Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Час паўзе. Я ляжу ў схованцы поруч з Далакопам і, павярнуўшыся да Паморшчыны, думаю пра мноства спраў. Непадалёк адсюль, побач з мяжой, знаходзіцца Капітанская магіла. Я падымаю галаву і гляджу за насып у тым кірунку. У змроку я не магу адрозніць нічога ўдалечыні. Дзесьці брэша сабака. Я намагаюся вызначыць дзе. “Там хтосьці крочыць”. У Паморшчыне мігцяць агні. Іх некалькі. Калі глядзець на іх доўга, то здаецца, што яны мяняюць месцы. Сплываюць гадзіны. Нікога няма. Я гляджу на фасфарычныя стрэлкі гадзінніка. Набліжаецца адзінаццатая. I раптам я пачуў невыразны гук: быццам абцас ударае аб камень. Я зірнуў
направа і прыслухаўся. Мне здавалася, што гэта гудуць крокі. Потым усё сціхла. Падман... “А можа, сёння зусім не пойдуць або пайшлі іншай дарогай?” Раптам я чую выразны лёгкі шум крокаў. “Ідуць! — мільгае радасная думка. — Дакладна ідуць!” Усім тулавам я прыхінуўся да зямлі, а галаву падняў, намагаючыся прашыць позіркам патанулы ў змроку абшар. Але слых у такую цёмную ноч — мой найлепшы служка, і я ўсё выразней адрозніваю чалавечыя крокі.Локцемя штурхаю Далакопа і руляй парабелума паказваю ў цемры туды, адкуль чую крокі. Ён доўга слухае, а потым станоўча ківае галавою. Я чую, што ён рыхтуе ліхтарык і нож — з нажом у руцэ ён будзе абшукваць Алінчукоў у канале. Крокі набліжаюцца, гукі ўсё выразнейшыя. Тады я цягну за вяроўку адзін раз. Шчур лёгка адказвае мне. Чуйнуе... А крокі ўсё бліжэй. Я ведаю, што гэта не зялёнкі, бо адсюль да мяжы даволі далёка. Гэта Алінчукі або іншыя кантрабандысты. I тут я бачу, як з цемры, у дзесяці кроках ад мяне, вынырвае постаць. За ёю з’яўляецца наступная. Я апускаю галаву, каб кантрабандысты не заўважылі майго твару.
Іх пяцёра. Яны падыходзяць да насыпу. Спыняюцца побач з каналам. Доўга стаяць нерухома, а потым адзін з іх імкліва забягае па стромым схіле ўгару і пераходзіць на іншы бок. Гэтага я не чакаў. “Што такое? Мо яны не палезуць у канал?” Я гляджу на чацвярых чалавек унізе і на ўваход у канал. Навокал пануе цішыня. “А можа, яны хочуць праверыць той бок насыпу і канал?” Тут я не памыліўся. Праз некаторы час я бачу, як з канала, за некалькі метраў ад мяне, паказваецца цёмная фігура з шэрым прастакутнікам ношкі за спінай. Я чую ціхае: “Пст, пст!”— і чатыры фігуры кіруюцца ўздоўж насыпу да канала. Сэрца радасна б’ецца ў мяне ў грудзях, усё складваецца дасканала — так, як мы і задумвалі! Нізка нахіляючыся, Алінчукі ўваходзяць у ка-
нал. Я тройчы моцна торгаю вяроўку, і Шнур падрываецца на ногі. Некалькі вялікіх скачкоў — і ён знікае за насыпам. Далакоп сігае ўніз з нашага боку. Я збягаю за ім. Амаль адначасова бліснулі ліхтарыкі з абодвух канцоў канала. Залілі яго яскравымі промнямі. Потым я пачуў халодны, спакойны голас Далакопа:
— Ручкі ўгору! Раз, два! I каб ані гу-гу! Першая катэгорыя!
“Ого! — падумаў я. — Дык вось ты які!” Я ўключыў свой ліхтарык, а Далакоп, бліскаючы нажом у руцэ і нізка нахіліўшыся, выйшаў наперад. Мы са Шчуром у гэты час асвятлялі канал з двух бакоў. На нас былі шырока расхрыстаныя курткі, якія перагароджвалі выхады і хавалі святло ліхтарыкаў. Вось Далакоп абшуквае першага з краю. Я пазнаю Альбіна. Наш супольнік дастаў у яго з кішэні рэвальвер, магазіны і яшчэ штосьці, ніяк не магу разабраць здалёк. Усё гэта Далакоп хавае да сябе ў кішэні. Потым ён абшуквае Адольфа. Гэтак сама абмацвае яго і забірае зброю. Потым прыходзіць чарга Альфонса. Потым Амброзі. I ўрэшце Альфрэд. Кантрабандыст штосьці гаворыць. Я не чуў яго. У адказ адгукнуўся Далакоп:
— Па якім праве? А па такім, што мне так падабаецца! А калі мне спадабаецца, то я табе зубы выдзеўбу або касу ў бок засаджу! “Понял”?
