Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
на зацята маўчала, не выдаўшы сябе ані слоўцам. А калі я пачаў шаптаць ёй штосьці на вуха, хутка паклала мне руку на вусны.
Назаўтра я зноў уважліва назіраў за дзяўчатамі, але ніякіх высноваў з гэтага назірання не зрабіў. Так паўтаралася некалькі начэй запар. Неяк увечары я паклаў пад падушку ліхтарык. Збіраўся пасвяціць на госцю, калі яна будзе са мною. Засунуў быў пад падушку руку, але дзяўчына відавочна разгадала мае намеры, бо імгненна выхапіла ліхтарык з маёй рукі і, укленчыўшы на ложку, паклала яго на паліцу. Цяпер, прыходзячы вечарамі, яна спачатку правярала, ці не маю я пры сабе ліхтарыка. Зрэшты, я і сам закінуў гэтыя спробы, баючыся, што яна перастане мяне наведваць. Крыху разважыўшы, я вырашыў перастаць гадаць, каторая з сясцёр наведвае мяне начамі. Я мог бы пасвяціць на яе ліхтарыкам, калі яна будзе падыходзіць да майго ложка або пакінуць ёй на шыі знак хімічным алоўкам, каб разгледзець яго з раніцы. Але, калі ёй так важна застацца непазнанай, перашкаджаць я не буду. Пра ейныя візіты да мяне павінна ведаць нейкая сястра, бо, калі госця вяртаецца ад мяне, яны часта доўга размаўляюць. Відаць, думаюць, што я гэтага не чую.
Я па-ранейшаму жартую з дзяўчатамі, па-ранейшаму атрымліваю ад іх плескача рукою ці кулаком за зачэпкі і па-ранейшаму працягваюцца начныя візіты маёй таямнічай маўклівай каханкі. А ў доме віруе напружаная перадсвяточная праца, якая зусім не пакідае нам вольнага часу. Цяпер я працую на роўні з усімі. Гэта бавіць мае дні і дае (як гаворыць Шчур) найлепшую мелодыю на харчы. I штодня я нецярпліва чакаю ноч... і сваю незвычайную каханку. Мне зрабілася весялей, і я радзей згадваю мястэчка і хлопцаў. Толькі часам вабіць мяне кантрабандысцкая праца і наведваюць успаміны пра Фэлю, але вобраз ейны ў маёй памяці
заціраецца ўсё мацней. Я думаю пра яе не як пра рэальную жанчыну, але як пра выснёную, прымроеную або вычытаную ў кнігах постаць дзяўчыны прыгожай, але напраўду няіснай. Спачатку я шмат думаў пра Сашку і Жывіцу, але цяпер стараюся адагнаць ад сябе думкі пра іх, бо адчуваю, што гэта мне перашкаджае. Цягне мяне тады ў лес, на бездарожжа... туды, дзе свеціць цыганскае сонца, дзе іскрыцца зоркамі неба, дзе валадарыць Вялікая Мядзведзіца.
Ill
Насталі Каляды. Пярэдадзень святкавалі ўрачыста, згодна са старым звычаем. Было і сена пад абрусам, і “куцця” ў чырвоным куце, і 12 посных страў. Усё было смачнае, усяго трэба было пакаштаваць. Пасля вячэры я ледзь выпаўз з-за стала. Уначы дзяўчына не прыйшла да мяне, хоць я доўга чуў шэпты за перагародкай. Можа, была нейкая перашкода або яна не хацела рабіць гэтага ў такое ўрачыстае свята?
Назаўтра ўсе, акрамя мяне і Сымона, які моцна прастыў у перадсвяточнай лазні і цяпер лячыўся на печы, паехалі на імшу не ў парафіяльны касцёл у Волме, а ў Ракаў. Вярнуліся яны а другой па абедзе. Расказалі мне мноства навін і перадалі вітанні ад Лорда і Шчура.
