Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Незадоўга да наступлення цемры мы пачалі па чарзе чысціць зброю — каб не было некалькіх разабраных рэвальвераў адначасова. Я пачаў пераказваць хлопцам свой сон. Мне прыснілася, што я ў лясным гушчары. Стаю між камлямі вялізных сосен і азіраюся на ўсе бакі. У нейкі момант заўважаю, што дрэвы пачынаюць рухацца. Мяне ахоплівае жах. Здаецца, дрэвы хочуць мяне раструшчыць. Я хачу абараніцца. Бачу на зямлі
вялікі рэвальвер, падымаю яго. Ён зараджаны. Я сціскаю яго ў руцэ і пазіраю наўкола. А дрэвы ўсё шчыльней заціскаюць кола. Я кірую пісталет і страляю ў чырвоныя, быццам крывавыя, камлі. Кулі здзіраюць з іх кару, агаляючы белыя сакавітыя валокны. Дрэвы заціскаюць кругловіну яшчэ мацней. Урэшце я апынаюся ў каменных бязлітасных абдоймах пакрытых шурпатай карой веліканаў, якія трушчаць мае косткі. Рукі мае выцягнутыя ўгару. У правай руцэ я трымаю рэвальвер. Я адчуваю, што гіну. Мне не хапае паветра, а абдоймы ўсё заціскаюцца. Над сабою я бачу маленькую блакітную пляму... Гэта неба. У апошні раз я ўзводжу курок і страляю. Гук стрэлу будзіць мяне. Я бачу супольнікаў і з вялікай палёгкай выдыхаю. Далакоп лаецца: пакуль ён спаў, на ім занялася шапка і абгарэлі і так рэдкія валасы. Шчур, які стаяў на варце, не заўважыў, як вугельчык з вогнішча скочыў на шапку таварыша.
— А ведаеце, што я сніў? — гаворыць Далакоп, гасячы шапку і абмацваючы галаву. — Мне лес кланяўся.
— Як кланяўся?
— Ажно да зямлі кланяўся, і малыя дрэўцы, і вялікія...
Шчур каротка сапнуў. He ведаю, ці здзівіўся ён сну Далакопа, надаючы яму нейкае значэнне, ці паставіўся да яго абыякава. Але калі я расказаў пра свой сон, Шчур сур’ёзна сказаў:
— Будзе нейкая заваруха! Асцярожна!
Увечары мы заселі ў засаду. Я размясціўся ў рове. Ката пасадзіў сабе на калені. Ён ціхенька вуркоча. Мне згадваецца дом, сям’я, полымя ў печы. Думкі мае бягуць у далечыню, а разам з імі пралятаюць гадзіны. У нейкі момант я ачомаўся. Выразна і вельмі блізка чуваць шум крокаў. Я ціхенька вылаяўся, занепакоены тым, што ледзь не заснуў. Скідаю ката з кален. Незадаволены, ён сігае ў цемру. Гатовы скочыць наперад, я сціскаю ў левай руцэ ліхтарык, а ў правай — парабелум.
Нагадваю сабе, што пераследаваць трэба машыніста, ён высокага росту, або правадніка — ён маленькі, замыкае партыю. Зрэшты, яго будзе лавіць Далакоп, які пойдзе за імі следам. Я ўважліва ўглядаюся ўглыб ночы. Левую нагу я паставіў на край рова. Бачу, як рухаецца наперад цёмны сілуэт. Я прапускаю яго далей. Крокі гудуць на мосце. Я дапускаю, і слушна, што гэта кантрабандыст, якога выправілі “прынадай”. За дзясятак крокаў за ім ідзе рэшта партыі. Ідуць яны нядбала, шоргаючы нагамі і ўздымаючы страшны шум. Менавіта таму, што яны не ўмеюць ціха хадзіць, мы называем паўстанцаў “сланамі”. Вось яны параўняліся са мной. Наперадзе я заўважаю цёмную постаць пастаўнага мужчыны. “Машыніст”, — думаю я і выпускаю ў цемру сноп яркіх промняў. Адначасова я крычу:
— Стой! Рукі ўгору!
Дзіўная рэч адбылася. Раздаліся крыкі, і цёмная маса цел кінулася ў кусты на іншым баку дарогі, адкуль у той самы момант бліснуў ліхтарык і раздаўся голас Шчура:
— Стой! Ляжаць!
Ззаду гэты загад паўтарыў Далакоп. Але паўстанцаў агарнула паніка. Вось яны ўжо бягуць, падаюць, налятаюць на дрэвы, паўзуць. Мы смалім з рэвальвераў, крычучы “Стой!”, але гэта толькі павялічвае паніку. Я свячу ліхтарыкам вакол, шукаючы машыніста. I раптам бачу ў дзесяці кроках ад сябе высокага плячыстага мужчыну, які плітуе за дрэвамі. Я кідаюся за ім. Каб змыліць яго і скіраваць на дрэва, ліхтарыкам я свячу ўбок. Але ён удала выварочваецца. Я даганяю яго, свячу ўніз, на ягоныя ногі. Выбіраю адпаведны момант і скачу яму на пяты. Ён валіцца на зямлю.
