Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Мамант піў і ківаў галавою. Твар у яго быў быццам з каменю вычасаны, і толькі вочы, дзіцячыя, добрыя, весела смяяліся нам, а ў іх адбівалася мноства пачуццяў і думак, якіх ён ніколі не мог выразіць. Калі мы збіраліся сыходзіць, Шчур паклікаў Мамантаву жонку і сказаўёй:
— Нявесела вам цяпер з мужам... Га?
— Што паробіш? Я не скарджуся...
— Хочаце краму адкрыць або нейкі інтэрас мець?
Вочы жанчыны радасна бліснулі.
— Але на якія грошы?
— Я дам тысячу рублёў, — сказаў Шчур.
— I я дам тысячу, — прамовіў я за ім следам.
— Я таксама дам тысячу, — адгукнуўся Далакоп.
— Як я вам аддам? — спытала жанчына.
— He трэба зусім! Гэта яму, — Шчур паказаў пальцам на Маманта. — Толькі вы пра яго дбайце. Пра гэтага... маманта, бо яго і дзіця пакрыўдзіць можа. А свет цяпер такі: слабага і добрага зубамі раздзяруць!
Мы далі Мамантавай жонцы 3000 рублёў і выйшлі з іх дома. Назаўтра Шчур прынёс мне пасылку, якая прыйшла на ягоны адрас, але прызначаная была мне. Пасылачка была з Вільні, ад Петрака. Унутры быў ліст і маленькая скрыначка, у якой я знайшоў цудоўную бусоль Безарда ў скураным футарале. Я ніколі не думаў набываць бусоль, хоць гэтая рэч і была мне вельмі патрэбная. Цяпер я мог беспамылкова, у найцямнейшую ноч, у абсалютна невядомай мясцовасці, знайсці патрэбны напрамак. Увечары я доўга глядзеў на фасфа-
рычную стрэлку і расчулена думаў пра Петрака: “Як яму гэта прыйшло ў галаву? Думаў жа пра мяне... Купіў мне гэта!”
XIII
Пасярэдзіне Краснасельскага лесу, за тры кіламетры ад мяжы, раскінулася перарэзаная наўскос трактам вялізная паляна. 3 паўднёвага яе боку абрываўся ўніз вялікі, цёмны, густа зарослы дрэвамі яр. Тудою часта пракрадаліся паўстанцы, якія скарачалі сабе дарогу, паспешліва перасякаючы паляну і знікаючы ў густым кустоўі з супрацьлеглага боку. За сто крокаў ад левага краю паляны неяк уначы вырас кусток, а за ім з’явілася нябачная здалёк ямка. За дзесяць з гакам крокаў злева, на ўскрайку яра, з’явіўся стажок сена... Я сядзеў у яме за кустом, а Шчур хаваўся ў стозе. Далакоп стаіўся ў кустах непадалёк ад месца злучэння лесу і яра. Такімі чынам мы стваралі сачок, штосьці накшталт таго, які мы зладзілі побач з Горанню, выпадкова спаймаўшы ў яго, замест Гетманавай партыі, шасцярых кантрабандыстаў і адну кантрабандыстку.
Праз гадзіну пасля світанку я заўважыў, як з лесу на тым баку паляны выйшлі людзі. Ішлі яны хутка, намагаючыся як мага хутчэй перасячы адкрытую прастору. Усе яны былі ў чорных кароткіх куртках і высокіх ботах. Вось яны праходзяць побач з маёй схованкай і набліжаюцца да кустоў на ўскрайку паляны. Я бачу, што напярэймы ім ляціць Далакоп. У першае імгненне паўстанцы яго не заўважылі. Потым ажно аслупянелі. Раздаўся голас Далакопа:
— Рукі ўгору!
Паўстанцы кінуліся налева, адкуль з капы выскачыў Шчур. У абедзвюх руках ён трымаў рэвальверы. Ужо зблізку ён крыкнуў:
— На зямлю, бо гранату кіну!
Усе кінуліся на зямлю.
— Рукі ў бакі! — крыкнуў Далакоп.
Я абмацаў іх, шукаючы зброю. Потым загадаў падняцца і ўжо старанна абшукаў кожнага. Іх мяхі са шкуркамі я кідаў у кучу. У гэтай партыі былі толькі мажныя рослыя мужыкі.
— Добрыя былі б салдаты для чырвонай арміі! — заўважыў я падчас вобшуку.
Паўстанцы лісліва захіхікалі. Раптам з аднаго канца партыі я пачуў голас Аліганта (дзіўна, што раней я яго не заўважыў):
— Хло-опцы-ы! Дык гэ-эта ж Шчу-ур!
