Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
— Стане на сяньня. Палуднаваць зьбірайся.
Алена ўсьміхнулася.
Адчыненыя Аленай дзьверы нямоцна стукнуліся ў Ганю. Яна, напэўна, заклапочаная падслухоўваньнем размовы, не пачула Аленінага выйсьця з габінэту. He зусім безуразьлівая Алена і ўсхваляваная Ганя захавалі паміж сабой вонкавую прабачлівасьць. Але як толькі Алена апынулася за дзьвярыма ядальні, Ганя блізу ўбегла ў габінэт.
— Барыс, кінь валаводзіцца зь ёй, кінь! Няхай будзе манашкай, няхай!
Ганя, бы ап’янелая сваім пачуцьцём, у нейкай адважнасьці, маўляў, абараняцца, спынілася перад палкоўнікам.
— Барыс, я кахаю цябе!.. Я ж ужо —дарослая!..
Ён некаторы ўрывак часу пазіраў на яе палымністасьць шчок, на яе дрыготкасьць вусьнінаў і рук, на яе просьбнасьць у вачох з позіркам, што яшчэ ня ўмеў глядзець упорыста на знарокі жыцьця, а тады, без аднаго слова, як родную дачку, вывеў яе за дзьверы.
Аднак палкоўнікава ўражаньне ад Ганінага захапленьня апынулася ў мінулым летуценьні, калі ён, будучы ў Варшаве, нягледзячы на даходнае і паважнае становішча, чамусьці абмінаўся каханьнем жанок.
— Каб ты, дзяўчаро, крыху раней да мяне — я адпомсьціў бы там маім асьмешнікам... Ах, як шкада! Адранцьвееш шчасьцем, калі ня трэба й няма каму пахваліцца ім, — голасна абвесьціў сабе палкоўнік, зь вясёлым настроем прычасаўся пры шыбіне падвойнага вакна, што адчынялася ўсярэдзіну габінэту, і пайшоў палуднаваць.
6
За вокнамі шасьцелі лісты дзікага хмелю, яны за лета справіліся ўзпаўсьці па шастку аж да шаламя хаты. Касматая і шасьлівая сьцень ад іх рухалася па шыбінах вакон. Была ноч. У распагоджаным небе начышчаны ветрам ледзянеў месяц. Вецер роўным подзьмухам прарываўся дзесьці з-за бору. Бор зацяжыстым і загусьцелым шумам адклікаўся ўсьлед яму. Сяліба палкоўнікава ад бору аддзельвалася невялікай засьцежай ніваў. Новая жыхарка Ганя, бадай, зь першага дня прыезду пачала жыць у ім неспакоем шаснаццацігадовага сэрца. У сваёй гасподзе пасьля кароткае гутаркі з палкоўнікам яна асталася аж да ночы сядзець каля вакна задуменная і дакорная. Ейная душа гутарыла. У нячутнай размове пачыналі ўжо завязвацца першыя чуткі хітрасьці, а ў іх яна пагаджалася дараваць палкоўніку.
«Я ўсё-ткі спытаюся: куды ты езьдзіў учора раніцай?»
Далей Ганя не сказала анічога. Як быццам яна й не казала гэтыя словы, угледзелася ў падзямельнасьць восеньскай ночы.
«Тая сьцежка мне так надакучыла, што я ўжо болей не жадаю хадзіць па ёй да лесу. Заўтра пойдзем з табой іншай. Там ёсьць другая, пад самымі елкамі, уся засыпаная апалай лісьцінёй. Мне вельмі падабаецца, што на ёй лісты заўсёды ўскапычаны казулямі, і іх кожны раз можна там напаткаць. Гэтая сьцежка прасьцігае ажно да ляснога возера; вада ў ім вельмі сьцюдзёная, мабыць, крынічная...»
«Але ж, Г аня, гэтак нам ня будзе кожны дзень. Трэба штосьці рабіць... Ды яшчэ, ты ж сама ведаеш: мы неяк дзіўна жывем».
Думала Ганя пра возера, пра гутаркі, пра лес, у якім нават не была, і ўяўна нахілілася да палкоўнікавага гвару, правяла сваёй шчакой па ягонай. Палкоўнік, адчуўшы чароўнасьць каханай жанчыны, жартаўліва, бо пэўны ў захапленьні ім, паквяліўся каля ейных вуснаў пацалункам. Яна спрабавала атрымаць яго, але ніяк не магла злавіць палкоўнікавы вусны.
Ганя запэўнівала сябе: ён кахае яе.
«Барыс, ты будзеш мой!»
Але каханьне ён жадаў адхіліць надалей.
«Чаму гэтак робіш, Барыс? Няўжо зьбіраесься забыцца на той пацалунак мяне... каля вуха? Няўжо, Барыс?» — думала і пыталася Ганя, трымаючы ўявай палкоўніка ў абдымцы.
