Каханак Вялікай Мядзведзіцы
Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
— Каб толькі, мае даражэнькія, усё ў парадку было.
— У нас заўжды ўсё ў парадку! — адказваў яму Крумкач.
Акрамя пераводу фігурак, мы зараблялі таксама кантрабандай. На кожнай вандроўцы мы зараблялі ад 60 да 150 рублёў золатам. Пасля вяртання з-за мяжы мы звычайна адпачывалі 2-4 дні і зноў выпраўляліся ў дарогу. Крумкач вырашаў нашы справы, купляў тавар. Я або сядзеў дома, чакаючы ягонага вяртання, або блукаў па лясах, якія ўбраліся ў зялёныя вясеннія шаты і выглядалі цудоўна. Калі мы вярнуліся з-за мяжы пяты раз, Крумкач пайшоў у мястэчка, а я лёг спаць. Супольніка майго не было дзень і ноч. Мяне гэта занепакоіла, бо ён абяцаў вярнуцца ў той самы дзень пасля
абеду. На наступны дзень яго таксама не было, і ўвечары я збіраўся быў пайсці на кропку, каб даведацца, што з ім сталася. Але надвячоркам да мяне прыйшоў Шчур. Ён быў страшна ўзбуджаны, яшчэ ніколі я не бачыў яго такім знерваваным.
— Што з табою? Дзе Крумкач?
— 3 Крумкачом справа дрэнь! He ведаю, ці выжыве! Яго адправілі ў шпіталь. Лорда арыштавалі...
— За што?!
— Заступіўся за Крумкача. Хамы, гады! Жлабы! — лаяўся Шчур.
3 ягонага хаатычнага аповеду я даведаўся наступнае. Учора апоўдні Крумкач і Лорд пайшлі выпіць у рэстаран да Гінты. 3 нашых хлопцаў там не было нікога. Салон поўніўся паўстанцамі. Яны былі п’яныя і ўздымалі скандалы. Разам з імі піў Альфрэд Алінчук, у іх быў нейкі супольны інтэрас. Калі Лорд з Крумкачом селі за столік збоку, паўстанцы пачалі чапляцца да маладзёна. Іх пад’юджваў Альфрэд, які не забыў Крумкачу ўдару пляшкай на Сашкавай вечарынцы. Адзін з паўстанцаў, абсалютна п’яны, кінуў Крумкачу ў твар кавалак селядца. Крумкач падскочыў да яго і прыклаў кулаком. За супольніка заступіліся іншыя паўстанцы. Пачалася бойка. Біліся на кулаках, бутэлькамі і крэсламі. Некаторыя паўстанцы схапіліся за нажы. Крумкача павалілі на падлогу. Тады Лорд дастаў рэвальвер. Некалькі разоў стрэліў у паветра, а калі пачалася паніка, крэслам біў уцекачоў. Дваіх сур’ёзна параніў. Яго арыштавалі. У Крумкача некалькі нажавых ран. Альфрэд уцёк, як толькі пачаўся скандал.
Гэты аповед страшна мяне ўразіў.
— Што цяпер будзе? — спытаў я Шчура.
— He ведаю. Крумкач цяжка паранены. Мо і не выжыве. А Лорд пасядзіць цяпер і за зброю, і за цяжкія цялесныя!
— Кепска! — сказаў я.
— Кепска, браце! — пацвердзіў Шчур.
— Цяпер адным махам і ты, і я без працы засталіся! Бо партыю Лорда чэрці пабралі.
Шчур не адказваў і доўга думаў. А потым сказаў:
— Гэта мы яшчэ пабачым!
Ён тупнуў нагой. Ягоныя рукі сціснуліся ў кулакі.
— Я ім гэтага не дарую! Ніколі! I Альфрэдчуку таксама! — казаў, стрымліваючы гнеў, мой сябра.
Потым Шчур змоўк і доўга глядзеў перад сабой.
