Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
— У Фэлі цяпер жыве ейная сваячка з-пад Дубрава, — сказаў Лорд. — Альфрэд зноў выпраўляў да Фэлі сватоў, але і гэтым разам з’еў гарбуза. Фэля цяпер з пасагам. Толькі гатоўкай на 30 000 будзе. Вакол яе ўсе лётаюць, але яна носам круціць. Відаць, каралевіча чакае.
Я правёў хлопцаў амаль да Душкава. На развітанне Лорд спытаў у мяне:
— Ну, ты прызвычаіўся крыху? He надакучыла табе?
Шчур адказаў за мяне:
— Што яму там надакучыць можа? Шамкі і бусоўкі досыць, а шмары як лані! Мёртвы б ажыў!
— Ды не бегаю я за імі, — запярэчыў я з робленай абыякавасцю. — I весялосці ў нас аніякай няма. Вось вы нас крыху павесялілі... Я там сяджу, бо мушу!
— Трымайся пакуль гэтай маліны, а ўвесну штось прыдумаем, — сказаў Лорд. — У мястэчку табе жыць нельга... зноў апыляць. Альфрэд, што той сабака, ветрыць. Калі што даведаецца, адразу ж у паліцыю пойдзе.
Сябры пайшлі ў Душкава, а я вярнуўся на хутар. Цяпер там запанавала яшчэ большая цішыня. Мінулі святы. Надышоў Новы год. Я ўсё яшчэ жыву ў Даўрыльчукоў. Дапамагаю ім па гаспадарцы і нуджуся. Колькі разоў я пытаўся ў Базыля, калі мы пойдзем за мяжу. Ён адказваў, што ім спяшацца няма куды. Напярэдадні Трох Каралёў дзяўчаты селі варажыць. Растапілі волава і па чарзе лілі ў ваду. Гарачы метал застываў у дзіўных формах, якія старанна разглядалі і каментавалі. Я далучыўся да сясцёр, хоць яны і ставіліся да маёй прысутнасці без энтузіязму. Мне дазволілі выліць крыху волава ў ваду, але я выліў усё змесціва кацялка, за што атрымаў некалькі плескачоў. 3 міскі дасталі застылы метал. Пачалі аглядаць. Праз імгненне Настка пырснула смехам:
— Гэта ж мядзведзіца.
— Што? — перапытаў я здзіўлена.
— Ну, так... Мядзведзіца! — пацвердзілі дзяўчаты. — Нясе штосьці ў лапах. Відаць, сёлета ты ажэнішся з мядзведзіцай. Сам сабе нарачоную адліў!
— А сватам будзе воўк! — сказала Магда.
— А павянчае вас ліс! — дадала Кася.
Потым дзяўчаты палілі паперу і з ейных перакручаных формаў варажылі на сваю будучыню. Потым сыпалі на палатно мак. Ставілі дзве свечкі перад люстэркам і глядзелі ў доўгую цёмную перспектыву калідора, які сыходзіў далёка ў глыб люстэрка, утвараючы па баках агністыя шэрагі свечак. Рабілі яны гэта на чорнай палове дома — кожная паасобку. Усе ўбачылі штосьці
незвычайнае і падрабязна пра гэта расказвалі. Я таксама сеў перад люстэркам і глядзеў, намагаючыся не міргаць, у глыб таямнічага калідора. Доўгі час я не бачыў нічога, потым удалечыні паказалася маленькая, рухомая, залатая плямка. Перамянілася ў белую. Пачала хутка набліжацца да мяне і расці... Праз імгненне я ўбачыў перад сабою твар Фэлі — вясёлы, радасны... Твар спачатку смяяўся, потым збялеў, а на лбе пралягла доўгая вертыкальная зморшчына. I тут я бачу, што гэта ўжо не Фэльчын твар, а халодны і спалатнелы Сашка. Быццам бліскавіцы, працінаюць ягонае аблічча каляровыя крэскі. Сашкаў твар адступае і расплываецца ў цёмнай глыбіні, ад якой я не магу адарваць вачэй. Раптам перада мною паўстае бледны худы твар з чорнымі вачыма і бровамі... Адкуль я яго ведаю? Я думаю, думаю... Ах, гэта ж прывід, які з’явіўся мне на Капітанскай Marine, калі я ляжаў там у ліхаманцы пасля ўцёкаў з Саветаў... I гэтае аблічча знікае. На ягоным месцы адразу ж праступае выразны мужчынскі твар — агідны, брыдотны... Рудая барада, шнар на левай шчацэ, злосныя вочы, кплівая ўсмешка... Гэта ж падпольнік Макараў. Я падрываюся з крэсла, і ўсё знікае... Гараць свечкі. Хата патанае ў паўзмроку. Па кутах хаваюцца густыя цені. Я імкліва іду на чыстую палову дома. Дзяўчаты кіруюць у мой бок позіркі.
