Каханак Вялікай Мядзведзіцы  Сяргей Пясецкі

Каханак Вялікай Мядзведзіцы

Сяргей Пясецкі
Выдавец: Логвінаў
Памер: 405с.
Мінск 2020
77.83 МБ
Мы ідзём па вуліцах. Месяц пырскае смехам. Сняжынкі весела гуляюцца ў паветры. Абмінаем двух мужчын з кіямі ў руках. Начная варта. Мяне завялі ў камісарыят.
Назаўтра допыт. Пратакол. На стаўку прывялі Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў.
— Ты яго ведаеш? — пытаюць Альфрэда.
— Ведаю, а як жа! — гаворыць, з’едліва ўсміхаючыся, кантрабандыст.
— Ён цябе падстрэліў?
— Ён. Заступіў нам дарогу і пачаў страляць. Абрабаваць хацеў!
Браты Альфрэда ахвоча пацвярджаюць ягоныя словы. Я не перарываю іх. Хай вярзуць што хочуць! Гэта ўсё дурноцце ў параўнанні з тым... Потым дапытвалі мяне. Я падрабязна расказваю пра ўвесь ход сутычкі. Згадваю дэталі. Але бачу змоўніцкія позіркі і ўсмешкі. Яны не вераць мне. Тады я зусім перастаю даваць адказы.
На чацвёрты дзень пасля арышту а пятай гадзіне дня мы едзем з Ракава ў Івянец, да суддзі следчага. Едзем санна. Я ўладкаваўся пасярэдзіне, на заднім сядзенні саней. Поруч сядзяць двое паліцэйскіх. 3 рынка мы едзем на Слабодку. Мінаем Трафідаў дом. Я гляджу ў іх вокны. Здаецца, бачу за шыбай чыйсьці твар. Можа, гэта Янінка? Мы заязджаем на мост. Колькі ж разоў я хадзіў сюдою з хлопцамі. А цяпер? Апускаецца змрок. Моцны мароз. Кайданкі ледзяняць мне запясці. У паветры кружаць сняжынкі, ствараючы рухавую, зіхоткую фіранку, і таму краявід выглядае асабліва чароўна. Паабапал дарогі стаяць дрэвы. Уздымаюць на галінах тоўстае снежнае покрыва. Побач з трактам бягуць удалечыню тэлеграфныя слупы. Я чую іх манатоннае дрыготкае гудзенне. Паліцэйскія дастаюць папяросы, закурваюць самі і частуюць мяне. Я адмаўляюся.
— Вы не курыце? — пытаецца ў мяне адзін з іх.
— Куру, але свае.
— I правільна! — гаворыць паліцэйскі.
Фурман падганяе каня, але кляча цягнецца паволі і прыспешвае крок толькі тады, калі чуе ў паветры свіст бізуна. 3 усходу дзьме пранізлівы халодны вецер. Марозіць мне левую шчаку і вуха. Я выцягваю рукі з рукавоў і з цяжкасцю падымаю каўнер. Снег падае ўсё радзей і ўрэшце зусім спыняецца. На небе з’яўляюцца зоркі. Месяц працавіта паўзе ўгару, ён сур’ёзны, засяроджаны і не звяртае на нас увагі. У мозгу перакотваецца мноства розных думак... яны разбягаюцца, не вяжуцца адна з адной, шпарка і бязладна імчаць наперад. Мною авалодвае абыякавасць.
Паліцэйскія размаўляюць. Гавораць пра нейкія дадаткі на сям’ю, пра выплаты. Часта перапыняюць размову. У нейкі момант адзін з іх гаворыць:
— Ты Сашку Вэбліна ведаеш?
— Ведаў. Брат той чарнявенькай. Як там яна завецца?
— Фэля.
— Менавіта! Ну, і што ён?..
— Яго застрэлілі на памежжы.
— Хто застрэліў?
— Невядома. Жывіца ў паказаннях сказаў, што вёз яго з Рубяжэвіч у Ракаў і побач з Волмай хтосьці страляў у іх і трапіў у Вэбліна.
Я ўважліва прыслухоўваюся, але раблю выгляд, што іх размова мяне не цікавіць зусім.
— Мо рахункі нейкія зводзілі?
— Чорт іх ведае! Сашку Вэбліна ўсе любілі, але ён мог і ворагаў мець... Мне здаецца, што Жывіца штосьці круціць з гэтым стрэлам. Ён учора сам сабе ў кумпал пальнуў.
— Хто? Жывіца?
— Так.
— Чаго гэта ён?
— Сп’яну. Стукнула штосьці ў галаву... Учора хавалі Вэбліна, а потым сястра ягоная хаўтуры рабіла. Ну, то ён і скарыстаўся нагодай: напіўся і пайшоў увечары дамоў, а на плошчы смальнуў сабе з парабелкі ў рот.
Я здранцвеў ад жаху.
— А можа, ён руку прыклаў да гэтага стрэлу пад Волмай і баяўся адказнасці? Га?
— Магчыма... Мутная справа. Сам чорт не разбярэцца. Гэтага таксама за агнястрэльнае раненне арыштавалі, — і паліцэйскі кіўнуў галавой у мой бок.