— Гарэлка ёсць? — спытаў ён.
— Ёсць.
— Давай! Жлабы! Гады!— зноў вылаяўся кантрабандыст.
Я прынёс пляшку. Сябра выпіў залпам амаль палову, потым закурыў папяросу і, плюючы направа і налева, сказаў:
— Нічога. Ты не хвалюйся. Мы рады дамо і Лорду дапаможам. А да Крумкача трэба маці адправіць. Хадзем да яе.
Мы зайшлі ў хату. Шчур каротка расказаў маці Крумкача пра тое, што адбылося з ейным сынам. Старая спехам апранулася і ў суправаджэнні Шчура выйшла на двор. На развітанне Шчур сказаў мне:
— Ты далёка не сыходзь. Калі я ўсё ў мястэчку вырашу, прыйдуда цябе.
Ён вярнуўся назаўтра ўвечары ўжо п’яны. Сардэчна прывітаў мяне і сказаў:
— Так, братка, пачнём работу! Злупім з іх скуру!
— Каму? Якая работа?
— Паўстанцам. Я ім, халера, аніводнай партыі не прапушчу! Усіх пакладу! Галоўнае клёва трымацца!
— А дзе Крумкач? — спытаў я Шчура.
— Яго павезлі ў шпіталь у Вільню. Трэба будзе аперацыю рабіць. Маці з ім паехала.
— А Лорд дзе?
— Яго адправілі ў Івянец. Да суддзі следчага.
— А пра якую работу ты мне казаў?
— Стоп! Зашмат балбатні. Я потым табе ўсё выкладу дакументальна.
Мы выпілі пляшку гарэлкі, і Шчур загаварыў:
— Пакуль на мяжы працавалі нашы фартоўцы, усё ішло — маё шанаванне! З’явіліся паўстанцы. Ходзяць за пару капейчын. Адзін у аднаго работу адбіваюць. Адзін аднаго сыплюць. Можна сказаць, не фартоўцы, а хамы! Машыністы ў іх таксама гады. 3 імі нават дзікія знацца не хочуць. Клікалі Сама да сябе машыністам, то ён сказаў, што лепш галодным сядзець будзе або жыдам ваду насіць, чым са жлабамі інтэрас мець! Тое самае і Бульдог ім сказаў. Калісьці кантрабандыст мужыком быў, а цяпер альфонс, хуліган або шпанюга! Цяпер за пляху гаміры паўстанец найлепшаму з нашых пяро ў бок усадзіць! Як за Альфрэда Крумкачу! I ведаеш, што я цяпер прыдумаў?
Мяне вельмі зацікавіла прамова Шчура, і я спытаўся: — Акурат хачу хутчэй сцяміць, да чаго ты вядзеш?
— Я хачу паўстанцам партыі разбіваць і тавар забіраць. Калі так рабіць доўга, то гандляры перастануць ім тавар даваць. Зразумеў?
— А як ты даведаешся, кудою яны ідуць?
— Я ўсё ведаць буду ад іх машыністаў або ад хлопцаў з партыі, або сам прасачу. Спраўлюся! Будзем крыць іх або тут, на памежжы, або ў Саветах!
3 усё большым запалам Шчур пачаў расказваць, як ён збіраецца весці работу. Я падтакваў і ўстаўляў свае заўвагі. Незадоўга да свайго сыходу ён сказаў:
— Пазбавілі нас, халера, добрых хлопцаў і працы! Але і мы ім пакажам, па чым фунт перцу!
Праз некалькі дзён вярнулася з Вільні Крумкачова маці. Ейны сын памёр у шпіталі, і яны з дачкой выплаквалі
сабе вочы ад тугі па ім. Калі я глядзеў на іхнюю роспач, мяне агортвала ўсё большая нянавісць да паўстанцаў. Я нецярпліва чакаў вяртання Шчура, але ён дзесьці запаветраў і я ўжо непакоіўся за яго. Урэшце праз некалькі дзён ён прыйшоў. Радасна прывітаўся са мною:
— Даўно б пайшла работа, але ў мяне не было адпаведнага хлопца за трэцяга. Трэба, каб паўстанцы яго не ведалі.