— Ты чаго бледны? Што табе прымроілася? — пытаецца ў мяне Кася.
— Я замерз, — кажу я, паціраючы рукі.
— He... Ты штосьці ўбачыў! — упэўнена гаворыць Кася. — Расказвай:што?
I тут я сур’ёзна кажу ёй:
— Спачатку я ўбачыў цябе! Потым яе! — я паказваю на Алену. — Потым яе!— паварочваюся да Магды. — А потым яе! — і паказваю рукою на Настку.
Магда пырскае смехам. А я працягваю:
— I напрыканцы я ўбачыў мядзведзіцу, здаравенную, аграмадную... Вялікую.
Дзяўчаты — у смех.
— Сёлета ты ажэнішся з мядзведзіцай, — гаворыць Кася.
— 3 вялікай мядзведзіцай! — дадае Настка.
IV
У студзені за мяжой я быў толькі аднойчы. Зрэшты, і надвор’е не спрыяла. А ў лютым браты, пры пасярэдніцтве Лорда, выпадкова набылі большую партыю тавару. Дапускаю, што шмоткі паходзілі з агранды. Там было шмат батысту, сукна, шлеек, пальчатак, падвязак і панчох. Потым мы, як ля мора пагоды, чакалі непагоды. Увесь тавар мы падзялілі на 12 ношак. Урэшце ў сярэдзіне лютага ўзнялася вялікая завея. Карыстаючыся гэтай акалічнасцю, увечары мы рушылі ў дарогу. Шчасліва прыбылі на маліну, а наступнае ночы вярнуліся з мноствам лісіных шкурак і сотнямі рублёў золатам. Праз два дні мы перакінулі праз мяжу наступную партыю тавару. Калі мы вярнуліся з дарогі, распагодзілася. Нягледзячы на гэта, мы запакавалі рэшту тавару ў чатыры вялікія ношкі, па 70 фунтаў кожная. Мы баяліся, каб завея зусім не сціхла, таму адпачылі днём, а ўвечары рушылі ў дарогу. Ноч была ясная. Месяц то цалкам хаваўся за аблокі, то выплываў на шырокі нябесны прастор. Пераменлівы вецер увесь час змяняў напрамак. Часам узмацняўся і ўздымаўугару снежныя хмары, а потым імчаў удалечыню, і снег зноў атуляў палі мяккім бліскучым вэлюмам. Дарога была нязручная. Мы брылі паволі, з цяжкасцю адольваючы перашкоды. Базыль вёў нас пераважна лясамі. Мы зноў пайшлі новай дарогай і праз гадзіну змаглі дабрацца да мяжы. У гэ-
тым месцы не было засекі, таму мы на адным дыханні перайшлі прасеку і схаваліся ў пералеску на савецкім баку. Неўзабаве мы выйшлі з лесу і скіраваліся далей палямі. Мясцовасць уздымалася хвалямі. Цяпер мы ішлі пераважна далінамі і цяснінамі. Праз дзве гадзіны спыніліся на раўніне і ўбачылі перад сабою вялікі лес. Далей дарога была цалкам бяспечнай і праз лес мы дабраліся да маліны. Дзядзька Андрэй сказаў нам:
— Кепска вы, хлопцы, тым кшталтам, робіце! Яно ж відно, як удзень, і завея сціхла...
— Нічога. Дамо рады... — адказаў Ігнат.
— Справа ваша! Але асцярожней!
Удзень мы вырашылі ўсе пытанні з таварам. Маліншчык даў Базылю некалькі соцень рублёў золатам і некалькі дзясяткаў лісіных шкурак. А ўвечары мы рушылі ў зваротную дарогу. Краявід быў падобны на змяты аркуш паперы, асветлены промнямі электрычнага ліхтарыка. Аніводная рухомая кропка на полі не магла схавацца ад чалавечага вока. Добра, што мы былі апранутыя ў белае і заўважыць нас можна было толькі з маленькай адлегласці. Ісці без ношак было лёгка, таму мы хутка крочылі на захад. Я заўважыў, што вяртаемся мы той дарогай, якой упершыню хадзілі з братамі і Касяй, і зразумеў, што Базыль збіраецца абмінуць засеку з паўночнага боку. Мы абмінулі лес, выйшлі ў поле і, урэшце, апынуліся ў невялікім лесе побач з памежнай прасекай. На снежнай белі палёў гэты лес стварыў быццам бы выцягнутую цёмную выспу ў моры месяцовага святла. Мы перасеклі яе і спыніліся ў густым кустоўі. За сто крокаў ад нас я ўбачыў пачатак доўгай засекі. 3 правага боку віднелася шырокая свабодная прастора паміж канцом засекі і цёмнай кучкай кустоў. На іншым баку прасекі плавала ў месяцовым ззянні цёмная палоска лесу. Там Польшча.