3 іх папярэдняй размовы я даведаўся, што калега толькі што вярнуўся з адпачынку і не ведае местачковых навін. Цяпер ён штурхае мяне рукой і пытаецца:
— Э... пане... Вы за што яго падстрэлілі?
— Karo?
— Алінчука, — дадае другі паліцэйскі.
— За тое, што поскудзь!
Паліцэйскія па-змоўніцку падміргваюць адзін аднаму: гэткі шпак! Потым зноў закурваюць.
“Жывіца мёртвы. Застрэліўся!” — усё круціцца ў маёй галаве. Знячэўку мяне агортвае непераадольнае жаданне ведаць усё. Я не магу паверыць, што Жывіца скончыў жыццё самагубствам. Гэта не змяшчаецца ў галаве. Тут штосьці не так... Можа, ёсць яшчэ адзін Жывіца? За адно імгненне ў мяне нараджаецца рашэнне: я мушу ўцячы і пайсці туды! Мушу! Цяпер я цішком уважліва назіраю за паліцэйскімі. Яны перакананыя, што я ад іх не ўцяку. Сядзяць нядбала. Кураць папяросы. Вінтоўкі заціснутыя ў іх між ног. Скочыць з саней убок я не паспею. Затрымаюць. А калі адштурхнуцца нагамі ад дна саней і кінуцца назад? Такім чынам можна лёгка выкінуцца, перш чым яны паспеюць працягнуць рукі. Каб толькі не ўпасці на галаву... Я ўважліва, пакрыёма азіраю наваколле. На выбоінах сані так моцна падскокваюць угару, што выскачыць з іх лёгка. Ногі паліцэйскіх прыкрытыя саломай і шынялямі. Перш чым яны паспеюць падняцца і выскачаць з саней, я змагу стаць на ногі і кінуцца наўцёкі. Апрануты я лёгка і магу бегчы хутка, таму, калі яны не трапяць па мне першымі кулямі, уцяку я хутка.
— Далёка да Івянца? — пытае ў калегі адзін з паліцэйскіх.
— Тры кіламетры.
Гэта паскарае маё рашэнне. Вачыма я шукаю зручнае месца і чакаю адпаведны момант. Я падцягнуў ступакі і трывала абапёрся імі аб дно саней. Каб яшчэ не кайданкі! Сані паволі заязджаюць на вяршыню ўзгорка. У месяцовым святле я бачу доўгі стромы адхон, па якім збягае ўніз дарога. Заўважаю доўгую паласу прыдарожных кустоў, а за імі адкрытыя палі. Кідаю апошні позірк: на эскорт і на мясцовасць. Сані імкліва імчаць уніз. Хуткасць адкідвае нас на нізкую спінку. I тут я ўсім целам моцна адкідваюся назад, а нагамі адштурхоўваюся ад дна саней. Я ўзляцеў у паветра і зваліўся на
248
дарогу. Падарваўся на ногі і чухнуў угару па дарозе, якой яшчэ хвіліну таму каціліся долу санкі.
— Трымай коней! Трыма-ай каня-а-а!
Сані ляцелі ўніз.
— Тпру! — крычыць фурман.
Я імчуся ўгару. Азіраюся. Бачу, што па дарозе бяжыць паліцэйскі. Спыніўся. Цэліць. Я шпарка кідаюся ўбок, да кустоў. Гучьіць стрэл. Я прарваўся на поле і зноў забіраю вышэй. Зноў стрэл, потым яшчэ некалькі... Яны страляюць бязмэтна, не бачачы мяне, бо і я іх не бачу. Я забіраюся на вяршыню пагорка. А потым жвава прыпускаю ўніз. Я зусім не стаміўся, толькі разагрэўся ад імклівага руху. Некалькі разоў я азіраюся. На снежнай белі дарогі і палёў няма нікога. Я быўужо за кіламетр ад вяршыні пагорка, калі ў месяцовым святле заўважыў, як на яго заязджаюць сані. Непадалёк я ўбачыў лес і забегтуды. Прадраўся праз яго на іншы бок... I хутка шыбануў палямі. Зноў зайшоў у лес... Хай яны цяпер мяне пераследуюць! Зноў лес і зноў поле. Я азіраюся навокал. Пуста. Гляджу на зоркі, шукаю напрамак. Вялікая Мядзведзіца паказвае мне дарогу на захад.
“ He, каханая, не... Мая дарога вя дзе на ўсход. На за хадзе мне няма месца!”
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
ПРЫВІДЫ ПАМЕЖЖА
Ты не хадзі, мой мілы, Ты не хадзі начамі Па беражку магілы, Са смерцю за плячамі. (3 песні кантрабандыстаў)
Зіма. Мароз. Заходзіць сонца. Раскідвае па небе ўзорыстыя шматколерныя кілімы. Штохвілінна змяняе іх. He скупіцца на барвы. Яно багатае, шчодрае і вынаходлівае.
