Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
— Ты шчаслівы?
Некаторы час ён маўчыць, здзіўлены гэтым пытаннем, а потым адказвае мне:
— Так, я шчаслівы.
— А не сумуеш па хлопцах, па мяжы? Падумай, цяпер залаты сезон! Ночы доўгія, глухія і чорныя! Золата плыве праз мяжу. Хлопцы прабіраюцца палямі і лясамі. Робяць днёўкі па гумнах і гушчарах. П’юць, гуляюць... Штодня нешта новае! Штоноч нейкая сутычка...
Я доўга гавару, але праз некаторы час заўважаю яго здзіўлены погляд і змаўкаю. Разумею, што ён зусім мяне не слухае. А Пятрок гаворыць:
— Ведаеш што? Я зусім пра ўсё гэта забыў!
— Зусім?!
— Так... I не думаю пра такое... Ну, што ў гэтым цікавага?
Тады я падымаюся і кажу:
— Ну! Мне ісці трэба... Чакаюць!
Мы развітваемся. Ён цісне маю руку і пытае:
— Калі ты прыйдзеш?
— He ведаю.
— Прыходзь заўтра. Абавязкова.
— Магчыма.
Ён выходзіць са мною на вуліцу, а потым вяртаецца да сваіх. Я іду ходнікам побач з домам і праз адчыненыя вокны чую яго вясёлы смех, зусім не такі, як звычайна: сакавіты, шчыры, поўны жыцця і імпэту... “He, не наш ён!”
Я іду па вуліцы. У галаве поўна неслухмяных думак. Шкада чагосьці. На душы так цяжка, быццам я незваротна нешта страціў! Я іду шукаць супольнікаў, а потым мы паедзем у рэстаран — нап’ёмся і скончым вечарудзевак. Усё гэта пачынае нудзіць мяне. Мне абрыдлі і папойкі, і хлуслівыя людзі, і горад, у які праўду завозяць кантрабандай праз самыя розныя кардоны — як мы правозім тавар! Усё тут штучнае, бліскучае і вельмі складанае, але пад гэтым хаваюцца звычайны бруд і аніякага зместу... Там я жыў напоўніцу. Там людзі шчырыя і пад мізэрным покрывам слоў хаваюць залатыя думкі, а ў грудзях маюць жывыя пачуцці і палкія сэрцы. Тут — аніводнай шчырай думкі, аніводнага шчырага слоўца. Тут усе паўсюль і заўжды ўдаюць, граюць ролі ў велізарным фарсе, камедыі. Паўсюль тэатр — дома і на вуліцы. Тут жанчыны пад прыгожымі строямі і вытанчанай, часта бруднай бялізнай масуюць скалечаныя, убогія целы. Там пад убогай вопраткай і беднай ільняной бялізнай схаваныя гарачыя моцныя целы, што кахаюць без падману — бо патрабуюць, а не для прыбытку або цікаўнасці.
Я пачынаю сумаваць... Планую прыспешыць вяртанне на памежжа. Адгаворка добрая: трэба скарыстацца залатым сезонам і разабрацца з паўстанцамі. Заўтра я пагутару пра гэта з хлопцамі.
XI
Аднойчы з выпадковым знаёмым, які добра ведаў вясёлую “падшэўку” горада, мы зайшлі ва “ўстанову”, дзе было некалькі прыгожых жанчын. Са здзіўленнем я ўбачыўтам Юрлінаву Соню. Падумаў быў спачатку, што гэта памылка, але неўзабаве пераканаўся: гэта яна. На ёй была зялёная шаўковая сукенка з глыбокім дэкальтэ. Рукі ў яе былі аголеныя. Выглядала яна молада і прывабна. Соня была вясёлая. Я падышоў да яе, і яна мяне не пазнала.
— У вас ёсць свой пакой? — спытаў я ў Соні.
— Так.
— To хадзем.
Калі мы апынуліся ў маленькім пакойчыку сам-насам, я заўважыў, што яна хмурыць лоб і ўважліва мяне разглядае. Я спытаў яе:
— Як вас завуць?
— Лаўра.
— Добра, значыць, для іншых ты будзеш Лаўрай, а для мяне ты Соня.
— А ты, ты хто такі?
— Я з Ракава. Хадзіў з табой і з Юрліным за мяжу. Потым мяне не бралі, бо на балоце пад Гаранямі ў мужыкоў страляў.
— Ага! Ведаю... Дык ты Уладзя! Я цябе пазнаць не магла, ты так змяніўся!
— А ты ўцякла ад мужа з Ванькам Бальшавіком. Дзе Ванька?
У Соні на вочы навярнуліся слёзы.
— Ён мяне кінуў, халера! Забраў усё, што ў мяне было, і ўцёк невядома куды...
— Вяртайся да мужа! Юрлін цябе так кахае! Ён цябе прыме.