— Уставай! — кажу я яму.
Ён падняўся.
— Рукі ўгору! — сказаў я, настаўляючы на ягоныя асветленыя грудзі рулю рэвальвера.
Знячэўку кантрабандыст робіць маланкавы рух. Я ледзь паспеў адступіць. Ён хацеў выхапіць у мяне рэвальвер. Я б’ю яго нагой у жывот. Ён кідаецца наўцёкі. Мяне захапляе ягоная смеласць. Каб не цвёрдае рашэнне: не забіваць без скрайняй неабходнасці — я б даўно яго застрэліў. А сапраўдны чэкіст або сексот адкрыў бы агонь, нават не пускаючыся ў пагоню, калі б кантрабандыст адмовіўся спыняцца пасля першага папярэджання. Я пераследую ўцекача. Зноў валю яго на зямлю. Загадваю яму падняцца. Кантрабандыст яшчэ раз паспрабаваў вырваць у мяне рэвальвер, а калі ў яго гэта не атрымалася, зноў кінуўся наўцёкі. Мяне гэта здзіўляе. Я не магу зразумець, чаму ён так роспачна ўцякае, рызыкуючы жыццём. Яшчэ раз я кідаю яго на зямлю. Бяру ліхтарык у зубы, а левай рукой падымаю яго за каўнер. Парабелум я трымаю ў правай руцэ. Выводжу паўстанца на дарогу, і мы ідзём у бок моста. Там бліскаюць ліхтарыкі маіх супольнікаў. Раптам мой палонны з усяе сілы прыкладае мне кулаком у бок і кідаецца з дарогі направа. Мой ліхтарык падае. Добра, што не пагас. Я падняў ліхтарык і, яшчэ адчуваючы боль у баку, ірвануў за ўцекачом. Мяне агортвае ўсё большая злосць.
— Стой, стой, бо заб’ю! — крычу я на бягу.
Ён уцякае. I тады, амаль датыкаючыся руляй парабелума ягонага пляча, не спыняючыся, я цягну за ўзвод. Стрэлу не было. Са мной упершыню такое, я заўжды лічыў парабелум надзейнай зброяй. Я паспешліва хаваю парабелум і выцягваю з кішэні наган. У гэтым я ўпэўнены заўжды. Крычу:
— Стой! Апошні раз кажу! Застрэлю!
Ён не спыніўся. Я стрэліў, цэлячы ў левую руку вышэй локця. Паўстанец рухнуў на зямлю, як толькі прагучаў стрэл, і пранізлівым голасам закрычаў:
— О-го-го-го-го!
Мне падумалася, што гэта падобна да выбуху радасці або перагукання, але не да крыку роспачы. А ён роў
страшным голасам, які падхапіла і разнесла далёка па лясах рэха.
— О-го-го-го-го!
Я адчуваю, што палатнею. Мне хочацца стрэліць яму ў лоб, каб перарваць гэты жахлівы крык. “Навошта ён так галосіць? He ад болю ж”. 3 уласнага досведу я ведаю, што боль адчуваеш не адразу. Рана ў яго лёгкая.
— Уставай! — крычу я яму.
Ен ані зварухнуўся, толькі яшчэ гучней загаласіў. Між дрэваў бліскае ліхтарык. Падыходзіць Далакоп і нахіляецца над параненым:
— Што з ім? — пытаецца ён у мяне.
— He хацеў стаяць! Некалькі разоў наўцёкі кідаўся! Ударыў мяне. За рэвальвер мой хапаўся... Я яго раніў у перадплечча.
— А чаму ты яму адразу пігулкі не засадзіў? Знайшоў забаву! Ён бы з табою не гуляўся!
Далакоп звяртаецца на параненага:
— А-ну, уставай! Мігам! Бо смальну праміж вачэй і абшукваць ужо труп буду!
Паранены падняўся і, нахіліўшыся налева, пайшоў да дарогі. Мы наблізіліся да мастка ля паляны. Там на зямлі я ўбачыў двух людзей. Гэта былі паўстанцы, якіх Шчур спаймаў у кустах, дзе яны намерваліся схавацца ад пагоні. У іх не было нічога. Мы пачалі вельмі старанна абшукваць майго палоннага. У яго мы знайшлі 10 рублёў золатам. Гэтая акалічнасць нас здзівіла.
— Ты навошта ўцякаў, халера! — лаяўся Далакоп. — Кулю хацеў атрымаць?