Я стаю на вузкай, раз’езджанай санямі дарозе. Мне робіцца халодна. Праз заснежаны падворак я бягу да дома, уваходжу ў вялікі цёплы пакой. Набліжаецца сярэдзіна снежня. Чацвёрты дзень я жыву на хутары Даўрыльчукоў, што за тры кіламетры ад мяжы, паміж Душкавам і Волмай. Да Ракава адсюль 11 кіламетраў. Тут мяне размясціў Лорд. Даўрыльчукі — ягоныя сваякі. Хутар стаіць на выселках. Да найбліжэйшай вёскі два кіламетры. Іншых дамоў побач няма. Маліна надзейная. Я магу хавацца тут шмат гадоў, і ніхто мяне не знойдзе. Побач вялікі лес. Адным крылом ён набліжаецца да будынкаў, а другім бяжыць удалячынь, да мяжы, на ўсход.
Даўрыльчукі — з шарачковай шляхты. Маюць 25 дзесяцін зямлі і крыху лесу. Жывуць у дастатку. Над кожнай капейчынай не трасуцца, але пра добрыя харчы і вопратку
мусяць дбаць. 3 навакольнымі мужыкамі сяброўства не водзяць. Сям’я ў Даўрыльчукоў на дзіва згодная. Праз драбязу не сварацца. Спакойныя і вясёлыя. Праца ў іх спорыцца. Галава сям’і, Мацей Даўрыльчук, мае 60 гадоў, але выглядае на 50. Ён здаровы, моцны, а ў працы не саступіць сынам. У маладосці шмат паездзіў па свеце і наогул досыць разумны чалавек, хоць ледзь умее падпісвацца. У Мацея магутныя плечы і рукі, ходзіць ён злёгку пахіліўшыся наперад. Вочы ў яго заўжды весела блішчаць, а на вуснах застыла лёгкая ўсмешка. Чалавек ён гаваркі і расказвае вобразна, хоць і хаатычна. Я адчуваю, што гаварыць яму перашкаджае наплыў думак. Мацеевай жонцы, Ганне, 55 гадоў.Трымаецца яна проста. Ганна вельмі працавітая. Гаворыць мала і неахвоча. У іх трое сыноў і чатыры дачкі. Сыны — што тыя дубы, а дочкі — што маладыя, налітыя ліпкі. Усё гэта здаровае, вясёлае, моцнае, працавітае. Што такое нервы, яны не ведаюць. Усе Даўрыльчукі заўжды ўраўнаважаныя, рахманыя. Працуюць ахвоча і шмат. Бацькоўскае слова для іх святое.
Сям’я гэтая пабожная і прытрымліваецца асвечаных традыцыяй звычаяў. Часта за сталом я пазіраў на “спаважна” паселых сямейнікаў. Усе — і сыны, і дочкі — падобныя адно да аднаго. Рост, век і пол мала іх адрозніваюць. У іх здаровыя свежыя твары, густыя цёмныя валасы — у дзяўчат заплеценыя ў тоўстыя косы, а вочы карыя з сіняватым бляскам бялкоў. Толькі дзявочыя тварыкі пазбаўленыя той зацятасці, якую я бачу ў хлопцаў. Калі я гэтак сяджу за сталом і гляджу на Даўрыльчукоў, мне згадваецца народная руская цацка “ванькі-ўстанькі”. Гэта сям’я вычасаных з дрэва фігурак, памерам ад 4 да 10 сантыметраў. Фігуркі пафарбаваныя ў аднолькавыя колеры і нічым, апрача памеру, адна ад адной не адрозніваюцца. Звычайна іх сем. У іх круглыя тварыкі, галовы і тулавы — а ног няма. Кожная
фігурка, калі яе пакласці на бок, адразу ж падымаецца, бо ў аснову ейную заліта волава. Адсюль і назва — “ванькі-ўстанькі”. Найстарэйшаму сыну, Базылю, 30 гадоў, выглядае ён медзведзяватым: на першы погляд грузны і няздарны, але за гэтым хаваецца шмат спрыту і вялікая фізічная сіла. Ігнацы зграбнейшы, але таксама атлетычнага целаскладу. Сымон худзейшы за братоў і больш “далікатны”. Можа, таму ён матчын улюбёнец.
Сясцёр чатыры: Кася, Алена, Магда і Настка. Ім ад 18 да 24 гадоў. Усе яны падобныя між сабою і аднолькава апранутыя. Часам мне цяжка іх адрозніць. Усе мажныя, рослыя, круглатварыя, вочы карыя, валасы каштанавыя. Калі Лорд вёў мяне да Даўрыльчукоў, то сказаў, што яны таксама займаюцца кантрабандай. У іх ёсць сваякі ў памежнай паласе на савецкім баку, і раз-пораз яны носяць ім тавар. Але за ўвесь час майго ў іх побыту Даўрыльчукі за мяжу не хадзілі. Я спытаў пра гэта Сымона, якога лягчэй за ўсіх можна было разгаварыць. Ён сказаў мне, што цяпер не пара. Мне крыху нудна без працы, але я цярпліва яе чакаю... Калі мы з Лордам прыехалі на хутар, сябра мой прывітаўся з усімі, а па абедзе сказаў Мацею, што мае да яго сакрэтную справу.