Увечары была згатаваная шчодрая вячэра. Гарэлкі не шкадавалі і ўсе добра падпілі... нават дзяўчаты. Сядзяць радком на лаўцы, грызуць арэхі і весела размаўляюць са мной і сямейнікамі. Гарэлка разрумяніла іх шчокі, запаліла ў вачах бляск, прымусіла да вясёлых выбухаў смеху. Я бяру балалайку і пачынаю граць на ёй. Я п’яны ад алкаголю і дзявочых позіркаў. Сёстры потайкам паглядаюць на мяне, і штосьці ў іх вачах змянілася. Потым, калі лямпа гасне, я нецярпліва чакаю прыходу
маёй каханкі. Шкада, што я сам не магу пайсці да яе! Я б не чакаў так доўга! Усе не спяць. Браты размаўляюць на палацях. Часам адгукаецца да іх з печы хворы Сымон. Кашляе Мацей у іншым куце хаты. А дзяўчаты доўга і ціха размаўляюць Я чую іх вясёлы смех. Урэшце ўсё сціхла. Храпуць браты. Суняўся Мацееў кашаль. Дзяўчаты змоўклі, але і праз гадзіну я чую лёгкі шэпт. А потым адрозніваю ціхія крокі... Моцна абдымаю і тулю да сябе гарачае, пругкае, пышнае дзявочае цела. Жарсна цалую ейныя вусны, твар, шыю.
— Якая ты цудоўная! — шапчу я ёй на вуха.
Яна кладзе пальцы мне на губы і, здаецца, ціхенька смяецца. А потым з нечаканай для мяне сілай і агнём палка адказвае на мае пяшчоты.
Назаўтра а дзясятай раніцы прыйшлі Лорд і Шчур. Расказвалі шмат навін і прынеслі два пакункі з мноствам ласункаў для нас усіх. Сябры-кантрабандысты ажывілі настрой у хаце. Лорд павітаўся з усімі, пачынаючы са старэйшых. Шчур прыдумаўусім гумарыстычныя віншаванні. Вітаючыся з дзяўчатамі, ён рабіў выгляд, што цалуе ім ручкі, а насамрэч толькі кранаўся вуснамі сваёй далоні. Адной жадаў вясёла спаць, другой — гучна храпаць, тряцяй — лёгка сапаць, а чацвёртай — моцна чхаць. Дзяўчаты весела ўсміхаюцца і часам дасціпна адказваюць на ягоныя жарцікі. Сёння сёстры старанна выстраіліся: новыя каляровыя сукенкі, вышываныя гарсэты, боцікі на высокіх абцасах, белыя панчохі. У валасы ўплеценыя каляровыя стужкі, на шыях мноства караляў. Пахне ад дзяўчат парфумай і памадай. Шчур падыходзіць да Насткі, пацягвае носам, чхае і гаворыць:
— Ой, ды такую жоначку мець... I табакі не трэба!
Лорд размаўляе з Мацеем і братамі, а потым далучаецца да нас і забаўляе дзяўчат размовамі і жартамі. У пэўны момант Шчур набліжаецца да Касі і, ушчыкнуўшы яе за сцягно, гаворыць:
— А па чым вы, панна Касюхна, за тавар плацілі?
Дзяўчына дае яму такога штурхаля, што ён вылятае на сярэдзіну пакоя.
— Мудра! — заўважае Лорд.
А Шчур корчыць перапужаную міну і гаворыць:
— Калі б я на ўласныя вочы не бачыў, што гэта sa­ma далікатная ручка так мяне прыклала, паспрачацца мог бы, што гэта конь лягнуў. Ну, ну! У вас, панна Кася, пара ёсць у руках! Цікава, як там у нагах?
— I ў ножках панне Касі нічога не бракуе! Пераканацца хочаш? — сказаў Лорд.
Шчур адступае і гаворыць:
— He хачу рызыкаваць!