— Каб зноў пад ключом сядзець або па лясах швэндацца... Хопіць мне мяжы! Бокам яна мне вылезла!
— Дык значыць, тут табе больш падабаецца?
— Так... Што мне тут, кепска? Гаспадыня добрая. Ясі... колькі хочаш. Рабіць нічога не трэба. Апранаюся я так, як мне падабаецца. Госці мяне любяць.
Я здзіўлена слухаў, як яна нахвальвала сваю прафесію. Потым Соня спыталася ў мяне:
— Ты ў мястэчку будзеш?
Буду.
— To, мой залаценькі, не кажы там, што мяне тут бачыў. He скажаш?
— Калі не хочаш, то не скажу. He мая гэта справа.
Калі потым я развітваўся з ёю, яна зноў прасіла, умольна зазіраючы ў вочы, нікому пра яе не казаць. У ейным голасе я адчуваў страх.
— He скажаш, золатка?
— Як сказаў, што не, дык значыць, што не! I канец!
— Ну, не сярдуй!
Я развітваюся з Соняй. Яна просіць мяне заходзіць. Іду да Далакопа. Супольнік разглядае новую серыю пакупак, а Шчур, седзячы ў фатэлі, курыць папяросу і кпіць з яго. Далакоп звяртаецца да мяне:
— Бач ты! — ён паказвае рукой на Шчура. — Насеў на мяне, як той Каспер на сучку. Усё яму кепска! Усё яму не падабаецца!
— Ну, на халеру табе гэта? — гаворыць Шчур. — Куды ты гэта падзенеш?
— Завязу ў Радашкавічы, аддам маці...
— I нэсэсэр таксама? — пытаецца Шчур.
— Усё.
— Што яна будзе з гэтым рабіць?
— У гаспадарцы прыдасца. Першая катэгорыя!
— Нэсэсэр замест меркі на картоплі.
— Табе маіх грошай шкада?
— Можаш іх нават спаліць або выкінуць! Мне і сваіх не шкада, — адказаў Шчур. — Але на халеру табе ўсё
гэта? Даеш зарабіць вознікам, афіцыянтам, калідорным, шлюндрам — гэта я разумею. Але навошта ты купляеш усё гэта, я не ведаю, не ведаю!
— Трэба даць зарабіць і фабрыкантам, — гаворыць Далакоп і пырскае гучным смехам.
— Іржэш як конь, кабылу ўгледзеўшы!— сказаў Шчур.
Надыходзіць вечар. У пакоі цямнее. Мы не запальваем святла. Маўчым. У нейкі момант Шчур гаворыць:
— Ведаеце што, хлопцы? Ці не хопіць ужо? Цяпер залаты сезон, самая работа пайшла, а мы тут б’ем бібікі!
— Хопіць! Заўтра вяртаемся! — кажу я ўпэўнена.
— I я вяртаюся! — гаворыць Шчур.
— To і я з вамі! — адгукаецца Далакоп. — Але трэба гульнуць на развітанне, — дадае ён. — Каб іскры ляцелі. Першая катэгорыя!
Мы спыніліся на ўскрайку мястэчка і адпусцілі селяніна, які прывёз нас са станцыі Аляхновічы.
— Вы, хлопцы, пачакайце тут, а я пайду да Гусятніка. Даведаюся, што чуваць у мястэчку, — сказаў Шчур.
— Толькі вяртайся мігам! — сказаў Далакоп.
Шчур знік у цемры. Яго не было амаль гадзіну. А калі ён урэшце прыйшоў да нас, то сказаў:
— Ну, хлопцы, добра, што мы не адразу на маліну пайшлі. Там нас другі дзень чакаюць. Рэвізію зрабілі... Хтосьці данёс, што ты ў Крумкача хаваешся. Пальцам, псякрэў, у неба тыцкаюць, а трапляюць! Пра мяне яны пакуль нічога не ведаюць. Толькі цябе шукаюць. Ну, і яго, — Шчур кіўнуў галавой на Далакопа. — Але хто ён, яны не ведаюць.
— Што цяпер рабіць? — спытаў я Шчура.
— Ведаю я адно месца. Маліна жалезная. Толькі там ціха трэба...
— To вядзі туды!
Абыходзячы ўздоўж берага ракі мястэчка, мы выйшлі ў поле. Потым доўга брылі вузкімі сцежкамі побач з Іслаччу. I далей нацянькі праз палі падышлі да вялікага, мураванага, ужо крыху разбуранага гмаха.
— Што гэта? — спытаў я Шчура.
— Вінакурня. Тут цяпер вёска Паморшчына. А да мяжы рукой падаць. Я тут часта малініўтавар і сам адседжваўся.