Мы доўга стаім і ўважліва аглядаем тэрыторыю. Нічога падазронага. Базыльупэўненым крокам кіруецца
наперад. Мы ідзём за ім. У правай руцэ я сціскаю зараджаны і пастаўлены на засцерагальнік парабелум, уцягнуўшы рэвальвер у рукаво кажуха. У левай руцэ ў мяне запасны магазін. Мы кіруемся да прагаліны паміж засекай і кустамі. Мне здалося, што ў нейкі момант у кустах штосьці варухнулася, але ўпэўнены я не быў. А Базыль шырокім размашыстым крокам шыбаваў далей. Мы былі ўжо зусім побач з мяжой, як раптам грымнула некалькі стрэлаў і з кустоў выбеглі чырвонаармейцы з вінтоўкамі ў руках. Яны перарэзалі нам шлях да мяжы.
— Стой! Рукі ўгору! — раздаўся голас.
Мы хутка кінуліся назад. На адкрытай прасторы прымежнай прасекі зялёнкі лёгка маглі дагнаць і перастраляць нас... Я гэта разумеў, таму, як толькі прагучалі першыя стрэлы і чырвонаармейцы павыскоквалі з кустоў на мяжу, адкрыў па іх агонь з парабелума. Я стрэліў дзевяць разоў і кінуўся за братамі ў бок лесу. Запхаў запасны магазін у ручку пісталета. Бегя нізка нахіліўшыся і час ад часу кідаючыся направа і налева, каб пацэліць у мяне было цяжэй. Каля дваццаці секунд панавала цішыня. Потым салдаты, якіх мае стрэлы вымусілі пахопліва адступіць у кусты, зноў адкрылі агонь. Мы забеглі ў лес. Я агледзеўся. Салдаты ішлі па нашых слядах. Браты Даўрыльчукі таропка шуравалі лесам. Я ўкленчыў за тоўстым камлём паламанай бярозы. Кулі свісталі ў паветры. Салдаты беглі групай. Некаторыя спыняліся на імгненне і стралялі “на страх врагам”. Я чуў іхнія крыкі:
— Таварышы, наперад! Узяць іх!
Яны былі ўпэўненыя, што мы ўцякаем лесам. I гэтае перакананне ўзмацняў шум крокаў Даўрыльчукоў, які аддаляўся да супрацьлеглага канца лесу. Калі салдаты падышлі да мяне на трыццаць крокаў, я пачаў, цэлячы ў цэнтр іх групы, жвава страляць. Некаторыя з іх
паваліліся на снег, іншыя пачалі адступаць да мяжы. Тады я пабег следам за братамі, намагаючыся не шумець, каб салдаты не ведалі, што я кінуў сваю хованку. Я шпарка перасек лясок і ўбачыў за некалькі сотняў крокаў наперадзе тры постаці. Браты Даўрыльчукі шыбавалі да вялікага лесу, што быў за тры кіламетры ад нас. Белая вопратка не ратавала — іх было відаць. Я нагнаў іх на палове дарогі. Далей мы беглі разам. Далёка ззаду, дзесьці ля мяжы, стралялі вінтоўкі. I тут я заўважыў на снезе цёмныя плямы. Я схіліўся над імі. Гэта была кроў... Я пабег наперад і параўняўся з Сымонам, які ішоў апошнім з братоў.
— Хто паранены? — спытаў я яго.
— Ігнат. Яму трапілі ў руку.
Калі мы прайшлі дзве траціны адлегласці да вялікага лесу, зноў пачуліся стрэлы — больш блізкія і выразныя. Я азірнуўся. 3-за паўночнага ўскрайку памежнага ляска высыпалі салдаты. Абышлі лясок навокал і заўважылі, што мы сыходзім палямі. Кінуліся за намі, разпораз страляючы наўздагон. Але адлегласць была занадта вялікая і іх стрэлы не сягалі нас. Мы набліжаліся да лесу. Я ішоў хуткім крокам побач з Сымонам.
— Адкуль іх столькі? — спытаўся я ў яго, маючы на ўвазе нашых пераследнікаў, якіх налічыў каля дзесяці.