— Знайшоў?
— Знайшоў! Ажно ў Радашкавічы ездзіў!
— Што за ён?
— Янка Далакоп. Ты яго не ведаеш. Клёвы мужык. Надзейны і баявы. Да ўсялякай работы спраўны. I не жмінда... Ведаеш, дзе я яго пакінуў?
— Дзе?
— У Петрака Філосафа. Сёння ўвечары мы прынясём сюды мноства розных рэчаў. Я буду жыць у мястэчку і ўсё разведваць, а вы тут... Трэба з Крумкачовай Maili пагутарыць.
Мы паклікалі старую і спыталіся, ці пагодзіцца яна трымаць нас у хаце, бо мы хочам зрабіць у яе кропку. Яна радасна пагадзілася. Шчур сказаў, што мы будзем добра ёй плаціць.
— Але я так проста, без нічога! — сказала старая. — Вы ж яго сябрамі былі... Жывіце як у сябе дома!
I яна заплакала.
— Вы, мамуся, не плачце, — сказаў Шчур. — Яшчэ пажывём... He трэба адчайвацца. А з кропкі будзеце працэнты мець. Калі доўга і шчасліва працаваць будзем, на пасагдля Гэльці назбіраеце.
Я забыўся напісаць, што Козыр, сабака Крумкача, загінуў падчас бойкі з паўстанцамі. Кінуўся на іх, абараняючы свайго гаспадара. Падраў ім рукі, ногі, твары. Але адзін з паўстанцаў, лежачы на падлозе, успароў яму нажом жывот. Таксама я забыўся згадаць, што Юлік
Вар’ят памёр у шпіталі ад сухотаў. Пра гэта праз Шчура мне паведаміў Пятрок Філосаф.
Увечары ў таварыстве Шчура прыйшоў Янка Далакоп. Ён быў сярэдняга ўзросту, досыць мажны і спрытны. Валасы ў яго былі бялявыя, спераду яны павыпадалі, утварыўшы вялікую лысіну. Ён увесь час усміхаўся і мружыў пранізлівыя шэрыя вочы. Яму магло быць каля сарака гадоў. Далакоп часта паціраў рукі і паўтараў: “Пайшла! Першая катэгорыя!” Супольнікі прынеслі два вялікія пакункі. Мы распакавалі іх на гарышчы, дзе ў нас была схованка і куды было лёгка залезці з даху паветкі, не будзячы ані Крумкачовай маці, ані Гэлі. Адсюль, у выпадку небяспекі, можна было ўцячы праз адмыслова зробленыя адтуліны ў даху. I з усіх бакоў нас абступаў лес. У пакунках было мноства рознага адзення. Акрамя таго, я знайшоў там матэрыялы для нескладанай грыміроўкі. Пасля ўпарадкавання ўсіх рэчаў мы зрабілі нараду.
— Зброі ў нас мала, — сказаў Шчур. — Дзве машыны на траіх. Але заўтра будзе больш.
— Адкуль? — спытаўся я ў яго.
— Адкуль? — Шчур усміхнуўся. — Сам даведаешся. Заўтра ідзём на першую работу.
Далакоп пацёр рукі:
— Пайшла работа! Першая катэгорыя!
— Каго крыем? — спытаўся я ў Шчура.
— Алінчукоў! — урачыста адказаў ён.
— Ды ладна табе! — не паверыў я.
— Каб мяне халера!
— Дзе крыем?
— Пад мастком насупраць Вялікага Сяла. Яны пойдуць тудою з таварам...
— А ты адкуль ведаеш?