Шчур падышоў да аднаго з вокнаў у задняй частцы закінутай вінакурні і лёгка выцягнуў з рамы вялікі жалезны крук, калісьці разгайданы і вырваны ломам. Потым ён расчыніў аканіцу і загадаў нам улезці ў сярэдзіну. Мы апынуліся ў невялікім памяшканні, адкуль дзверы вялі ў іншыя залы і ў саму вінакурню. У адным куце я ўбачыў вялікі кацёл, а ў іншым здаравенную бочку, у якой ад бяды маглі б затанчыць дзве пары. Мы зазірнулі ў бочку. Там было многа сала, вядро і больш за дзясятак пляшак ад гарэлкі— рэшткі колішняй гаспадаркі Шчура. У бочцы мы размясцілі прынесеныя з сабою рэчы. Потым Шчур прынёс нам з рачулкі непадалёк вядро вады. I мы пайшлі ў лес да хутара Крумкачовай маці. Я знайшоў тую ліпу, у якой мы схавалі зброю. Дастаў з дупла рэвальверы, набоі, нажы, паясы, торбы і ліхтарыкі.
— Шкада, што вопраткі нашай няма, — сказаў Шчур.
— Так. Усё засталося на гарышчы.
— А мо пойдзем на маліну? — прапанаваў Далакоп. — He павінны яны ўвесь час яе пільнаваць. Зброя ў нас ёсць. Калі што, дамо рады!
— Я так не думаю, — адгукнуўся Шчур. — Хай ніхто не ведае, што мы вярнуліся. Найлепшае месца — дзікая маліна. А зрэшты, навошта маліна сталая? Цяпер працаваць трэба. А ў лесе кожная елка, кожны кусток прытуліць.
Ён сціх. Доўга маўчаў, а потым урачыста прамовіў:
— А цяпер, хлопцы, трэба ўдарыць на поўную! Каб запомніла мяжа, якіх фартоўцаў мела.
— Пайшла! Першая катэгорыя! — сказаў Далакоп, паціраючы рукі.
Мне таксама зрабілася весялей. Шчур сказаў, каб мы нікуды не выходзілі ўдзень, бо нас могуць заўважыць, а сам выправіўся ў мястэчка па неабходныя пакупкі і навіны. Мы з Далакопам выпілі пляшку гарэлкі і сталі рыхтавацца да сну ў вялізнай бочцы. Маліна тут была жалезная. Мы адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. Курылі і ціха размаўлялі пра будучую працу. Я выдумляю рознае на гэты конт, а Далакоп мне падтаквае:
— Пайшла! Першая катэгорыя.
XII
Залаты сезон і залатая восень усталяваліся на мяжы. Кантрабанда ідзе няспынна. Старых фартоўцаў амаль няма... працуюць паўстанцы. Вядуць інтрыгі, пляткараць, сыплюцца па абодва бакі мяжы, збіваюць кошты за работу.
Шчур быў у мястэчку два дні. Даведаўся дакладна, якія партыі ходзяць за мяжу, якія ў іх кропкі, якімі дарогамі яны ходзяць па памежжы. Прынёс шмат цікавай і важнай інфармацыі.У мястэчку засталося мала старых кантрабандыстаў. А вось ад паўстанцаў, несур’ёзных, пагарджаных цяпер ужо вельмі нешматлікімі фартоўцамі, проста віравала. Мяжа падавалася пустой, бясколернай. Я часта згадваў старых супольнікаў, і мяне агортвала туга па іх. Юзаф Трафіда не ходзіць за мяжу. Сашку Вэбліна забілі. Жывіца застрэліўся. Юлік Вар’ят памёр. Пятрок Філосаф з’ехаў. Болек Лорд сядзіць у турме. Крумкача забілі паўстанцы. Юрлін пасля Соніных уцёкаў закінуў работу. Кітаец загінуў у Саветах. Гвозд зарэзаўся брытвай неўзабаве пасля ўцёкаў з высылкі.
Фэлек Маруда трапіўся за мяжой на пачатку восені. Бульдога Рэўтрыбунал прыгаварыў да высылкі. Ванька Бальшавік пасля ўцёкаў з Юрлінавай Соняй у мястэчка не вярнуўся. Болек Камета цяпер водзіць дзікіх. Пасля забойства Сома ён іх адзінаццаты машыніст і адзінаццаты... вар’ят (інакш на такі гонар ён бы не заслужыўся). Мамант зламаў сабе на другой лініі нагу, калі саскочыў са стромага берага рачулкі на каменне. Вылекаваўся, але кульгае. Алінчукі ходзяць рэдка. Баяцца, каб іх не прыбралі за мяжою, бо ведаюць, што ворагаў у іх шмат. Дзікія надалей працуюць шторазу ў новым складзе. Некалькі з іх трапілася ў Польшчы, некалькі — у Саветах, некалькіх забілі або падстрэлілі, а рэшта працуе яшчэ гучней і весялей пад кіраўніцтвам слаўнага вар’ята Баляслава Каметы. Мы ніколі не рабілі засад на дзікіх, хоць гэта і было лёгка. Цяпер гэта адзіная сімпатычная нам партыя.