Далакоп агледзеў Алінчукоў і звярнуўся да іх:
— Скідаем ношкі! Мігам, бо я вас падганю!
Цяпер Далакоп у левай руцэ трымаў ліхтарык, а ў правай зараджаны парабелум, які ён забраў у Альфрэда. Браты паспешліва скідалі са спін ношкі. Тады Далакоп гучна сказаў:
— А цяпер марш на мяжу! Гуськом... Я буду ззаду. Хто азірнецца — атрымае пілюльку... для ачысткі сумлення. Вылазь! Пайшлі! Першая катэгорыя!
Шчур пагасіў ліхтарык і вызваліў выхад. Алінчукі адзін за адным вылазілі з канала і кіраваліся ў поле.
Далакоп ішоў за імі. Шчур залез у канал, і мы пачалі выкідваць адтуль ношкі. Яны былі цяжкія. Я звязваў іх па дзве. Дзве Далакопу, дзве мне, а Шчуру, які быў слабейшы за нас, я пакінуў адну. Мы чакалі вяртання Далакопа.
— Чума ён іх абрабіў! — сказаў я шэптам Шчуру.
— Старая фірма! Жыган! Я ведаю, каго для такой работы браць. Такіх, як ён, на памежжы мала!
Неўзабаве пачуліся лёгкія крокі і з насыпу спусціўся Далакоп.
— Дзе ты іх кінуў?
— Паўкіламетра іх вёў. Мо да самай мяжы... Я гэтых мясцін не ведаю. А потым цішком назад, назад... Хапанулі страху. Да самай Масквы маршыраваць будуць, думаюць, што я ззаду іду.
Мы вярнуліся на маліну. На страсе ў святле ліхтарыка Далакоп пачаў даставаць рэквізаваныя ў Алінчукоў рэчы. Там было 5 рэвальвераў: тры парабелумы і два наганы, 5 ліхтарыкаў, шмат набояў і запасных магазінаў. Акрамя таго, было некалькі кашалькоў. Шчур агледзеў іх. Крыху польскіх і савецкіх грошай, але былі і даляры таксама. Дакументаў не было. Кантрабандысты не бяруць у дарогу пашпарты.
— Ведаеш што? — сказаў Шчур. — Палову грошаймы аддамо Крумкачовай маці, а палову — дашлём Лорду ў турму. Яны ад Алінчукоў пацярпелі. Хай прынамсі нейкі прыбытак будзе!
— 3 паршывай авечкі хоць поўсці касмыль! — сказаў Далакоп.
— А для нас будзе тавар і машыны.
Мы пачалі распакоўваць ношкі. Тавар быў дарагі: лак, гемза, французскія перламутравыя гузікі, батыст, шаўковыя панчохі. Усё найлепшага гатунку.
— Ну! Ну! Добры мы куш урвалі! — сказаў Шчур.
— Куды ты гэта апыліш? — спытаўяго Далакоп.
— Чорт яго ведае! Прадаць ёсць куды, але шмат згубіць давядзецца!
I тут мне прыйшла ў галаву адна думка.
— Ведаеш што? — сказаў я Шчуру. — А можа, паспрабуем занесці тавар Бамбіне? Яна даўно на волі, а справу сваю ладна падмазала.
— Гэта ты добра прыдумаў, — адказаў Шчур. — Тут трэба аддаць запаўдарма. А там мы яшчэ і сто працэнтаў заробім. Ну і... — ён падміргнуў мне, — Бамбісю сваю ўбачыш. Хораша, што ты згадаў!
Мы вырашылі прычакаць цёмных начэй і перакінуць за мяжу адабраны ў Алінчукоў тавар. Шчур пайшоў у мястэчка, а мы з Далакопам засталіся на маліне.
VII
Мы добра ўзброеныя. У мяне два парабелумы: адзін мой уласны, а другі адабраны ў Алінчукоў. У Шчура таксама два парабелумы, а ў Далакопа — два наганы, аўтаматычнай зброі ён не давярае. Мы нясём тавар Алінчукоў, складзены ў тры вельмі цяжкія ношкі. Тавар мусіў быў скіравацца ў Саветы і ў Саветы ідзе. Толькі са спазненнем на адзін дзень і на іншую кропку. Ноч вельмі цёмная. Мы ідзём пераважна лесам, паволі, асцярожна, хоць нікога і не баімся, бо на кулю з засады, з кустоў можам адказаць дзясяткамі куль. Нашая асцярожнасць прадыктаваная хутчэй жаданнем заспець знянацку ўсе магчымыя засады. Мы асцярожныя да празмернасці, але ў выпадку патрэбы будзем змагацца да канца.