«Не!» — голасна адклікнуўся ён і палахліва глянуў на Ганю.
«Што здарылася, мой каханы?» — спытала яна, не хаваючыся ў падазроныя думкі.
«Часам, бывае, падыходзяць цяжкія развагі», —адказаў ён і пачаў хадзіць па пакоі.
Ганя па-ранейшаму сядзела каля вакна. У часінах, скволеных уявай, яна, здаецца, забывалася пра ўсё недарэчлівае. Ей толькі жадалася глядзець і глядзець на ночную сівізну. Ды не!
«Барыс, надысь, едучы сюдьі атрымаць зноў маёнтак, ты нешта пачынаў казаць мне і спыніўся».
«Ах, нічога асаблівага... Хадзі лепш сюды».
Ганя паглядзела празь месячны змрок пакою на ўвабразнага Барыса. Прайшлася па пакоі, а тады зноў села. Чулася стомленасьць ад думак.
«Каханы, я скажу табе ўсё. Усё, мой любы, і толькі цяпер, таму што я кахаю цябе і раблю гэта ў тваё імя... Ты зьдзіўляесься, Барыс?»
«Ганя, хіба ж гэтак? Мне прыемна паслухаць, што ты наўмерала сказаць...»
I яна сказала яму пра летуцелае раней. Закаханага, усхваляванага палкоўніка прымусіла хадзіць, а сябе ўсьлед за ім: прасіла прабачэньня за патурбаваньне нянатвым настроем.
Наймізэрныя шорахі ветру доўга ўсюдзіліся ў Ганіным пакоі, іншыя шорахі там не заглушвалі іх.
«Тады я, Барыс, астануся табе шчыра ўдзячнай за ўсё, што зрабіў для мяне...»
Ганя не даказала думку, правяла рукой па твары.
«Барыс, няўжо для нас немажліва маё?»
«Што ты сказала?»
Яна на цыпачках падбегла да ўяўленага палкоўніка, прысела на падлозе і пачала абнімаць ягоныя калені, церціся аб іх шчокамі.
«.. .ты не пачуеш больш маіх словаў, ты слухай мае ўздрыгі ў грудзях і шолах маіх далоняў... Я нямая няпер».
«Чаму?»
«О не! Лепш пачуй адно: або я, або яна ня мусіць быць тут, тут пад гэтым дахам. Нават сяньня! Нават цяпер!..»
Барыс маўчаў. Ганя апранулася, пайшла на знадворак.
Подзьмухі ветру мацнелі. Невялікія кагорты хмараў плылі разьдзелена каля месяца. Ганя толькі жадала выйсьці з двара, як адзадзя пачула Аленін голас. Яна заўсёды праходзілася перад тым, як пайсьці спаць. Ганя, перапалоханая неспадзеўным урывам у меру ейных мрояў, ірванулася наўперад, прабегла некалькі крокаў, аглянулася, затуліла па-дзяцінаму вочы, спынілася й заплакала.
— Што з табой, Ганя? Ты, мабыць, хворая? Скажы, родная, што з табой?.. Чаму адмовілася есьці?.. Хадзем дахаты... Ня плач, родная, a то пачуе Бары-ы-с...
— Я ня плачу! Я перапалохалася цябе, — зласьліва адказала яна.
Ганя адкінула сястрыну руку, пайшла хадзіць сьцежкай пад таполямі навокал двара. Таполі, як падпоры ў пячоры, чорнымі стваламі падпіралі неба й гальлё з шумам ад ветру.
7
Да сваёй хаты з царквы Цярэм і Міхась вярнуліся позна, бо Цярэм мусіў завітаць да старшыні воласьці за абяцанымі даведкамі на атрыманьне пашпарту для Міхася. Іх зьмест быў напісаны собскай рукой старшыні. Там побач ізь сьведчаньнем ляяльнасьці Міхасёвай да новых уладаў падавалася хлусьлівае тлумачэньне абставін нясвоечасовага атрыманьня пашпарту. Гэткай прычынай, паведамлялася, была зацяжная цяжкая хвароба. Зь Цярэмавых рук аплата за яе перапала старшыні воласьці зусім каштоўная: ён пазычыў у сяльчанаў дзьве кварты самагонкі і аднёс яму своечасна.
Міхась пра Цярэмавы рупнасьці ня думаў. Ён верыў у іх шчасьлівы вынік. У ім даўнавата, ад пачатку вайны, пасялілася пэўнасьць пра час, што прынесла вайна. Час, калі можна рабіць усё, што надумаесься і нават добра датаркнуцца цудоўнасьці ўсялякай валадарнасьці.
