая, цёплая, неадрозная ад снежнай белі краявіду.
Браты і Кася развіталіся з сям’ёю. Я пераняў іх прыклад. Моцна сціснуў рукі Мацея, Ганны і іх дачок.
— Дай Бог шчасця! — казалі мне ўсе.
Побач са стадолай мы выйшлі ў поле і патанулі ў снежным віры. Першым ішоў Базыль, за ім Сымон, Кася, потым я, а Ігнацы замыкаў паход. Дарогай правую руку я трымаў за пазухай, на рукаятцы зараджанага парабелума, які купіў мне Шчур, бо мой рэвальвер забрала паліцыя падчас арышту ў Калішанак. У левай кішэні кажуха ў мяне ляжала пяць запасных магазінаў і ліхтарык. Мы доўга ішлі палямі на невялікай адлегласці ад лесу. Потым увайшлі ў лес і рушылі між высокіх соснаў далей. 3 паводзінаў Базыля — ягонай асцярожнасці — я зразумеў, што мяжа побач. Мы ішлі ўсё
павольней. Завея не сунімалася. Я ледзь адрозніваў спіну Касі наперадзе. Бель кажуха і шапкі злівалася з беллю снегу, і я бачыў перад сабой, унізе, толькі цёмную хісткую пляму дзявочай спадніцы. На нагах у нас былі доўгія белыя боты-снегаходы, неадрозныя ад завейнага фону. Мы выходзім на ўзлесак. Перад намі бурапеніць у паветры снежны туман... Гэта ўскраек памежнай прасекі. Кася расшпільвае кажух і запраўляе спадніцу ў белыя пададзетыя нагавіцы. Калі мы стаім нерухома, нас цяжка разгледзець нават зблізку. Цяпер я мушу трымацца амаль ушчыльную да Касі. Снежны вір пераразаюць нейкія зблытаныя і рухомыя ніткі... Гэта калючы дрот. “Як мы праз іх пройдзем?” — думаю я, разумеючы, што ў нас няма ані матаў, ані жэрдак, ані нажніц для рэзкі металу. Базыль упэўнена ідзе наперад і абмінае доўгую засеку. Мы ўваходзім у лес па іншым баку прасекі. Завея працавіта і хутка замятае нашыя сляды. У лесе ціха. Бясшумна, як здані, мы ідзём між магутных камлёў, мінаем заснежаныя кусты. Прадзіраемся праз снежныя сумёты, падаем у замаскаваныя снегам ямы. Зноў выходзім на палі. Краявіду наперадзе я не бачу. Толькі нагамі адчуваю схілы пагоркаў. Мяне ахутвае санлівасць. Я аўтаматычна сачу за постаццю дзяўчыны перада мною. На снежнай белі я адрозніваю яе толькі таму, што яна ўтварае аднародную, раўнамерна хісткую белую пляму. На фоне гэтай плямы вылучаецца і няспынна плыве наперад цямнейшы прамавугольнік ношкі. У маім уяўленні паўстаюць розныя карціны, праходзіць мноства розных постацей, я размаўляю з імі і, зусім не заўважаючы гэтага, цягнуся наперад.