Мы спыталі сланоў, ці забяруць яны з сабой параненага, і адпусцілі іх. Яны вельмі ўзрадаваліся. Ведучы таварыша пад руку, паўстанцы сышлі па дарозе ў бок мяжы. Падчас гэтай сутычкі Шчур хаваў твар у цені і не адгукаўся. Нягледзячы на грым (налепленыя рудыя вусы), ён баяўся, каб яго не пазналі. Маючы вольны час,
я агледзеў парабелум, каб высветліць, чаму ён не стрэліў? Прычына стала для мяне нечаканасцю. Пісталет быў у поўным парадку, але падчас валтузні са сланом я выпадкова паставіў зброю на засцерагальнік.
Гэтым разам нам не пашанцавала. Ката я потым знайшоў у рове. Яго не напалохалі ані крыкі, ані стрэлы. Дасведчаны кацішча, якога цяжка было чым-небудзь здзівіць ці напужаць.
IX
Пяты дзень я сяджу адзін на маліне ў Краснасельскім лесе. Шчур і Далакоп панеслі шкуркі за мяжу (гэтага дабра ў нас было вельмі шмат), каб там прадаць іх. А я застаўся тут, каб сачыць за партыяй Казіка Павука, які вадзіў паўстанцаў. Нам перадалі, што ягоная банда звычайна двойчы вяртаецца з Саветаў без тавару, а трэцім разам нясе шмат шкурак. Штука была ў тым, каб перахапіць іх акурат тады, калі ў іх будзе футра. Праз Краснасельскі лес, дзе мы збіраемся абрабіць партыю Павука, яны ходзяць чатырма дарогамі. Калі добра назіраць за іх маршрутамі і лічыць чаргаванне дарог, прыкладна можна прыкінуць: калі і якой дарогай яны будуць вяртацца з Саветаў са шкуркамі. Я неадрыўна сачу за перасоўваннем Павуковай партыі. I пакуль не прагледзеў аніводнага іх візіту. Штодня, увечары і зранку, я аглядаю сляды на тых чатырох дарогах, якімі павукоўцы звычайна ходзяць праз лес. Потым заціраю іхнія сляды на брудзе, пяску, беразе рачулкі і дарозе, каб убачыць іх наступным разам. Сыходзячы з гэтага, я амаль беспамылкова вызначаю, якой дарогай пойдуць сланы наступным разам.
Шчур і Далакоп абяцалі вярнуцца найпазней праз тыдзень. Прададуць шкуркі і прынясуць ежы, тыту-
ню і спірту. Хлопцы пакінулі мне крыху сала, няпоўную пляшку спірту і некалькі плітак шакаладу. На гэтым я павінен пратрымацца да іх вяртання. Неўзабаве пасля сыходу маіх супольнікаў пачалася залева. Дождж ішоў безупынна дзень і ноч. Я наскрозь прамок. 3 раніцы пачаў ставіць сабе будан, але ён атрымаўся цесны і працякаў. Тады я назбіраў кары і пачаў рабіць большы дах. Я працаваў доўга, абдумваючы кожную дэталь. Урэшце я скончыў з дахам і замацаваў яго на чатырох кіях над вогнішчам, якое дождж увесь час заліваў. Потым, схаваны ад дажджу згары, я даставіў чатыры бакавыя сценкі. Дровы для вогнішча былі сырыя і дыміліся. Гэта і назаляла, і было небяспечна, бо дым мог выдаць маю прысутнасць у лесе. За кіламетр ад маёй схованкі я заўважыў складзеныя ахайнымі кубамі сухія бярозавыя дровы. 3 аднаго куба я зняў мокры верхні слой і пачаў насіць у сваю схованку сухое паленне. Я складаў яго пад дахам, каб не прамокла. Потым у мяне было ўжо шмат дрэва для вогнішча, і я добра схаваўся ад непагоды. Увесь гэты час кот быў са мной. Калі дождж ушчух, ён стаў выбірацца ў лес. Вяртаўся мокры, цёрся аб мяне, грэўся ля вогнішча і спяваў мне сваю манатонную песню. Мне было весялей у ягоным таварыстве. Я размаўляў з ім, дзяліўся рэшткамі ежы, а ён ставіўся да ўсяго гэтага надзвычай сур’ёзна. Але, нягледзячы на ганарлівую міну, мой таварыш з абрэзаным хвастом і пашарпанымі вушамі, выглядаў як бяздомны валацуга, а не як самадастатковы, хатні граміла мышэй. Увечары я ішоў у лес. Нацягваў на добра вядомых мне лясных сцежках ніткі. Перагароджваў праходы лёгка замацаванымі галінамі. На берагах рэк і ручаёў, побач з брадамі, заціраў старыя сляды, каб пасля праходу партыі засталіся свежыя. А потым вяртаўся ў сваю схованку. Часам мне было вельмі цяжка знайсці яе ў начной цемры. Я падкідаў дроў у агонь. Засланяў уваход у будан і расстаўляў