Міхась тымі часінамі адсутнасьці каля яго Цярэма паклапаціўся павандраваць па знаёмых мясьцінах навакол сяла і спат-
кацца ды паразмаўляць з аднасяльчанамі. У гутарцы зь імі ён слухаў не зусім зразумелы неспакой існасьці жывога чалавека, якога ўжо бадай што не палохалі гукі гармат і бомбаў. Усе яны чамусьці зьвязаныя мінулай сувязяй жыцьця: прызвычаем спаткацца выпіўшы, ці без таго, у чыёй-небудзь хаце або на выгане, абхапіўшы даланямі постаці жанок ці дзяўчат, як жменяй нарваныя краскі, вытанцоўваць драбнуху ці па некалькі разоў тупаць на адной падлозіне рытмічнага «Мікіту», — цяпер раптам закахаліся ў адзіноіггва, у неахвоту нават добрасумленна рабіць свае хатнія абавязкі.
Міхась даведаўся, што ўсе сяльчане, пакліканыя да арміі, вярнуліся дадому ледзь ня ў першыя дні вайны. Толькі ў адной сям’і неставала дома сына. Міхась меркаваў: сяляне мусілі глядзець на здарэньне веку інакш. Але ўсёнае хутка пакінулася ім безуразьліва, як штосьці немагчымае да азначэньня паміж набегу пачуцьцяў ад раптоўна напатканага і спакмечанага.
Наапошак ён пачакаў Цярэма на прысапе скрайняй хаты па дарозе да іхнай сялібы, і, калі той падышоў, накіраваліся разам дадому. Няцёплыя прамяні сонца рассыпаліся бражовым колерам сярод хвояў лесу, які дзяліў іхную сялібу зь сялом. Між іхных верхалінаў і сьценяў хавалася незачэпленая глухата восені. У сэрцы Міхасёвым было моцнае жаданьне даведацца ад Цярэма пра жанчыну, што памагала ўносіць дамавіну да царквы.
— Хто яна, тая памочніца, што памагла ўнесьці забітага? — спытаўся нарэшце ён.
— Напэўна, жонка Сконтаўта, — адказаў Цярэм. Яму ня вельмі да гутаркі пра чалавека, які адно сёньняшнім раньнем набіў яго.
— Даруйце, што турбую дзяцінымі пытаньнямі... А як спраўкі ад старшыні воласьці?
— А што яму? Даў. Ён неблагі чалавек. Крыўдна, што п’е ня ў меру.
— А чаму вы сумныя? Можа, хвалюецеся пра тога лётчыка? — Аб усім, сынку...
— Навошта гэтак?
— Бо я ўжо не вярнуся сюды на белы сьвет маладым, таму кожнаму старому, пакуль захліпнецца апошняя часіна жыцьця, хочацца патурбавацца аб усім, што не перажыў.
Цярэм, зачэплены Міхасёвым пытаньнем, тлумачыў і прыводзіў прыклады зь людзкой дабрадзейнасьці й несправядлівасьці. Па ягоным прыпушчэньні: справядлівасьць пакуль што ня знойдзена чалавекам. Але ён усё-ткі стаіць ужо ў адным кроку
перад ейным парогам. I прамежак паміж наступным ступкомнаўмерам — ён даводзіў — якраз ёсьць тая справядлівасьць, a гэта свабода. Быць свабодным у несвабодзе.
Цярэмавы довады апаноўвалі Міхася ў незнаёмых хваляваньнях, недармо што наводле іх ён ужо меў выпадак перажыць яшчэ пры сустрэчы немца-камэнданта й Ганевіча. Ён пераконваўся, што дзед усяго толькі ўзьвялічвае патрэбу ўвагі на зразумелую існасьць у жыцьці. Раптам чамусьці зазлаваўся Цярэм:
— I спадзейся на вас, інтэлігентаў! Спадзейся на душу, якая некалісьці абрасьце целам. Ды яна нават ходзе каля самага цела і ня ведае, як увайсьці ў яго ды там трымацца, учапіцца за што... Ты не распазнаеш свой дом. Мабыць, твае калені ўжо зарагавелі ад поўзаньня — ня чуеш болю. Поўзай, сын! Запэўняю цябе: ты малады будзеш прадчасна старым, калі будзеш блукацца эвангельскім блукнікам па нейкіх радзімах...
— Ня злуйцеся! Вы, старое пакаленьне, пажылі ўваскрашэньнем нашага народу й ня можаце адмовіцца ад гэтага, справядлівей, яно спынілася ў вас сьвятой верай. А я? Я толькі зьбірач падрыхтаванага вамі. Для нас, маладзейшых, наша айчына існуе й існавала, як усе іншыя. Ці варта гутарыць пра ейнае абнаўленьне ці ўваскрашэньне?