Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Мы абрынуліся на мяжу знячэўку. Адразу ж пачалі класці партыю за партыяй. Здаралася, што распраўляліся з дзвюма партыямі за адну ноч. А часам клалі некалькі разоў запар адну і тую ж партыю. Памежжа агарнула паніка. Сланы дрыжалі. Гандляры хапаліся за галовы. Ніхто не мог даўмецца, хто іх крые. Мы лупілі іх у Польшчы і ў Саветах. Калі не маглі перахапіць партыю ў дарозе, то бралі яе на маліне. Мы назбіралі шмат тавару. Малініліся мы па лясах, гумнах, у старых акопах, у закінутай вінакурні. Шчур прадаваў партыі тавару кантрабандыстам з Рубяжэвічаў і са Стоўпцаў. Мы рабілі засады так спрытна, што ўтрох затрымлівалі найбуйнейшыя партыі. Для гэтага мы ўлічвалі рэльеф, час дня, надвор’е, від кантрабанды, памер і “характар” партыі, яе звычкі і шмат іншых чыннікаў. Неўзабаве паўстанцы даведаліся, што гэта я разбіваю партыі і забіраю кантрабанду, бо мяне бачылі Салоўка і Алігант, якія цяпер ходзяць з паўстанцамі. Мяне бачылі ў таварыстве
Далакопа, якога ў мястэчку не ведалі, і ў таварыстве Шчура, якога, аднак, ніхто не пазнаў, бо ён быў у грыме. Па мястэчку хадзіла пагалоска, што пасля ўцёкаў я, каб адпомсціць Алінчукам, стаў падпольнікам. 3 таго часу, калі дзе-колечы траплялася партыя, гэта прыпісвалі мне. А Алінчукі перасталі хадзіць за мяжу і ўвечары баяліся нават з’яўляцца на вуліцах мястэчка. Толькі адна рэч заставалася для паўстанцаў загадкай: як я накрываю іх і ў Саветах, і ў Польшчы.
У выніку нашай акцыі некалькі партый паўстанцаў скончылі сваё існаванне, а некалькі гандляроў перасталі даваць тавар для кантрабанды. А мы далей вялі сваю “гульню”, і чым цяжэйшай яна была, тым большы імпэт і зацятасць выклікала ў нас. Гэта патрабавала сапраўднага спрыту і ўпартасці. I ўсё разам стварала займальную азартную гульню, у якой мы неаднойчы ставілі на кон свае галовы, таму прайграваць было нельга... і мы не прайгравалі. Рабілі нязначныя памылкі, але хутка іх выпраўлялі. А карыстаючыся здабытым досведам і паслугамі местачковых інфарматараў, якія шчодра аплачваў Шчур, дзейнічалі мы ўпэўнена.
Была ў мястэчку партыя, якую мы не маглі перахапіць, хоць і рабілі на іх некалькі засад. Яны заўжды сыходзілі. Гэта нас раздражняла, і мы вырашылі абавязкова іх пакласці. He жадаючы ганяцца за імі наўслепа, Шчур пайшоў у мястэчка па інфармацыю. Мы зноў пачыналі паляванні, а партыя зноў і зноў выслізгвала з нашых рук. У склад гэтай партыі ўваходзіла дзесяцёра паўстанцаў, вадзіў якіх машыніст Віцэк Гетман, супольнік і прыяцель Альфрэда Алінчука. Гэтая акалічнасць яшчэ больш нас распаляла. Тавар яны насілі вельмі дарагі і ніколі не сыпаліся. Зрэшты, сама партыя ўтварылася нядаўна. Шчур сказаў, што Альфрэд быў у моці з габрэем, які дае тавар Гетману. Апошнім разам, бача-
чы, якімі дарогамі ходзіць Гетманава партыя, мы зрабілі на яе засаду за тры кіламетры ад мяжы. Вырашылі накрыць іх на зваротнай дарозе ў Польшчу. Думалі, што яны будуць стомленыя пасля амаль трыццацікіламетровага пераходу (маліна ў іх была пад Менскам). Мы ведалі, што месца, дзе мы зрабілі засаду, партыя мінае на досвітку. А мяжа была проста “куплена” на два бакі, таму ішлі пэўна. Агледзеўшы наваколле, мы заселі ў адкрытым месцы. Ззаду быў Краснасельскі лес. За балотам і некалькімі пагоркамі была вёска Гарані. Далёка наперадзе раскінулася чорная палоска лесу. Адтуль павінна была выйсці партыя Гетмана і, каб скараціць дарогу, лужком побач з рэчкай перасячы адкрыты абшар, а потым заглыбіцца ў Краснасельскі лес і скіравацца да мяжы.