Алігант пальцам паказаў на Шчура, які стаяў за некалькі крокаў ад стога. 3 ягонага твару акурат адваліліся кепска прыклееныя вусы, таму пазналі яго адразу ж. Я падбег да Аліганта:
— Зяпу завалі, бо зараз я табе не шчура, а ката пакажу!
Алігант пачаў адступаць, плаксіва прыгаворваючы:
— Паночку... таварышу... Уладзю...
Я абшукаў паўстанцаў і адпусціў іх, абвясціўшы:
— Перадайце вашым хойракам у Ракаве, што мяжа зачыненая! I я аніводнай партыі не прапушчу! Скажыце, што гэта за Крумкача і за Лорда, і за тое, што задаюцца з Алінчукамі! Вы мяне зразумелі?
Раздаліся галасы паўстанцаў:
— Зразумелі.
Тады я сказаў:
— Ну, то валіце! Бегма, бо смаліць буду! Сланы, рукі ў ногі!
Колькі разоў я стрэліў ім наўздагон, але так, каб не трапіць. А Далакоп крычаў:
— Го-го-го! Тры-май фартоўцаў, жыганоў, хойракаў, спрытнюгаў!
Калі потым мы аднеслі тавар на маліну, Шчур сказаў: — Ну, цяпер і мне гамон. Усё мястэчка ведаць будзе. Цяпер і я засвечаны.
— Нічога, дамо рады! — сказаў Далакоп.
Апраз парудзён на нас зладзілі паляванне. Мы былі пад Менскам па адной справе. Уначы пачалася залева. Да раніцы мы прайшлі з Архіерэйскіх лясоў у Старасельскі лес. Зрабілі там днёўку, побач з трактам, на сямнаццатай вярсце ад Менска. Змоклі да ніткі. Дзесьці каля дванаццатай дождж ушчух, і мы расклалі вогнішча, каб сагрэцца і высушыць рэчы. Дым мог нас выдаць, але мы не звярталі на гэта ўвагі. Пільнавалі па чарзе і сушылі рэчы ля агню, куды кідалі вялікія палены са складзенага кубамі лесу. У нейкі момант побач з нашай схованкай прайшло двое пастушкоў. Хлопцы спыніліся на хвіліну, зыркаючы на нас цікаўнымі вачыма.
— Ну, чаго там? — крыкнуў Далакоп. — Шуруйце далей!
Пастушкі паспешліва зніклі ў кустах. А праз гадзіну (тады на варце стаяў я) пачуўся падазроны шум. Я павярнуў галаву налева, і раптам мой беглы позірк сустрэўся з позіркам схаваных у гушчары вачэй. Акрамя таго, я заўважыў чорную скураную шапку з чырвонай пяціканцовай зоркай. Я ведаў, што за мною назіраюць, таму не падаў выгляду, а ціха зняў пісталет з засцерагальніка і паставіў нагу ў вогнішча. Супольнікі паглядзелі на мяне са здзіўленнем. Рукою я даў ім знак хутка апранацца. Яны апрануліся хутка, не губляючы ані хвіліны, але са схованкі не выйшлі. Тады я рукою паказаў ім на кусты непадалёк. А там раздаваўся ўсё гучнейшы шум і сцішаны шэпт. Я нахіліўся і ціха сказаў хлопцам:
— Гранаты! Жыва!
Супольнікі дасталі загваздкі з шасці французскіх абарончых гранат і перадалі мне дзве. Я хутка кінуў адну проста ў кусты перад сабою, а другую крыху далей.
Адначасова са мною Шчур і далакоп кінулі гранаты направа і налева. Праз некалькі секунд грымнулі выбухі. Лес задрыжаў. У паветра ўзняліся фантаны зямлі. Храбусцелі галіны. Раздаваліся крыкі, разыходзіўся тупат уцекачоў. Мы адразу ж скіраваліся на захад, намагаючыся не шумець. Доўгі час панавала цішыня, а потым адгукнулася вінтоўка. Потым узнялася густая страляніна. Мы не адказвалі ані стрэлам і несліся наперад. Праз нейкі час ззаду забрахаў сабака.
— Кепска! — сказаў Шчур. — 3 сабакамі нас шукаюць.
— Калі б быў шкіпінар або аміяк, можна было б на зямлю выліць. Сковердалёка б не пайшоў. Атак — абышто! — заўважыў Далакоп.