Побач з мяжой мы спыніліся, селі на зямлю і знялі боты. Потым засунулі іх за паясы, халявамі долу. Далей пайшлі ў шкарпэтках. Рухаліся бясшумна, як духі. Я добра ведаю гэтыя мясціны і іду апошні. Далакоп ідзе за Шчуром. У мяне ў руках два пісталеты. Запасныя
магазіны адцягваюць левую кішэнь. Крок за крокам, паціху, паволі мы ідзём наперад. Абмінаем кусты, дрэвы, кучы галля. Паступова вочы прызвычайваюцца да цемры і ўжо бачаць далёка вакол. Абмінаем сцежкі, якімі ходзяць бальшавіцкія салдаты па тылах мяжы. Доўга і засяроджана прыслухоўваемся, а потым пераходзім небяспечныя месцы. Зноў ідзём, зноў лес і зноў сцежка... У нейкім месцы Шчур спыняецца за два крокі ад сцежкі. Знянацку кленчыць. Мы робім, як ён. Спачатку я нічога не чую, але праз імгненне да маіх вушэй далятае невыразны шум. Спачатку я не магу зразумець, што адбываецца. Потым чую шоргат крокаў... Зялёнкі ідуць. Часам яны спыняюцца, і тады пануе дзіўная неспакойная цішыня. I зноў шоргат ног... Бліжэй, бліжэй... I раптам я заўважаю цёмныя фігуры, якія сцежкай паволі напаўзаюць на нас... Мы маўчым. Я падымаю пісталеты ўгару і цэлю рулямі наперад: “Я магу зрабіць з імі ўсё, што мне заманецца! У мяне 18 куль напагатове. Я магу выпусціць іх за некалькі секунд. Гэтых дваіх памежнікаў я магу ператварыць у разадранае кулямі мяса!” Яны крочаць паволі, ляніва... Спыняюцца насупраць нас. Адзін з іх лёгка кашлянуў. Шчур зусім побач з імі, калі б захацеў — мог бы схапіць іх рукою за шынялі. Некаторы час яны стаяць, прыслухоўваюцца... He заўважаюць нічога навокал і кіруюцца далей. Я адчуваю штосьці накшталт шкадавання і пагарды да іх. Водгулле крокаў аддаляецца ўсё больш. Шчур падымаецца і ідзе наперад. Мы ідзём за ім, бясшумна, як цені, як здані. Мы спрытныя, дасведчаныя, пранырлівыя, смелыя, добра ўзброеныя, упэўненыя ў сабе. Прыемна працаваць у такіх умовах, з такімі калегамі.
Я захапляюся гэтым вар’ятам, Шчуром. Раней я думаў, што ён здольны толькі ўчыняць звадкі, а ён вядзе нас так асцярожна і ціха, што ў мяне проста слоў няма, каб выразіць гэтае захапленне. I разам з тым ён дэманструе
зухаватую адвагу. Напрыклад, другую лінію мы перайшлі па мосце. Ніхто яго не пільнаваў. А калі б там хтосьці і быў, то ён заўважыў бы нас толькі побач з сабою. Атады...
Мы чуем, што па дарозе едзе воз. Паварочваем з тракту і спыняемся каля ельніку. Гэта не адзін воз, вазы расцягнуліся цэлым абозам. Едуць у бок мяжы, можа, на лясныя работы.
За некалькі кіламетраў ад мяжы мы зноў надзяваем боты і палявымі дарогамі кіруемся наперад, намагаючыся скараціць шлях. На світанку мы падыходзім да хутара Лёні. Нарэшце я яе ўбачу! Я так часта думаў пра яе. Мы спыняемся ў лесе побач з хутарам. Чакаем узыходу сонца. Віднее проста на вачах. Цяпер мы выразна бачым дарогу і двор. Бачым, як парабак запрагае коней і едзе ў поле. Потым я заўважаю, як дзеўка, цягнучы вялікі цэбар, пайшла ў хлеў. Чужых людзей побач з хутарам не відно.
— Я пайду, пагляджу... — адгукаюся я да Шчура.
— Добра. А калі што якое — смалі з комінаў і плітуй да нас. Мы падтрымаем.
Гіт!
Шпарка, без ношкі, я іду да хутара. Заходжу на двор, потым падымаюся на ганак і праходжу ў сенцы. Рук з кішэняў я не дастаю. Там у мяне пісталеты, знятыя з засцерагальнікаў. 3 сенцаў праз прачыненыя дзверы зазіраю на чорную палову дома. Бачу Лёню. Павернутая да мяне спінай, яна мыецца ў вялікай мядніцы, пастаўленай на зэдлік пасярод пакоя. Намыленымі рукамі яны трэ твар і шыю. Я падкрадваюся да яе. Лёня змывае твар вадою. Як толькі яны выпростваецца, я хапаю яе за талію і падымаю ўгару. Яна ўскрыкнула і вырвалася ў мяне з рук. Мядніца пляснулася на падлогу. Разлілася вада.