Далакоп размясціўся пасярод лужка ў раскапаным намі паглыбленні, за вялікай купінай. Шчур затаіўся ў стажку, складзеным з некалькіх дзясяткаў снапоў на ўскрайку поля. Я засеў у кустах, на беразе рачулкі. Такім чынам мы стварылі трохкутнік, кожная старана якога мела каля 50 крокаў. У гэты трохкутнік — як у сачок — трэба было запусціць партыю Гетмана і тады ўжо браць іх. На засаду мы прыйшлі а трэцяй уначы. Іх чакаць было яшчэ рана. Мы выпілі спірту, выкурылі па дзве папяросы. Я падрыхтаваў пісталет і гранату. У кожнага з нас было па пяць гранат (іх раздабыў у мястэчку Шчур). Віднела. Я адрозніваў усё больш дэталей краявіду. Урэшце я мог заўважыць вузкую далінку і чорнае крыло лесу, з якога павінна была з’явіцца партыя. Навокал пуста. Шумяць дрэвы ў лесе непадалёк. Ціха цурчыць рачулка, крадучыся між багністых берагоў. Я доўга ўзіраюся ў кірунку лесу, а потым позіркам шукаю сваіх супольнікаў. Яны дасканала схаваныя — я магу толькі здагадвацца, дзе яны сядзяць. У патрэбны момант яны быццам з-пад зямлі вырастуць. Маёй
схованкі таксама не відаць, нават з адлегласці ў некалькі крокаў. I раптам мне здаецца, што я заўважаю ўдалечыні рух. Спачатку я думаю, што гэта падман зроку, але потым бачу, што наверсе даліны, побач з лесам, штосьці рухаецца, і вось я ўжо бачу людзей, якія крочаць у нашым кірунку. Яны крочаць хутка, бо хочуць як мага хутчэй прайсці праз адкрытае месца. Я гляджу туды, дзе схаваліся Шчур і Далакоп. Заўважаю, што яны асцярожна падрыхтаваліся да скачка наперад. Я таксама займаю зручную пазіцыю. А людзі ўсё набліжаюцца. Цяпер я бачу іх абсалютна выразна, хоць не магу разгледзець кожнага паасобку, бо ідуць яны гуськом. Наперадзе размашыста крочыць Гетман. Я ўжо магу разгледзець рысы ягонага твару. Сланы ўсё бліжэй. Я цярпліва чакаю іх. Раптам Гетман паварочвае налева. Пераскоквае рачулку і за сто крокаў ад нашай засады забірае наўскос, праз невялікі пагорак, у кірунку лесу. ён ідзе нацянькі, праз палі. За ім цягнуцца іншыя паўстанцы. Іх не дзесяць, як звычайна, а адзінаццаць: партыя павялічылася. Я аслупянеў. Праз некаторы час зірнуў на калег. Заўважыў, што са снапоў паказалася галава Шчура, а з-за купіны на лузе вылез Далакоп. Мы з жалем глядзім, як аддаляецца партыя. Бегчы за імі няма сэнсу. Гэта іх напужае, і яны разбягуцца ў розныя бакі. А нам важна схапіць усю партыю, а не пару чалавек. Шчур і Далакоп ідуць да мяне. Шчур пагражае Гетманавай партыі кулаком.
— Ну, псякрэў, ваша ўзяла! Але нічога. Цяпер мы інакш станчым!
У гэтым самы момант Далакоп без слоў паказаў пальцам у кірунку даліны. Мы зірнулі туды. Я заўважыў выразны рух ля самага лесу.
— Хлопцы, па месцах! — сказаў Шчур і, борздзенька пералезшы на іншы бок лужка, схаваўся ў капу.
Далакоп схаваўся за купіну. Праз некаторы час я заўважыў, што здалёк на нас насоўваецца партыя сланоў.
Ідуць яны нядбала, не гледзячы пад ногі. Адразу відаць — паўстанцы. Яны ўжо блізка. Я прысеў у зарасніках, гатовы да скачка. Нашы дапушчэнні слушныя: гэтая даліна, лужок і сцежка каля ручая ўтвараюць дасканалую дарогу для кантрабандыстаў. I сланы на гэтую сцежку выходзяць. Ідуць поруч з зараснікамі, дзе схаваўся я. Я бачу іх ногі. Лічу: раз, два... I раптам заўважаю кароткую спадніцу і жаночыя ногі ў чорных панчохах. Гэта мяне вельмі дзівіць. Сланы прайшлі. Я высунуўся з зараснікаў і паціху скіраваўся за імі. У адной руцэ ў мяне парабелум, у іншай — граната. Сланы не азіраюцца і не бачаць мяне. Яны крочаць у бок зарослай травой купіны, як мы і меркавалі. Яны ўжо блізка. Раптам перад імі вырастае Далакоп. Я чую спакойны, халодны і рэзкі гук ягонага голасу:
— Стой! Рукі ўгору!