Пасля абеду мы бяром трое саней і ідзём на гару непадалёк. Мароз моцны, снег іскрыцца на сонцы і рыпіць пад нагамі. Санкі імкліва лятуць з гары, вецер свішча ўвушшу. Часам сані пераварочваюцца, і тады мы падаем у сумёты. У дзяўчат асобныя санкі, і яны па адной і па дзве, па тры з’язджаюць з гары. Некалькі разоў мы спрабавалі іх дагнаць, але яны ўвесь час уцякаюць. I вось, калі дзяўчаты ўжо селі на санкі і збіраліся ехаць уніз, Шчур праціснуўся паміж Аленай і Магдай. Тыя напхалі яму снегу за каўнер і перакулілі санкі. Шчур быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. А калі з гары збіралася ехаць Кася, я выцягнуў з-пад яе санкі і хацеў было скаціцца сам. Тады дзяўчына кінулася адбіраць санкі. Мы пачалі барукацца, спачатку жартам, а потым напраўду. Усе акружылі нас, падаграваючы абстаноўку.
— Ну, ну... Кася, не паддавайся! — крычаў Лорд. — Асцярожна, Уладзік, глядзі, каб яна цябе з гары не скінула! — крычаў Шчур.
А мы змагаемся зацята, але безвынікова. Кася была цяжэйшая і мацнейшая за мяне. I хоць я быў больш гнуткі, але некалькі разоў яна выблыталася з маіх захопаў. Урэшце мы абое рухнулі ў сумёт. Усе выбухнулі
смехам. Я падарваўся на ногі і пабег да санак, за якія мы змагаліся. Ускочыў на іх і паехаў. У апошнюю хвіліну Кася паспела заскочыць на санкі ззаду. Мы імчым уніз. Вецер халадзіць нашы разгарачаныя твары. Я звяртаюся да дзяўчыны:
— Кася, гэта ты?
— Што? — пытаецца яна.
— А не ведаеш, што?
Твар ейны палае. Вочы весела смяюцца.
— He ведаю...
Далей я не распытваю, бо баюся памыліцца.
Мы ўнізе. За намі з’язджаюць Лорд, Базыль і Шчур, а за імі Алена, Магда і Настка. Позна ўвечары мы весела вяртаемся дамоў. Смех не сціхае. Шчур падыходзіць да мяне і мацае мяне за бакі.
— Чаго табе? — пытаюся я ў яго.
— Хачу праверыць, ці ў цябе косткі цэлыя. 3 Касяй, браце, жарцікі кароткія.
Падаюць шчодрую святочную вячэру. Мы ямо прагна і шмат. Гарэлкі таксама ў дастатку. Пасля вячэры зноў час забаваў. Шчур грае на балалайцы і спявае:
Запрагай жа пару коней
У вазок шырокі, Ды паедзем у залёты Да панны Сарокі...
Потым Шчур просіць мяне зайграць вальс. Я бяру балалайку і граю. Шчур з камічнай грацыяй па чарзе абыходзіць дзяўчат і запрашае іх на танец, але ніхто з іх не ўмее танцаваць вальс. Тады Шчур танцуе з Лордам. Прымае розныя камічныя позы, крыўляецца і выклікае агульны смех. Потым я граю ім польку і яны танчаць яшчэ смяшней дзеля агульнай весялосці. Урэшце Шчур прыносіць з сенцаў мятлу і танцуе з ёю. Спачатку ён ставіцца да
сваёй дамы надзвычай галантна, але па меры таго, як тэмп полькі нарастае, ён сам і ягоная “партнёрка” робяць усё больш вар’яцкія рухі. Штохвілінна хату скаланаюць магутныя выбухі смеху. У нейкі момант Мацей гаворыць Шчуру:
— А мо, хлопча, “Лявоніху” ўрэжаш?