Мы выйшлі на ўзлесак. Перад намі адкрываліся палі. Да мяжы было 12 вёрст, да найбліжэйшага лесу, праз які можна было да яе выйсці, — больш за 4 вярсты, а сцямнее толькі праз тры гадзіны, таму выходзіць з лесу ў поле было небяспечна. Ускрайкам лесу мы скіраваліся на поўдзень. Выйшлі на іншы бок тракту і павярнулі на ўсход. Цяпер ад пагоні нас аддзяляў тракт. У гэты момант нашы пераследнікі ішлі на захад, а мы на ўсход. Яны крочылі паволі, бо баяліся засады, а мы шыбавалі імкліва. Раз-пораз мы чулі сабачы брэх. Я ішоў першым. Каб не згубіць напрамак і не расцягваць дарогі, я вёў супольнікаў па бусолі. Мы падышлі да канца лесу. Адтуль было відаць Старое Сяло і вазы на тракце. Я павярнуў на поўнач. Прычакаўшы адпаведнай хвіліны, калі нікога не было побач, мы перайшлі на іншы бок тракту і апынуліся ў той частцы лесу, з якой адступілі гадзіну таму. Цяпер мы былі з тылу аблавы, якая асцярожна пасоўвалася наперад за два кіламетры ад нас. Мы прайшлі наша згаслае вогнішча. Вось варонкі, якія пакінулі ў зямлі гранаты. 3 гэтага месца мы кіруемся на поўнач, а потым зноў забіраем на захад. Брэх сабак і шум пагоні ўсё выразнейшыя. Чуваць, як яны збочва-
юць на поўдзень — вось ужо перайшлі тракт. Тады мы падыходзім да ўзлеску і спыняемся. Зноў перад намі палі... А да змроку яшчэ дзве гадзіны. Другі раз мы ўжо не абыходзім лес, бо ведаем, што наш хітрык заўважаць і зробяць засаду або развернуць аблаву назад, а сілы ў іх большыя. Таму мы хаваемся ў кустах на ўзлеску і чакаем. Гранаты і рэвальверы ў нас напагатове. Час цягнецца бясконца... Да вечара далёка... Праз гадзіну аблава абыходзіць лес і зноў набліжаецца да нас. Што некалькі хвілін брэшуць сабакі.
— Я гэтага сковера прыбяру! — са злосцю цэдзіць Далакоп. — Вы тут пачакайце.
Ён засоўвае рэвальверы ў кішэні і дастае загваздкі з дзвюх гранат. Потым кіруецца лесам у бок аблавы. Цягам пятнаццаці хвілін усё ціха. Але пагоня набліжаецца. Знянацку выбухае граната, і рэха разносіцца далёка па лесе... Другі выбух... Змоўк сабака... I тут уздымаецца гул вінтовак. Праз пару хвілін падыходзіць Далакоп.
— Трапіў у сковера? — пытаецца Шчур.
— He ведаю, але яны дакладна спыняцца.
Да змроку крыху больш за гадзіну.
Мы выходзім у поле. Хутка крочым проста да лесу наперадзе. Калі за намі была ўжо траціна дарогі, ззаду грымнулі стрэлы. Я азірнуўся. Праз поле беглі салдаты з вінтоўкамі ў руках і, раз-пораз спыняючыся, стралялі па нас. Мы прыспешыліся. Пасярэдзіне нашага маршруту ляжала вёска. Каб скараціць дарогу і мець роўныя шанцы з нашымі пераследнікамі, якія дакладна ж пойдуць праз вёску, мы збочылі ў вузкую, гразкую вуліцу. Зброю мы не хавалі. У руках у нас былі гранаты і рэвальверы. Пасярод вёскі сабраўся натоўп. Нейкі сход. Натоўп акружаў воз, на якім стаяў мужчына і, жвава жэстыкулюючы, прамаўляў. I тут хтосьці з тлуму заўважыў нас. Усе позіркі скіраваліся ў наш бок. He звяртаючы на
гэта ўвагі, мы імкліва крочылі наперад. Раптам мужык, які прамаўляў да сабраных, саскочыў з воза і пабег на найбліжэйшы двор. Шчур надрыўна крыкнуў:
— Трымай!
Далакоп некалькі разоў свіснуў на пальцах. Натоўп пачаў радзець. Людзі разбягаліся ў розныя бакі. Ідучы далей пустой вуліцай, мы бачылі, як людзі цішком пазіраюць з вокнаў і з-за вуглоў хат. Мы дабраліся да іншага бока вёскі і пайшлі нацянькі праз палі. Здалёк няспынна гучалі стрэлы пагоні, такім чынам салдаты хацелі даць знак вяскоўцам, што нас трэба пераследаваць, але яны толькі нарабілі яшчэ больш страху, а мужыкі пахаваліся, хто дзе паспеў. Урэшце мы дабраліся да лесу.
— Мы можам пачакаць іх тут, — сказаў Далакоп, сядаючы на ссечаную бярозу. — Бачу, яны ў пекла спяшаюцца...