— Я ўжо ведаю. Яны ходзяць тудою кожны чацвёрты-пяты раз... I цяпер пайсці павінны. А пра тое, што
выходзяць яны заўтра, я даведаўся ад аднаго “блатняка”. Чумавы мужык!
— Мо ад Ёсіка Гусятніка?
— Ад яго.
— Але Алінчукі ж заўжды ходзяць узброеныя, а ў нас толькі дзве машыны на траіх.
— Таму мы і хамутнём іх першымі! Трэба зброю здабыць. Я ўжо ўсё абмазгаваў! — сказаў Шчур.
Мы абмеркавалі падрабязнасці заўтрашняй акцыі. Шчур развітаўся з намі і пайшоў назад у мястэчка, а мы з Далакопам паклаліся спаць.
Вечар быў цёмны і ціхі, як тады, калі я ўпершыню пайшоў за мяжу з Юзафам Трафідам. Месца было тое самае, толькі цяпер я не сядзеў разам з партыяй кантрабандыстаў у канале і за спінаю ў мяне не было ношкі. Як я пісаў на пачатку, дарога ў гэтым месцы ішла па высокім насыпе. Пад ім быў доўгі, на некалькі метраў, канал для паводкавай плыні. Алінчукі павінны былі зайсці ў гэты канал і там схавацца на нейкі час, каб адпачыць. Так рабіла амаль кожная партыя, машыніст якой вёў хлопцаў гэтай дарогай. Мы добра гэта ведалі. Калі мы прыйшлі сюды, то ўважліва агледзеліся. 3 боку Паморшчыны цягнулася чорная, узараная вялікімі скібамі ралля. 3 гэтага боку, побач з уваходам у канал, схавацца было нелыа. 3 іншага боку насыпу (дзе мяжа) вузкай паласой укліньваўся луг. Туг таксама нельга было выгодна схавацца і мець навідавоку ўваход у канал. Таму размясціліся мы наступным чынам: па адхонах насыпу над каналам выкапалі дзве выцягнутыя ямы па 25 сантыметраў глыбінёю кожная. Мы з Далакопам паклаліся ў гэтыя ямы — з боку Паморшчыны. Шчур размясціўся з боку мяжы. Пад намі быў канал, а падняўшы галовы, мы маглі бачыць уваход у яго. Мы праверылі, ці добра схаваліся. Потым залезлі ў канал, выкурылі па некалькі
папярос і толькі тады занялі свае пазіцыі. Час цягнуўся паволі. Шмат разоў мне здавалася, што я чую крокі з боку Паморшчыны, што бачу цёмныя постаці людзей, але гэта быў падман. У правай руцэ ў мяне быў парабелум, а ў левай вяроўка, другі канец якой трымаў Шчур, лежачы з іншага боку насыпу. Калі побач з каналам з’явяцца людзі, я павінен пацягнуць за вяроўку адзін раз, а калі яны ўлезуць у канал — моцна пацягнуць тройчы. Тады Шчур павінен скочыцьуніз і запаліцьліхтарык ля выхаду, асвятліўшы адтуль увесь канал. Далакоп тым часам павінен збегчы ўніз з нашага боку і таксама асвятліць канал ліхтарыкам. Далейшы ход работы мы абмеркавалі дэталёва, і кожны добра ведаў, што павінен рабіць. Мы са Шчуром павінны захоўваць маўчанне і адгукацца толькі ў надзвычайных выпадках — каротка і змяняючы галасы. Асабліва важна гэта было для Шчура, які дагэтуль заставаўся легальным і мог, жывучы ў мястэчку, здабываць усю неабходную нам інфармацыю. Шчур быў апрануты ў куртку з паднятым каўняром і кепі з вялікім, нізка насунутым брыльком. Свой твар ён аздобіў вялізнымі прыклеенымі вусамі, таму выглядаў вельмі камічна. У мяне таксама былі прыклееныя маленькія чорныя вусікі.