Шчур ударае сабе кулаком у лоб на знак таго, што забыў пра гэты танец, і бярэ ў рукі балалайку. I вось ужо скачуць па пакоі вясёлыя гукі. Лорд запрашае на танец Алену, я танцую з Магдай. Кася і Настка танцуюць з братамі. Пары ўжо ёсць, і Шчур зайграў нам “Мяцеліцу”, другі беларускі народны танец. Тэмп паскараўся, і хата кружылася ў мяне перад вачыма. Каляровыя сукенкі дзяўчат мільгалі ў паветры. Нас падхапіла вясёлая, неўтаймаваная “Мяцеліца”. Ззяюць вочы, блішчаць твары, ногі ледзь паспяваюць за шалёным рытмам танца. Чуваць воклічы Лорда і Шчура. Танец захапляе ўсіх. Нават Шчур прытупвае з балалайкай у руках, граючы з усё большым імпэтам. “Мяцеліца” ўзняла нас усіх і кружыць, і віруе, і мяцеліць, як сапраўдная мяцеліца. Забава была доўгай, і толькі позна ўвечары мы паклаліся спаць. Шчур і Лорд засталіся ў нас на ноч. Ссунулі дзве лавы, і для гасцей атрымаўся шырокі агульны ложак. Цішыня ў хаце запанавала няхутка. Я доўга чуў размовы і смех. Той ноччу каханка мяне не наведала. Відаць, баялася выдаць сябе перад маімі сябрамі.
Назаўтра Шчур і Лорд адразу пасля сняданку рушылі ў зваротную дарогу. Даўрыльчукі ўгаворвалі іх пагасціць у нас яшчэ дзень, але хлопцы сказалі, што мусяць вяртацца сёння, бо трэба рыхтавацца ў дарогу. Я пайшоў іх правесці. I распытаць пра навіны. Юрлін перастаў хадзіць за мяжу. Ён добра зарабіў у залаты сезон і цяпер не хоча рызыкаваць. Лепш пачакае спрыяльнай пары. Лорд заняў ягонае месца і цяпер машыністам водзіць партыю на кропку Юрліна. Напярэдадні святаў
у мястэчка вярнуўся Гвозд, які паклаў партыю ў Саветах увосень 1922 года. Збег з высылкі і, хворы, знясілены, ледзь жывы, вярнуўся ў мястэчка. Анёл трапіўся ў рукі польскіх памежнікаў і сядзіць у наваградскай турме. Дзікіх цяпер водзіць Сом. Іхняя партыя паменшала, хлопцаў цяпер ад 10 да 15. На пачатку зімы дзікія зрабілі Кентаўру дзве агранды, але цяпер перакінулі некалькі партый начыста. Браты Алінчукі ў дарогу не ходзяць — баяцца чагосьці. Пятрок Філосаф хоча адправіць Юліка Вар’ята ў шпіталь, можа, там яго вылекуюць. Хлопцы зрабілі складку і сабралі для Юліка 400 рублёў. Пачуўшы гэта, я напісаў Петраку цыдулку, каб з маіх 1200 даляраў ён узяў для Юліка на лячэнне 100, а калі спатрэбіцца болын, то хай мне паведаміць. Болек Камета п’е паранейшаму. Мамант, Алігант і Фэлек Маруда ходзяць за мяжу ў партыі Лорда. Ванька Бальшавік таксама ходзіць з імі. Шчур сказаў мне, маўляў, Юрлін закінуў працу таму, што падазраваў, быццам Сонька распуснічае з Ванькам, а ў дарозе яны мелі процьму магчымасцей. Бэлька са сваёй бабскай партыяй (Лорд сказаў“дзіравай”) добра зарабіла ў залаты сезон і цяпер у дарогу не ходзіць. Сябры расказалі мне яшчэ мноства навін пра мяжу, пра паўстанцаў, пра жыццё ў мястэчку, але ані словам не згадалі Фэлю.Урэшце я запытаўся пра яе ў Лорда.