Сланы кідаюцца назад. Збоку выскачыў Шчур. Раздаўся ягоны зменены голас:
— Ані руш!
Я бачу, як некалькі паўстанцаў адступаюць. Тады і я крычу:
— На калені, бо кіну бомбу!
— Таварыш, не кідайце бомбы! — крычыць хтосьці з паўстанцаў.
Каб нас нельга было ўгледзець здалёк, мы вядзём сваіх палонных да лесу і там ставім іх спінамі да кустоў. Шчур і Далакоп сталі на крылах групы кантрабандыстаў, перагароджваючы ім дарогу ў лес. Я хаваю пісталет і гранату ў кішэню, а з-за пояса дастаю завостраны з двух бакоў штылет. Гэта для таго, каб падчас вобшуку нейкі вар’ят не паспрабаваў вырваць у мяне з рук пісталет. Сланоў сямёра, у тым ліку адна жанчына. Я падыходжу да іх і пытаюся:
— У каго ёсць зброя?
Усе маўчаць. Тады я паўтараю:
— У каго ёсць зброя, хай скажа цяпер! Потым горш будзе!
Яны маўчаць, стоячы з паднятымі ўгару рукамі. I тут я ўбачыў знаёмы твар. Я адразу ж згадаў кантрабандыста, якога параніў падчас начной пагоні ў Краснасельскім лесе. Але тады ён ішоў з іншай партыяй. Злева стаіць габрэй. Гэта праваднік. Я пачынаю з яго. Спачатку аглядаю яго бегла, а потым старанна. Знаходжу ў яго дзвюх срэбных лісіц. Забіраю іх.
— Таварыш, пусціце нас, — гаворыць мне габрэй. — Я вам трыццаць рублёў дам.
— Паспееш! А грошы я ў цябе і без дазволу забяру.
Штылетам я разразаю халявы ягоных ботаў і дастаю з адной з іх пяць стодаляравых купюр. Потым ірву брылёк ягонай шапкі і знаходжу там яшчэ 200 даляраў.
— Разумнічак знайшоўся! — кажу я габрэю, які жаласліва ўсміхаецца збялелымі вуснамі.
Я абшукаў правадніка і загадаў яму легчы на зямлю крыжам. Стаў абшукваць наступнага слана. Адкідаю ўбок мяшок са шкуркамі, які быў у яго за спінай. Апрача гэтага, не знаходжу ў яго нічога. Выраз твару ў слана дзівакаваты.
— Адкрый рот! — кажу я яму.
Тады ён сплёўвае ў далонь некалькі залатых манет. Я падміргваю яму і кажу:
— Чые манеты? Гандляра?
— Mae, таварыш, мае!
Я паклаў грошы ў кішэню ягонай курткі. У гэты момант раздаўся тупат ног і затрашчалі кусты. Кантрабандыст, які некалькі разоў кідаўся ад мяне наўцёкі, і цяпер драпануў. Далакоп скочыў за ім. Дагнаў яго ў лесе і прывёў назад. Загадаў яму стаць на калені і злосна працадзіў:
— Яшчэ раз так зробіш, у мазгаўню смальну! Папярэджваю!
Я падышоў да ўцекача і спытаў:
— Што, залізаўтую рану?
Здзіўленымі вачыма паўстанец глядзеў мне ў твар. Тады я дадаў:
— Асцярожней, братка, бо загінеш!
Я старанна яго абшукаў, але знайшоў толькі з дзясятак рублёў срэбрам. Гэтых грошай я ў яго браць не стаў. Некалькім сланам я таксама пакінуў схаваныя пад кашулямі шкуркі. Ношкі паскідаў у кучу. Тавару шмат. Я падыходжу да жанчыны. Крыху саромеюся яе абшукваць. Яна перапужаная, але намагаецца ўсміхацца спалатнелымі вуснамі. Бачу, як яна дрыжыць усім целам. Я хутка і павярхоўна абшукваю яе. Заўважаю, як падміргвае і ўсміхаецца Далакоп. Тады я пачынаю спакойны і ўважлівы вобшук. He знаходжу нічога. Гэта выглядае падазрона, бо мне здаецца, што дрыжыць яна не толькі таму, што баіцца мяне, але і таму, што баіцца за штосьці. У нейкі момант я заўважаю, што валасы ў яе завязаныя ззаду вялікім вузлом. Я дастаю з іх шпількі і грабеньчыкі. На зямлю штосьці падае. Некалькі соцень даляраў, шчыльна складзеных і загорнутых у кавалак чорнай панчохі.